Наведванне клінік у Мінскім раёне
- 37
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка наведаў клінікі ў Мінскім раёне, дзе азнаёміўся з лячэннем пацыентаў з анказахворваннямі, а таксама каранавіруснай інфекцыяй.
У час наведвання Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Прэзідэнт пацікавіўся, наколькі эфектыўна ў краіне выбудавана сістэма анкадапамогі, развіццём якой пачалі займацца яшчэ два дзясяткі гадоў таму пры яго ўдзеле.
Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, у Беларусі ўдалося не толькі захаваць базу, але і пашырыць магчымасці анкалагічнай дапамогі пацыентам. "Нам удалося захаваць тую сістэму, якая існавала яшчэ ў Савецкім Саюзе. І не проста захаваць, а значна ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу, пашырыць магчымасці анкалогіі, - падкрэсліў дырэктар РНПЦ Сяргей Палякоў. - Гэты момант заўсёды цікавіць нашых замежных партнёраў, паколькі за мяжой няма такой сістэмы цэнтралізаванай анкалагічнай дапамогі".
Створаная ў Беларусі сістэма шмат у чым унікальная, і да вопыту яе работы праяўляюць вялікую цікавасць за мяжой. "Мы можам быць узорам і паказчыкам для многіх краін у гэтай сістэме", - адзначыў Сяргей Палякоў.
"Сістэма выбудавана. Для мяне гэта важна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Было адзначана, што на фоне эпідсітуацыі людзі сталі радзей звяртацца да ўрачоў і знізілася выяўляльнасць анказахворванняў. Аднак гэта агульнасусветная тэндэнцыя.
У цэлым дапамога анкапацыентам у Беларусі па шэрагу напрамкаў - сярод самых якасных у свеце. Калі ў 2000 годзе на ўліку знаходзіліся 150 тыс. анкапацыентаў, то да 2021 года іх колькасць падвоілася, пры гэтым колькасць тых, хто назіраецца ва ўрачоў больш за пяць гадоў, вырасла за гэты перыяд у тры разы. Лятальнасць ад анкалогіі на працягу першага года выяўлення хваробы скарацілася ўдвая (да 42%) і трымаецца на гэтым узроўні, што сведчыць аб зніжэнні колькасці запушчаных выпадкаў.
Укараняюцца новыя тэхналогіі і падыходы, таму значна павялічыўся працэнт выжывальнасці, захоўваецца якасць жыцця. У якасці прыкладу галоўны ўрач прывёў лячэнне пацыентаў з ракам мачавога пузыра. Смяротнасць ад гэтай паталогіі знізілася больш як у два разы, і Беларусь цяпер у тройцы лідараў па гэтым паказчыку нараўне з Фінляндыяй і Рэспублікай Карэя. Паводле слоў Сяргея Палякова, у цэнтры з пачатку года выканана 11 тыс. аперацый. Напрыклад, толькі на сёння запланавана 66 умяшанняў.
Размова таксама ішла аб экспарце паслуг - аказанні дапамогі замежным анкапацыентам. Гэты напрамак даволі запатрабаваны сярод іншаземцаў.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым звярнуў увагу: на тым жа Захадзе аналагічныя па якасці паслугі каштуюць значна даражэй. "Вялікі" Захад са сваімі правамі чалавека наогул сядзіць на грашах. Нам часам гэта неверагодна. Яны бяруць за ўсё грошы, абдзіраюць, - заўважыў ён. - Часам загінаюць такія цэны, што проста жудасць, разумеючы, што і мы не горш за іх робім гэтыя аперацыі".
Прэзідэнт таксама цікавіўся, якія перспектывы таго, што можа з'явіцца нейкае ўніверсальнае лякарства ад раку. Сяргей Палякоў адзначыў: адносна шэрага форм анказахворванняў ужо ёсць эфектыўныя лякарствы, якія нават на позніх стадыях даюць магчымасць на 5-7 гадоў прадоўжыць жыццё пацыентаў і захаваць яе якасць. Аднак панацэі не існуе.
Памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец упэўнены: у перспектыве гэта магчыма, такія распрацоўкі ў свеце вядуцца. Напрыклад, апрабуюць прэпарат для лячэння анказахворванняў спіннога і галаўнога мозга.
Была закранута і тэма вакцын, у тым ліку ад COVID-19, палітызацыя гэтага пытання ў свеце, імкненне зарабіць вялікія грошы на праблеме. "Ахова здароўя павінна быць сферай абсалютна інтэрнацыянальнай. Тут нельга на здароўі, жыцці людзей (нажывацца. - Заўвага), - падкрэсліў Прэзідэнт. - Чаму ў багатай Амерыцы мор? Таму што сістэму разбурылі, рынак, канкурыруюць, кожны змагаецца за свайго пацыента - чым багацейшы, тым лепш. Вось і атрымалі вынік".
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў праблемы ў барацьбе з распаўсюджваннем COVID-19 у суседніх з Беларуссю краінах, дзе не была захавана цэнтралізаваная сістэма аховы здароўя. "Вазьміце Латвію цяпер - бяда. Яна ўжо не ўспыхнула, яна гарыць агнём. Вазьміце нашу родную Украіну - вы бачыце, што там робіцца, сістэму ж разбурылі", - звярнуў увагу беларускі лідар.
У Беларусі ж была захавана сістэма аказання меддапамогі, і, як паказаў час, гэта было правільным рашэннем. Наяўнасць такой сістэмы дазваляе краіне пераадольваць цяжкасці, звязаныя з пандэміяй, паспяхова ратаваць, лячыць людзей. "За кошт арганізаванасці, цэнтралізацыі, у добрым сэнсе слова, вертыкалі, якая ў нас выбудавана, узаемадапамогі і савецкага спаборніцтва, а не гэтай дзікай канкурэнцыі, мы за кошт гэтага выйграём", - перакананы Кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца анкалогіі, ён упэўнены: беларускія вучоныя маюць патэнцыял, каб зрабіць нешта прарыўное, што ацэняць на сусветным узроўні. "Для мяне вельмі важна сёння нават не лячэнне (я ведаю, што вы малайцы ў гэтым плане, сістэма працуе). Мне важна: нешта прарыўное мы павінны ўжо рабіць. Нешта трэба стварыць такое, што застанецца на вякі ў гісторыі чалавецтва, і мы да гэтага гатовы, - сказаў Прэзідэнт. - Трэба падумаць, што мы можам зрабіць значнае, каб і сваіх людзей ратаваць, вылечваць і каб у свеце сказалі: так, малайцы беларусы, стварылі цуды".
Памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец далажыў Кіраўніку дзяржавы, што губернатары ў бліжэйшы час прадставяць план комплексных мерапрыемстваў па аказанні кансультатыўнай і планавай дапамогі.
"Сачы. Ні ў якім разе ім нельга даць магчымасць дзейнічаць традыцыйна: ай, там нечага ўспыхнула, давай гэта закрыем", - папярэдзіў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што ў цяперашняй складанай абстаноўцы, выкліканай COVID-19, нельга канцэнтравацца толькі на гэтай інфекцыі і пакідаць без кваліфікаванай дапамогі іншых пацыентаў. А што датычыцца работы медыцынскага персаналу, трэба зыходзіць з таго, што яна па напружанасці і важнасці параўнальная з перыядам ваенных дзеянняў.
"Вайна пачалася, трэба недзе і паднапружыцца. Але людзей нельга кідаць са звычайнымі аперацыямі. Я заўсёды прыводжу прыклад: як анкалогію адкласці? - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта ж анкалогія - страшней, чым любы кавід".
Паводле слоў дырэктара РНПЦ АМР Сяргея Палякова, у цэнтры гатовы пры неабходнасці прымаць пацыентаў з іншых анкадыспансераў. "Дапусцім, гарадскі цэнтр цяпер перапрафіляваны (Мінскі гарадскі анкадыспансер. - Заўвага). Яны абследуюць, а на аперацыйнае хірургічнае лячэнне мы бяром на сябе гэтых пацыентаў і нават прыцягваем супрацоўнікаў адтуль. Калі, дапусцім, мы не аперыруем шчытападобную залозу, яны прыязджаюць адтуль", - растлумачыў кіраўнік цэнтра.
