Рабочая паездка ў горад Ліда Гродзенскай вобласці
- 20
- 4
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 кастрычніка наведаў з рабочай паездкай горад Ліда Гродзенскай вобласці.
Прэзідэнт у першую чаргу пацікавіўся, як ідуць справы з сельгасработамі. У гэтым плане ён выказаў шэраг нараканняў і паставіў дакладныя задачы: у кароткія і аптымальныя тэрміны выканаць шэраг работ. Аляксандр Лукашэнка ў тым ліку адзначыў недахопы, якія назіраў з борта верталёта па дарозе ў Ліду.
Першае, на чым акцэнтаваў увагу Прэзідэнт, - гэта ўборка кукурузы. Ён адзначыў, што асабліва пасля замаразкаў ужо няма сэнсу ўбіраць гэту культуру на сілас. "Сёння трэба астатнюю кукурузу ўбіраць на зерне. Але гэта ж трэба ўбіраць. Не трэба чакаць, што да канца лістапада будзе стаяць надвор'е. Застаўся адзін тыдзень пагодлівых дзён. Усё астатняе - выпадзе снег і не зможаце ўбраць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён папярэдзіў віцэ-прэм'ера Аляксандра Субоціна, які адказвае за сельскую гаспадарку: "Барані гасподзь, хоць недзе ў краіне пойдзе пад снег кукуруза, якую мы пакінулі на зерне. Я ведаю, што гавару, - 11-я гадзіна - я не ўбачыў (з верталёта. - Заўвага) ніводнага камбайна ў полі, які ўбіраў бы кукурузу. Няхай камбайн для ўборкі кукурузы, але я не ўбачыў ніводнага трактара, які араў бы, пад зябліва паднімаў глебу".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на розны ўзровень гаспадарання на зямлі ў Мінскай і Гродзенскай абласцях: "Я не першы год Прэзідэнт, я гэту зямлю патаптаў дай бог. Як толькі граніцу перасеклі Мінскай і Гродзенскай абласцей, як у іншую дзяржаву прыехалі".
"Задача: калі на працягу тыдня ў буйных гаспадарках на ўзворванні зябліва не будзе два трактары, а ў сярэдняй, малой - адзін трактар (перш за ўсё энерганасычаны), працаваць не будзе ніхто. Расслабіліся, далей няма куды! - даручыў Прэзідэнт. - Дзе энерганасычаныя трактары? Мы ж тысячы энерганасычаных трактароў паставілі ў гэтым і мінулым гадах. Чым яны цяпер займаюцца?"
Аляксандр Лукашэнка ўказаў і на шэраг іншых канкрэтных недахопаў у правядзенні сельгасработ, даўшы наконт гэтага дакладныя даручэнні.
"Мы застылі, мы супакоіліся. А вясной колькі будзе работы! Мы ж не паспеем! - акцэнтаваў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Таму пад'ём зябліва, уборка кукурузы на зерне! Неадкладна. З раніцы да ночы. Не трэба чакаць, што кукуруза высахне, - трапім пад снег".
"Гэта нецярпіма! Ні адзін губернатар не будзе працаваць, калі ў гэтым годзе зябліва не будзе паднята", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама засяродзіў увагу на пытаннях выканальніцкай дысцыпліны, работы з кадрамі. І важная роля тут адводзіцца памочнікам Прэзідэнта - інспектарам па абласцях.
Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на сельгасработы ў Мінскай вобласці: "Мінскай вобласці перадай (звяртаючыся да Аляксандра Субоціна. - Заўвага), і гэта яны пачуюць: калі яны сёння не выканаюць тое, што я сказаў... Там, дарэчы, цэлы Косінец адказны, там Ісачанка адказны (а гэта два былыя губернатары). І трэці - дзеючы губернатар - Турчын. Перадай Генрыхавічу, няхай утрох садзяцца. Таму што лепш няхай сядуць утрох і вызначацца, што трэба рабіць у адпаведнасці з маімі ўказаннямі, чым потым стаяць перада мной і нешта тлумачыць. Мне тут не эканоміка патрэбна ўжо, а арганізацыя. І няхай пачынаюць працаваць. Мінская вобласць - гэта паўкраіны. І ўсе мне расказваюць, як яны будуць працаваць у Крупках ці іншых раёнах. Не трэба мне гэта расказваць, я ведаю. Трэба арганізаваць справу, каб гудзела і шумела цяпер у палях, таму што застанёмся без хлеба (у наступныя гады. - Заўвага)".
