Разгляд кадравых пытанняў
- 27
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 чэрвеня разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Кальцова Дзмітрыя Вячаслававіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Ісламскай Рэспубліцы Іран;
Гарэліка Дзмітрыя Мікалаевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Манголіі;
Бараноўскага Валерыя Валер'евіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Куба;
Баско Дзмітрыя Вікенцьевіча - Першым намеснікам Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю;
Лабовіча Андрэя Валянцінавіча - Намеснікам Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю;
Кавальчука Андрэя Мікалаевіча - Намеснікам Старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта.
Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:
Рабкаўца Валерыя Васільевіча - старшынёй Пінскага гарвыканкама;
Зайчука Валянціна Міхайлавіча - першым намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама;
Карпенкі Сяргея Віктаравіча - старшынёй Баранавіцкага райвыканкама;
Арлова Мікалая Валер'евіча - старшынёй Віцебскага гарвыканкама;
Санько Андрэя Антонавіча - старшынёй Мастоўскага райвыканкама;
Гулага Міхаіла Уладзіміравіча - старшынёй Горацкага райвыканкама;
Слабоднікавай Галіны Паўлаўны - старшынёй Кіраўскага райвыканкама;
Мельніка Рамана Іванавіча - кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска;
Літоша Сяргея Уладзіміравіча - генеральным дырэктарам гандлёва-вытворчага РУП "Белфармацыя";
Емяльянава Дзмітрыя Аляксеевіча - генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у Чунцыне (КНР);
Шадко Таццяны Паўлаўны - начальнікам Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
Навадворскага Сяргея Аляксандравіча - галоўным інжынерам Беларускай чыгункі;
Шулякоўскага Алега Мікалаевіча - членам Брэсцкага аблвыканкама;
Астрэйкі Аляксандра Вячаслававіча - членам Мінскага аблвыканкама;
Астрэйка Таццяны Анатольеўны - членам Мінскага гарвыканкама;
Бандарука Рамана Сяргеевіча - членам Мінскага гарвыканкама.
Узгадняючы назначэнне новых кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Не магу сказаць, што ў нас тут складаныя часы. Яны заўсёды ў нас былі няпростымі, асабліва для вас, таму што вы, як заўсёды, заступаеце на перадавую лінію. Вам трэба будзе працаваць непасрэдна з нашым насельніцтвам".
Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на вырашэнне кадравых пытанняў на месцах: "Ні ў якім разе не спяшайцеся. Заўсёды давайце людзям шанц. Прыйдзеце ў калектыў - устанавіце тэрмін, прадастаўце ўсім, хто хоча працаваць, шанц. Не сячыце з-за пляча. Але і не адкладайце надоўга вырашэнне кадравых пытанняў: няхай сябе пакажуць да канца года, а далей - прымайце рашэнні".
Пры гэтым, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, пры назначэнні новых кадраў не варта абапірацца выключна на "сваіх людзей", з якімі працавалі на папярэдніх пасадах. "Не трэба разлічваць толькі на асабістую адданасць і сяброўства. Усё ж такі гэта павінны быць прафесіяналы і людзі, адданыя нашай дзяржаве. Мінулы год нам паказаў, хто ёсць хто і ў якім напрамку выбудоўваць кадравую палітыку", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Эканоміка раёнаў, куды назначаны новыя кіраўнікі, мае ў асноўным сельскагаспадарчы профіль. "Звярніце на гэта самую сур'ёзную ўвагу і перш за ўсё на выканальніцкую дысцыпліну. Мы навучыліся сеяць, убіраць, расціць, а вось дысцыпліна (парушэнне дысцыпліны. - Заўвага) часам губіць усё, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Дысцыпліна і яшчэ раз дысцыпліна. Без яе толку не будзе. Не трэба сёння крычаць, стагнаць, рыдаць: ах, рынак усё адрэгулюе. Нічога не адрэгуляваў за чвэрць стагоддзя. Патрэбна дысцыпліна".
"У нас няма шалёных грошай. Калі мы спім, труба не працуе - ні нафтавая, ні газавая. Грошы не капают на рахункі. Нам трэба ўсё сваімі рукамі рабіць, - прадоўжыў беларускі лідар. - Можна было б махнуць рукой, плюнуць на нешта - ах, рынак выцягне, калі б побач ляжаў вялізны мяшок шалёных грошай. Цэны на нафту ўзняліся ў два разы - у два разы больш грошай. На прыродны газ следам за нафтай пацягнуліся цэны - грошы ёсць. У нас гэтага няма. Таму - чалавечы фактар. А ў ім галоўнае - дысцыпліна".
Прэзідэнт падкрэсліў, што кіраўнікі павінны ставіць задачы і кантраляваць іх выкананне. "Павінна быць дакладная сістэма, патрабавальнасць да людзей. Яны павінны ведаць, што рабіць. Кантралюйце. Калі трымаеш пад кантролем, пытанні вырашаюцца. Крыху ўпусціў з-пад кантролю, даў слабіну - некаторыя думаюць, можна і не рабіць".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што адсутнасць дысцыпліны і беражлівых, гаспадарскіх адносін, напрыклад, у арганізацыях аграпрамысловага комплексу прыводзіць да такіх сур'ёзных наступстваў, як падзеж жывёлы, выхад са строю дарагой тэхнікі.
