Наведванне агракамбіната "Дзяржынскі"
- 17
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 21 жніўня агракамбінат "Дзяржынскі".
Прыбыўшы на прадпрыемства, Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу пацікавіўся колькасцю супрацоўнікаў і ці ёсць сярод працоўнага калектыву жадаючыя баставаць. Як далажылі Прэзідэнту, на агракамбінаце працуюць больш за чатыры тысячы чалавек, пратэстуючых тут няма. "Правільна, трэба працаваць. Баставаць - гэта не выгадуеш ні курэй, ні кароў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, такія аграхолдынгі павінны быць лакаматывамі ў сельскай гаспадарцы, паколькі яны падцягваюць іншыя, больш дробныя і слабыя гаспадаркі. "І мы тады забудзем, што некага трэба наогул падтрымліваць. Добрае прадпрыемства, добрае месца, малайцы!" - пахваліў агракамбінат Кіраўнік дзяржавы і накіраваўся заслухоўваць даклады.
На прадпрыемстве размова перш за ўсё пайшла аб уборачнай кампаніі. Як далажыў Прэзідэнту Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко, у краіне ўбраны 91% плошчаў, ураджай збожжа ўжо дасягнуў амаль 7,5 млн т. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што цяпер важна своечасова пачаць пасяўную кампанію. "У нас, на шчасце, усё ёсць, каб своечасова пасеяць", - заявіў ён.
Затым Кіраўніку дзяржавы расказалі аб фінансава-эканамічных паказчыках работы агракамбіната "Дзяржынскі", будаўніцтве на яго тэрыторыях новых сельскагаспадарчых аб'ектаў. За сем месяцаў гэтага года тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі да аналагічнага перыяду міналага года на прадпрыемстве склаў 104,8%. Экспарт агракамбіната "Дзяржынскі" за гэты ж перыяд перасягнуў $20 млн, або на 14% да адпаведнага перыяду мінулага года. Выручка за першае паўгоддзе склала Br180,8 млн, што на 8,4% вышэй за аналагічны перыяд 2019 года. Сярэдняя рэнтабельнасць па камбінаце - 15,4%.
Паводле слоў гендырэктара агракамбіната "Дзяржынскі" Уладзіміра Лук'янава, цяпер будуюцца тры малочнатаварныя фермы, некалькі птушкагадоўчых аб'ектаў, птушнікі, вытворчасць па гадоўлі і перапрацоўцы мяса індычкі.
Аляксандр Лукашэнка наведаў цэхі прадпрыемства, дзе азнаёміўся з вытворчымі працэсамі і сустрэўся з работнікамі агракамбіната, а таксама прадэгуставаў розныя віды мясной прадукцыі.
Размаўляючы з працоўным калектывам агракамбіната, Кіраўнік дзяржавы заявіў, што прыехаў сюды, каб адпачыць душой і даведацца, у якім напрамку мае намер развівацца прадпрыемства. "У свой час вашы начальнікі вельмі прасілі пэўнай падтрымкі і дапамогі, асабліва дадатковых зямельных рэсурсаў, каб можна было вырошчваць дастатковую колькасць кармоў. Рашэнні былі прыняты. Я ўжо гляджу, вы замахнуліся на палову вобласці, а заўтра ўсю рэспубліку манапалізуеце, - адзначыў Прэзідэнт. - За апошнія гады вы і па зарплаце прыраслі, сёння вырабляеце велізарную колькасць прадукцыі. Але самае галоўнае, што ваша прадукцыя карыстаецца попытам".
Адзін з прадстаўнікоў працоўнага калектыву адзначыў, што многія работнікі агракамбіната жывуць у Фаніпалі. У горадзе, паводле яго слоў, няма добрых месцаў для адпачынку і заняткаў спортам. Раней там планавалі пабудаваць ФАК, аднак у далейшым яго вырашылі перанесці ў больш буйны населены пункт - Дзяржынск. Работнікі прадпрыемства папрасілі Аляксандра Лукашэнку, каб і ў Фаніпалі з'явіўся спартыўны комплекс.