Што датычыцца канкрэтна Гродзенскай вобласці, Прэзідэнт абазначыў у якасці стратэгічнай задачы меліярацыйныя работы, каб у перспектыве не страціць частку з выкарыстоўваемых цяпер урадлівых сельгасзямель. "Гэта трэба выратаваць", - сказаў ён.
Наведваючы Лідскую цэнтральную раённую бальніцу, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адкладванне планавай медыцынскай дапамогі можа несці рызыку для пацыентаў, быць яшчэ больш небяспечным, чым сам каранавірус. Акрамя таго, калі цяпер спыніць прыём пацыентаў з якім-небудзь захворваннем, то пасля пандэміі ўстановы аховы здароўя будуць перапоўнены гэтымі хворымі.
"Калі кавід пайшоў, і да нас хлынула гэта адкладзеная анкалогія? Зноў у нас будзе 500 чалавек у чарзе на анкалагічныя аперацыі, зноў атрымаецца абвал, - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка. - Таму нельга спыняць лячэнне іншых хвароб, ні ў якім разе".
Прэзідэнт пацікавіўся, як з гэтым пытаннем ідуць справы ў Гродзенскай вобласці. Ён адзначыў, што ў рэгіёне павінна забяспечвацца медыцынская дапамога пацыентам па ўсіх напрамках.
"Нічога нельга адкладваць - вось такая задача", - яшчэ раз падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Як расказалі Прэзідэнту, цяпер ёсць пяць апаратаў МРТ у Гродне і адзін у Астраўцы, яшчэ неабходна паставіць такое абсталяванне ў Ліду і Ваўкавыск.
"Пакуль ты адзіны ў свеце ўрач - губернатар, трэба за будучы год вырашыць гэту праблему. Калі крыху трэба дапамагчы, скажаш. Без МРТ няма нармальнага дыягназу, лячэння", - паставіў Аляксандр Лукашэнка задачу губернатару Гродзенскай вобласці Уладзіміру Караніку.
У бальніцы старшыня Гродзенскага аблвыканкама далажыў Кіраўніку дзяржавы аб эпідэміялагічнай сітуацыі і арганізацыі ўсіх відаў медыцынскай дапамогі ў вобласці. У рэгіёне паказчык захваральнасці на каранавірусную інфекцыю за апошнія два тыдні знізіўся на 6,5%.
Цяпер для лячэння і рэабілітацыі пацыентаў з COVID-19 вылучана прыкладна 3,4 тыс. ложкаў, або 35% ад існуючага фонду. Перапрафіляванне ложкаў ажыццяўляецца паэтапна па меры неабходнасці. На гэты момант захаваны ўсе віды планавай дапамогі. Арганізацыі аховы здароўя вобласці ў дастатковай колькасці забяспечаны апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх, ложкавы фонд забяспечаны 1725 кіслароднымі кропкамі.
"Мы ўзялі максімальную захваральнасць пры першай хвалі. Вобласць сёння - далёкая ад таго максімальнага ўзроўню: пакуль 80%. Адзіная вобласць. Мінск трымаецца прыкладна на 101%, гэта значыць крыху вышэй за той узровень", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама выказаўся аб забяспечанасці бальніц кіслародам. Ён звярнуў увагу, што на гэтай тэме спрабуюць узбударажыць грамадства - маўляў, у медыцынскіх установах нібыта не хапае кропак з кіслародам для пацыентаў. "У нас толькі 52% занята, таму што не хапае кропак для кіслароду?" - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прыкладна такая ж сітуацыя і з апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх: у той жа Гродзенскай вобласці для пацыентаў з COVID-19 была вылучана палова ад існуючых апаратаў ШВЛ. З гэтай паловы цяпер занята толькі 44%, альбо 23% ад усёй колькасці.
