Нарада па пытаннях змянення Канстытуцыі
- 16
- 2
Прапанаваныя папраўкі ў Канстытуцыю Беларусі выклікалі жывы інтарэс. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 18 студзеня на нарадзе па выніках усенароднага абмеркавання праекта змяненняў Канстытуцыі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўдзельнікі нарады сабраліся ў шырокім фармаце для таго, каб абмеркаваць прапановы і заўвагі грамадзян па праекце змяненняў у дзеючую Канстытуцыю. "Тут прысутнічаюць члены Канстытуцыйнай камісіі, рабочай групы. Далучыліся спецыялісты, якія напярэдадні ўнясення для ўсенароднага абмеркавання праекта Канстытуцыі дашліфоўвалі яе, балансавалі, рабілі так, каб не было памылак, - сказаў Прэзідэнт. - Аб неабходнасці такой сустрэчы мы з вамі дамаўляліся ў канцы мінулага года. Нагадаю, у краіне больш як тры тыдні ідзе ўсенароднае абмеркаванне змяненняў у дзеючую Канстытуцыю".
"Мной было прынята рашэнне аб шырокім асвятленні прапанаваных навацый, каб атрымаць зваротную сувязь, ацэнку гэтага праекта ад спецыялістаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, простых людзей, у тым ліку і дзяржслужачых, у цэлым працоўных калектываў і арганізацый. Як мне дакладваюць, і тое, што я бачу, прапанаваныя папраўкі выклікалі жывы інтарэс. Сам працэс змянення Канстытуцыі і маючы адбыцца рэферэндум выклікаюць інтарэс у нашых людзей. Гэта натуральна. У дыялогу ўдзельнічаюць усе групы і слаі насельніцтва", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама адзначыў, што дзяржаўнымі СМІ вядзецца шырокая інфармацыйна-растлумачальная работа. "Вякаюць і нашы апаненты. Я не памыляюся. Менавіта вякаюць. У мяне аналіз цалкам усіх іх заяў. Яны плятуцца ў хвасце, падхопліваюць любы тэзіс, любую коску і пачынаюць яе не то крытыкаваць, не то абвяргаць. Але тое, што ў іх там робіцца, не паддаецца крытыцы. Цяпер яны ўжо адышлі ад свайго галоўнага лозунга - "Перамены, перамены!" - канстатаваў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў аснове любых змяненняў і перамен якраз павінна ляжаць Канстытуцыя, таму што ўсё павінна быць згодна з законам. "Гэта натуральны працэс перамен. А пачынаць трэба як усе цывілізаваныя і разумныя людзі. Асновай гэтых перамен павінна быць Канстытуцыя, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Можна ажыццявіць перамены такім чынам, што будзе горш, чым у Казахстане, - будзе як ва Украіне. Таму ўсё павінна быць планамерным".
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што трэба старацца вучыцца не на сваіх памылках, а атрымліваць вопыт як з памылак, так са станоўчага ў сяброў, суседзяў і ворагаў. "Гэта не я прыдумаў. Таму мы, выкарыстоўваючы гэтыя прынцыпы, ішлі, развіваліся, рыхтавалі гэтыя змяненні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу апазіцыя толькі сцвярджала, што ўсё дрэнна ў частцы прапануемых канстытуцыйных змяненняў. "Я нядаўна гаварыў аб міратворцах. Вы ж ведаеце, якая галоўная мара ў іх была ў сувязі з нашым міратворчым кантынгентам - каб адтуль прывезлі хоць адну цынкавую труну. Гэта што, апазіцыя? Гэта ворагі! Хоць бы неяк хавалі свае мэты", - прывёў прыклад беларускі лідар.
Што датычыцца абмеркавання змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што многія з удзельнікаў нарады наведалі працоўныя калектывы, арганізацыі, пабывалі ў рэгіёнах. "Уласна, і сам праект змяненняў Канстытуцыі з'яўляецца вынікам шматлікіх дыскусій, сустрэч, абмеркаванняў на тых жа дыялогавых пляцоўках. Прынамсі, ніхто мяне не можа папракнуць, што ў нас тут была абсалютная дыктатура і мы не давалі магчымасці людзям выказацца. Выказаліся ўсе, хто хацеў бы гэта зрабіць", - сказаў Прэзідэнт.
