Наведванне Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка
- 25
- 5
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе дакладнага планавання і разліку ў пытанні развіцця пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС тэрыторый. Аб гэтым ён заявіў 24 красавіка, наведваючы ў Нараўлянскім раёне Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Напрыклад, у Нараўлянскім раёне акрамя самога райцэнтра ёсць яшчэ шэраг населеных пунктаў, у тым ліку аграгарадкоў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на перспектыву важна разумець, дзе менавіта будуць жыць людзі ў гэтых рэгіёнах. Размова не толькі пра Нараўлянскі, але і пра Брагінскі, Хойніцкі раёны, іншыя тэрыторыі.
Зразумела, вакол буйных населеных пунктаў і саміх райцэнтраў трэба ў першую чаргу планаваць развіццё тых ці іншых відаў напрамкаў эканамічнай дзейнасці, стварэнне рабочых месцаў. Гэта не толькі сельская гаспадарка, але і лясная галіна, турызм, невялікія вытворчасці і іншыя сферы. Напрыклад, у рэгіёне адкрываюцца новыя радовішчы карысных выкапняў.
"Павінны быць буйныя населеныя пункты. Трэба дакладна ўяўляць, дзе будуць жыць людзі", - заявіў беларускі лідар.
Цяперашні стан спраў і работу ў гэтым напрамку Кіраўнік дзяржавы лічыць недастаткова здавальняючымі. "Мне здаецца, мы так, ад выпадку да выпадку займаемся гэтай зонай", - сказаў Прэзідэнт, арыентуючы службовых асоб на дасягненне больш значных вынікаў.
Аляксандр Лукашэнка патрабуе комплекснага падыходу і даручыў усё дадаткова прадумаць і прапісаць у адпаведнай новай праграме, аналагічнай той, якая раней была прынята адносна паўднёвага ўсходу Магілёўскай вобласці. Асаблівы акцэнт ён зрабіў на развіцці лясной гаспадаркі, уключаючы лесааднаўленне, лесанарыхтоўку, перапрацоўку. "Трэба тут пабудаваць столькі перапрацоўчых прадпрыемстваў, колькі патрэбна. Зыходзіць трэба не з пункту гледжання рабочых месцаў, а эфектыўнасці. І па ўсіх гэтых трох раёнах, асабліва зоне, мы павінны дакладна вызначыцца", - адзначыў Прэзідэнт.
"Трэба ў цэлым вызначыцца, што мы тут будзем рабіць. Канчаткова вызначыцца, што і дзе будзем ствараць пад інвестыцыйныя праекты. Нельга кідаць гэтыя землі", - падкрэсліў беларускі лідар. Ён адзначыў, што дзяржава не кінула гэтыя землі, шмат зроблена, але патрэбны большы вынік.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба зрабіць максімум за бягучую пяцігодку. "Мы павінны за кошт поўдня Беларусі дабавіць у самой Беларусі. Гэта наш рэзерв, на які мы не звярталі ўвагі. Надышоў час і гэтыя землі - адназначна вызначыцца і падняць іх. Калі мы гэта не зробім, цяперашняе пакаленне, ніхто не зробіць яшчэ 35 гадоў", - сказаў ён.
У Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку на тэрыторыі Нараўлянскага раёна Аляксандр Лукашэнка наведаў былы населены пункт Цяшкоў, дзе арганізаваны пчальнік. Тут дзякуючы правільнай арганізацыі работы ўдаецца атрымліваць нарматыўна-чысты мёд нават ва ўмовах радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што гэты напрамак можна яшчэ дадаткова развіваць, ёсць вялікі неасвоены патэнцыял. На заканчэнне наведвання пчальніка Аляксандр Лукашэнка прадэгуставаў мясцовую прадукцыю.