Аб рабоце Лідскай ЦРБ ва ўмовах пандэміі Прэзідэнту далажыў галоўны ўрач установы Вадзім Трубчык. Потым Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з парадкам аказання меддапамогі пацыентам з COVID-19 у перапрафіляваных аддзяленнях.
На базе Лідскай ЦРБ функцыянуюць 11 міжраённых стацыянарных аддзяленняў. Агульны ложкавы фонд складае 1052 ложкі, з іх 862 знаходзяцца ў самой Лідзе.
З перапрафіляваных для лячэння пацыентаў з COVID-19 ложкаў 198 размешчаны ў акушэрскім корпусе, 30 размешчаны ў тэрапеўтычным, 80 - у пульманалагічным і яшчэ 30 - у отарыналарынгалагічным. Таксама працуе інфекцыйнае аддзяленне на 35 ложкаў. Для цяжкіх пацыентаў у бальніцы вылучана 18 рэанімацыйных ложкаў.
Цяпер на перапрафіляваных ложках знаходзяцца 345 кавідных пацыентаў, у аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі - 20 хворых, 7 з іх - на ШВЛ, яшчэ трое - на неінвазіўнай ШВЛ. Усяго ў наяўнасці 26 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Кіслародную падтрымку атрымліваюць 149 пацыентаў.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якія праблемы цяпер ёсць ва ўстанове, ці хапае бальніцы кадраў і абсталявання, ці няма пытанняў з аказаннем планавай медыцынскай дапамогі і ці поўнасцю забяспечаны пацыенты з COVID-19 неабходным лячэннем, асабліва кіслародам.
Паводле слоў галоўнага ўрача, ніякіх праблемных пытанняў у рабоце ўстановы няма. Адзінае, неабходна падтрымка ва ўстаноўцы кіслароднага абсталявання ў рэканструяваным хірургічным корпусе. Як запэўніў губернатар, вобласць выдзеліць неабходныя сродкі.
"Тут шкадаваць не трэба. Трэба гэту сетку правесці, - падкрэсліў Прэзідэнт. - На гэтым эканоміць нельга".
На тэрыторыі бальніцы праектуецца новы корпус, які павінен аб'яднаць малыя карпусы і стаць апорнай клінікай. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: цяпер вывучаецца пытанне, дзе неабходна пабудаваць новыя медыцынскія ўстановы. "Нам трэба вызначыцца, дзе проста нельга не пабудаваць, - сказаў ён. - Таму пажадана, каб вы ў наступным годзе паклалі мне на стол гэтыя разлікі. Тут, хутчэй за ўсё, трэба (пабудаваць новы корпус. - Заўвага)".
Наведваючы Лідскую ЦРБ, Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з парадкам аказання меддапамогі пацыентам з COVID-19 у перапрафіляваных аддзяленнях.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пасля яго нядаўніх заяў аб масачным рэжыме і вакцынацыі ў колах збеглай апазіцыі яго сталі называць галоўным кавід-дысідэнтам. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ніколі не выступаў супраць нашэння масак, і больш таго, - у пачатку пандэміі Аляксандр Лукашэнка строга кантраляваў арганізацыю вытворчасці сродкаў аховы ў Беларусі і дамаўляўся з замежнымі партнёрамі аб узаемадзеянні ў гэтай сферы.
