Рабочая паездка ў Нясвіжскі раён
- 21
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 ліпеня наведаў з рабочай паездкай Нясвіжскі раён, дзе азнаёміўся з ходам уборачнай кампаніі.
Кіраўнік дзяржавы пачаў паездку з наведвання поля азімай пшаніцы ААТ "Новаё жыццё", дзе яму далажылі аб ходзе ўборачнай кампаніі ў Мінскай вобласці і ў рэспубліцы ў цэлым. Прэзідэнт азнаёміўся з работай тэхнікі на ўборцы поля азімай пшаніцы, дзе ўраджайнасць дасягае 100 ц/га.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў бягучым годзе з улікам кукурузы ўраджай збожжа павінен скласці мінімум 9,5 млн т. "Калі мы гаворым аб тым, што мы 8 млн т збожжа павінны сабраць, трэба падкрэсліваць, што каласавых. Яшчэ 1,5 млн т - зерня кукурузы. Увогуле, 9,5 млн т збожжа ў бягучым годзе гэта мінімум, які павінны ўзяць. І мы можам яго ўзяць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Трэба мець на ўвазе, што надвор'е будзе, як раней. Як некалі даўно. Будуць дажджы і будуць пагодлівыя дні, трэба прыстасавацца. І гэта нармальна. Таму што акрамя збожжа ў нас жа ў полі і агароднінныя культуры, і кукуруза. Другі ўкос траў. Будзе і трэці ўкос. Але для гэтага патрэбна вільгаць. Таму трэба радавацца, што такое надвор'е. Трэба настройвацца і выхопліваць кожны пагодлівы час, не чакаць. Даводзіць зерне да кандыцыі на збожжатоку. Тэхнікі шмат, арганізаваць трэба", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на аплату працы вяскоўцаў. "Не шкадуйце заплаціць людзям за работу. Ураўнілаўкі быць не павінна", - падкрэсліў беларускі лідар.
Як далажыў Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко, на сённяшні дзень збожжавых і зернебабовых ужо ўбрана прыкладна на 19% плошчаў. Ураджайнасць - 37,6 ц/га. "Гэта ўраджайнасць дае магчымасць гаварыць аб тым, што мы можам атрымаць збожжавых каласавых у гэтым годзе 8,1 млн т. І прыбаўка складзе па каласавых 1,5 млн т збожжа. Завяршаем уборку рапсу, яшчэ засталося 4-5 дзён, 89% убрана", - сказаў кіраўнік Мінсельгасхарча.
Ён таксама далажыў пра забяспечанасць тэхнікай і палівам. З тэхнікай праблем няма - для патрэб аграрыяў краіны ў бягучым годзе было дадаткова пастаўлена некалькі соцень камбайнаў. Частка з іх паступіла ўжо, а частка прыбудзе ў бліжэйшыя дні і таксама падключыцца да ўборкі. Тэхнічна ёсць магчымасць убраць за 21 пагодлівы дзень усе збожжавыя каласавыя, па 4,5-5% пасяўных плошчаў у дзень.
Што датычыцца паліва, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што пакуль у гэтым плане аграрыі павінны разлічваць на сябе. "Ніякіх просьбаў. Разлічвайце пакуль на сябе. Сёння добры ўраджай, рапс добры, прадавайце. Трэба пазычыць грошай - пазычым, але рана сёння гаварыць аб тым, што мы з рэзерву або аднекуль цяпер возьмем вам паліва. Працуйце да 15 жніўня, а там паглядзім", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў важнасць аператыўнага і якаснага правядзення ўборачнай кампаніі. "Выбары выбарамі, а есці ўсе хочуць. Таму галоўнае павінна быць сканцэнтравана тут. Выбары - гэта ўжо другаснае", - акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што хто б ні быў на пасадзе прэзідэнта або губернатара, хлеб будзе патрэбны заўсёды. "І не дай бог паўтарыць 90-я гады. Я ўжо расказваў. Калі ў Мінску было на тры дні мукі, каб хлеб спячы. Таму чаго б нам ні каштавала, гэты хлеб трэба ўзяць і аднавіць рэзервы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, звярнуў увагу на Мінскую вобласць. "2 млн т (збожжа. - Заўвага) сёння - гэта твой мінімум. Тут нават размаўляць няма чаго. На гэта трэба настройвацца", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да губернатара Аляксандра Турчына.
Ён адзначыў, што сабраць вялікі ўраджай выгадна і самім аграрыям, бо цяпер не так, як было ў савецкі час: больш атрымаў - больш забралі. "Ніхто нічога не забірае. Вы яшчэ самі будзеце імкнуцца, каб прадаць. Самыя лепшыя пакупнікі - гэтыя тыя, хто вырабляе мяса і малако. Усё збожжа (ураджай каласавых збожжавых. - Заўвага) трэба людзям аддаць на хлеб. І на фураж, і атрымаць мяса і малако", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У час рабочай паездкі Прэзідэнт таксама пабываў на адным з сучасных прадпрыемстваў па перапрацоўцы малака - ТАА "Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання". Аляксандр Лукашэнка наведаў перапрацоўчыя цэхі, азнаёміўся з тэхналагічным працэсам, фінансава-эканамічнымі паказчыкамі дзейнасці прадпрыемства.
Старшыня савета дырэктараў завода Аляксандр Каранік звярнуў увагу, што завод быў пабудаваны з нуля на пустуючай тэрыторыі, і ўспомніў, як Прэзідэнт калісьці, звяртаючыся да прыватнага бізнесу, гаварыў, што значна лягчэй прэтэндаваць на прыватызацыю прадпрыемстваў, але калі ты сапраўды бізнесмен, трэба паспрабаваць паказаць сябе ў "чыстым полі". "Вось мы і паказалі", - сказаў кіраўнік прадпрыемства. Ён адзначыў, што, як у любым камерцыйным праекце, былі рызыкі, але яны несупастаўныя з тым, наколькі больш адказныя рашэнні даводзіцца прымаць на ўзроўні кіраўніцтва краіны. "Гэта вам нельга памыляцца", - заўважыў ён у гутарцы з Прэзідэнтам.
Аляксандр Лукашэнка згадзіўся, што на пасадзе Кіраўніка дзяржавы памылкі дорага каштуюць, таму тыя ці іншыя рашэнні павінны быць вывераныя, хоць ва Урадзе часам і падштурхоўваюць да пэўнай рызыкі. "Так, рызыкі патрэбны, але трэба разумець, што памылка дорага каштуе. Калі ў цябе ёсць труба, якая нафту пампуе, ты спіш, а яна пампуе, і грошы атрымліваеш, тады можна рызыкнуць, ёсць грошы, што вярнуць", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Высокую якасць прадукцыі Нясвіжскага завода дзіцячага харчавання Прэзідэнт змог ацаніць асабіста ў час дэгустацыі.