Нарада па пытаннях прывядзення асобных законаў у адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй
- 11
- 15:28
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 снежня правёў нараду па пытаннях прывядзення асобных законаў у адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на апошняй сустрэчы па пытаннях рэалізацыі норм абноўленай Канстытуцыі дамовіліся вярнуцца да праекта Закона "Аб Усебеларускім народным сходзе". Прэзідэнт даручыў данесці палажэнні гэтага нарматыўна-прававога акта да грамадзян, даведацца іх меркаванне, дапрацаваць яго перад прыняццем.
"Вынікі праведзенай работы - галоўнае, што хацелася б сёння пачуць, каб прыняць рашэнне на гэтым узроўні", - сказаў беларускі лідар. Як далажылі Прэзідэнту, публічная дыскусія праходзіла даволі актыўна: за дзесяць дзён паступіла амаль пяцьсот водгукаў. Гучалі розныя меркаванні. "Ведаю, што многія прапановы, якія робяць праект лепшым і больш зразумелым, улічаны. Перш за ўсё трэба разумець, што сход - важны канстытуцыйны прадстаўнічы орган, орган вышэйшага народаўладдзя. Аб тым, што УНС набудзе такі статус, гаварылася яшчэ на самым першым сходзе тым дэлегатам, якія прымалі ўдзел у ім", - сказаў Прэзідэнт.
"Усебеларускі народны сход - стабілізатар грамадства. У гэтым яго галоўная роля - стабілізаваць грамадства на ўсіх этапах яго развіцця. І калі ўзнікне неабходнасць, то менавіта на яго пляцоўцы трэба будзе дамаўляцца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У звычайных умовах сход прадоўжыць працаваць, як і склалася, толькі з некаторымі дадатковымі функцыямі.
"Сустракацца будзем часцей, мінімум адзін раз у год. Як я ўжо раней гаварыў па-простаму, па-народнаму: сабраліся, абмеркавалі тое ці іншае важнейшае пытанне, прынялі рашэнне і паехалі працаваць у калектывы, паколькі гэта не пастаянна дзеючы орган", - удакладніў беларускі лідар і дадаў, што ўдзельнікі УНС будуць задзейнічаны на грамадскіх пачатках, не атрымліваючы якое-небудзь грашовае ўзнагароджанне.
Адна з галоўных рыс УНС, на якую звярнуў увагу Прэзідэнт, - рознабаковае прадстаўніцтва. Туды ўвойдуць прадстаўнікі ўсіх слаёў беларускага грамадства, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. У некаторых працоўных калектывах людзі ставілі пытанне, ці не ператворыцца УНС у чарговы сход чыноўнікаў. "Ну, можа, вы не дастукаліся да людзей, не растлумачылі ім. Але прадстаўнікоў працоўных калектываў там будзе працэнтаў 90. Толькі шляхі руху ў гэты сход крыху іншыя", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Напрыклад, неабавязкова, каб калектыў завода збіраўся і вылучаў свайго прадстаўніка на УНС. На сходзе будуць і дэпутаты, і члены грамадскіх і іншых арганізацый, якія так ці інакш прадстаўляюць працоўныя калектывы.
"Гэта павінны быць прафесіяналы. Гэта не вясельныя генералы, якія прыехалі, пасядзелі, нехта нешта зразумеў - не зразумеў, адседзеў, паехаў. Такіх там быць не павінна, - агучыў сваё патрабаванне да дэлегатаў УНС Прэзідэнт. - Гэта павінны быць людзі ведаючыя, з багатым вопытам за плячамі. Ім трэба будзе прымаць рашэнні па стратэгічных напрамках, важнейшых пытаннях дзяржаўнага і грамадскага жыцця. Такая адказная місія нашага сходу. І мы ўсе павінны зрабіць так, каб дэлегаты, вярнуўшыся на свае працоўныя месцы, далі справаздачу працоўным калектывам па тых пытаннях, якія разглядаліся на Усебеларускім народным сходзе. Мы гэта зробім лепшым чынам".