Паводле слоў Прэзідэнта, улада пастараецца знайсці падыходзячы варыянт. Ён даручыў кіраўніцтву рэгіёна прапрацаваць і ўнесці яму на разгляд адпаведныя прапановы. "Паспрабуем крыху падставіць плячо", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
"Вы людзі рабочыя, ведаеце, што грошы зарабляюцца вось такім чынам (працай. - Заўвага). Часам, бывае, на вуліцы, але гэта нядоўга, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Ну зарабілі крыху, толькі краіну не трэба разбураць. Гэта мы дазволіць не можам, таму што ведаем, чаго яна нам каштавала".
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, сітуацыя ў краіне вельмі палітызавана, але яе не трэба разглядаць як катастрафічную. Ён расказаў, што ў адным з цэхаў да яго падышла работніца агракамбіната і выказала словы падтрымкі, пажадаўшы "выстаяць у гэтай сітуацыі". Аднак, падкрэсліў Прэзідэнт, абстаноўка не такая складаная, што трэба "выстойваць".
"У Мінску, яшчэ недзе, камусьці не падабаецца. Гэта натуральна. Але гэта не павінна вас хваляваць, гэта мая праблема, якую я павінен вырашаць, і мы яе вырашаем. І, паверце, у бліжэйшыя дні вырашым", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што перад наведваннем прадпрыемства сустрэўся з кіраўнікамі праваахоўных структур, абмеркаваў з імі пытанні падтрымання правапарадку ўнутры краіны і рэагавання на знешнія пагрозы. "Яны кожны дзень з раніцы да ночы дзяжураць, каб захаваць мір і спакой. І я ўбачыў, што хлопцы сваю краіну нікому не збіраюцца аддаваць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт выказаўся аб сітуацыі, якая складваецца ўнутры і вакол Беларусі, а таксама аб ролі ў гэтых працэсах краін Захаду. "Нам рыхтавалі гэту вось заварушку. І Расія баялася нас страціць. Захад нас неяк падцягнуць вырашыў, вядома ж, як мы бачым цяпер, супраць Расіі. Цяпер яны хочуць устанавіць гэты балта-чарнаморскі калідор, санітарны кардон - тры балтыйскія рэспублікі, мы і Украіна. Мы тут адно звяно засталіся", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Плануюць усё гэта і накіроўваюць ЗША, а еўрапейцы падыгрываюць. Сказана так - зробяць так. Створаны спецыяльны цэнтр пад Варшавай. Мы кантралюем, ведаем, чым ён займаецца. Пачалі бразгаць гусеніцамі. Разумееце, калі неспакойна побач і танкі пачынаюць перамяшчацца і самалёты лятаць, гэта невыпадкова", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што некаму ў Беларусі заплацілі, некаму галаву задурылі, і пачалася далейшая валакіта. "А за мяжой у гэты час вучэнні праводзяць. Што гэта такое? Гэта рыхтуюць пры неабходнасці ўварвання", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што загадзя бачыў намеры сваіх апанентаў і тых, хто за імі стаіць: "Прызнаюцца ўжо: ні праграмы, нічога не было. На эмоцыях хацелі праскочыць. Не атрымалася. Часам карысна, калі чалавек працуе і чвэрць стагоддзя. І я іх адразу ўсіх раскусіў загадзя. Я разумеў, чаго яны хочуць", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што спачатку патрабавалі пераліку галасоў, але хутка адмовіліся ад гэтай ідэі і сталі патрабаваць новых выбараў. "Разумеюць, што 80% нельга фальсіфікаваць. Усё роўна іх пройгрыш. Кажуць, пойдзем на новыя выбары. Вы разумееце, што такое яшчэ паўгода займацца гэтымі справамі? Перавернуць усё дагары нагамі, нават рабочым некаторым мазгі запудрылі, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - А чаму мы павінны пад нечую дудку скакаць. Мы правялі выбары, давайце жыць далей спакойна. Хочаце размаўляць, як яны кажуць, дыялог. Ну, вось я дыялог вяду з вамі. Я і буду весці толькі з працоўнымі калектывамі дыялог".