Але, на думку Кіраўніка дзяржавы, культура выкарыстання ахоўных сродкаў ёсць толькі ва ўрачоў, а грамадзяне, як правіла, не выконваюць усе меры засцярогі і рэкамендацыі пры нашэнні масак, таму іх выкарыстанне такім чынам неэфектыўнае.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што правільнае выкананне масачнага рэжыму карысна. Але пры гэтым прымушаць грамадзян насіць маскі не трэба. "Я быў бы рады, калі б людзі, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі (ахова здароўя, сацыяльнае, гандаль, бытавое, транспарт, культура, спорт і гэтак далей), таксама ў памяшканнях надзявалі маскі. Але маска - гэта іх справа. Вось тут мы тым больш не павінны настойваць. Трэба - людзі надзенуць", - перакананы беларускі лідар.
"Маё жалезнае патрабаванне - нікога не прымушаць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Такога ж прынцыпу Кіраўнік дзяржавы прытрымліваецца наконт вакцынацыі: прышчэпка ратуе ад захворвання або дапамагае лягчэй перанесці інфекцыю, але прымушаць грамадзян да вакцынацыі - лішняе. "Вы даказалі на практыцы: правакцынаваўся - менш хварэеш, а калі захварэў - жыць будзеш, вылечым. Таму вакцынавацца трэба. Таму рашэнне вырабляць сваю вакцыну - гэта было добрае рашэнне. Я за тое, каб вакцынаваць. Але не трэба чалавеку на грудзі каленам і калоць вакцыну. Я супраць насілля", - заявіў Прэзідэнт.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што прадстаўленыя ў Беларусі расійская і кітайская вакцыны ад COVID-19 зарэкамендавалі сябе значна лепш за заходнія аналагі, таму краіна і закупляе гэтыя прэпараты. Да таго ж у Беларусі ўжо вырабляюць па расійскіх тэхналогіях іх вакцыну, а ў будучым з'явіцца ўласны прэпарат. Такім чынам, завозіць у краіну заходнія аналагі не мае сэнсу.
Прэзідэнт адзначыў, што сітуацыя з COVID-19 у краіне выклікае асцярожны аптымізм. "Асаблівых прэтэнзій пакуль прад'явіць не магу, але расслабляцца нельга. Дзякуй вам вялікі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час Прэзідэнт адзначыў, што рэгулярна заслухоўвае даклады аб рабоце сістэмы аховы здароўя, і калі становіцца вядома аб якіх-небудзь праблемах - яны тут жа вырашаюцца. Не замоўчваць праблемныя пытанні Кіраўнік дзяржавы патрабуе і ад галоўных урачоў медустаноў. "Ёсць праблема - скажыце адкрыта. Будзем яе разам вырашаць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У час размовы з Кіраўніком дзяржавы медыкі таксама пацікавіліся, што Прэзідэнт укладвае ў фразу "сітуацыя выклікае асцярожны аптымізм".
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ў краіне адзначаецца зніжэнне тэмпу захваральнасці на COVID-19. Кіраўнік дзяржавы прывёў даныя статыстыкі: сярэднетыднёвы прырост новых выпадкаў знізіўся ў паўтара раза за апошні тыдзень, колькасць паступленняў пацыентаў з пнеўманіямі застаецца на ранейшым узроўні, пры гэтым за апошні тыдзень на 6,4% павялічылася колькасць выпісаных са стацыянара.
На 44 чалавекі менш знаходзіцца на апаратах ШВЛ, што пацвярджаецца зніжэннем спажывання кіслароду ў параўнанні з мінулым тыднем на 1,3%, пры гэтым у Віцебскай і Гомельскай абласцях зніжэнне 10% і 2% адпаведна.
Што асабліва важна, адзначыў Прэзідэнт, профільныя ўстановы аховы здароўя, перапрафіляваныя пад аказанне дапамогі хворым з COVID-19, пачынаюць вяртацца да сваіх функцый. Так, у Брэсцкай вобласці паступова ўваходзяць у планавую работу аддзяленні гінекалагічнага корпуса абласнога раддома, падраздзяленні абласнога анкадыспансера, кардыяхірургічнае аддзяленне і аддзяленне таракаабдамінальнай хірургіі і трансплантацыі абласной бальніцы.