"Нягледзячы на тое, што ў складзе УНС будуць паважаныя людзі, ён не будзе ўмешвацца ў дзейнасць іншых органаў, падмяняць іх, выконваць іх функцыі. Усебеларускі народны сход, па сутнасці, павінен захавацца як палітычны інстытут, а не перарасці ў нейкі бюракратычны орган", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Праект закона "Аб усебеларускім народным сходзе" прайшоў грамадскае абмеркаванне, паступіла каля паўтысячы водгукаў. Як расказала на нарадзе старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Святлана Любецкая, пераважная частка прапаноў мела канструктыўны характар. Дзве трэці ўсіх прапаноў датычыліся ўдакладнення саміх рэдакцый артыкулаў законапраекта. Амаль 40 водгукаў уключалі станоўчую ацэнку законапраекта ў цэлым, але без канкрэтных прапаноў. І толькі 18 заяўнікаў, а гэта 3%, выказаліся аб немэтазгоднасці стварэння УНС.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на гэта пытанне, адзначыўшы, што не толькі 3% у грамадстве лічаць, што УНС не патрэбны. Ёсць і іншыя, хто думае, што трэба працаваць як ёсць. Для іх і ў цэлым для грамадства Прэзідэнт растлумачыў: "Людзі павінны разумець, што спакойна так не будзе. Мы ўжо вопыт маем 2020 года. Нам спакойнага жыцця не дадуць. Нават калі мы будзем гэтага хацець - увесь наш народ - спакойнага жыцця не дадуць. І наогул, па-народнаму, ну а раптам? Ну а раптам здарыцца неразбярыха? 2020 год - гэта была спроба знешняга мяцяжу, знешняга ўздзеяння на краіну. Гэта галоўнае. Ну і ўнутры знайшліся некалькі тысяч чалавек, якія паддаліся гэтаму. Ну а калі ўнутранае процістаянне? Так, яно будзе падагравацца звонку, але галоўная прычына і галоўныя дзеючыя сілы будуць унутры. У нас гэтага не было. Але гэта можа быць. Асабліва цяпер, калі мяняецца пакаленне, калі, зразумела, будзе мяняцца ўлада, у тым ліку і Прэзідэнт".
"Калі з'явяцца вось такія ўнутраныя прычыны да сутыкнення… Мы што, лоб у лоб, сценка на сценку пойдзем адзін на аднаго? Гэтага быць не павінна. А тады які механізм? Вось мы і прапануем народу і дзяржаве гэты механізм - Усебеларускі народны сход".
"Гэта, зноў па-народнаму кажучы, трэба ўсім 10 мільёнам убіць у галаву. Што калі толькі нейкі канфлікт - партыі там узрушыліся, галіны ўлады пачалі хіліцца ў розныя бакі, гэта перайшло ў грамадства, пагражае грамадзянскай вайной… Што тады? А тады Усебеларускі народны сход. І людзі павінны разумець, што ёсць такі орган, які збярэцца і прыме рашэнне", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што людзі ў Беларусі не адчулі грамадзянскай вайны і грамадзянскага процістаяння. "Таму многія гавораць: "Ну а навошта гэта, можа, і не трэба?" Дай бог, каб у дадзеным выпадку "не трэба было". Але ўсякае ў жыцці можа быць. Гэта ж амаль нічога не каштуе дзяржаве - 1200 чалавек, якія працуюць на месцах (размова аб тым, што на УНС раз у год будуць збірацца людзі, якія ў астатні час займаюцца сваёй прафесійнай дзейнасцю па месцы пражывання. - Заўвага). Прыехалі, паставілі кропку ў процістаянні. Таму людзі павінны разумець, што мы глядзім у будучыню. Дай бог, каб гэтага процістаяння не было. Але калі будзе, мы вырашым гэта на народным вечы", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што кожны грамадзянін Беларусі павінен успрымаць УНС як свой прадстаўнічы орган. "І калі раптам што, там вырашыцца галоўнае пытанне. Вось гэта людзі павінны разумець", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Святлана Любецкая расказала аб некаторых дапрацоўках законапраекта. Так, у артыкуле трэцім законапраекта дапоўнены два прынцыпы дзейнасці УНС - вяршэнства права і свабоднага абмеркавання і прыняцця рашэнняў, на чым настойвалі грамадзяне і юрысты.
У мэтах узмацнення асаблівага статусу УНС і выразнага размежавання кампетэнцый, аб чым хваляваліся грамадзяне, выдзелены асобны артыкул 4 аб тым, што УНС не мае права падмяняць дзяржаўныя органы, выконваць іх функцыі, а таксама ўмешвацца ў іх дзейнасць.
На гэтым моманце Аляксандр Лукашэнка таксама засяродзіў увагу. "Гэта вельмі важнае палажэнне, дзе УНС не ўмешваецца, займаецца сваімі пытаннямі, - сказаў ён. - Нягледзячы на тое, што ў складзе УНС будуць паважаныя людзі, ён не можа ўмешвацца ў дзейнасць іншых органаў, падмяняць іх, выконваць іх функцыі. Усебеларускі народны сход, па сутнасці, павінен захавацца як палітычны інстытут, а не перарасці ў нейкі бюракратычны орган".