"Вось, пачынаць трэба з гэтага. Там, дзе немагчыма нічога адкласці", - адрэагаваў Прэзідэнт.
Кіраўніку дзяржавы было таксама даложана аб выкананні яго даручэння па ліквідацыі чэргаў на лячэнне ў РНПЦ анкалогіі і медрадыялогіі.
"Два гады таму вы давалі даручэнне, была вельмі вялікая чарговасць на аперацыйнае лячэнне ў цэнтры - 508 чалавек, неабходна было выканаць 400 аперацый, 108 хіміятэрапій, радыеізатопнае лячэнне. За 2 месяцы чэргі ўстаранілі: і на сябе выклікалі пацыентаў, аперыравалі, і ў абласныя анкалагічныя дыспансеры выязджалі. Сёння аб'ём аперацыйных умяшанняў ні ў якай меры не зменшыўся, але чэргаў няма ніякіх", - далажыў Прэзідэнту Аляксандр Косінец.
"Гэта галоўнае. Тады скардзіліся людзі. Анкалогія - гэта рэч, якая часам не церпіць адкладу", - сказаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы ў час наведвання РНПЦ таксама пабываў у палатах, пагутарыў з пацыентамі, азнаёміўся, на якім узроўні ім аказваюць дапамогу. Аляксандр Лукашэнка пажадаў ім найхутчэйшага выздараўлення і падкрэсліў, што тут, акрамя іншага, важны і правільны псіхалагічны настрой, імкненне і ўпэўненасць, што ўсё атрымаецца. "Той, хто вядзе здаровы лад жыцця, жыць хоча і змагаецца за гэта жыццё, ён заўсёды будзе жыць", - упэўнены беларускі лідар.
Сярод пацыентаў і замежныя грамадзяне, напрыклад з Адэсы. "Я так рада, што трапіла ў вашу краіну на лячэнне, удзячна свайму доктару", - сказала пацыентка.
Адразу пасля наведвання РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў Мінскую абласную клінічную бальніцу. Галоўны ўрач бальніцы Аляксандр Лінкевіч расказаў Прэзідэнту аб структуры клінікі, рабоце ва ўмовах COVID-19 і парадку аказання медыцынскай дапамогі хворым на каранавірус у перапрафіляваных аддзяленнях.
Усяго ва ўстанове 947 ложкаў. З іх 410 тэрапеўтычнага профілю, 500 - хірургічнага і 37 рэанімацыйнага. Пры гэтым у клініцы ёсць дэфіцыт плошчаў, таму частка аддзяленняў для дарослых знаходзіцца ў дзіцячай абласной бальніцы. Будаўніцтвам новага корпуса плануюць вырашыць гэту праблему. Акрамя таго, у новым будынку хочуць пашырыць рэанімацыйны профіль.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гэтым пытанні трэба зыходзіць з практычнай неабходнасці. Часам атрымліваецца, што нават існуючы фонд ніколі не бывае загружаны цалкам. "Ва ўрачоў ёсць такая "хвароба": каб больш (ложкаў. - Заўвага), - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Таму калі размова ідзе пра новы корпус (вы ж там хочаце пабудаваць больш за дзясятак аперацыйных), у мяне адразу пытанне: а ці можам мы абысціся меншай колькасцю? Не таму што дорага і іншае. Вядома, калі трэба дзесяць, павінна быць дзесяць. Але калі можна абысціся пяццю, значыць, тады трэба абыходзіцца пяццю".
Дапамогу пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй абласная клініка пачала аказваць у ліпені 2020 года. За студзень-верасень гэтага года тут пралечана больш за тысячу чалавек. Для хворых на каранавірус у бальніцы вылучана 220 ложкаў. Інфекцыйныя аддзяленні разгорнуты на базе рэўматалагічнага, пульманалагічнага, неўралагічнага, нефралагічнага, кардыялагічнага і хірургічнага аддзяленняў. Акрамя таго, у клініцы вылучаны 22 рэанімацыйныя ложкі для COVID-хворых на базе аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі.
