Рабочая паездка ў Гродна
- 20
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Гродна.
Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця аўтамабільнага моста Усходні цераз Нёман. На цырымоніі таксама прысутнічалі ўлады горада і вобласці, кіраўнікі і работнікі праектных і будаўнічых арганізацый, якія ўдзельнічалі ў рэканструкцыі моста, прадстаўнікі грамадскасці.
"Дзякуй, што вы прыйшлі. Не прыйсці вы не маглі, асабліва будаўнікі: нам трэба зрабіць справаздачу перад краінай - грошы на гэты мост выдзяляла ўся краіна, - адзначыў Прэзідэнт. - Дзякую вам яшчэ раз за тое, што мы сустрэліся на гэтым ужо, напэўна, святым для гродзенцаў месцы".
Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што заўсёды з вялікай радасцю прыязджае ў гродзенскі край - жамчужыну Беларусі. Прэзідэнт вырашыў перш за ўсё звярнуцца да "некаторых гродзенцаў, якія не вельмі разумелі, што такое для краіны Гродзенская вобласць і Гродна".
"Гэту зямлю, хто б як ні хацеў, мы нікому не аддадзім, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - І палякі, якія жывуць тут, - гэта ваша зямля, я заўсёды гэта гаварыў. Там вас не чакаюць, там са сваімі не ведаюць, што рабіць. І ў гэтым кожны будзеце пераконвацца. Таму жывіце тут, як заўсёды мірна, дружна - з рускімі, украінцамі, беларусамі, яўрэямі, татарамі. Жывіце па-чалавечы. У той бок можна глядзець, але толькі бачыць свой інтарэс так, як робяць яны: напалову. Але яны павінны разумець, што мы сваю зямлю нікому не аддадзім - нават метра, нават кавалачка. Гэта наша - беларусаў, украінцаў, палякаў, рускіх, яўрэяў, татар і іншых - зямля".
Прэзідэнт растлумачыў, што гаворыць пра гэта, таму што Гродна па волі лёсу стаў інтэрнацыянальным горадам. Тут рэгулярна праводзяцца шматнацыянальныя фестывалі, і на гэтыя святы люба-дорага паглядзець, заявіў кіраўнік дзяржавы. "Вось у такім плане вы павінны жыць, і я вас заўсёды буду падтрымліваць, наколькі гэта магчыма", - запэўніў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Усходні мост цераз Нёман - самы высокі ў Беларусі, яго вышыня складае 32,5 метра над узроўнем вады. "Мы збіралі грошы з усёй краіны, каб яго аднавіць. Я разумеў, што без гэтага моста Гродна задыхнецца. І былы ваш губернатар, і цяперашні дабіваліся таго, каб хутчэй яго аднавіць. І дзякуй будаўнікам - за рэкордна кароткі тэрмін (усяго паўтара года) яны стварылі такі цуд, найпрыгажэйшы мост", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Новы мост стаў падарункам для жыхароў рэгіёна да гадавіны вызвалення Гродзеншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прэзідэнт нагадаў, што Гродна быў вызвалены Чырвонай Арміяй у ліпені 1944-га, а ўжо да жніўня вораг быў поўнасцю выбіты з тэрыторыі СССР. І няхай да пераможнага мая 1945-га заставалася амаль 10 месяцаў, стала відавочна: крах Трэцяга рэйха фактычна прадвызначаны.
"Гэта дзякуючы ім, савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам, мы мірна жывём на сваёй зямлі і абсалютна ўпэўнены ў сваёй будучыні. У гэтым я вас абсалютна запэўніваю. Вы нават можаце не перажываць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Так, мы цяпер не супакойваемся, глядзім, што адбываецца па перыметры. Мы ўсё бачым, не ўсё можам пакуль сказаць. Але вы нават не перажывайце: наша зямля заўсёды будзе нашай".
Усходні мост цераз Нёман у прамым сэнсе звязаў эпохі. Яго фундамент закладзены ў першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі тымі людзьмі, хто бачыў вайну і ведаў, які нетрывалы мір, адзначыў кіраўнік дзяржавы. Таму ў 60-я гады мост планавалі выкарыстоўваць у інтарэсах ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння. З яго ў выпадку неабходнасці можна было ажыццявіць ракетны залп. На шчасце, для такіх мэт ён не спатрэбіўся, дадаў Прэзідэнт.
"Хіба не маглі аднавіць гэты цуд? Сёння нам выпала ўнікальная магчымасць аб'яднаць бясцэнны вопыт папярэдняга пакалення з найноўшымі тэхналогіямі цяперашняй будаўнічай галіны. Усё, што мы ўзводзім і ўмацоўваем, - масты, дарогі, гарады, незалежнасць нашай суверэннай дзяржавы - таксама павінна стаць асновай для будучых дасягненняў нашых дзяцей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы пажадаў, каб новы мост цераз Нёман, які прайшоў ужо некалькі выпрабаванняў на трываласць, вытрымаўшы ўдары стыхіі, стаў сімвалам захавання нацыянальнай памяці беларусаў, гісторыі і традыцый. Ён яшчэ раз падзякаваў усім спецыялістам за гэта, паводле яго слоў, сапраўды грандыёзнае збудаванне. Прэзідэнт павіншаваў іх і ветэранаў працы з надыходзячым прафесійным святам - Днём будаўніка.