Прэзідэнт таксама паразмаўляў з майстрамі, якія займаюцца лозапляценнем, саломапляценнем, разьбой па дрэве. Кіраўнік дзяржавы выказаў нараканні ў адрас чыноўнікаў, што ў свой час дзяржава хоць і дала магчымасць для развіцця рамесніцтва, самазанятасці, але трэба яшчэ і прасоўваць адпаведную прадукцыю на рынках, імкнуцца камерцыялізаваць гэтыя народныя промыслы.
У Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў каняферму, азнаёміўся з арганізацыяй работы па развядзенні і гадоўлі племянных коней. Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што ў цэлым гэта перспектыўны напрамак для гэтай мясцовасці, але ёсць некаторыя асаблівасці. У прыватнасці, трэба дадаткова вывучыць магчымасці для пашырэння кармавой базы.
Аляксандру Лукашэнку далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Гомельскай вобласці і раёна. Так, тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукту ў вобласці за першы квартал бягучага года склаў 101,4%. Індэкс вытворчасці за студзень - сакавік у прамысловасці - 111,6%. Але адзначаецца зніжэнне ў сельскай гаспадарцы, ёсць недахоп фінансавых сродкаў. Губернатар, Генадзь Салавей, расказаў, што робіцца для ўстаранення існуючых недахопаў. Ідзе зніжэнне запасаў гатовай прадукцыі на складах. У плюсе таксама знешні гандаль таварамі. Агульны аб'ём за студзень-люты - амаль $745 млн, прырост да аналагічнага перыяду 2020 года - $198,7 млн.
Прэзідэнту таксама далажылі аб выкананні даручэнняў па развіцці эксперыментальна-гаспадарчай і запаведнай зон запаведніка, перспектывах далейшага развіцця 30-кіламетровай зоны вакол Чарнобыльскай АЭС. Размова таксама ішла аб рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы, якая ўключае такія напрамкі, як сацыяльная абарона насельніцтва, сацыяльна-эканамічнае развіццё пацярпелых рэгіёнаў, радыяцыйная абарона і адраснае прымяненне ахоўных мер.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка расказаў аб планах зрабіць чарговы крок у развіцці пацярпелых чарнобыльскіх раёнаў. "Патрэбна новая канкрэтная праграма з пунктамі - дзе будуць жыць людзі і чым яны будуць займацца. За лета Урад са спецыялістамі падрыхтуе канкрэтную праграму з адказамі на пытанне, што мы будзем рабіць у запаведніку", - сказаў Прэзідэнт.
"Я кожны год таптаў гэтыя землі і пераканаўся, што рашэнне правільнае. Жыць і працаваць тут можна. Гэта ўжо не стратэгія. Стратэгія зразумела. І мы павінны рэалізаваць яе праз канкрэтныя праграмы і інвестыцыі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што першай яго задачай 20 з нечым гадоў таму было зрабіць так, каб адышоў страх адносна тэмы Чарнобыля: "Недзе запалохалі - аб'ектыўна, суб'ектыўна. Сітуацыя была няпростая. Трэба было супакоіць людзей, разабрацца самім. Трэба было псіхалагічна пераадолець гэты страх".
У Гомелі была створана навуковая і медыцынская база па вывучэнні адпаведных праблем, а цяпер айчынныя напрацоўкі запатрабаваны і ў іншых краінах, у прыватнасці ў Японіі.
Далей на працягу гадоў вялася далейшая работа па адраджэнні і рэабілітацыі чарнобыльскіх тэрыторый. "Мы зрабілі шэраг крокаў і прадэманстравалі людзям, што тут трэба і можна жыць, - сказаў Прэзідэнт. - Мы пераадолелі псіхалагічны гэты бар'ер. Потым пачалі пакрыху даследаваць землі. І мы бачым, што іх трэба ў абарот пускаць".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што была крытыка наконт гэтага, але час паказаў правільнасць выбранага шляху.
