Рабочая паездка ў Пухавіцкі раён
- 15
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Мінскую вобласць, дзе наведаў Пухавіцкі раён і азнаёміўся з ходам рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па арганізацыі высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла. Інвестпраект рэалізуе ЗАТ "Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя".
Кіраўніку дзяржавы падрабязна далажылі аб рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, работах, якія вядуцца цяпер і запланаваны на перспектыву. Так, у верасні-снежні плануецца датэрмінова запусціць аб'екты аграпрамысловага комплексу: збожжасховішча, чатыры заводы па вытворчасці камбікармоў для буйной рагатай жывёлы, птушкі і свіней, рыбы і завод па вытворчасці прэміксаў. У гэты ж перыяд чакаецца ўвядзенне ў эксплуатацыю аб'ектаў інфраструктуры.
З сакавіка 2021 года плануецца запуск вытворчасці амінакіслот. Гэта прадпрыемства няспыннага цыкла, яно будзе функцыянаваць 330 дзён на год. А на яго прадукцыю ўжо ёсць пакупнікі, у прыватнасці, дасягнута дамоўленасць, што амінакіслоты будзе купляць сусветны трэйдар, які з'яўляецца буйнейшым пастаўшчыком гэтай прадукцыі на еўрапейскі рынак.
Да лета 2024 года чакаецца запуск у эксплуатацыю так званага праекта перспектыўнага развіцця "БНБК-3". Ён прадугледжвае арганізацыю вытворчасці вітамінаў, амінакіслот, прадуктаў крухмальнай, глюкознай вытворчасці. Гэта дасць магчымасць наладзіць выпуск прынцыпова новых як для Беларусі, так і для ўсіх краін СНД прадуктаў - вітамінаў (В2, В12, С) і новых відаў амінакіслот (валін, лейцын, ізалейцын).
Асаблівая ўвага цяпер удзяляецца пытанням закупкі сыравіны і лагістыкі яго паставак. Плануецца, што ў год тут будуць перапрацоўваць 700 тыс. т збожжа, а першыя пастаўкі будуць ажыццяўляцца літаральна ў бліжэйшыя дні. Закупка ажыццяўляецца па сусветных цэнах. У сувязі з гэтым Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць закрываць патрэбнасці БНБК за кошт айчынных паставак. "Добрая цана, 700 тыс. т збожжа трэба прадаць БНБК", - падкрэсліў ён.
Чакаецца, што сучасная агравытворчасць будзе вырабляць таварную прадукцыю на суму $650 млн у год, атрымліваць $300-350 млн у год чыстага прыбытку.
У БНБК разлічваюць, што з увядзеннем у строй галоўных аб'ектаў інвестпраекта яны ініцыююць арганізацыю ў Мінскай вобласці аграхолдынга па аналогіі з тым, як гэта было зроблена ў Віцебскай вобласці.
Асобна размова ішла аб сацыяльнай абароненасці работнікаў. Іх колькасць пасля поўнага запуску інвестпраекта будзе каля 2,1 тыс. чалавек. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што трэба ўлічваць іх інтарэсы, палітыка адна павінна быць - людзі. Сярэдняя зарплата для працуючых ужо цяпер дасягае Br1 тыс. Для прыцягнення спецыялістаў у пасёлку Дружны пабудавана ўжо некалькі жылых дамоў, усяго іх будзе 24, пры гэтым работнікі могуць разлічваць на набыццё арэнднага жылля па сабекошце пасля 10 гадоў работы на прадпрыемствах БНБК. Як было даложана Прэзідэнту, жыллё будавалася па кошце $632 за 1 кв.м. Аляксандр Лукашэнка даручыў арыентавацца на гэту цану і пры ўзвядзенні жылля ў Мінску.
Кіраўнік дзяржавы высока ацаніў патэнцыял інвестыцыйнага праекта па арганізацыі высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла. "Калі мы пачнём гаварыць пра лякарствы, вітаміны, гэта ўжо космас. І гэты космас недалёкі. Яны пачалі праектаванне. Трэцюю чаргу ў бліжэйшыя тры гады пабудуюць", - адзначыў Прэзідэнт, адказваючы на пытанні журналістаў па выніках наведвання аб'екта.