"Мая канцэпцыя заключалася ў тым, што ў цэнтры ўсіх дзеянняў па змяненні Канстытуцыі быў Канстытуцыйны Суд. Таму што больш моцных спецыялістаў, чым у Канстытуцыйным Судзе (гэта члены Канстытуцыйнага Суда, суддзі і тыя спецыялісты, якія там вакол іх працуюць, верцяцца і ў жыцці і іншае), у краіне больш няма. Я не ў крыўду камусьці гэта гавару, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - І дадаткова да гэтага былі падключаны нашы спецыялісты. Дапусцім, парламентарыі нашы, старшыні камісій. Гэта таксама нашы спецыялісты - самыя-самыя. Работнікі ў выканаўчых органах улады, Адміністрацыі Прэзідэнта. Мацней спецыялістаў няма. Вось яны ўсе наверсе, якія маюць вопыт, веды і гэтак далей".
"Больш таго, была створана рабочая група, куды былі ўключаны аксакалы, якія ведаюць жыццё, прайшлі гэта жыццё, якія могуць аналізаваць і нешта гаварыць. Ну і Канстытуцыйная камісія. Яна разнапланавая. Тут людзі ўсялякія - ад моладзі да сівізны людзі. У чым можна нас папракнуць? Я маю на ўвазе наверсе, якія выпрацоўвалі гэтыя змяненні. Ні ў чым", - падкрэсліў беларускі лідар.
Далей праект абноўленай Канстытуцыі быў прадстаўлены грамадзянам для ўсенароднага абмеркавання, каб гэты працэс быў абсалютна дэмакратычным. "Мы прапанавалі народу зрабіць свае высновы, пакрытыкаваць, выказацца. Атрымалі больш за 7 тыс. прапаноў і заўваг - ад зусім смешных да сур'ёзных заўваг. І ўжо вось гэта "кухня" спецыялістаў усё гэта пераварыла, і дзе-нідзе сёння давялося нам унесці дапаўненні ў той праект, які мы прапаноўвалі. І гэта яшчэ не ўсё. Канчатковы праект будзе ўнесены Прэзідэнтам на рэферэндум", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Вось такі працэс - адказны, сур'ёзны. І правільна тут нашы палітолагі заяўляюць: ні ў адной дзяржаве свету такога працэсу не было. І наўрад ці будзе. Ні ў адной. Нават у нашай брацкай Расіі. Мы, выкарыстоўваючы вопыт Расіі, зрабілі гэта шырэй, усенародна: калі ласка, стварайце для сябе Канстытуцыю", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, як у далейшым у краіне будзе праходзіць канстытуцыйны працэс: "У далейшым два варыянты: або народ прымае змяненні да гэтай Канстытуцыі і ў нас з'яўляецца абноўленая Канстытуцыя, або ён адхіляе гэтыя прапановы і ў нас застаецца старая Канстытуцыя. У гэтым увесь адказ на пытанне, каму гэта выгадна і каму гэта трэба".
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што часам можна чуць заявы аб тым, што "гэта патрэбна толькі Лукашэнку". "Калі ўжо шчыра, то мне гэты працэс абсалютна не патрэбны. У мяне, як вы бачыце, ёсць шмат пытанняў, ёсць чым займацца. Прабачце за нясціпласць, часам настолькі іх шмат, што нават пасядзець недзе дома, перахварэць і гэтак далей няма магчымасці, - сказаў Прэзідэнт. - Не могуць вярнуцца мае сыны, мае хлопцы, больш за 200 чалавек... Я іх не магу не сустрэць у аэрапорце (размова аб сустрэчы міратворцаў, якія вярнуліся з Казахстана. - Заўвага), і даручыць нікому гэта не магу", - сказаў Прэзідэнт.
"Таму не трэба тут замыкацца на Лукашэнку. Лукашэнка сваё зрабіў. Засталося асноўнае - прыняць Канстытуцыю, змяніць законы, прывесці ў адпаведнасць з Канстытуцыяй. Гэта мы зробім, гэта не праблема. Мы гэта будзем рабіць, каб усе ведалі, з цяперашнім парламентам, з вамі, з цяперашнімі спецыялістамі, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Мы не будзем шукаць недзе за мяжой, і дамарослых у тым ліку, спецыялістаў для таго, каб прывесці да лагічнага завяршэння канстытуцыйны працэс. Калі мы ўсё гэта зробім, дашліфуем, калі гэта трэба будзе, тады, калі ласка, прыходзьце, будзем фарміраваць новыя органы ўлады і жыць далей па новых законах і новых правілах".
Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ні ў Канстытуцыі, ні ў законах усё не прапішаш. "Канстытуцыя, законы, спосаб жыцця, вопыт многіх пакаленняў - яны фарміруюць менталітэт, характар народа. І гэта галоўнае. Мы з вамі, звычайныя людзі, 90% жывуць жа не таму, што яны вывучылі Канстытуцыю і ведаюць законы. Яны дакладна разумеюць, што можна, а што нельга, што дрэнна, а што добра. І гэта фарміруецца дзесяцігоддзямі і стагоддзямі. І гэта галоўнае для любой дзяржавы, любой краіны і народа", - упэўнены Прэзідэнт.
Ён канстатаваў, што кожны год і дзесяцігоддзе прыўносяць нешта новае - дробныя, сярэднія і буйныя штрыхі, і так паступова фарміруецца спосаб жыцця, які ўласцівы таму ці іншаму народу. Пры гэтым, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, пажадана, каб Канстытуцыя мела больш стабільны характар, а таму не трэба яе перанасычаць дэталямі, якія павінны быць распісаны ўжо на ўзроўні законаў і падзаконных актаў.
Пытанне аб неабходнасці замацавання ў абноўленай Канстытуцыі нормы аб абавязку грамадзян клапаціцца пра сваё здароўе было ў ліку важных пунктаў парадку дня нарады.
Як растлумачыў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, наконт гэтай нормы на дыялогавых пляцоўках разгараліся самыя бурныя дыскусіі. "Даволі справядлівая норма, але выклікала такі рэзананс, - адзначыў ён. - Грамадскасць апасаецца адмены бясплатнага лячэння і пераходу на аказанне медыцынскай дапамогі выключна на платнай аснове". У сувязі з гэтым была агучана прапанова выключыць гэту норму з праекта Канстытуцыі.
Кіраўнік дзяржавы дэталёва распытаў удзельнікаў нарады аб іх меркаванні наконт гэтага пытання. "Людзі супраць таго, каб яны адказвалі за сваё здароўе і клапаціліся пра яго? Слухайце, а што тут дрэннага (у замацаванні такога абавязку ў праекце Канстытуцыі. - Заўвага)? Я не разумею. Што дрэннага, што мы ў Канстытуцыі запісалі: Пятроў, Сідараў, Лукашэнка, Сергяенка, гэта - тваё здароўе і ты перш за ўсё за яго павінен адказваць. Што тут няправільна?" - задаўся лагічнымі пытаннямі Прэзідэнт.
"Вы хочаце сказаць, што пераважная большасць людзей ужо выказаліся? Не. Нехта недзе адкалупнуў, сказаў, абвастрыў гэту праблему, і пайшлі на повадзе - выкінулі (з тэксту праекта. - Заўвага), - дадаў беларускі лідар. - Каб не было насцярожанасці ў людзей (гэта важна), давайце мы прапішам тое, што ў нас ёсць, гэта наша заваёва: што дзяржава будзе несці расходы на лячэнне людзей і будзе лячыць людзей, як лечыць цяпер. У адным артыкуле гэта запісалі. А далей запішам, што і ты, дарагі мой, адказваеш за здароўе".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што наяўнасць моцнай сацыяльнай падтрымкі грамадзян з боку дзяржавы крыху расслабляе людзей: "Гэта наш недахоп, нашай сістэмы сацыяльна арыентаванай дзяржавы. У нас чалавек сядзіць і думае: "Не Лукашэнка, дык дзяржава за мяне нешта павінна вырашыць". Паверце мне, я чалавек вопытны, пабываў ва ўсіх краінах: ні ў адной постсавецкай рэспубліцы гэтага няма".