"За лета мы створым праграму і будзем бачыць, што трэба ў Нароўлі, што ў Брагіне, што ў Хойніках. Гэта тры асноўныя раёны. Ветку мы больш-менш падцягнулі. І будзем бачыць, што нам патрэбна яшчэ зрабіць на поўдні Беларусі. Яшчэ недзе нешта пабудуем у іншых раёнах, якія не так забруджаны, як гэтыя тры", - сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што гэта будзе трэці вялікі крок у асваенні гэтых тэрыторый. "Ну не можам мы поўдзень Беларусі аддаць прыродзе. Мы павінны ад гэтай прыроды нешта атрымаць. Акуратна, не перагібаючы. Галоўнае, вядома, бяспека, каб людзі сябе адчувалі ў бяспецы, не баяліся. Мы на практыцы пераканаліся, што зрабілі правільна, што не кінулі гэтыя землі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Размаўляючы з журналістамі ў час наведвання Нараўлянскага раёна, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што анансуемыя ім рашэнні будуць датычыцца выключна ўнутранай сітуацыі ў краіне і адкажуць на пытанне: што калі апанентам улады ўдасца замах на жыццё Прэзідэнта?
"Скажыце, калі заўтра няма Прэзідэнта, вы гарантуеце, што ўсё будзе нармальна? Не. Таму на гэты выпадак я падпішу ў бліжэйшыя дні дэкрэт, як будзе выбудавана ўлада ў Беларусі. Прэзідэнта застрэлілі - на заўтра Савет Бяспекі будзе надзелены паўнамоцтвамі. Трэба ўводзіць надзвычайнае становішча імгненна, аж да ваеннага, калі нехта на граніцы варухнецца. І Савет Бяспекі павінен прымаць рашэнне, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму я гаварыў, што падпішу гэты Дэкрэт і вызначу, хто будзе кіраваць краінай "калі раптам".
Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такая неабходнасць наўрад ці настане, але страчваць пільнасць нельга. "Я павінен прадугледзець усё. Таму будзе падпісаны гэты Дэкрэт. У нас будзе фактычна калектыўны Прэзідэнт у выглядзе Савета Бяспекі. Так, старшыня будзе: калі няма Прэзідэнта, выконвае абавязкі Прэм'ер. Ён будзе старшынстваваць, але ўсе рашэнні будуць прымацца тайным галасаваннем, каб не было націску. Калі будуць прэзідэнцкія выбары назначаны, уводзіць/не ўводзіць надзвычайнае становішча, як дзейнічаць і гэтак далей - вось цывільныя і ваенныя ў Савеце Бяспекі вырашаць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што рашэнне аб прыняцці такога Дэкрэта было прынята ім даўно. "Калі гэта ўсё разгортвалася. А не тое што я хачу камусьці нешта здаць або перадаць. Ніколі гэтага не будзе. Я гатовы на ўсё, але толькі каб захаваць маю і вашу краіну", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, што адной з асноўных тэм на яго нядаўніх перагаворах у Маскве з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным было развіццё кааперацыі.
"Мы ў канкрэтыку акунуліся. На аснове кааперацыі мы павінны ўдыхнуць у многія вытворчасці новае жыццё. У гэтым сутнасць інтэграцыі - апусціцца на зямлю і зрабіць тое, што нам сёння вельмі неабходна. Ніхто нас ніколі не падтрымае. Сведчанне таго цяперашні час: санкцыі супраць іх, санкцыі супраць нас. І гэта толькі пачатак. Нас будуць душыць-душыць", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тэмы развіцця інтэграцыі, новых саюзных праграм таксама абмяркоўваліся, але больш для пратакола ў пачатку сустрэчы. "Гэта правільна, але гэта вельмі агульна. Мы на гэты раз звярнуліся з Уладзімірам Пуціным да злабадзённых пытанняў: цэны на вуглевадародную сыравіну - газ, нафту, кааперацыя", - расказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што як у Расіі, так і ў Беларусі ёсць добрыя прадпрыемствы, але заўсёды паміж бакамі была "цягамоціна - хто каго". Акрамя таго, у краінах розныя падыходы да прыватызацыі.
