Удзел ва Усебеларускім злёце студэнцкіх атрадаў

  • 23
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 снежня прыняў удзел ва Усебеларускім злёце студэнцкіх атрадаў, які адбыўся ў Палацы спорту ў Мінску.

Перад пачаткам мерапрыемства Кіраўнік дзяржавы наведаў інтэрактыўную выстаўку аб напрамках дзейнасці студатрадаўскага руху.

"Знайшлі ўнікальныя фатаграфіі. Кажуць, што ёсць знаёмыя байцы студэнцкіх атрадаў. Меліярацыйны канал, Быхаўскі раён, - намякнуў першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук'янаў. - Але, на жаль, няма арыгінала".

"Гэты на мяне падобны", - пагадзіўся Кіраўнік дзяржавы.

Педагагічныя атрады прадставілі на выстаўцы тэматычныя настольныя гульні ("Мая цаліна", "Хранограф гістарычнай памяці: вызваленне Беларусі" і іншыя) і гістарычную рэканструкцыю подзвігу абаронцаў Полацка з прымяненнем тэхналогій віртуальнай рэальнасці "Гераічны дот". Усё гэта распрацавана і выраблена ўдзельнікамі студэнцкіх атрадаў і выкарыстоўваецца імі ў рабоце ў якасці важатых у аздараўленчых лагерах, на мерапрыемствах грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці.

"У гэтым годзе працавалі больш за 650 педагагічных атрадаў - больш за 7 тыс. байцоў, - праінфармавалі Прэзідэнта студэнты. - Мы вельмі цэнім сваю работу і з задавальненнем прымаем удзел ва ўсіх мерапрыемствах. І, вядома, мы не стаім на месцы, развіваемся і распрацоўваем таксама гульні з выкарыстаннем віртуальнай рэальнасці".

На лакацыі "Студэнцкія вытворчыя атрады" ўдзельнікі студатрада "Молат" імя Героя Савецкага Саюза П.М.Гаўрылава правялі майстар-клас па практычнай зборцы рухавіка аўтамабіля ВА3-2106. Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі ўжо сабраны ўзор. 

"Гэта матчастка. Яны такім чынам набываюць асноўныя навыкі: як неабходна кампанаваць, зборка, разборка. А адпрацоўваюць ужо на МТЗ, на МАЗе", - растлумачыў Аляксандр Лук'янаў.

"Вось гэта карысна" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Як расказаў першы сакратар ЦК БРСМ, вытворчыя студатрады працуюць на многіх прадпрыемствах. Больш за ўсё працоўных месцаў для іх выдзяляе "Атлант". У бягучым годзе дзякуючы ім было сабрана каля 23 тыс. халадзільнікаў і 4 тыс. пральных машын.

"Назіраў. Малайцы, што ад "Атланта" не адыходзіце. Можа, яны і выцягнуць "Атлант" наверх", - выказаў меркаванне Прэзідэнт.

Але галоўны брэнд студатрадаўскага руху - гэта ўсё ж такі будаўнічыя атрады. Студэнты працуюць на многіх, у тым ліку і знакавых, аб'ектах. У гэтым годзе яны таксама ўдзельнічалі ў аднаўленні тратуарных пакрыццяў пасля прайшоўшай стыхіі.

"Дзякуючы падтрымцы Міністэрства адукацыі была распрацавана праграма, і яны ўжо атрымліваюць рабочую спецыяльнасць, у тым ліку манцёраў пуцей. У бягучым годзе больш за 5 тыс. такіх пасведчанняў атрымалі", - расказаў Аляксандр Лук'янаў.

"Дзякуй, вельмі трэба", - падзякаваў хлопцам і дзяўчатам Кіраўнік дзяржавы.

Уклад у рэспубліканскі ўраджай уносяць студэнцкія сельскагаспадарчыя атрады. Яны прадставілі на выстаўцы інавацыйныя распрацоўкі, якія адкрываюць новыя магчымасці для эфектыўнага выкарыстання рэпрадуктыўнага патэнцыялу жывёл і стварэння стратэгічнага запасу генетычнага матэрыялу для жывёлагадоўлі.

