Нарада з членамі камісіі і рабочай групы па пытаннях змянення Канстытуцыі
- 10
- 4:07
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 23 снежня нараду з членамі камісіі і рабочай групы па пытаннях змянення Канстытуцыі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта падагульняючая нарада рабочай групы перад апублікаваннем праекта Канстытуцыі. "Дзень-два выпраўляем памылкі, расстаўляем коскі, выносім на абмеркаванне цяперашні праект Канстытуцыі", - сказаў беларускі лідар.
Перад тым як прадставіць праект шырокай грамадскасці, яго сёння яшчэ раз абмяркуюць на ўзроўні рабочай групы і Канстытуцыйнай камісіі. "Сёння нам трэба яшчэ раз звярнуцца да гэтага праекта, пачытаць яго разам, асабліва асноўныя палажэнні, каб не было якіх-небудзь недахопаў", - адзначыў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што апублікаваны праект не будзе фінальным. "Ён будзе канчатковым тады, калі ўжо абмяркуем прапановы народа па праекце", - растлумачыў беларускі лідар.
"Я не выключаю, што (хутчэй за ўсё, так і будзе) пасля перыяду абмеркавання праекта гэтай Канстытуцыі мы яшчэ раз (для таго каб паглядзець, якія істотныя, прынцыповыя будуць унесены народам прапановы) збяромся ў рамках рабочай групы. А падагульняючае пасяджэнне потым ужо правядзём Канстытуцыйнай камісіі, - растлумачыў парадак будучай работы Прэзідэнт. - І ўжо з гатовым праектам, пасля таго як Канстытуцыйная камісія разгледзіць вынікі работы нашай рабочай групы, зацвердзіць іх, унясём праект Канстытуцыі на рэферэндум".
Што датычыцца тэрмінаў, то Аляксандр Лукашэнка абазначыў іх наступным чынам: у канцы студзеня - пачатку лютага трэба яшчэ раз вярнуцца да фарміравання падагульняючага праекта Канстытуцыі пасля абмеркавання народам, а прыкладна ў другой палове лютага - вынесці яго на рэферэндум. "Гэта зручна: і людзей не адцягваем, зіма, работы менш і ў малых гарадах, у вёсцы - тым больш, ды і ў вялікіх гарадах", - выказаў свой пункт гледжання наконт правядзення рэферэндуму ў лютым Кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар заявіў, што ў выпадку змянення Канстытуцыі сістэма кіравання ў дзяржаве будзе адбудавана нанова. "Прыняўшы Канстытуцыю, калі народ падтрымае, нам, цяперашнім органам улады, у тым ліку і Прэзідэнту, і парламенту, і гэтак далей, давядзецца адбудаваць сістэму ў краіне згодна з гэтай Канстытуцыяй. Вось і ўвесь адказ на тыя пытанні: а калі? а што? а выбары датэрмінова, звыштэрмінова? і гэтак далей. Нам трэба, прыняўшы Канстытуцыю, выбудаваць стройную сістэму кіравання, гаспадарання ў эканоміцы, палітычную сістэму, прыняць асноўныя законы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, пасля таго, як сістэма будзе адбудавана, будуць унесены неабходныя папраўкі ў заканадаўства і прыняты дадатковыя прававыя акты, трэба выходзіць на новы цыкл электаральных кампаній.
"Але мы яшчэ параімся. Калі будуць якія-небудзь іншыя разумныя прапановы, мы на іх паглядзім, - сказаў Прэзідэнт. - Усё ж такі ёсць істотныя змяненні, у тым ліку ў структурах улады і кіравання. Гэта вельмі сур'ёзны момант цяпер. Калі нехта думае, што мы ўсё гэта ні з сяго ні з таго прымем і кінем, і там каша пачнецца, хаос - гэтага не будзе. Прымем рашэнне пасля новай Канстытуцыі, адбудуем механізмы і тады пойдзем на новы цыкл электаральнай кампаніі. Гэта сведчыць аб тым, што мы для нашага беларускага народа будзем адбудоўваць новую сістэму кіравання нашай дзяржавай, у прыватнасці".