"Цяпер час змяніўся, і абставіны нас прымусілі рэальна паглядзець на гэтыя рэчы. І мы дамовіліся, што не трэба нам адзін аднаго трэсці (не то за каўнер браць, не то за грудзі, і трэсці). Нам трэба кааперавацца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Напрыклад, доўга абмяркоўвалася праблема вытворчасці інтэгральных схем. Яшчэ з савецкіх часоў працуюць спецыялізаваныя прадпрыемствы, і такая прадукцыя патрэбна пры вытворчасці шырокага спектра тэхнікі - ад грамадзянскай да ваеннай. "Гэта высокатэхналагічная вытворчасць. Ніхто ім тавары гэтыя не дасць. І мы пастаўлены ў такую сітуацыю, што павінны самі гэта вырабіць, - сказаў Прэзідэнт. - Мы недзе адсталі, але ў нас кампетэнцыі, людзі ёсць".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Прэзідэнт Расіі заявіў аб гатоўнасці сумесна развіваць адпаведныя вытворчасці ў Расіі і Беларусі: "Трэба вызначыцца, хто што будзе рабіць. У Беларусі - адно, у Зеленаградзе - другое, у Варонежы - трэцяе".
Кіраўнік дзяржавы ў гэтым плане адзначыў, што расіяне змаглі, напрыклад, зрабіць гіпергукавую зброю і перасягнуць у гэтым пытанні іншыя краіны. "Дык давайце сканцэнтруемся на пэўных участках і зробім. Вось сутнасць кааперацыі - скааперавацца ў тым, што ў нас ёсць, і зрабіць тое, што нам сёння трэба. Гэта галоўнае, аб чым ішла размова", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама адрэагаваў на разважанні некаторых псеўдааналітыкаў і апазіцыянераў на прадмет яго перагавораў з Прэзідэнтам Расіі ў наступным плане: "А, Лукашэнку ў кут загналі, дзявацца няма куды! Усё, Расія паглынула". "Нават размова аб гэтым не ішла. І сёння ім (апанентам дзеючай улады. - Заўвага) хочацца нас штурхнуць на гэты шлях, - падкрэсліў беларускі лідар. - Таму нам трэба дзейнічаць і не дапускаць памылак. Калі б я паехаў, як яны вяшчалі, прадаваць або здаваць Беларусь, слухайце, гэта ім падарунак быў бы. А нам гэта не трэба. Я ўжо колькі разоў гаварыў: я - першы Прэзідэнт нашай незалежнай Беларусі, нам пашчаслівілася з вамі пабудаваць першую незалежную дзяржаву. Які Лукашэнка можа пайсці супраць гэтага і разбурыць яе або некаму здаць, або некуды ўнутр далучыць?! Я больш за ўсё зацікаўлены, каб мы былі незалежныя".
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што на перагаворах не было размовы і аб ваенных базах. "Ні аб якіх базах мы не гаварылі. Навошта ў Беларусі ствараць базу, калі яна ў Смаленску - у трох мінутах палёту да таго ж Бабруйска. Навошта траціць вялікія грошы?"- задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што ў Беларусі і Расіі зусім іншая стратэгія ў рамках АДКБ: "Наша зона адказнасці - беларускай арміі - захад. Калі толькі супраць нас агрэсія, у нас дастаткова сіл для таго, каб стрымаць яе ў першыя часы, пакуль разгорнецца ў тыле Расія. Там ёсць дзве-тры арміі, якія на гэтым напрамку павінны падтрымаць беларускую армію. Вось наша стратэгія. Пры чым тут гэтыя базы?"