Многія байцы сельскагаспадарчых атрадаў працуюць памочнікамі камбайнераў. А ці змогуць яны самі кіраваць камбайнам, пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.

"Цяпер ужо магу", - заявіў баец студатрада "Юнацтва 2", студэнт БДАТУ Дзмітрый Ліскавец. За ўборачную кампанію ён намалаціў больш за 1 тыс.т збожжа.

"А на якім камбайне?" - удакладніў Прэзідэнт.

Як высветлілася, Дзмітрый Ліскавец працаваў на "Доне-1500Б". Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што хлопцу трэба прадаставіць камбайн ужо больш сучасны: "Гэта не камбайн. Мы табе лепшы дадзім".

Медыцынскія студатрады прадэманстравалі на выстаўцы трэнажор сардэчна-лёгачнай рэанімацыі дарослага, на якім адпрацоўваецца навык рэанімацыі. Таксама на стэндзе яны прадставілі інавацыйныя праекты "Павязкі медыцынскія сярэбразмяшчальныя", "Касметычны комплекс GLUDERM", "Індывідуальная кампрэсійная бялізна для лячэння рубцовых змяненняў скуры", "Вусцілка-ўкладыш для лёгкай хадзьбы і бегу".

Пляцоўка "Студэнцкія сэрвісныя атрады" была аформлена ў выглядзе макета фотастудыі з зялёным фонам і мноствам фотаапаратаў: сярод байцоў студатрадаў ёсць і будучыя журналісты - гэта так званыя медыяатрады. Для ўдзельнікаў злёту тут правялі майстар-клас па фатаграфаванні на плёначны фотаапарат "Зеніт" вытворчасці 1980-х гадоў. Памятны здымак зрабілі і з Аляксандрам Лукашэнкам.

"У мяне большы быў фотаапарат. Тут, напэўна, не зусім такі. Але гэта крута было - люстраны фотаапарат!" - успомніў сваё юнацтва Кіраўнік дзяржавы.

Не абышлося і без больш сучаснага жанру - сэлфі на смартфон.

"Праца!" - даў каманду Прэзідэнт.

"Крутая!" - прадоўжылі дэвіз байцы студатрадаў.

"Такія прагрэсіўныя ўсе!" - падзяліўся ўражаннямі ад убачанага беларускі лідар.

Затым з удзелам Кіраўніка дзяржавы адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця трэцяга працоўнага семестра 2024 года.

"Усе вы маладыя людзі, усе звернуты ў будучыню. І вы кожны дзень, кожную гадзіну пішаце гісторыю свайго жыцця. Вы стараецеся напісаць гісторыю свайго жыцця яркімі старонкамі. Мая вам парада: менавіта яркімі старонкамі старайцеся пісаць гісторыю свайго жыцця. І вось адной з найярчэйшых старонак вашага жыцця будзе ваш удзел у студатрадаўскім будаўнічым руху. Паверце, я ведаю, пра што гавару, таму што сам выйшаў з гэтых шэрагаў і некалі прымаў актыўны ўдзел у гэтым руху", - сказаў беларускі лідар.

Звяртаючыся да моладзі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў іх жыцці будзе ўсё. Нешта ў актыў, нешта ў пасіў, але дрэннае забудзецца. "А вось добрае будзеце ўспамінаць. І чым вышэй вы будзеце на сваёй службовай лесвіцы, у сваім жыцці, тым больш вы будзеце звяртацца да тых старонак свайго жыцця, якія вы намалявалі ў момант свайго юнацтва і маладосці яркімі фарбамі. Вось гэта ваша працоўная старонка будзе заўсёды яркай", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што і ў яго жыцці хапала ўсякіх старонак, але прыйшоўшы на гэта мерапрыемства, ён з "картатэкі" свайго жыцця дастаў тую яркую старонку, калі быў у студатрадзе. "Вядома, матывацыя была крыху іншая. Хоць яна не знікла. Усе мы і вы хацелі і хочам зарабіць нейкія грошы для таго, каб сябе забяспечваць. Нават калі бацькі багатыя, усё роўна мы ў маладосці стараемся быць незалежнымі, у тым ліку і фінансава. Гэта нікуды не дзелася. Але вы зусім іншыя, чым тыя, якімі былі мы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што ў тым ліку дзякуючы рабоце ў студатрадах цяпер, бываючы ў вяскоўцаў і рабочых, яму ёсць што сказаць людзям. "Я хачу, каб і вам праз многія дзесяцігоддзі было што сказаць. І не толькі вашым дзецям, але і тым субяседнікам, з якімі вы будзеце сустракацца. А я веру, што з гэтага актыву - вас сёння 4 тыс. чалавек - з'явяцца новыя кіраўнікі, новыя міністры і гэтак далей. Я ўпэўнены, што сярод вас большасць будзе займаць кіруючыя пасады і вам давядзецца капацца ў сваім жыцці, каб сказаць іншым, якімі вы былі. А хочацца быць добрымі", - даў жыццёвую параду Кіраўнік дзяржавы.