"Там кожны адказвае сам за сябе, там кожны імкнецца зарабіць капейку. У іх больш жорсткая эканамічная палітыка, а ў нас за ўсё адказвае дзяржава і Прэзідэнт. Гэта няправільна, чалавек павінен перш за ўсё (клапаціцца пра сваё здароўе. - Заўвага). А калі вязеш, то і дапаможам. Гэта, па-народнаму кажучы, "хто цягне - таму і дапамагаць трэба", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Для параўнання беларускі лідар таксама прывёў сістэму аховы здароўя ў ЗША, дзе за аказанне медыцынскай дапамогі людзям даводзіцца плаціць немалыя грошы. "Там людзі дрыжаць, каб у бальніцу не трапіць. Не таму, што хвароба, небяспека, а таму, што плаціць трэба, і шмат плаціць. Не дай бог захварэеш - кальнуць цябе адзін раз, каб не памёр. А калі не дапамагло - пад агароджай і памрэш. І там чалавек непакоіцца за здароўе", - сказаў Прэзідэнт.
Іншы прыклад - Кітайская Народная Рэспубліка. "Як ні прыеду, я спецыяльна заўсёды і Ху Цзіньтаа, і Цзян Цзэміну (з імі з усімі быў знаёмы) гавару: "Пакажы мне, як кітайцы клапоцяцца пра здароўе", - расказаў беларускі лідар. - Я бываў там, дзе яны займаюцца спортам. 80, 90 гадоў, моладзь, старыя - яны ўсе круцяцца, верцяцца, худзенькія, падцягнутыя... Паўтара мільярда чалавек, але як яны дрыжаць за сябе, за сваё здароўе!"
Аляксандр Лукашэнка, гаворачы аб сістэмах аховы здароўя ў розных краінах, выказаўся аб пандэміі COVID-19, мерах па яе стрымліванні і падыходах у аказанні меддапамогі. У тым ліку ён прыгадаў аб паведамленнях у шэрагу СМІ аб пратэстах супраць QR-кодаў. "Гэта прыкормленыя СМІ гавораць "супраць QR-кодаў". Людзі не супраць гэтага выступаюць на Захадзе. Пляваць ім на гэтыя коды і іншае. Чалавеку галоўнае, каб ён лячыўся і выжыў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Гэта падаюць, што супраць нейкіх абмежаванняў. Не, там людзі ўзняліся, таму што сістэма аховы здароўя не спраўляецца з вырашэннем той задачы, якую жыццё паставіла", - дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі сістэма аховы здароўя спраўляецца з эпідэмічнай сітуацыяй. "Вось я цяпер Піневіча (Міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча. - Заўвага) пяты раз распытваў у сувязі з новай хваляй, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Кажу: "Ты там лячы як хочаш людзей, але я з цябе цяпер спаганю за смяротнасць".
Прэзідэнт звярнуў увагу на той факт, што паводле любых ацэнак смяротнасць у Беларусі ад кавіду ніжэйшая, чым у многіх дзяржавах. "Значыць, у нас сістэма нармальная. І трэба яе як гарантыю прапісаць у Канстытуцыі. Гэта наша дасягненне. І людзі будуць разумець: так, вось мы маем гэты ўзровень, дзяржава будзе і далей пра нас клапаціцца, але і мы павінны", - заявіў беларускі лідар.
"Скажыце, што несправядлівага ў маім разважанні? - слушна заўважыў ён. - Таму не трэба адступаць там, дзе мы не павінны адступаць, там, дзе людзі павінны разумець: маё шчасце перш за ўсё ў маіх руках".
У падтрымку папраўкі ў Канстытуцыю аб абавязку грамадзян клапаціцца пра захаванне здароўя выказалася ў час нарады і суддзя Канстытуцыйнага Суда Вольга Сяргеева. Яна адзначыла, што ёй вельмі імпануе ў цэлым падыход па ўзмацненні ў праекце Канстытуцыі ўзаемнай сацыяльнай адказнасці дзяржавы і грамадзяніна. Напрыклад, арт.21 дапоўнены часткай, згодна з якой кожны павінен праяўляць сацыяльную адказнасць, уносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы. "Гэты пасыл прасочваецца і ў іншых артыкулах, напрыклад у артыкуле 32 аб абароне шлюбу і сям'і, дзе палажэнні дапоўнены нормамі аб тым, што сям'я, бацькі маюць права і абавязаны прывіваць сваім дзецям павагу да закона, любоў да працы", - сказала яна.