"І нават калі базы... Журналісты малайцы (гэта я ўчора або сёння пачуў): слухайце, а што мы перажываем наконт таго, што ў Беларусі будуць нечыя базы - расійскія, кітайскія, японскія або яшчэ, можа, чыісьці? А ў Германіі чые базы? Амерыканскія. А ў Польшчы, Румыніі чые базы - амерыканскія. Дык што вы нас у зман уводзіце, што мы незалежнасць страцім, яшчэ нешта. Вы ж іх ужо стварылі, яны ў вас там. Яны проста баяцца, каб мы, не дай бог, з расіянамі не дамовіліся і не аб'ядналі нашы ваенныя намаганні. Але мы нават аб гэтым не гаварылі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што нават калі б Беларусь і Расія проста пачалі гаварыць на гэту тэму, то гэта таксама было б падарункам для апанентаў. "Для таго, каб яны выйшлі і на вуліцах крычалі, што Расія захапіла Беларусь. Бачыце, змагары за незалежнасць, а чорт ведае дзе сядзяць. І яны сябе паказалі, за якую яны незалежнасць і куды яны хочуць нас прывесці. Гэта не Лукашэнка намеціў планы здачы Беларусі. Гэта яны ўжо ёй здраджваюць, - сказаў Прэзідэнт. - Яны даўно ўжо здалі нас, і ім трэба было на суткі нібыта прыйсці тут да ўлады і заявіць, што мы на чале ўлады. Для чаго? Каб папрасіць увесці войскі НАТА на тэрыторыю Беларусі і выстраіць іх на ўсходняй граніцы ля Смаленска. Гэта быў трамплін - я вам заўсёды гаварыў - для нападзення на Расію. Гэта быў першы крок. Як бы яны ні аднекваліся, сёння мы бачым, што гэта так. Атрымалі яны добра. Яны зразумелі, што нас проста так не ўзяць".
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, змоўшчыкі распрацоўвалі некалькі сцэнарыяў. Першапачаткова яны планавалі ўстараненне Прэзідэнта на парадзе 9 мая. Аднак уявіць рэалізацыю ў Беларусі такой задумы складана, таму яны адмовіліся ад першапачатковай ідэі.
Затым разглядалася нападзенне на прэзідэнцкі картэж. Для гэтага мяцежнікамі нават былі закуплены і прывезены ў Беларусь гранатамёты, расказаў Аляксандр Лукашэнка. Аднак ажыццявіць такі сцэнарый у іх таксама не атрымалася б: у мэтах бяспекі аўтамабілі ў картэжы рухаюцца на вялікай скорасці, і верагоднасць трапіць у іх вельмі малая.
Паводле трэцяга сцэнарыя ўзброеныя людзі павінны былі напасці на загарадную рэзідэнцыю Прэзідэнта. На знішчэнне рэзідэнцыі разам з Кіраўніком дзяржавы выдзялялася $10 млн, а на снайпера - $1 млн. "Гэта мы бачылі даўно ўжо. Вы думаеце, мы гэту аперацыю ў Маскве правялі ні з таго ні з сяго? Мы за імі сачылі, яны павінны былі прыехаць у Мінск і правесці гэту аперацыю. Але як толькі выйшаў гэты фільм (расследаванне "Манкурты" на тэлеканале АНТ. - Заўвага), яны вушы прыціснулі: "Не, у Мінск не паедзем. Куды? У Маскву". Мы кантралявалі іх кожны крок", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У ліку змоўшчыкаў, расказаў Прэзідэнт, быў супрацоўнік спецслужбаў, які выконваў ролю генерала, які прадаўся. "Гэта быў наш агент. Малайчына. Дзякуй хлопцу, ён вельмі добра нам дапамог, не пабаяўся. Яны праз яго хацелі ўзняць армію", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Каменціруючы разважанні пра знешні выгляд затрыманых змоўшчыкаў (маўляў, не выглядаюць яны забойцамі і мяцежнікамі), Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, вядома, яны не павінны былі асабіста ўчыняць тэракт або знішчаць прадстаўнікоў улады.