Але людзям, прадоўжыў беларускі лідар, таксама неабходна данесці, што не трэба бегчы ва Усебеларускі народны сход і загружаць яго пытаннямі будаўніцтва дамоў, агароджаў, дахаў... "Гэта не функцыя (УНС. - Заўвага). Будуць прапісаны выключныя пытанні, глабальныя пытанні , якія павінны вырашацца ў нашай краіне. А вось у гэтыя агароджы і дахі ўмешвацца нават ініцыятыўна не трэба. Для гэтага і мясцовыя органы ўлады, Урад, Прэзідэнт. Яны павінны вырашаць свае пытанні. Вось гэта таксама людзям трэба паказаць, што гэта стратэгія (разглядаемыя на УНС пытанні. - Заўвага) - як будзем жыць далей, як будзем развівацца", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Святлана Любецкая прадоўжыла. Паводле яе слоў, грамадзяне гаварылі аб жаданні, каб у дзейнасці УНС прымалі ўдзел максімальна шырокія слаі насельніцтва. Таму ў шостым артыкуле замацавана, што сход фарміруецца з дэлегатаў, якія прадстаўляюць розныя сацыяльныя слаі і групы грамадства.
"На гэтым увагу асабліва трэба засяродзіць - што прадстаўнікоў працоўных калектываў там будзе 90%", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Дэпутат таксама расказала, што ў ходзе грамадскага абмеркавання высветлілася, што не ўсім было зразумела, як будзе ініцыявацца вырашэнне наступных пытанняў: змяненне і дапаўненне Канстытуцыі, унясенне прапаноў аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму, разгляд пытанняў аб легітымнасці выбараў, аб адмене прававых актаў рашэнняў дзяржорганаў, устанаўленні дзяржаўных свят і святочных дзён. Таму ў адпаведных артыкулах было вызначана, што ініцыяваць гэтыя пытанні зможа Прэзідыум УНС або група саміх дэлегатаў у колькасці не менш за адну трэць ад поўнага складу сходу.
"Пры гэтым для своечасовай і поўнай, дасканалай падрыхтоўкі да разгляду сходам такіх важных пытанняў, як легітымнасць выбараў, зняцце Прэзідэнта з пасады, адмена прававых актаў, рашэнняў дзяржорганаў, яны будуць папярэдне разглядацца на пасяджэннях органаў сходу. Мы мяркуем, што гэта будуць камісіі. А сам парадак ужо будзе ўстанаўлівацца рэгламентам", - адзначыла Святлана Любецкая.
У час нарады Прэзідэнт выказаўся аб рабоце палітычных партый. Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, палітычныя партыі з'яўляцца значным інстытутам для беларускага грамадства. Праект закона аб іх дзейнасці раней ужо абмяркоўваўся, разглядаўся на нарадзе ў Прэзідэнта, але быў дапрацаваны. "І я хачу пачуць пра галоўныя, асноўныя навацыі. Што змянілася? Як будзем арыентавацца?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Важнасць пытання аб дзейнасці палітычных партый Прэзідэнт растлумачыў тым, што яно можа выклікаць у грамадстве не толькі дыскусіі, але і процістаянне: "Я гэта ведаю са свайго вопыту, ды і ўсе, хто тут сядзяць… Усё гэта мы праходзілі ў нашым грамадстве. Таму ўсё трэба загадзя адрэгуляваць у законе, давесці да людзей, каб гэта не абурала членаў партый і не выклікала турбулентнасць нашага грамадства".
Законапраект аб партыях павінен адпавядаць беларускім рэаліям, ісці ад жыцця, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Так, мы павінны бачыць, што адбываецца на знешнім контуры, за межамі нашай краіны. Але галоўнае - наша краіна, наш вопыт. Мы толькі гэтаму павінны адпавядаць - жыццю нашай Беларусі, нашага грамадства", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"На палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі", - заявіў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, прадстаўнікі палітычных партый павінны прытрымлівацца той стратэгіі, што будзе выпрацавана на Усебеларускім народным сходзе, які з'яўляецца найбольш прадстаўнічым органам народаўладдзя. "Што тут незразумелага і што тут няправільна? Курс ёсць, ён выпрацаваны. Калі ласка, давайце рэалізоўваць, - сказаў Прэзідэнт. - У палітычных партый ёсць дастатковы люфт для таго, каб прапанаваць тыя ці іншыя шляхі". І гэта залежыць ад накіраванасці саміх партый, якія могуць быць прадстаўлены шырокім спектрам - ад левых да правых. "У гэтым я нічога не бачу дрэннага. Але адданасць краіне, дзейнічаць ад грамадзян, ад нашага насельніцтва, ад беларусаў - абавязак любой партыі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён упэўнены, што палітычная сістэма ў Беларусі будзе развівацца і з'явяцца новыя патрыятычна настроеныя партыі. "Адначасова адбудзецца ачыстка ад выпадковых спадарожнікаў", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым усе змяненні не будуць адбывацца ў адзін момант, на гэта спатрэбіцца час. Але, як падкрэсліў Прэзідэнт, пачынаць трэба ўжо цяпер: "Сёння мы ацэнім усе дапрацоўкі і ступень гатоўнасці дакументаў, якія абмяркоўваюцца, для таго, каб прыняць рашэнне аб унясенні іх у Палату прадстаўнікоў".