З 21 кастрычніка прыпынена шпіталізацыя пацыентаў з пнеўманіямі і інфекцыяй COVID-19 у хірургічны корпус Віцебскага абласнога анкадыспансера. У канцы кастрычніка, пасля правядзення мерапрыемстваў па дэзынфекцыі, у звычайны рэжым функцыянавання будуць вернуты аддзяленні ў Магілёўскім абласным анкадыспансеры.
"Вядома, бога за бараду не ўзялі. Але гэта выклікае асцярожны аптымізм. І гэта не першы тыдзень, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Мы не проста спыніліся на гэтым плато, на гэтай гары, а на 2-4% за тыдзень спаўзлі".
Прычым, як далажылі Прэзідэнту ў бальніцы, захваральнасць на каранавірус цяпер у цэлым па краіне ніжэйшая, чым у час першай хвалі. "Мы ўзялі максімальную захваральнасць пры першай хвалі. Вобласць сёння - далёка ад таго максімальнага ўзроўню: пакуль 80%. Адзіная вобласць. Мінск трымаецца прыкладна на 101%, гэта значыць ледзь-ледзь вышэй за той узровень", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У час наведвання Лідскай ЦРБ Кіраўнік дзяржавы неаднаразова падкрэсліваў: аказанне планавай дапамогі ў час пандэміі COVID-19 адкладваць нельга. Паводле яго слоў, калі цяпер спыніць прыём пацыентаў з якім-небудзь захворваннем, то пасля пандэміі ўстановы аховы здароўя будуць перапоўнены гэтымі хворымі.
"Калі кавід пайшоў, і да нас хлынула гэта адкладзеная анкалогія? Зноў у нас будзе 500 чалавек у чарзе на анкалагічныя аперацыі, зноў атрымаецца абвал, - прывёў прыклад Прэзідэнт. - Таму нельга спыняць лячэнне іншых хвароб, ні ў якім разе".
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў Беларусі пераадолеюць гэту хваробу: "Мы лечым сваіх людзей. Стараемся, каб гэта зараза хутчэй пайшла. Тое, што яна пойдзе, мы на 100% у гэтым перакананы. Я дакладна. І я ўпэўнены, што мы адыдзем ад гэтай хваробы. А калі Гасподзь нас будзе вось так любіць, як да сённяшняга дня, то да новага года мы супакоімся. Не зусім яшчэ ад гэтай заразы адыдзем, але супакоімся".
Прэзідэнт таксама адзначыў, што заўсёды, прыязджаючы ў бальніцы, дзякуе ўрачам. "Сапраўдным урачам. Не тым у чорных, брудных халатах, якія там у Telegram-каналах папісваюць. А сапраўдным урачам у белых халатах. Дзякуй вам вялікі", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што аналізуе сітуацыю, робіць вывады, прасейвае інфармацыю праз сіта сваіх пражытых гадоў.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі захавалі базу савецкай медыцыны і ўдасканалілі яе: "Калі б мы не займаліся аховай здароўя, мы сёння мелі б тое, што маюць некаторыя нашы суседзі. І тое, што адбываецца на Захадзе".
Прыклад, што магло здарыцца, - Украіна, якая імкнецца да заходняга варыянта. "Гэта значыць усю народную ахову здароўя трэба знішчыць, каб перайсці на прыватную медыцыну. Яны думалі, што прыватная - вырашым усе праблемы. Цяпер адзінкі ўрачоў засталіся, якія за гэта выступаюць", - заўважыў Прэзідэнт.
"Што лепш - мы (з нашай мадэрнізаванай і пабудаванай на фундаменце савецкіх часоў беларускай медыцынай) або заходняя, яшчэ крыху часу пройдзе, і вы ўбачыце", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Лідскай ЦРБ, Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што дзяржава і ў далейшым будзе аказваць падтрымку грамадзянам у будаўніцтве і набыцці жылля.