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, цяпер са знешняга боку пачалі паднаціскаць ужо сілай зброі, акрамя таго, што ўзбударажылі людзей унутры краіны.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў гэтых умовах вымушаны быў вялікую колькасць ваенных перакінуць на заходні напрамак, асабліва ў раёне Гродна. "Заўтра вы ўбачыце. Я туды палячу інспектаваць", - адзначыў Прэзідэнт.
"Таму што яны паставілі мэту перш за ўсё гэту тэрыторыю адсячы - гродзенскую. Польскія сцягі ўжо вывесілі нядаўна, - адзначыў беларускі лідар. - Цяпер Айчына ў небяспецы. Мы не можам жартаваць. Тым больш гэта не слабыя войскі - НАТА. Таму я папярэдзіў Прэзідэнта Расіі аб сітуацыі, якая складваецца ў Беларусі. У нас поўнае ўзаемаразуменне, у нас ёсць дагавор адпаведны ў рамках АДКБ і Саюзнай дзяржавы".
Прэзідэнт пры гэтым падкрэсліў, што гэта не толькі беларускія праблемы, як кажуць некаторыя ў Расіі. "Беларуская сёння праблема для Расіі не менш важная, чым для Беларусі. Атакуюць Расію перш за ўсё. Але хочуць зламаць нас. Не атрымаецца! Мы дадзім адпор", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Такім чынам, канстатаваў ён, у сітуацыі, якая склалася, ёсць як знешні, так і ўнутраны фактары. "Я тут нікога не запалохваю, але гэта ёсць на самай справе. Мы вымушаны гэта ўлічваць і жорстка супраціўляцца. Нікуды ад гэтага не дзенешся", - сказаў Прэзідэнт.
"У той жа час я хачу захаваць мір і спакой для тых, хто хоча працаваць. Я не хачу ўвесці краіну, поўнасцю яе перавесці на ваеннае становішча. Гэта ненармальна. Я хачу, каб спакойна жылі, як гэта было заўсёды. І гэта мая галоўная задача - адказаць там, стабілізаваць тут абстаноўку", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ўжо і ў Беларусі некаторыя працверазелі, у тым ліку прадстаўнік штаба альтэрнатыўнага кандыдата Юрый Васкрасенскі даў інтэрв'ю, у якім поўнасцю раскрыў усе карты. "Ён расказвае, як яны рыхтаваліся. Не было ні праграмы, нічога не было. Усё на эмоцыях, стужачкі... Яны на гэтым пачалі гуляць. Але яны не думалі, што Лукашэнка можа адказаць. Мы адказалі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму нам трэба галаву на плячах жорстка трымаць і разумець, што краіна ў нас адна. Лукашэнкі прыходзяць і сыходзяць. Слухайце, усе мы тут часовыя людзі. Таму справа не ў Лукашэнку, а справа ў тым, што хочуць мірную, спакойную Беларусь, якая як костка ў горле ў некага, нахіліць, стварыць санітарны кардон і аддзяліцца ад Расіі, ізаляваць Расію. Вядома, ні я, ні Пуцін на гэта ніколі не пойдзем, і мы дадзім сур'ёзнейшы адказ на гэтыя замахі. Мы ведаем, адкуль ідуць каманды", - заявіў Прэзідэнт.