Эксперт растлумачыла, што ў сувязі з лініяй на ўзмацненне ўзаемнай сацыяльнай адказнасці і было прапанавана дапоўніць арт.45 праекта Канстытуцыі палажэннем, што грамадзяне абавязаны прымаць меры па захаванні і ўмацаванні ўласнага здароўя. Вольга Сяргеева дапусціла, што, магчыма, фармулёўка вельмі прамая, абавязваючая, і варта змяніць яе на больш карэктную, "каб не палохала". "Але па сваёй сутнасці яна мне падабаецца. Я лічу, яна абсалютна правільная", - падкрэсліла суддзя.
Прэзідэнт на нарадзе растлумачыў, чаму для ўсіх грамадзян важны гэты дакумент і ўдзел у маючым адбыцца рэферэндуме.
"Давайце будзем думаць пра нашых дзяцей. Мы не вечныя, мы адыходзім: нехта раней, нехта пазней... А дзеці застануцца. Пра іх давайце думаць. Вось у чым сутнасць самога працэсу", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт перакананы: трэба растлумачыць людзям, наколькі важна пры абмеркаванні праекта Асноўнага Закона засяродзіцца на глабальных пытаннях, на прынцыповых змяненнях, а не разменьвацца на дэталізацыю тонкасцей, у якіх павінны разбірацца толькі спецыялісты з юрыдычнай адукацыяй. "А калі стараемся дагадзіць людзям або ўсіх навучыць за адзін альбо паўтара месяца юрыспрудэнцыі, праву… Слухайце, у нас за пяць гадоў не ўсе студэнты абучальныя ў гэтым плане. Нават спецыялісты гэтым не могуць пахваліцца, нават Рыгор Аляксеевіч (Васілевіч, доктар юрыдычных навук, заслужаны юрыст, член Канстытуцыйнай камісіі. - Заўвага), які гэтым усім займаецца, не можа пахваліцца, што ён усё ведае", - сказаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз зрабіў акцэнт, што не трэба ставіць за мэту зрабіць такі праект Канстытуцыі, каб дагадзіць усім. "Калі народ давярае ўладзе, ён нас падтрымае", - канстатаваў Прэзідэнт. У той жа час трэба працаваць над тым, каб пераконваць людзей у неабходнасці паправак. "Трэба людзям растлумачыць, што горш мы гэтымі змяненнямі не робім", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Гэта, паводле яго слоў, датычыцца і замацавання канстытуцыйнага статусу Усебеларускага народнага сходу, які, па сутнасці, не з'яўляецца нечым наватарскім. "УНС - гэта не з космасу прыйшоўшая норма. Шэсць Усебеларускіх народных сходаў прайшло, і першы як мінімум выратаваў краіну і даў нам магчымасць амаль 30 гадоў развівацца так, як мы развіваемся, і пабудаваць суверэнную, незалежную дзяржаву, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Трэба пераконваць людзей".
Пры абмеркаванні паправак у Канстытуцыю Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў спецыялістаў, ці выклікаюць тыя ці іншыя палажэнні праекта Асноўнага Закона апасенні. "Помніце, мы гаварылі, што мы ні ў якім выпадку, робячы канстытуцыйным УНС, не павінны дапусціць двоеўладдзя. Што прэзідэнцкая рэспубліка, Прэзідэнт - галоўнакамандуючы, ніякія сілавыя структуры нікому не павінны быць падпарадкаваны, акрамя галоўнакамандуючага. Помніце, мы аб гэтым гаварылі. Мы не дапусцілі тут перакосаў?" - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.
Суддзя Канстытуцыйнага Суда Вольга Сяргеева запэўніла, што, на яе думку, такога перакосу няма, усё збалансавана, і Прэзідэнт па-ранейшаму будзе з'яўляцца Кіраўніком дзяржавы. "Мы не змянялі важнейшыя функцыі Прэзідэнта, канстытуцыйныя функцыі. Больш таго, Прэзідэнт з'яўляецца дэлегатам УНС, прымае ўдзел у рабоце УНС", - сказала суддзя.
"Ніякага дысбалансу, я лічу, тут няма", - заявіла Вольга Сяргеева.
Прэзідэнт таксама спытаў, ці дастаткова моцныя нормы Канстытуцыі для процівагі, стрымлівання структур, органаў улады, каб сістэму і дзяржаву не ўдалося разваліць.