"Менавіта такімі, як вы, са ззяючымі вачамі, вялікім жаданнем зрабіць сваю краіну лепшай, былі юнакі і дзяўчаты, якія запісаліся ў першы савецкі студэнцкі будатрад, каб ехаць на цаліну ў далёкім 1959 годзе. Менавіта такім у свой час і я быў. За адно лета ў будатрадзе навучыўся цагляную кладку рабіць, а за другое - спасціг прамудрасці працы меліярацыйнай брыгады", - падзяліўся ўспамінамі Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што і на цяперашняй пасадзе гэты вопыт для яго аказаўся актуальным, таму што меліярацыя для Беларусі - гэта назаўсёды. "Трэба ўсё рамантаваць, мадэрнізаваць. І мы ў гэтым годзе больш за 100 тыс. га зямель мадэрнізуем і вернем у севазварот. Бачыце, і ў жыцці спатрэбілася", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што для моладзі ў тыя часы гэта быў не толькі спосаб зарабіць, хоць гэта таксама было вельмі важна. "Мы станавіліся зусім іншымі людзьмі. Дарослымі, самастойнымі. Нам было чым ганарыцца, - падкрэсліў беларускі лідар. - Гэта вельмі актуальна цяпер. Тады мы і так былі дарослымі і самастойнымі - час быў няпросты. Сёння прасцей. І, пабываўшы ў студэнцкім атрадзе, вы, напэўна, і не заўважылі, як вы сталі абсалютна іншымі людзьмі. Але вашы бацькі, знаёмыя і блізкія гэта заўважылі".

"Ведаю, што многія кіраўнікі прадпрыемстваў і нават міністэрстваў упершыню праявілі свае лідарскія якасці менавіта ў студэнцкіх атрадах. Гэта значыць яны выхадцы адтуль. І да гэтага часу захоўваюць свае форменныя курткі як свяшчэнную працоўную рэліквію", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Работа студэнцкіх атрадаў - гэта не толькі пра масты, дарогі, будынкі. Гэта заўсёды пра людзей і іх узаемаадносіны. Таму кіраўнікі, якія прадастаўляюць месцы для вас, - дальнабачныя і мудрыя людзі, якія ўсім сэрцам клапоцяцца аб моладзі і будучыні не толькі сваіх прадпрыемстваў, але і ўсёй краіны. Такіх людзей трэба падтрымліваць", - заявіў Прэзідэнт.

"Мне расказвалі, што і пасля завяршэння працоўнай змены многія шукаюць, дзе б прыкласці свае ўменні. Кажуць: калі раніцай не наносіш вады, не насячэш дроў ці не накорміш карову, то дзень прайшоў дарэмна. Так і павінна быць у вашых думках", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Не страчвайце працоўнага запалу. Памятайце, што вашы ідэі і невычэрпная энергія - гэта матор, які рухае Беларусь наперад. Я веру ў вас, у вашу сілу, у вашы таленты. Я абсалютна перакананы і дакладна ведаю, наперадзе нас чакае яшчэ больш грандыёзных адкрыццяў і здзяйсненняў. Таму што час такі. І гэты час выбраў нас!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за 65 гадоў праз студатрадаўскі рух прайшлі некалькі пакаленняў, а не проста сотні, тысячы або мільёны чалавек. "Радасна, што Беларусь і Расія - адзіныя на постсавецкай прасторы - захавалі гэту цудоўную маладзёжную ініцыятыву і ўдыхнулі ў яе новае жыццё", - сказаў ён.