Пры гэтым лідараў заходніх краін Кіраўнік дзяржавы заклікаў перш за ўсё звярнуць увагу на сітуацыю ў сваіх краінах, указаўшы ў якасці прыкладаў на дэманстрацыі "жоўтых камізэлек" у Францыі, беспарадкі і забойствы ў ЗША, дэманстрацыі супраць абмежаванняў на фоне каранавіруса ў Германіі. "Чаму яны затурбаваліся пра Беларусь - гэта зручны выпадак адвесці ўвагу ад сваіх праблем. Мы гэта бачым. Таму вы нават не чытайце гэтыя заявы. Гэта ўсё пустое. Гэта спроба ў нас ускладніць абстаноўку", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што ў час тэлефонных размоў Прэзідэнта Расіі з калегамі з Францыі і Германіі заходні бок прапаноўваў разгледзець беларускае пытанне на пляцоўцы АБСЕ. "Слухайце, я ведаю, што такое АБСЕ. І я Пуціну гавару: слухай, у АБСЕ мы з табой удваіх застанёмся, а ўсе астатнія нас будуць душыць і цкаваць, навязваць нам сваю ініцыятыву. І мы ўвязнем у гэтых перагаворах, а ім гэта патрэбна. Каб мы перманентна з пачатку да канца займаліся гэтымі перагаворамі", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэна заявіў, што супраць Беларусі дзейнічаюць некалькі цэнтраў сіл, дзе аселі "ўрады ў выгнанні". "Каардынацыйны савет - гэта прыгожая назва. За мяжой сёння, па-мойму, ужо пяць урадаў у выгнанні", - адзначыў ён.
Прэзідэнт звярнуў увагу, як былы прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы Валерый Цапкала мяняе сваё месцазнаходжанне: спачатку ён асеў у Расіі, але "там яго папярэдзілі", і ён пераехаў ва Украіну, а затым яму давялося перамясціцца ў Варшаву, таму што Кіеў таксама не захацеў сварыцца з Мінскам. "І ён смелы, робіць заявы з Варшавы, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Вось гэта адзін з "урадаў".
Святлане Ціханоўскай, расказаў Прэзідэнт, давялося дапамагаць з выездам за мяжу, прычым не без яго ўдзелу. "Па яе просьбе, - звярнуў ён увагу. - Яна нармальная жанчына, любіць сваіх дзяцей. Але яе кінулі на папялішча, і яна сёння топчацца на гэтых галавешках. Яе аблыталі, ахуталі Міністэрства замежных спраў (Літвы. - Заўвага), спецслужбы, яна пачала ўжо рабіць заявы. Вось яшчэ адзін цэнтр. Я проста не хачу пералічваць - яны ад Амерыкі да Варшавы".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што па факце стварэння каардынацыйнага савета была ўзбуджана крымінальная справа, і апазіцыйны штаб сам разумее, што іх дзеянні незаконныя. Цяпер апазіцыя прэтэндуе на шматмільённую падтрымку ад Еўрасаюза, аб якой нядаўна заявілі ў Еўропе, аднак гэтыя грошы без ведама дзяржавы ў краіну не паступяць.
"Я Прэзідэнт краіны. Не дай бог, краіна стане на дыбкі і разваліцца - вам не будзе работы. І вы з мяне запатрабуеце. І пляваць я хацеў бы на ўсе гэтыя пасады, але я сяджу і думаю: а што будзе з вамі, калі яны прыйдуць і пачнуць усё гэта дзяліць. Вас забяруць з усімі трыбухамі. І вы мяне будзеце праклінаць заўсёды: "Мы цябе выбралі, чаму ты не абараніў нас?" Вось, што мяне больш за ўсё непакоіць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Тых жа амонаўцаў, дзяржслужачых, журналістаў кожны дзень цкуюць. Не хачу называць прозвішча, але аднаму намесніку кіраўніка прыслалі СМС: да вечара не здашся, забяром дачку. Гэта будзем выпальваць гарачым жалезам. І вы можаце мяне асуджаць або не асуджаць, але пакуль я Прэзідэнт, я буду праводзіць жорсткую палітыку на стабілізацыю абстаноўкі ўнутры краіны".
Прэзідэнт пракаменціраваў прыезд у Белтэлерадыёкампанію журналістаў з Расіі. "Не будзеш ты, будзе тры. У нас у Расіі працуюць каля 60 тыс. так званых гастарбайтараў. На розных пасадах, нават у палітыцы. Расіяне нам прэтэнзій не прад'яўляюць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што пытанне з прыцягненнем расійскіх журналістаў узнікла пасля таго, як некаторыя з супрацоўнікаў тэлекампаніі "выскачылі на вуліцы і пачалі мітынгаваць". "Якія выраслі на тэлевізары, і ў асноўным якіх я на руках насіў. Яны выраслі і раптам зразумелі, што ў іх нечага не хапае, - заўважыў беларускі лідар. - Некаторыя выскачылі: працаваць не будзем! Не трэба".