"Тое, што мы павялічым колькасць жылля, - гэта дакладна", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў тое, аб чым гаварыў ужо раней, - у краіне ў цэлым пабудавана ўжо дастаткова розных сацыяльных аб'ектаў і трэба іх максімальна задзейнічаць і эфектыўна выкарыстоўваць. І замест таго, каб будаваць новыя, пусціць гэтыя сродкі ў тым ліку на павышэнне дабрабыту грамадзян. "Людзям трэба даць зарплату і даць магчымасць пабудаваць кватэры, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - Па вопыце Мінска. У нас жуллё кватэры будавала па $1500-2000 за кв.м, а элітнае яшчэ даражэй. Я паклікаў дырэктара завода, які выпускае дамы - сцены, панэлі і іншае, - даў яму зямлю ў Мінску. І сказаў: плюс 5% рэнтабельнасці, на страту ж ніхто будаваць не будзе. Дзяржаўнае прадпрыемства - менш як $500 (за квадратны метр. - Заўвага)".
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што калі нехта хоча пабудаваць кватэру або дом, то можна рабіць гэта і з прыватнікам па яго цэнах. Але ўсё, што датычыцца сацыяльнага жылля, якое будуецца пры падтрымцы дзяржавы, гэтым, адпаведна, займаюцца дзяржструктуры. "Гэта дало нам магчымасць больш-менш утрымліваць цэны на рынку. Хоць яны таксама не нізкія", - заўважыў Прэзідэнт.
Ён нагадаў, што ў прыярытэце раней былі вызначаны шматдзетныя сем'і і ваенныя. Але, зразумела, ёсць і іншыя катэгорыі грамадзян, якія ў тым ліку маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Часткова гэта пытанне вырашаецца за кошт прадастаўлення людзям арэнднага жылля. У сувязі з гэтым Кіраўніку дзяржавы было зададзена пытанне, ці можна пры прадастаўленні арэнднага жылля не здымаць з чаргі маючых патрэбу.
Прэзідэнт у гэтым плане звярнуў увагу, што арэнднае жыллё і задумвалася як у тым ліку спосаб замацавання кадраў. А магчымасць змянення існуючага парадку - гэта ў першую чаргу фінансавае пытанне.
"Жывіце, вас жа ніхто не выганяе. Што мяне насцярожвае, некаторыя ставяць гэта пытанне: ну а раптам я пайшоў ад гэтага наймальніка некуды. Арэнднае жыллё - гэта фактар стрымлівання цякучасці быў, я яго ўводзіў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Але падумаем, як дапамагаць у такой сітуацыі людзям. Думаю, што кожны губернатар і мэр горада ведае, колькі трэба настаўнікам і ўрачам кватэр. Мы падумаем, як вырашаць. Таму што настаўнік і ўрач - гэта аснова нашай дзяржавы", - падкрэсліў беларускі лідар.
Разам з тым асаблівая ўвага менавіта падтрымцы шматдзетных сем'яў. "Калі мы не абаронім, не падтрымаем шматдзетныя сем'і, заўтра мы застанёмся без насельніцтва, не будзе краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У цэлым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што неабходна выстаяць і перажыць бягучы перыяд, каб захаваць краіну для будучых пакаленняў. "Калі мы гэты перыяд не перажывём, не выстаім, мы не будзем дзяржавай. Нашы дні будуць злічаны. Таму што я ўжо гаварыў: вялікія дзяржавы спрабуюць падзяліць свет паміж сабой. А як падзяліць - нахіліць, раздушыць, выцерці ногі. А нам трэба выстаяць. Вось задача, - сказаў беларускі лідар. - А яшчэ і канстытуцыйныя пераўтварэнні правесці, а яшчэ "перамен" хочаце, а яшчэ паўнамоцтвы раздаць. Ну раздадзім. Але гэта вы захацелі".