Крыху больш за 20 гадоў таму, у 2003 годзе, былі арганізаваны першыя маладзёжныя будоўлі ўжо суверэннай Беларусі: капітальны рамонт мемарыяльных комплексаў "Хатынь" і "Курган Славы". "Добрыя вытокі, добры пачатак", - заўважыў беларускі лідар.

"Далей ваша ўдарная праца дапамагла пры рэканструкцыі Аўгустоўскага канала, узвядзенні Беларускай АЭС, дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, іншых знакавых аб'ектаў. Ініцыятарамі ўдзелу ў будаўніцтве гэтых аб'ектаў былі вы. А зусім нядаўна мы сустракаліся на адкрыцці абноўленага стадыёна "Трактар". Я бачыў тую асаблівую гордасць і радасць у вачах байцоў, якія там працавалі. І перакананы, што тыя, хто прайшлі такую школу жыцця, - сапраўдныя патрыёты сваёй краіны. Вы іншыя, вы сапраўдныя патрыёты, паколькі той, хто ўласнымі рукамі будуе, ніколі не будзе разбураць. І не дазволіць гэта рабіць іншым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў красавіку на Усебеларускім народным сходзе моладзь папрасіла падтрымаць ініцыятыву і прысвоіць аб'ектам будаўніцтва Цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі ў Брэсцкай крэпасці статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. "Знакавы праект не толькі аб'яднаў усю краіну. Будоўля атрымала статус інтэрнацыянальнай. Больш за 200 іншаземцаў таксама ўнеслі свой уклад. І я перакананы: будуць і іншыя ўсебеларускія маладзёжныя будоўлі, дзе вы папрацуеце, як заўсёды, стаханаўскімі тэмпамі. А праз 5, 10, можа, 20 гадоў з гордасцю пакажаце дзецям створанае вамі. І традыцыя, упэўнены, прадоўжыцца", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мерапрыемства арганізавана з асаблівай, вельмі прыемнай нагоды - каб ушанаваць і ўзнагародзіць лепшую працоўную моладзь Беларусі. "Моладзь, чые энергія, патрыятызм і энтузіязм на працягу многіх месяцаў былі прыкладам для ўсёй краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў пераходны сцяг лепшаму атраду 2024 года - будаўнічаму атраду "Зодчыя" імя П.І.Блахіна. Ён сфарміраваны на базе Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай, у яго ўваходзяць 10 чалавек, якія працавалі на будаўніцтве Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. Гэтаму аб'екту быў прысвоены статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі.

З рук Кіраўніка дзяржавы пераходны сцяг прынялі камандзір атрада Антон Машара і камісар атрада Дар'я Цыбулька, якія ў сваю чаргу падзякавалі Прэзідэнту за падтрымку студатрадаўскага руху ў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка, павіншаваўшы лепшы атрад, звярнуў увагу, што астатнім можа быць крыху крыўдна. Аб тым, якія пачуцці яны адчуваюць, Прэзідэнт ведае з асабістага вопыту работы ў студатрадзе. "Я памятаю сваё студатрадаўскае жыццё, гэта так крыўдна іншым атрадам, - заўважыў ён. - Ведаю, як крыўдна, калі ты таксама працаваў, а вось уручылі аднаму". Кіраўнік дзяржавы параіў абавязкова падтрымаць усе студатрады, якія добра працавалі, а іх удзельнікаў заклікаў не хвалявацца, што сцяг у гэтым годзе дастаўся не ім, паколькі "наперадзе яшчэ нямала студэнцкіх будаўнічых спраў" і магчымасць праявіць сябе яшчэ прадставіцца.

Са свайго боку ўдзельнікі студатрадаўскага руху ўручылі Прэзідэнту сімвалічны памятны падарунак - будаўнічую кельню.

Кельня лічыцца галоўным інструментам, які сімвалізуе будаўніцтва, кансалідацыю народа, захаванне і ўмацаванне ідэй міру, стваральнай працы як галоўных умоў развіцця беларускай дзяржавы.