"І звярніце асноўную ўвагу на тыя гаспадаркі, якія сёння слабенькія. Іх у раёне 3-4 з 12-15, не больш, астатнія нармальна працуюць, - арыентаваў кіраўнікоў мясцовай вертыкалі Прэзідэнт. - Гэта перш за ўсё ваша зона адказнасці. І за кожную такую слабую гаспадарку вы адкажаце". Што датычыцца кадравага дэфіцыту ў асобных рэгіёнах, то Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб магчымасці мэтавага навучання маладых спецыялістаў. "Трэба прыстасоўвацца да таго кадравага патэнцыялу спецыялістаў, які ёсць. Не трэба ўвесь час стагнаць і рыдаць, што не хапае спецыялістаў, - адзначыў ён. - Трэба манеўраваць, прыстасоўвацца да сітуацыі".
"І не лезьце ў пытанні, якія і без вас можна вырашыць, - дадаў беларускі лідар. - Прыязджайце ў добрыя гаспадаркі, каб душой адпачыць, не перашкаджайце ім працаваць".
Цяперашні першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Валерый Рабкавец узначаліць Пінскі гарвыканкам, а яго пасаду ў Брэсце зойме старшыня Камянецкага райвыканкама Валянцін Зайчук.
"Пінск для нас - вельмі важны горад. На асаблівым кантролі. Таму я на вас вельмі разлічваю, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да новага старшыні Пінскага гарвыканкама. - Праблемы, якія там былі, нікуды не дзеліся. Працэнтаў на 25-30 яны засталіся. І вы павінны іх убачыць і вырашыць".
Яшчэ адзін супрацоўнік Брэсцкага аблвыканкама, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Карпенка паедзе кіраваць Баранавіцкім райвыканкамам.
Кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска Мікалай Арлоў пайшоў на павышэнне: Прэзідэнт узгадніў яго назначэнне старшынёй Віцебскага гарвыканкама. На пасаду старшыні Мастоўскага райвыканкама ўзгоднены Андрэй Санько, дырэктар раённага сельгаспрадпрыемства "Гудзевічы". А цяперашні старшыня Кіраўскага райвыканкама Міхаіл Гулы зменіць сваю прапіску ў Магілёўскай вобласці: ён узначаліць Горацкі раён. На яго месца ўзгоднена старшыня Кіраўскага раённага Савета дэпутатаў Галіна Слабоднікава.
Абноўлена раённае кіраўніцтва і ў Мінску. На пасаду кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы ўзгоднены Раман Мельнік. У мінулым ён доўгі час кіраваў галоўным упраўленнем аховы правапарадку і прафілактыкі МУС. "Кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна вам работы хопіць - не менш, чым у міліцыі, - адзначыў Прэзідэнт. - Трэба паглядзець, як ваенны чалавек спрацуе на гэтай пасадзе. Я ўжо даўно гаварыў: у нас шмат хлопцаў, якія і на пенсію ідуць крыху раней. Слухайце, яны яшчэ нам карысць прынясуць на іншых пасадах. Таму трэба глядзець на гэта. Не трэба баяцца, што "а, вось Лукашэнка робіць стаўку на ваенных". У нас тут дзесяць чалавек, і толькі адзін - ваенны".
Сяргей Літош узгоднены на пасаду генеральнага дырэктара гандлёва-вытворчага прадпрыемства "Белфармацыя". Ён даўно працуе ў гэтай сферы - да цяперашняга моманту Сяргей Літош кіраваў прадпрыемствам "Фармацыя" ў Гродне.
"Зразумела, якая там сітуацыя. Там было ўсё няпроста. Мы зрабілі вялікую стаўку на ахову здароўя, у тым ліку і на "Белфармацыю". Парадак там трэба наводзіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У першую чаргу, паводле слоў Прэзідэнта, трэба заняцца цэнаўтварэннем. "І будзьце самі вельмі акуратнымі: вы прыйшлі збоку і ведаеце, як на гэта паглядзяць некаторыя. Ні на што не звяртайце ўвагі. Трэба - звяртайцеся, будзем дапамагаць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Назначаючы паслоў у Іран, Манголію і на Кубу, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Я проста публічна хачу вас папярэдзіць: што вы, дасведчаныя, вопытныя людзі, можаце мець і маеце свой пункт гледжання і сваё меркаванне. Але вы ведаеце, куды ідзяце. Вы прадстаўляеце краіну і Прэзідэнта там, куды вас накіруюць. Таму, я так мяркую, што тую палітыку, якую ажыццяўляе кіраўніцтва краіны, вы безагаворачна падтрымліваеце. Калі не або змянілася меркаванне - трэба прыйсці, ціха, спакойна, без помпы, сказаць, што "я не магу". Каб здрады не было".
Прэзідэнт заўважыў, што сярод былых беларускіх паслоў былі тыя, якія паводзілі сябе адпаведным чынам. "Няхай гэта і адзінкавыя выпадкі, але гэта непрымальна. Вы больш чым ваенныя. Ваенныя пры пагонах, як і вы, але ў асноўным тут у краіне. А вы на чужыну едзеце, і, гледзячы на вас, людзі там на месцы (у Манголіі, Іране або на Кубе) будуць рабіць вывады аб нашай краіне. Таму будзьце дастойныя краіны, перш за ўсё, і беларускага народа. Пастарайцеся зрабіць так, каб потым і вам не было сорамна і балюча за гэтыя пражытыя гады", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.