У абласной бальніцы Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў чырвоную зону, дзе знаходзяцца на лячэнні пацыенты з COVID-19.
У час размовы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Мінскай абласной клінічнай бальніцы Прэзідэнт падзякаваў медперсаналу за тое, што яны церпяць чарговы ўздым захваральнасці на каранавірус. "Бачу, вы з вялікімі складанасцямі, цяжкасцямі, як усюды, напэўна, але спраўляецеся з гэтым. Таму вялікі вам дзякуй", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, у некаторых рэгіёнах назіраецца зніжэнне тэмпаў захваральнасці. Колькасць хворых, вядома, павялічваецца, але ўжо не так імкліва, як гэта было два тыдні таму. "У цэлым па краіне мы гэта адчуваем. Таму ёсць нейкі асцярожны аптымізм, што мы прарвёмся. Тое, што мы прарвёмся, - гэта дакладна, але хацелася б хутчэй", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Звяртаючыся да медыцынскіх работнікаў, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў неабходнасць пры любых абставінах, складанасцях не спыняць аказанне планавай дапамогі. "Уявіце, што вайна і мы жывём у ваенны час. Нельга людзей цяпер адсякаць ад урачоў, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Калі чалавека не прымаюць у паліклініцы або ў бальніцы, ён пачынае перажываць. Таму ваша сустрэча з хворым чалавекам, пацыентам або проста прыйшла бабулька - гэта ўжо выздараўленне. Таму ні ў якім разе нельга скарачацца".
Як расказалі Прэзідэнту ў працоўным калектыве, праблему будаўніцтва новага корпуса абласной бальніцы спрабуюць вырашыць 10 гадоў. Цяперашні ж будынак клінікі пабудаваны ў 1975 годзе.
"Мне далажылі аб гэтым праекце. Я галоўнаму ўрачу і міністру гаварыў: павінна быць усё аптымальна і функцыянальна. На чым нельга эканоміць - на медыцынскім абсталяванні, - адказаў Аляксандр Лукашэнка. - Бачу ў вас празмернасці ў гэтым праекце".
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: праект, хутчэй за ўсё, будзе падтрыманы. Тым больш фінансавую дапамогу акажа Кітай. "Але адразу глядзіце, дзе што падрэзаць: лішніх грошай няма. І нават калі яны ёсць, іх трэба траціць на медыцынскае абсталяванне, лякарствы, навуку, укладаць у таленавітых урачоў, а не проста будаваць сцены", - заявіў беларускі лідар.
У цэлым жа Кіраўнік дзяржавы лічыць, што неабходна вельмі выверана падыходзіць да будаўніцтва новых школ і бальніц: лепш гэтыя грошы накіраваць на зарплаты настаўнікаў і медыцынскіх работнікаў. "Гэта не таму, што мы перастанем фінансаваць высокатэхналагічнае абсталяванне і не будзем будаваць. Але трэба крыху скараціцца, а калі і будаваць, то вельмі-вельмі аптымальна, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - А сэканомленыя грошы мы лепш у зарплату людзям аддадзім. Мы размахнуліся - культурныя аб'екты, адукацыі аб'екты, аховы здароўя аб'екты, - а сярэдні, малодшы персанал, нават урачоў трымаем на "галодным пайку". Таму не трэба нам размахвацца".
Прэзідэнт расказаў, як у свой час у Мінску планавалася пабудаваць вялікую клініку. У выніку пад сталічныя патрэбы былі аддадзены будынкі Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра, а ён атрымаў прапіску ў Ждановічах. "Горад задаволены. Мы пабудавалі ў тры разы танней і абсалютна функцыянальную. Гэта быў вопыт будаўніцтва аптымальнай, без лішняга квадратнага метра бальніцы. Вось такі праект павінен быць і тут. І не на $150 млн - за гэтыя грошы можна дзве бальніцы аснасціць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Работнікі Мінскай абласной клінічнай бальніцы папрасілі Прэзідэнта пасадзейнічаць у пытанні выдзялення месца для будаўніцтва жылля. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў разгледзець варыянты.