"Трэба вытрымаць, трэба выстаяць. І мы выстаім, калі вы будзеце слухаць і чуць, што я вам кажу. Пытанне сёння не ўва мне і не ва ўтрыманні ўлады Лукашэнкі. Не ў гэтым справа. Пытанне сёння ў нашых дзецях і нашым кавалку зямлі, на якім мы жывём", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт абстаноўкі на заходніх рубяжах краіны. "Вы добра бачыце, вы тут больш на Захадзе, чым усе астатнія. І бачыце, што адбывалася і што ад нас хочуць. Учора ўжо "Леапарды" падкінулі да нашай граніцы - танкі", - заўважыў беларускі лідар.
У сувязі з гэтым ён звярнуўся да памочніка Прэзідэнта - інспектара Гродзенскай вобласці Юрыя Караева: "Ты, Юра, глядзі тут (ты ж генерал акрамя ўсяго іншага), што яны там робяць за межамі. Своечасова падказвайце. Нягоднікі крайнія. Баюся, каб яны вайнушку не развязалі тут".
Адно з пытанняў Кіраўніку дзяржавы датычылася тэмы продажу электраэнергіі ў Літву і Украіну, дзе цяпер узнікла ў гэтым патрэбнасць.
"Вось так паварочваюцца часы. На шчасце, на нашу карысць. Але мы на гэтым не хочам атрымліваць нейкія дывідэнды. Я не той чалавек. Як я часта кажу, я ў вёсцы вырас, і там усе былі адзін за аднаго, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Вядома, мы маглі б заўтра закрыцца і Літве не пастаўляць гэту электраэнергію - няхай купляюць у Еўрапейскім саюзе ў 10 разоў даражэй. Але людзей шкада. Гэта ж нашы суседзі. Учора жылі ў адной краіне. А вазьміце Украіну. Там заўсёды былі нашы людзі, і цяпер. Яны ж у такім цяжкім, бядотным становішчы".
"Шкада людзей. Таму, калі мне прэм'ер зусім нядаўна далажыў, што яны просяць электрычнасць, я кажу: ну што рабіць, людзям трэба дапамагаць. Вось і ўсё. А так яны, вядома (кіраўніцтва)... Вы ж разумееце, што там за кіраўніцтва, - яно кіруецца звонку. Яны сёння пад каўпаком сядзяць у амерыканцаў. Калі надрукуюць нейкіх долараў, дадуць ім, яны жывуць. Не дадуць - бяда. Ну што, мы яшчэ будзем ускладняць гэта становішча? Слухайце, ну Гасподзь не даруе", - адзначыў беларускі лідар.
"Таму канкрэтна кажу: будзем дапамагаць. Было б подла мець свабодныя магутнасці, мець магчымасць вырабляць энергію і цалкам не спажываць, сядзець на ёй, мець у запасе і не дапамагчы суседу. Гэта не па-славянску і не па-хрысціянску, - заявіў Прэзідэнт. - Многія пішуць і гавораць: пакараць трэба. Слухайце, ну каго мы пакараем? Пакараем простага чалавека".
Гаворачы аб атамнай станцыі ў Беларусі, Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што рашэнне аб яе будаўніцтве было правільным. Больш таго, некаторыя апазіцыянеры гаварылі, што яе трэба ліквідаваць у абмен на нейкія еўрапейскія датацыі. "Ну закрылі б. І мы сёння не героямі былі б. Чаму ў нас просяць электраэнергію - таму што яе ў нас з лішкам", - заўважыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што каля 10 еўрапейскіх краін заяўляюць аб жаданні пабудаваць АЭС. "Польшча - дзве. Літва хацела б хаця б на тры прыбалтыйскія рэспублікі. Паўстае пытанне: чаму ад нас патрабавалі станцыю не будаваць? Гэта канкурэнцыя. Яны хацелі, каб мы былі слабымі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Больш таго, у Беларусі дзякуючы будаўніцтву АЭС з'явіўся адпаведны вопыт, пачалі рыхтаваць атамшчыкаў.