"Кажуць, кожны новы мост - гэта дарога ў будучыню. І няхай ніхто не сумняваецца, што мы, беларусы, свае масты ўзводзім у мірную будучыню", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў гэты дзень хацеў бы звярнуцца не толькі да жыхароў рэгіёна, але і да суседзяў Беларусі. "Да звычайных людзей - магчыма, вашых сяброў, сваякоў, партнёраў па бізнесе, якія жывуць па той бок нашай дзяржаўнай граніцы. Да тых, хто, у адрозненне ад сваіх палітыкаў, імкнецца да міру і стварэння, - сказаў ён. - Нягледзячы ні на што, наша паслядоўная дыпламатычная пазіцыя не змянілася. Гродзеншчына - гэта заходнія вароты Беларусі. Яны заўсёды адкрыты для тых, хто прыходзіць да нас з мірам, паважае наш уклад жыцця і нашы каштоўнасці. Вось гэтыя вароты - калі ласка. Але хто з мячом прыйдзе... І няхай адкрыты сёння Усходні мост стане мостам дружбы, злучаючы краіны і народы".
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, новы мост стаў важным падарункам не толькі жыхарам Гродна, але і ўсёй краіне. "Таму што ўсе дарогі, якія вядуць на Захад, праходзяць праз гэту святую зямлю. Мы будзем рабіць усё для таго, каб падтрымаць будаўнікоў. Таму што, калі няма будаўнікоў - няма краіны. Ёсць краіна, калі яна нешта будуе. Калі яна не будуе, значыць, гэта краіна застыла ў сваім развіцці", - падагульніў беларускі лідар.
У час цырымоніі Прэзідэнту ўручылі сімвалічны ключ ад новага моста, а ён перадаў яго губернатару Уладзіміру Караніку.
Варта адзначыць, што ў Гродне сёння непагадзь. Практычна без перапынку ідзе дождж з моцнымі парывамі ветру.
"Яшчэ раз дзякуй. Сем гадзін было - патэлефанаваў мне губернатар. - Ну што будзем рабіць? Ён мне кажа: ведаеце, Аляксандр Рыгоравіч, нават калі лівень будзе сёння, трэба прыехаць і адкрыць Прэзідэнту гэты мост. Гэта будзе павага з боку краіны і Прэзідэнта да гродзенцаў. Выступаючы тут, мяне не пакідала думка: мудра ён зрабіў, што чарговы раз не адклаў гэту падзею. І я вельмі рады, што мне давялося пабываць на гэтым мосце", - падкрэсліў беларускі лідар.
На адкрыцці моста ў Гродне Кіраўніку дзяржавы падарылі зменшаную хрустальную копію аб'екта. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што гэты падарунак зойме сваё месца ў Палацы Незалежнасці ў Мінску.
У час рабочай паездкі Прэзідэнт сабраў нараду ў Гродзенскім аблвыканкаме. "Нягледзячы на тое, што лета было гарачым ва ўсіх адносінах, ніхто з нас не здымаў галоўны наш абавязак - працаваць і даваць вынік. Вы цудоўна ведаеце, чулі ў тым ліку ад мяне аб тым, што адбываецца вакол Беларусі. Задачы пастаўлены, сістэма выбудавана ў Беларусі, а вось як яна рэалізуецца, на прыкладзе Гродзенскай вобласці мы ўбачым на гэтай нарадзе", - заявіў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што нарада прысвечана негатыўным з'явам як у рэгіёне, так і краіне ў цэлым. "Магчыма, ёсць нейкія праблемы. Мы іх павінны бачыць і абазначыць загадзя. Яны звязаны з тым няспынным націскам на Беларусь, перш за ўсё з пункту гледжання эканомікі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Адзінае, аб чым я заўсёды прашу наша кіраўніцтва, вертыкаль улады, Урад, эканамічныя службы: займіцеся эканомікай, дайце вынік у эканоміцы. З усімі астатнімі пытаннямі, а яны не лягчэйшыя, мы справімся, - падкрэсліў беларускі лідар. - Кіраўніцтва вобласці на месцы. Ёсць элемент ваенны, які ў асобе Юрыя Хаджымуратавіча (памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, які раней узначальваў МУС. - Заўвага) прайшоў цяжкія часы. У самым пекле. Ёсць чалавек малады, арганізаваны, які ведае, што рабіць, і, як я бачу, робіць. Таму ні ў якім выпадку не трэба расслабляцца. І ўсё ў нас атрымаецца".
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік у час нарады далажыў аб ходзе ўборачнай кампаніі ў рэгіёне, развіцці сельскай гаспадаркі і аграпрамысловага комплексу. У прыватнасці, адзначаецца рост экспарту, што сведчыць аб запатрабаванасці прадукцыі на знешніх рынках.