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі прасіў не націскаць на людзей у рабочых калектывах. "Нехта захацеў - ідзіце, нікога не трэба трымаць. Што толку, што ты яго сёння ўтрымаў, угаварыў, а ён усё роўна будзе кукіш у кішэні насіць. Хочаш ісці - ідзі. Я рабочым адкрыта аб гэтым сказаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Усё роўна трэба разумець, што цябе нідзе не чакаюць, канкурэнцыя вялікая. Я папрасіў расіян: дайце нам 2-3 групы журналістаў на ўсякі выпадак. Гэта 6 або 9 чалавек з самага перадавога тэлебачання, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І наша моладзь няхай глядзіць, як працуюць. Слухайце, гэтыя яшчэ 2-3 групы не прыехалі, а палова тых, якія посціліся і бегалі вакол Белтэлерадыёкампаніі, - назад. Я кажу: ну добра, сёння возьмем назад. Хто заўтра пойдзе - не прымаем".
"Нармальна, сітуацыя стабілізавалася. Хто хоча, той працуе. Хто не хоча, той не працуе. А расіян я нават запрасіў: дайце мне адну групу ў пул Прэзідэнта, каб бачылі, як яны працуюць. І я ведаю гэтых людзей. Тэлебачанне нармальнае", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Адзінае, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, узнікла пытанне ў розніцы аплаты расіянам і беларускім работнікам. "Мы расіянам не плацім наогул. Слухайце, няўжо я для 6 або 9 чалавек не знайду ў Расіі сяброў, якія падтрымаюць гэтых людзей, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Таму не трэба пра самалёты, што тут нам перакідваюць расіян і іншае. Нам столькі і не трэба. Зразумела, хто ўскладняе абстаноўку".
Аляксандр Лукашэнка рэзюмаваў, што дастаткова спецыялістаў у гэтай сферы, у тым ліку ў суседніх краінах, і іх пры неабходнасці можна прыцягнуць на работу.
Аналагічна і адносна шэрага іншых прадпрыемстваў, уключаючы "Беларуськалій", дзе сярэдняя зарплата вымяраецца тысячамі рублёў. "Што вы бастуеце? Бастуеце - добра. Я каманду дырэктару: не трэба за імі бегаць. У нас у Салігорску 2 тыс. чалавек хочуць працаваць на "Беларуськаліі". Яны прыйдуць. Не яны прыйдуць - ва ўсім свеце беспрацоўе. Прыедуць з Украіны шахцёры. Іх мора - беспрацоўных", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт, размаўляючы з працоўным калектывам агракамбіната "Дзяржынскі", выказаўся таксама пра сітуацыю вакол Купалаўскага тэатра.
"Цяпер яны спрабуюць напісаць нейкія заявы. А я думаю: яны хацелі свабоды, у іх лозунг быў: "Свабода. Рынак". Я ім цяпер прадастаўлю (і прадаставіў ужо) поўную свабоду. Ёсць калектыў, заяўляйце ў Амерыку, што прывезяце туды спектакль, едзьце туды і стаўце спектакль. Вам заплацяць долар - падзеліце, заплацяць тысячу долараў - тысячу падзеліце. Не прымуць вас - ну, гэта ж рынак. З'ездзіце ў Расію, пастаўце спектакль. Гэта значыць поўная свабода, лятайце, стаўце спектаклі. Мы не будзем у гэта ўмешвацца. І рыначныя адносіны: колькі зарабілі, столькі і атрымаеце", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт дадаў, што дзяржава даціруе сферу культуры, у тым ліку тэатральныя калектывы, але цяпер будзе "поўная свабода і рыначныя адносіны". "Што хацелі, тое і арганізуем ім", - дадаў ён.