Генеральным падрадчыкам праекта выступае кітайская кампанія "СІЦІК Груп". Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: будаўнічыя работы па інвестпраекце прадаўжаліся і ў перыяд складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі, што дало магчымасць не толькі не адстаць ад графіка, але і ісці апераджальнымі тэмпамі. "Не было б шчасця, дык няшчасце дапамагло. Каранавірус спыніў эканоміку ва ўсім свеце, і так атрымлівалася, што магутнейшая сусветная кампанія ("СІЦІК". - Заўвага) працуе толькі ў Беларусі. Гэта наша шчасце, што мы выбралі правільную тактыку і не закрылі краіну. Таму праз тры гады мы сюды з вамі дакладна прыедзем і ўбачым тут касмічную вытворчасць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Такой вытворчасцю валодаюць адзінкі краін - усяго чатыры краіны, і сярод іх Беларусь. Гэта больш, чым космас. Космасам мы з савецкіх часоў займаемся, а гэта зусім новая вытворчасць, і сыравіна наша - 700 тыс. т збожжа сёння гатова купляць БНБК па сусветных цэнах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Больш таго, у перспектыве кампанія БНБК мае намер працаваць непасрэдна з айчыннымі сельгасвытворцамі, самастойна займаючыся вырошчваннем і нарыхтоўкай сыравіны, а таксама спадарожнымі відамі дзейнасці. "Гэта добра для нашых сялян. У цэлым гэта мацнейшы лакаматыў аграпрамысловай вытворчасці. І не толькі аграпрамысловай. Не трэба забываць, што яны тут і біяінстытут створаць", - адзначыў Прэзідэнт.
Асобна Кіраўнік дзяржавы падзякаваў кітайскім партнёрам за іх вялікую ролю ў рэалізацыі інвестыцыйнага праекта. "Не было б рашэння Сі Цзіньпіна (Старшыні КНР. - Заўвага), не было б гэтай вытворчасці. Гэта падарунак кітайскага народа і асабіста гэтага чалавека", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу прадстаўнікі кітайскага боку падарылі Кіраўніку дзяржавы традыцыйную для іх культуры залатую чашу, напоўненую беларускім збожжам.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Прэзідэнт таксама пракаменціраваў сітуацыю вакол праведзеных пасля прэзідэнцкіх выбараў несанкцыянаваных вулічных акцый. Ён падкрэсліў, што адказ на неправамерныя дзеянні будзе адэкватны, і разарваць краіну ніхто не дазволіць.
"Тое, аб чым я гаварыў, гэта ўсё пацвярджаецца. Калі нехта не верыў, то ён цяпер у гэта паверыў. Інакш кажучы, нам спрабуюць гэту заварушку падкінуць. Я папярэджваў: майдана не будзе, як бы камусьці гэтага ні хацелася. Таму трэба ўціхамірыцца, супакоіцца, - адзначыў беларускі лідар. - А бацькам трэці раз гавару паглядзець, дзе іх дзіця, каб не было потым балюча. Каб не ахалі, не охалі. Паранены недзе каля 25 хлопцаў з АМАПа. Ёсць пераломы рук, ног. Спецыяльна, мэтанакіравана білі па гэтых хлопцах. Яны адказалі. Чаго цяпер рыдаць і плакаць? Таму адказ будзе адэкватны. Краіну разарваць мы не дазволім".
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, збіраючы па крупінках інфармацыю напярэдадні, ужо было відаць, што можа быць. "Вядома, гэта не тое, што хацелася (арганізатарам акцый. - Заўвага). Хацелася, як я гаварыў, распаліць пажар у цэнтры Мінска, хапаць галавешкі і раскідаць па ўсім Мінску. Вядома, гэта ў іх не атрымалася. Недзе, можа, і мы дапусцілі нейкія памылкі, недзе былі промахі. Я таксама сумленна прызнаваўся, што мы яшчэ не ўсё ведаем, чаго яны хочуць", - падзяліўся Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт прывёў факты, пра якія яму далажылі літаральна гэтай раніцай. "Па адной размове мы бачым лялечнікаў. Адна з ліній гэтых лялечнікаў - Чэхія. Сёння ўжо з Чэхіі кіруюць нашым аб'яднаным штабам, дзе, даруйце мне, сядзяць гэтыя авечкі, нічога не разумеючы, што ад іх хочуць. Я даручыў выдаць гэту інфармацыю ў СМІ, каб убачылі, чаго яны хочуць. Яны прадаўжаюць насядаць, прадаўжаюць патрабаваць: выводзьце людзей на вуліцу і вядзіце перагаворы з уладамі аб добраахвотнай здачы ўлады", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Інакш кажучы, Лукашэнка, які знаходзіцца на чале вертыкалі ўлады, на чале дзяржавы, добраахвотна пры 80% галасоў павінен перадаць ім уладу. Гэта адтуль (з-за мяжы. - Заўвага) ідуць каманды. Трэба аддаць належнае мясцовым нашым - яны абураны вельмі і кажуць: ды гэта немагчыма, у Беларусі не тая сітуацыя, каб весці перагаворы, - расказаў Прэзідэнт. - Увогуле, спрабуюць кіраваць працэсам з-за мяжы. Я пра Польшчу не гавару. Там ужо ўсе аселі і таксама пачынаюць тузаць за нітачкі. Я не гавару пра Украіну (адтуль ехалі). Гэта, упэўнены, не дзяржаўная палітыка, але там хапае гэтых майданутых, пра якіх я гаварыў. У тым ліку, на жаль, з Расіі пэўны прыток людзей".
