Рабочая паездка ў Мінскі раён
- 15
- 5:40
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 8 жніўня з рабочай паездкай Мінскі раён, дзе азнаёміўся з ходам уборачнай кампаніі.
Як далажыў Прэзідэнту Міністр сельскай гаспадаркі Іван Крупко, на сённяшні дзень ужо ўбраны прыкладна 61 працэнт плошчаў. Сярэдняя ўраджайнасць складае 38,2 ц/га (плюс 6,1 працэнта да ўзроўню 2019 года). Паводле яго слоў, ураджай збожжавых каласавых чакаецца на ўзроўні 8,2-8,3 млн т, рапсу - 800 тыс. т.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што неабходна яшчэ ўбраць 1,5 млн т кукурузы. У суме ўраджай складзе 10,5 млн т збожжа. "Гэта тое, што я ад вас заўсёды патрабую. Калі мы выйдзем на 10,5 (гэта больш як тона на чалавека ў нас атрымаецца), больш у будучым і не трэба. Гэтага на дадзеным этапе дастаткова для краіны, для таго, каб накарміць жывёлу і часткова забяспечыць БНБК (Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя. - Заўвага). Вядома, яна купіць збожжа за межамі краіны, але пажадана, каб мы яго вырабілі. І мы гэта можам зрабіць. Таму ўзровень гэтага года трэба дасягнуць - 10,5 млн т, і на будучае дастаткова. Але ніжэй нельга апускацца пры любых умовах надвор'я", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Таксама Прэзідэнт лічыць, што трэба літаральна на некалькі працэнтаў узняць ураджай рапсу і скараціць затраты на яго вырошчванне. "Рапс - гэта грошы. Патрэбна прапаганда рапсавага алею. Рапс - гэта лякарства, асабліва ў нас. Мы прадаём па ўсім свеце, а самі сядзім на сланечнікавым алеі. Трэба купляць сваё, калі мы хочам быць здаровымі", - сказаў ён.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, уборка збожжавых каласавых павінна завяршыцца на працягу трох дзён. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тэхнікі ў гаспадарках хапае. Ён падкрэсліў, што яна мае патрэбу ў беражлівай эксплуатацыі, тады і паслужыць даўжэй. "Не можа камбайн эксплуатавацца менш як 11-12 гадоў. Зразумела, добрыя гаспадары захаваюць яго і на 15 гадоў, як гэта за межамі нашай краіны", - заявіў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што хацеў бы яшчэ раз паглядзець камбайн "Гомсельмаша" GS2124, які два гады таму ўжо выпрабоўваў на палях ААТ "Александрыйскае" ў Шклоўскім раёне. "У Гродзенскай вобласці ў нас з'явіўся хлопец-пяцітысячнік. Але ён на "Джон Дзіры". Мы павінны пяць тысяч і на сваім камбайне выдаць. Таму мне трэба паглядзець апошні варыянт гэтага камбайна", - растлумачыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, з якімі праблемамі сутыкаюцца аграрыі ў сёлетнюю ўборачную кампанію. "Убраць сёння 8 млн т збожжавых каласавых і 1 млн т рапсу - гэта ўжо для нас не задача і не праблема. У нас уся ўборка яшчэ наперадзе: і кукуруза, і травы, і буракі, бульба. Таму, якія вы бачыце праблемы або нешта выклікае апасенні?" - спытаў ён.
Паводле слоў Міністра, галоўная складанасць - у забеспячэнні гаспадарак палівам. "Трэба крыху дапамагчы з адтэрміноўкай плацяжу па паліве. Больш праблем няма. Усе працуюць з настроем, ураджай ёсць", - сказаў Іван Крупко.
Кіраўнік дзяржавы даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта прапрацаваць магчымыя варыянты падтрымкі. "Трэба палічыць, паглядзець. Калі мы ўжо вырашылі дапамагчы, то трэба своечасова дапамагчы, каб мы не зацягвалі. Калі ёсць магчымасць, давайце дапаможам", - даручыў Прэзідэнт. Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Дзмітрый Крутой адказаў, што варыянты падтрымкі прапрацоўваюцца, пэўныя схемы ўжо ёсць.
У Мінскім раёне Кіраўнік дзяржавы наведаў ААТ "Гастэлаўскае". Яму далажылі аб ходзе ўборачнай кампаніі ў краіне і рэгіёне. Затым Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з уборкай поля азімай пшаніцы.
У час рабочай паездкі Прэзідэнт таксама пацікавіўся сацыяльна-палітычнай абстаноўкай у рэгіёне.
"Якая ў цябе сітуацыя палітычная? Выбары ж ідуць. Але не адцягвай увагу, на выбары людзей не цягні, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да губернатара Мінскай вобласці Аляксандра Турчына. - Ёсць магчымасць, няхай падыдуць датэрмінова прагаласуюць. Але страціць такі ўраджай дзеля нейкай палітыкі - гэта будзе ідыятызм поўны".
Прэзідэнт адзначыў, што аграрыі цяпер працуюць днямі ў полі і мала ўвагі звяртаюць на выбарчую кампанію. "Гэта ў нас у Мінску некаторыя піўцо папіваюць на лаўцы, потым узбудзіліся, пабегалі, зноў селі, выпілі. Гэта, вядома, не для сялян", - дадаў ён.
Як расказалі Кіраўніку дзяржавы, напрыклад, у ААТ "Гастэлаўскае", якое ён сёння наведваў, сярэдняя зарплата складае амаль Br1,4 тыс. Акрамя таго, дзякуючы прэзідэнцкаму ўказу, з 2016 года сістэма набыцця квадратных метраў у сельскай мясцовасці стала больш празрыстай, жыхарам аграгарадкоў і вёсак стала прасцей атрымаць ва ўласнасць дамы і кватэры прадпрыемстваў АПК.
"Трэба мець гэту зарплату - і сяляне будуць задаволены", - падкрэсліў Прэзідэнт.