"Проста сказаць, што дастаткова ва УНС паўнамоцтваў, каб захаваць стабільнасць у грамадстве, грамадзянскую згоду, - гэтага мала. Таму што паўнамоцтвы ва УНС вельмі істотныя: гэта і вызначэнне стратэгічных напрамкаў развіцця, і зацвярджэнне дактрыны аб нацыянальнай бяспецы, і назначэнне суддзяў Вярхоўнага, Канстытуцыйнага судоў", - адказала Вольга Сяргеева.
Яна таксама адзначыла, што УНС прадугледжваецца надзяліць правам адмены любога рашэння дзяржаўнага органа і прававога акта. "Мы вырашылі, што гэта норма павінна быць, таму што УНС - гэта вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя. Але пакінулі за рамкамі паўнамоцтваў УНС рашэнні судовых органаў. Інакш быў бы хаос", - удакладніла суддзя.
Доктар юрыдычных навук, заслужаны юрыст Беларусі і член Канстытуцыйнай камісіі Рыгор Васілевіч у ходзе абмеркавання навацый сярод іншага звярнуў увагу на пытанне, звязанае з магчымасцю для Прэзідэнта адначасова ўзначальваць Усебеларускі народны сход.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым адзначыў, што прапанова па сумяшчэнні пасад Прэзідэнта і старшыні УНС была б прынцыповым змяненнем падрыхтаванага ўжо праекта. Больш таго, адпаведнае пытанне ўжо абмяркоўвалася раней. "Зыходзім з таго, што Прэзідэнт не можа займаць іншыя пасады. Прадастаўлена гэта права першаму Прэзідэнту, цяперашняму. Чаму? Зыходзілі з таго, што цяперашні Прэзідэнт нясе адказнасць за гэту Канстытуцыю і выбудоўванне таго, як будзе жыць наша краіна пасля таго, як мы ўсё наша жыццё і законы падгонім пад тую Канстытуцыю, - сказаў беларускі лідар. - Каб не было раздваення: Прэзідэнт адно, а старшыня УНС - другое".
"Мы ж гаварылі аб тым, што нам патрэбна новая Канстытуцыя. Незразумела, які будзе заўтра Прэзідэнт. Таму патрэбны стрымкі, процівагі, - акцэнтаваў увагу Кіраўнік дзяржавы. - І мы знайшлі іх у выглядзе УНС у тым ліку. Калі ўсё гэта "зліваем" на Прэзідэнта, то якія будуць стрымкі і процівагі?"
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ідэя аб наданні канстытуцыйнага статусу УНС якраз абмяркоўвалася ў рэчышчы таго, што цяперашняе пакаленне паступова адыходзіць ад улады, прадастаўляючы магчымасць новаму прыйсці і спакойна кіраваць краінай. "Але ў той жа час назіраем, глядзім. Канцэптуальная была рэч, вы з ёю пагадзіліся, і я на гэтым настойваю. Са свайго вопыту я бачу, што гэта трэба", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Думкамі наконт гэтага на нарадзе падзялілася і Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга Чупрыс. Яна прапанавала, у тым ліку на будучае, замацаваць у Канстытуцыі магчымасць старшынства Прэзідэнта на УНС, калі ён будзе выбраны на гэту пасаду. "Такія ж прапановы некаторыя грамадзяне агучвалі. Я прынамсі тысяч пяць прагартала сама. Не скажу, што яны мелі масавы характар, але асобныя грамадзяне, задумваючыся над магчымымі праблемамі ў частцы кіравання краінай, прапаноўвалі такія меркаванні", - сказала яна.
Вольга Чупрыс лічыць, што на пэўным этапе гэта можа паслужыць стварэнню адзінага цэнтра сілы, калі ў гэтым будзе неабходнасць.
"Дык мы ж гаварылі аб тым, што гэта нам не трэба. У нас ёсць цэнтр сілы. Але УНС - гэта орган, які павінен умяшацца ў патрэбны момант, яшчэ нешта, - адрэагаваў Кіраўнік дзяржавы. - Ёсць такі пункт гледжання. І ў чымсьці вы маеце рацыю. Але тут нам трэба ўжо рабіць рашучы крок, калі мы ідзём на тое, каб забяспечыць стрымкі-процівагі. Тут ужо не трэба прывязваць да Кіраўніка дзяржавы гэты орган. Гэта прынцыповае пытанне. Адно з вельмі прынцыповых".
