Разгляд кадравых пытанняў
- 10
- 2
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка назначыў Уладзіміра Пярцова Міністрам інфармацыі Беларусі. Ігар Луцкі, які да гэтага часу займаў гэту пасаду, назначаны Намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
У час сустрэчы з імі Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што інфармацыйнае процістаянне будзе толькі ўзмацняцца. "Ідзе інфармацыйная вайна, ужо не проціборства (хацелася б, каб гэта было хаця б проціборства). Баюся, што далей горш будзе ў плане інфармацыйнага процістаяння", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў сувязі з гэтым дасканала падбіраюць людзей на пасады, дзе неабходна займацца процідзеяннем адпаведным выклікам: "Падбіраем, выкрышталізоўваючы з грамадства. Напэўна, з тысяч чалавек аднаго".
Характарызуючы Уладзіміра Пярцова, які назначаны Міністрам інфармацыі, Прэзідэнт адзначыў, што назірае за ім асабіста і добра ведае. "Разглядалі на розныя пасады. Я проста баюся, каб Вы не патанулі ў гэтым чыноўніцкім бязмежжы. Для мяне вельмі будзе шкада, калі мы страцім вельмі добрага журналіста, палітолага і палітыка, скажу шчыра", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца міністэрскай пасады, Прэзідэнт лічыць, што "гэта крыху далей ад гэтага кіпячага катла". Больш таго, там ёсць добры практычны складнік - падпарадкаваныя суб'екты гаспадарання. "Гэта будзе нейкая аддушына спачатку. Ну а наогул, малады чалавек, усё яшчэ наперадзе. І я вельмі хачу, каб у Вас на гэтай пасадзе члена Урада атрымалася", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб назначэнні Ігара Луцкага на пасаду Намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што няпроста было знайсці чалавека, які "займаўся б арганізацыяй гэтага працэсу". "Чалавек надзейны, ідэалагічна вывераны, вытрыманы. Тут у мяне сумнення няма. Як арганізатар Вы ўсё ж такі мелі дачыненне да гэтага (размова пра курыруемыя на новай пасадзе пытанні, уключаючы ідэалогію, СМІ, паколькі Ігар Луцкі мае вялікі вопыт работы ў кіраўніцтве Мінінфарма і на іншых адказных пасадах у сродках масавай інфармацыі. - Заўвага), - сказаў Прэзідэнт. - Ужо, можна сказаць, нягледзячы на ўзрост, закаранелы чыноўнік. Гэта не Уладзімір Барысавіч, яму давядзецца тут перастройвацца. Нават не перастройвацца - псіхалагічна прывыкнуць да таго, што становішся ў строй".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кожнаму на сваёй пасадзе цяпер трэба арганізоўваць адпаведны працэс, працуючы ва ўзаемадзеянні: "Вы (Ігар Луцкі. - Заўвага), як чалавек, які папрацаваў у Мінінфарме, можаце многае параіць, падказаць. Недзе, магчыма, і падключыцца да якіх-небудзь пытанняў, без гэтага нельга. А Уладзімір Барысавіч, як адзін з вядучых палітолагаў, журналістаў і палітыкаў, можа падставіць плячо ў любы час у гэтай арганізацыйнай структуры, якую вам давядзецца ўдваіх выбудоўваць".
Кіраўнік дзяржавы сёння таксама назначыў сваіх новых памочнікаў у рэгіёнах. Вакантную пасаду памочніка Прэзідэнта - інспектара па Гомельскай вобласці зойме Мікалай Рагашчук. З чэрвеня 2018 года ён працаваў на пасадзе намесніка старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Цяперашні старшыня Горацкага райвыканкама Аляксандр Бутараў таксама пайшоў на павышэнне: ён назначаны на вакантную пасаду памочніка Прэзідэнта - інспектара па Мінскай вобласці.
"Пасады няпростыя, хоць у вас і вопыт даволі вялікі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Сітуацыя няпростая ў плане таго, што нам спрабуюць цяпер усё больш падсунуць эканамічных праблем у краіне. А вам давядзецца займацца перш за ўсё, зразумела, кадрамі (каго нам у гэтай сітуацыі падтрымліваць, вылучаць), і другая справа - эканоміка. Як гаварылі ў савецкія часы, будзе эканоміка - і кадры будуць добра працаваць. А калі няма эканомікі, як там ні ўпірайся, ні працуй, толку мала".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што абодва назначэнцы маюць вялікі вопыт работы ў рэгіёнах, ведаюць праблемы не толькі горада, але і вёскі. Цяпер яны будуць прадстаўляць Прэзідэнта, а значыць і адказнасць адпаведная. "Гэта нашы шчупальцы на месцах. Вы павінны быць аб'ектыўнымі, ні ў якім разе не падладжвацца там пад некага дзеля таго, каб мець добрыя адносіны. Падладжвацца можна тады, калі гэта ўсё нацэлена на вынік. Калі вынік - перш за ўсё эканамічны - будзе добры, то тады трэба і аб'ядноўвацца, і падладжвацца, і кадры падбіраць у гэтым плане", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, Прэзідэнт узгадніў назначэнне новых намеснікаў у Міністэрстве інфармацыі і Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання. Андрэй Кунцэвіч зойме пасаду Першага намесніка Міністра інфармацыі. Да гэтага часу ён займаў пасаду Намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Ігар Брыло з пасады Намесніка Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання пяройдзе на пасаду Першага намесніка ў гэтым міністэрстве. Аляксей Багданаў зойме пасаду Намесніка Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. Да гэтага часу ён узначальваў галоўнае ўпраўленне знешнеэканамічнай дзейнасці гэтага міністэрства.
Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення - начальнік упраўлення кіруючых кадраў і дзяржаўных узнагарод галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксей Гуйда пайшоў на павышэнне і быў узгоднены на пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення.
Кіраўнік дзяржавы таксама ўзгадніў назначэнне начальніка галоўнага фінансавага ўпраўлення Гомельскага аблвыканкама Марыны Касцючэнка і першага сакратара Гомельскага абласнога камітэта БРСМ Веранікі Гудковай членамі Гомельскага аблвыканкама.