Улічваючы актыўнае развіццё населенага пункта, Кіраўнік дзяржавы таксама не выключае, што Бараўлянам трэба надаць статус горада.
"Трэба, каб мы на працягу бягучага і першай паловы наступнага года прынялі рашэнне адносна Бараўлян у цэлым. Трэба выдзяляць Бараўляны з Мінскага раёна, рабіць горадам. Адміністрацыйна з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі. Гэта першараднае пытанне. Мы яго ўжо абмяркоўвалі", - заявіў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што насельніцтва Бараўлян параўнальна ўжо з вялікімі раёнамі ў краіне. "Рэдкі раён. Гэта ўжо вялікія гарады. Таму трэба статус яму надаваць адпаведны. Як толькі парадак наведзяце, тады я прыму адпаведнае рашэнне. Нядрэнны гэты гарадок у вас, малайцы. Але ёсць над чым працаваць", - заўважыў беларускі лідар.
Адна з работніц расказала Прэзідэнту, што ў пасёлку востра стаіць пытанне па забеспячэнні жыллём медыцынскіх работнікаў. Ёсць невыкарыстоўваемы ўчастак, які знаходзіцца на тэрыторыі хуткай медыцынскай дапамогі. У сувязі з гэтым у кіраўніка дзяржавы папрасілі садзейнічання ў пытанні перапрафілявання гэтага ўчастка пад будаўніцтва жылля.
"Я ведаю вашу праблему. Мы неяк тут эксперыментавалі. Недалёка будавалі такі інтэрнат, што я сказаў: калі б мне некалі прапанавалі такую кватэру, то я быў бы рады. Гэта такі доследны быў варыянт. І ўрачы былі вельмі задаволены, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Але я ведаю, што размова ідзе аб арэндным жыллі, нехта захоча за свае грошы пабудаваць".
Аляксандр Лукашэнка расказаў аб некалькіх варыянтах вырашэння пытання. "Я ж па суседстве жыву. Па-першае, там вакол мяне, дзе я жыву, ёсць яшчэ некалькі ўчасткаў. Адзін вы занялі. Трэба паглядзець і іншыя. Там і да 7 га ёсць. Гэта ў лесе, курортная, можна сказаць, зона. Таму трэба паглядзець тыя ўчасткі", - агучыў першы варыянт беларускі лідар.
Другі варыянт у тым, каб выдзяліць непасрэдна зямлю каля Бараўлян: "Нават пад'язджаючы сюды, я так вокам прыкінуў, паглядзеў і думаю: ну калі ўжо размова зойдзе пра будаўніцтва нейкага жылля, то мы паглядзім недзе лясныя масівы. Можам крыху падрэзаць і "пасадзіць" там дом. Нават тут. Гэта другі варыянт".
Трэці варыянт, сказаў Прэзідэнт, - гэта той, які агучыла работніца бальніцы.
Аляксандр Лукашэнка пры гэтым адзначыў, што трэба таксама прапрацаваць бюджэтныя варыянты будаўніцтва, каб кошт кватэр не быў цяжарам для работнікаў.
"А мы тут знойдзем гэтыя ўчасткі. Я тры варыянты назваў. Трэба будзе паглядзець", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У час размовы з работнікамі бальніцы Прэзідэнт агучыў, што гатовы вакцынавацца ад каранавіруса, але беларускай вакцынай.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін вакцынаваўся прэпаратам "Спадарожнік V", Джо Байдэн - вакцынай Pfizer.
"А мне чым? Дамовіліся з Дзмітрыем Леанідавічам Піневічам (Міністр аховы здароўя. - Заўвага): як толькі беларуская вакцына на стале, мы адразу з ім і ўлева, і ўправа, і ў нагу - куды хочаце ўколемся. Таму давайце вакцыну - я гатовы, але нашу, сваю беларускую вакцыну. Гэта шчыра", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу: вакцынаваных хворых сярод цяжкіх кавід-пацыентаў у бальніцах усяго долі працэнта. "Нам абсалютна з практыкі зразумела, што прышчэпленыя людзі менш хварэюць, а калі і хварэюць, то катастрофы такой няма. Гэта факт, пацверджаны клінічна", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.