Кіраўнік дзяржавы пры гэтым звярнуў увагу, што гэтыя прыезджыя не лезуць самі на штыкі. "Яны на штыкі хлапчукоў кінулі. Вы ж бачылі, хто сёння ўначы там бадзяўся і спрабаваў правакаваць міліцыю. І не проста правакаваць. Вы заўважылі - яны ўжо штурмам спрабавалі ўзяць ці то РАУС, ці то УУС. Яны ў Навагрудку і Карэлічах, па-мойму (гэта інфармацыя пацвярджаецца), штурмам хацелі ўзяць органы ўлады", - прывёў факты беларускі лідар.
Акрамя таго, сёння 200-300 чалавек кінуты арганізатарамі акцый на самы поўдзень Беларусі, дзе ў адным з гарадоў быў акружаны райвыканкам. "Давялося пагранічнікам умяшацца - там пагранічны атрад базіруецца. Інакш кажучы, у асобных кропках, дзе сабралі людзей, яны спрабавалі захапіць органы ўлады", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў і сітуацыю з вялікімі чэргамі, якія ўтварыліся ў дзень асноўнага галасавання каля некаторых выбарчых участкаў. "Спачатку стаялі, дэманстравалі вялікія чэргі. Думалі, што ў 20 гадзін мы закрыем участкі, і яны абскардзяць вынікі выбараў. Што яны прыйшлі, а ім не далі прагаласаваць. Я папрасіў, каб усе мабілізаваліся, і Цэнтрвыбаркам прадоўжыў галасаванне. У 20 гадзін 20 мінут чаргі няма, ніводнага чалавека практычна. Толькі адзін участак у Мінску застаўся, дзе пасля 20 гадзін яшчэ 30 мінут галасавалі", - адзначыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, гэта сітуацыя сведчыць аб тым, што спецыяльна прыйшлі людзі, якія не маюць адносін да канкрэтнага выбарчага ўчастка, і фактычна блакіравалі работу.
Больш таго, з 33 участкаў у Мінску ўладам давялося эвакуіраваць членаў выбарчых камісій, паколькі ўчасткі былі заблакіраваны, а на людзей аказваўся націск. "Я аддаў распараджэнне, каб ваенныя і Служба бяспекі Прэзідэнта (у нас групы былі арганізаваны) на ваенных аўтамабілях вывезлі гэтых люзей. Гэта што, парадак? Нахабнікі страшныя", - абурыўся Прэзідэнт.
"Але самае дзіўнае, што мяне насцярожыла ўначы: з вечара ўчора мы атрымалі аператыўную інфармацыю ад гэтага так званага аб'яднанага штаба. Нехта ж дадумаўся іх усіх разам сабраць у адзін будынак. І журналістаў яшчэ апазіцыйных. Усяго недзе 55 чалавек. І з іх ёсць яшчэ чалавек, які, напэўна, з галавой сябруе, - патэлефанаваў нам і папрасіў дзяржаву ўзяць пад ахову гэты офіс. Спалохаліся. Патрэбна была сакральная ахвяра. Разумееце, акружылі гэты офіс, і хто яго ведае, хто акружыў... І нам давялося 120 чалавек выдзеліць для таго, каб кантраляваць сітуацыю вакол гэтага офіса. Не дай бог адкруцілі б галаву адной з іх або некаму, мы адмываліся б гадамі. Таму вымушаны былі ўзяць іх пад ахову. Яны гэта не цэняць. Хутка ацэняць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Але мы разбяромся з кожным, хто сёння правакуе і штурхае гэтых хлапчукоў на беспарадкі. Думаю, што і ў іх мазгі павернуцца ў патрэбным напрамку, і яны зразумеюць, што проста паляць пад сваімі нагамі зямлю. Дапусціць гэтага мы не можам", - дадаў беларускі лідар.
Ён падкрэсліў, што пэўныя людзі, знаходзячыся за мяжой, кіруюць лялькамі, атрымліваючы за гэта вялікія грошы, а хлапчукі - удзельнікі несанкцыянаваных акцый - гэтага не разумеюць. "Але калі за 200 м ад Палаца Незалежнасці збіраюць натоўп, і па тэлефоне мы чуем: нам трэба тысяч 100, каб ісці на штурм Палаца Незалежнасці... Якая рэакцыя будзе праваахоўных органаў? Гэта добра, што АМАПаўцы іх утрымалі. Калі б яны дайшлі да Палаца Незалежнасці, там ужо другі расклад, там Служба бяспекі працуе, антытэрор. І гэта мала не здалося б. Таму трэба сказаць дзякуй гэтым хлопцам - АМАПаўцам - яны іх убераглі ад крытычнага кроку. Сітуацыя была не катастрафічнай, але вельмі небяспечнай для людзей, якіх штурхнулі на вуліцы", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.