"Я пакуль не ўпэўнены ў тым, што нам трэба зноў усё, як цяпер, завязаць на Прэзідэнта. Тады адна з важнейшых прычын змянення Канстытуцыі страчваецца", - дадаў беларускі лідар.
Яшчэ адной дыскусійнай тэмай на нарадзе стала пытанне работы прававой сістэмы. "Закладваецца падыход, што ўказы Прэзідэнта павінны адпавядаць законам. Тады гэта парламенцкая рэспубліка. Канструкцыя ўжо зусім іншая. Ёсць указы, якія выдаюцца на аснове Канстытуцыі, тады яны на адным узроўні з законам. Ёсць указы, якія выдаюцца на аснове законаў, тады яны маюць падзаконны характар", - сказаў Рыгор Васілевіч.
Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся, што гэта пытанне трэба дадаткова сур'ёзна прааналізаваць. "Нешта тут, што выклікае насцярожанасць, ёсць. Рыгор Аляксеевіч, відаць, мае рацыю. Трэба нам паглядзець. Можа, нам неяк размежаваць тут сферу нарматворчасці і прымянення нарматыўных актаў, - сказаў ён. - Трэба паглядзець, каб мы сапраўды вось гэтым адным крокам не знішчылі прэзідэнцкую рэспубліку".
Падводзячы вынікі нарады, Кіраўнік дзяржавы заявіў: "Ёсць рэперныя кропкі, ёсць крытэрыі пэўныя. Мы дакладна вызначыліся: пакаленне цяперашняе павінна не сысці. Яно нікуды не сыдзе - больш за палову насельніцтва. Куды яно сыдзе? Яно павінна адысці на запасныя шляхі, даць магчымасць новаму пакаленню прыйсці спакойна, без шуму, без пылу, пачынаючы знізу, з сярэдзіны, зверху, да ўлады. Мы не павінны канфліктаваць з ім. Мы павінны, назіраючы, накіроўваць туды, куды трэба. Для гэтага трэба мець рычагі. Вось яно і ёсць: УНС і гэтай далей. Цяперашні Прэзідэнт не вечны, прыйдуць новыя людзі. Хто яны будуць? Слухайце, ну будучыя прэзідэнты ў нашай краіне, яны практычна бачны", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ўжо не будзе так, як у 1994-м, калі выбіралі цяперашняга Прэзідэнта. "Тады ашалелі ўсе, тады не ведалі, што рабіць. Убачылі нарастаючае - гэтых нуварышоў, карупцыю, бандытызм, які быў у краіне. Слухайце, стралялі непасрэдна каля органаў улады, людзей расстрэльвалі, - сказаў ён. - Стралялі, забівалі на дарогах і гэтак далей. І людзям трэба было нейкае выратаванне. Ну вось яны ўткнуліся ў Лукашэнку: у Гарбачова быў, раскруцілі яго, старшыня камісіі па барацьбе з карупцыяй - я там выступаў адкрыта, сумленна, нікога не баючыся і іншае. Зусім выпадкова - наткнуліся, выбралі".
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што цяпер ужо так не будзе: "Цяпер ужо народ іншы. Не тое жыццё. Адна справа гаваркія прэзідэнты, а іншае - што за імі стаіць, нейкі вопыт і гэтак далей. Грамадства іншае. Таму ўжо думаць аб тым, што выберуць выпадковага, як некалі ў сярэдзіне 90-х, - гэтага ўжо не будзе. Будуць людзі выбіраць усвядомлена. І вось для гэтага моманту нам патрэбна гэта Канстытуцыя. Трэба, каб нармальныя людзі прыйшлі да кіравання і каб мы потым локці не кусалі, што маглі нешта выправіць, а рычагоў не пакінулі. Адкрыта гэта кажу".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Усебеларускі народны сход якраз павінен адыграць гэту ролю. "Гэта правераны орган. Шэсць прайшло (сходаў. - Заўвага). Гэта ад жыцця канцэпцыя, што цяперашняе пакаленне за сабой пакідае нейкія рычагі кіравання", - сказаў Прэзідэнт.
Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу, што вельмі небяспечна дапусціць двоеўладдзе. "УНС павінен стрымліваць у нечым Прэзідэнта, усе органы ўлады - веча народнае. Але ён не павінен стаяць над Прэзідэнтам, яго паўнамоцтвамі".