На паверхні рабочай часткі кельні ў тэхніцы гальванічнай гравіроўкі нанесены выявы аб'ектаў усебеларускіх маладзёжных будоўляў: частка Аўгустоўскага канала, аб'екты БелАЭС, музей Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу "Хатынь", аб'екты Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці.

Узяўшы ў рукі кельню і ацаніўшы яе, Прэзідэнт адзначыў, што гэты прадмет - выключна сувенірны. "Гэтай прыладай калі дзень папрацаваць - жыць не захочацца. Кілаграм пяць важыць", - з гумарам заўважыў Аляксандр Лукашэнка. У студэнцкія гады ён сам удзельнічаў у студатрадаўскім руху, працаваць даводзілася ў тым ліку і кельняй. "За адно лета ў будатрадзе навучыўся цагляную кладку рабіць, а за другое - спасціг прамудрасці працы меліярацыйнай брыгады", - падзяліўся ўспамінамі Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падзякаваў за такі арыгінальны падарунак і паабяцаў перадаць яго ў Палац Незалежнасці, дзе размешчаны музей падарункаў, перададзеных кіраўніку дзяржавы лідарамі іншых краін, палітычнымі, грамадскімі дзеячамі, вядомымі людзьмі, а таксама працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі.

Удзельнікі студатрадаўскага руху звярнуліся да Кіраўніка дзяржавы з ініцыятывай прысвоіць статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі 2025 года двум аб'ектам - будаўніцтву Нацыянальнага гістарычнага музея і Парку народнага адзінства

Перад тым як згадзіцца з гэтай прапановай, Прэзідэнт удакладніў: "А справіцеся?"

"Абавязкова!" - запэўнілі Кіраўніка дзяржавы.

У адказ Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што на будаўніцтва гэтых аб'ектаў, гэтак жа і на многія іншыя, патрабуюцца немалыя фінансавыя затраты, якія кладуцца пераважна на бюджэт, але ў гэтым плане павінна прыняць удзел і ўсё беларускае грамадства. "Гэта будзе ваш значны ўклад. І пакаленні будуць памятаць аб вашай будоўлі", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Не пярэчу. Рабочыя рукі нам заўсёды патрэбны", - сказаў Прэзідэнт.

"Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, Вы зрабілі для ўсіх нас гэта свята сапраўды незабыўным. Дзякуючы вашай падтрымцы ўсе байцы студэнцкіх атрадаў выканаюць пастаўленыя задачы. Бо наша вера і сіла - гэта Вы", - заявіў у час цырымоніі першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук'янаў. Ён прапанаваў Кіраўніку дзяржавы далучыцца да добрай традыцыі студэнцкіх атрадаў - да спеўкі і разам з усёй залай выканаць "Песню аб трывожнай маладосці".

Прэзідэнт з гумарам заўважыў, што выконваць кампазіцыю разам з народным артыстам Уладзімірам Громавым вельмі няпроста, паколькі яго голас, вядома ж, будзе гучаць найбольш ярка. Затое, калі нехта раптам будзе фальшывіць, гэтага не будзе чуваць у выкананні хорам, з удзелам усіх прысутных.

Пасля спеўкі Кіраўнік дзяржавы падзякаваў Уладзіміру Громаву за цудоўнае выкананне кампазіцыі. "І, што вельмі важна, я заўважыў: усе начальнікі, міністры, члены Урада (усе тыя, хто прысутнічаў на мерапрыемстве. - Заўвага) - усе спявалі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Песня аб трывожнай маладосці" - папулярная савецкая песня, напісаная ў 1958 годзе кампазітарам Аляксандрай Пахмутавай і паэтам Львом Ашаніным для кінафільма Фёдара Філіпава "Па той бок". Стужка, знятая паводле аднайменнага рамана Віктара Кіна, расказвала пра цяжкае жыццё савецкіх камсамольцаў дваццатых гадоў.

Як гаворыцца ў адным з куплетаў песні:

"Забота у нас простая, 
Забота наша такая: 
Жила бы страна родная,  
И нету других забот!"