"Я ж ведаю Фядуту: здраднік. Ён жа быў у штабе цяперашняга Прэзідэнта. Яго ж Вячаслаў Францавіч (Кебіч. - Заўвага) падкінуў мне ў штаб, каб ведаць, што ў мяне робіцца. А які ў мяне штаб? Усяго пяць чалавек было. І ён, седзячы каля мяне, інфармаваў каманду Кебіча. Ну вось такі ён чалавек, - расказаў Кіраўнік дзяржавы. - Вядома, мне смешна: Фядута рэвалюцыянер. Яму дай лішнюю капейку, ён забудзецца пра рэвалюцыю. Зразумела, ён не ўчыняў бы тэрарыстычныя акты, не забіваў бы Прэзідэнта, яго дзяцей і гэтак далей. Але давайце аддадзім належнае: ён не дурань, і яны яго задзейнічалі. І ён такі, напэўна, не адзін, якіх мы ведаем і не ведаем. Гэта інфарматары. Праз іх сабіралі інфармацыю, аналізавалі яе і прапаноўвалі варыянты. Вось яго варыянт: Анвар Садат (маецца на ўвазе арганізацыя тэракта ў Беларусі па прыкладзе забойства былога Прэзідэнта Егіпта Анвара Садата ў 1981 годзе. - Заўвага)".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на яшчэ адзін важны нюанс: мяцежнікі разлічвалі з дапамогай арміі блакіраваць Мінск разам з сіламі АМАП, унутраных войскаў, МУС і КДБ. Ён растлумачыў, што ўсе гэтыя структуры ўзброены і калі б атрымалася сутыкнуць іх, то пачалася б "самая страшная і гарачая грамадзянская вайна, якую не мела ніводная краіна".
У змоўшчыкаў таксама былі планы адключыць энергасістэму Мінска. На гэты момант звярнуў увагу і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на нядаўніх перагаворах з беларускім калегам. Фактычна гэта азначае, што планавалася кібератака на краіну. А такую аперацыю можна ажыццявіць толькі на дзяржаўным узроўні, некалькі хакераў з гэтым не справяцца.
Прэзідэнт сказаў, што ў бліжэйшы час будуць апублікаваны новыя падрабязнасці справы. Фільм-расследаванне аб гэтых падзеях рыхтуе тэлеканал АНТ, і нават у ім пакуль змогуць паказаць далёка не ўсё. "Гэта яшчэ толькі кветачкі", - заявіў ён.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней у Беларусі было затрымана некалькі тэрарыстычных груп. Пра некаторыя паведамлялася ў СМІ, пра астатнія пакуль не сталі гаварыць, але і яны ўжо даюць паказанні, дзе прызнаюць сваю віну. Усё гэта, паводле яго слоў, звёны аднаго ланцуга.
"Перш чым гаварыць, няхай падумаюць аб гэтым, што мы ж пакажам, што яны гавораць. Мы ўсё гэта бачылі. Я ж у СІЗА ім сказаў, калі быў. Узяў дакумент зачытаў, калі Ціханоўскі, муж наваяўленага "прэзідэнта", расказвае, як яны малодшага сына хацелі ў турму пасадзіць: вось прыйдзем да ўлады і пасадзім. Адвакат кажа: "Як? Ён жа непаўналетні", - "Фігня, знойдзем, за што пасадзіць". Адтуль усё пачалося. Мы ж усё гэта пакажам людзям", - сказаў беларускі лідар.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў спісе беларускіх чыноўнікаў, якіх планавала інтэрніраваць новая ўлада, звыш 30 чалавек. "Вось іх палітыка. Не дай бог, прыйшлі б да ўлады. Іх нельга блізка да ўлады падпускаць. Дрэнна, што адбылося ў мінулым годзе, але без гэтага мы іх не выкрылі б і не ведалі б. А так мы цяпер бачым, хто ёсць хто, і можам спакойна працаваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.