Сустрэча з губернатарам Прыморскага края Расіі Алегам Кажамякам
- 14
- 6:55
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў добрых перспектывах для развіцця супрацоўніцтва з Прыморскім краем Расіі. Аб гэтым ён заявіў 25 сакавіка на сустрэчы з губернатарам Прыморскага края Алегам Кажамякам.
"Мы разам нацэлены на канкрэтны вынік. І нам не можа перашкодзіць ні пандэмія, ні знешнія спробы расхістаць палітычную сітуацыю ў нас і ў вас. Падзеі апошніх месяцаў паказалі, што ў нялёгкія моманты выпрабаванняў, падкінутых нам звонку, абедзве краіны могуць разлічваць на падтрымку і дапамогу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Я перш за ўсё хачу падзякаваць як грамадзяніну Расіі вам і паслу Расійскай Федэрацыі (Дзмітрый Мезенцаў, які нядаўна стаў Дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы. - Заўвага), ён ніколі былым для нас не стане, за тую падтрымку, якую вы заўсёды аказваеце Беларусі. За намі справа не стане", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што Алег Кажамяка ведае на асабістым вопыце, што Беларусь - надзейны партнёр па ўсіх напрамках супрацоўніцтва. "Так будзе і ў далейшым. Пры вашай падтрымцы быў паспяхова рэалізаваны шэраг важных сумесных праектаў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Таму ваша зацікаўленасць у тым, каб двухбаковых кантактаў было больш, ахопліваць новыя сферы, шукаць перспектыўныя напрамкі, абсалютна правільная", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Алег Кажамяка ўдзяляе вялікую ўвагу супрацоўніцтву з Беларуссю. Спачатку як губернатар Амурскай вобласці ён наведваў Беларусь у 2009, 2011, 2013 і 2014 гадах, потым, у 2015-м, як губернатар Сахалінскай вобласці і ўжо ў якасці губернатара Прыморскага края прыязджаў у 2019 і 2020 гадах.
"Прыморскі край - даўні і перспектыўны партнёр Беларусі на Далёкім Усходзе. Я заўсёды аб гэтым гавару і ўпэўнены, што вы менавіта так разумееце маю пазіцыю: Уладзівасток далёка, але ён нам не чужы. Наша Айчына ад Брэста да Уладзівастока так і засталася. Ёсць суверэнныя ўжо, незалежныя дзяржавы на вялікай гэтай прасторы, так распарадзілася жыццё, але гэта наша зямля", - падкрэсліў беларускі лідар.
Гаворачы пра гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што тавараабарот з Прыморскім краем па выніках мінулага года крыху прасеў, але паказчыкі студзеня 2021 года сведчаць, што бакі могуць не толькі выйсці на былы ўзровень узаемадзеяння, але і перасягнуць яго.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, пасля папярэдняй сустрэчы з Алегам Кажамякам у 2020 годзе прыкметна актывізаваліся дзелавыя кантакты: праведзены два пасяджэнні рабочай групы па супрацоўніцтве. Рэгіён наведалі многія кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў. "Такая актыўная работа, безумоўна, прынясе практычныя дывідэнды, станоўча паўплывае на рост узаемнага гандлю, эфектыўную рэалізацыю інфраструктурных праектаў", - упэўнены беларускі лідар.
Ён пацвердзіў, што Беларусь гатова прапанаваць спажыўцам Прыморскага края сваю прадукцыю і тэхналогіі ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, развіцця пасажырскага транспарту.
"Мы не ўводзілі ніякіх лакдаўнаў, нашы прадпрыемствы працавалі, і нядрэнна працавалі, бесперабойна. Сёння мы маем усе магчымасці, каб паставіць для патрэб Прымор'я ўсё, што вам патрэбна. Што мы можам, вы добра ведаеце. Мы зацікаўлены пастаўляць вам не толькі машынабудаўнічую прадукцыю, але і прадукты харчавання, у якіх Прымор'е заўсёды традыцыйна мела патрэбу. І гатовы па нашых тэхналогіях, у нас вопыт ужо ёсць па Сахаліне, ствараць адпаведныя аб'екты па ўсіх напрамках", - заявіў Прэзідэнт.
Акрамя таго, Прыморскі край праяўляе вялікую цікавасць да супрацоўніцтва ў будаўнічай галіне. "Любы аб'ект пад ключ, калі ласка, мы гатовы працаваць у Прымор'і", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Беларусь таксама гатова падзяліцца вопытам па любых напрамках, якія цікавяць. "Улічваючы, што вы вельмі вялікі сябар Беларусі, у нас абсалютна няма закрытых тэм для абмеркавання. Упэўнены, што ваш чарговы візіт надасць дадатковы імпульс развіццю нашых адносін. Мы ў гэтым вельмі зацікаўлены", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу губернатар Прыморскага края падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэчы і адзначыў добры ўзровень кантактаў, якія склаліся паміж бакамі.
Папярэдні візіт Алега Кажамякі ў Мінск адбыўся літаральна паўгода таму. "За гэты кароткі перыяд Беларусь і Прымор'е змаглі дасягнуць новых поспехаў у развіцці двухбаковых адносін пры рэалізацыі праектаў, а таксама па выкананні тых дамоўленасцей, якія былі ў пратаколе (па выніках мінулага візіту)", - сказаў ён.
У прыватнасці, у 2020 годзе Прыморскі край закупіў 177 адзінак рознай беларускай тэхнікі (у 2019-м амаль у два разы менш - 91 адзінку). Як заўважыў губернатар, асабліва карыснай і своечасовай стала для Прымор'я закупка камунальнай тэхнікі незадоўга да канца 2020 года. Амаль 35 адзінак паспелі паставіць у расійскі рэгіён, заключыўшы кантракт у лістападзе, і тэхніка прыбыла ў пачатку снежня. Яна была задзейнічана пры ліквідацыі наступстваў ледзянога дажджу, які абрушыўся на Прымор'е. На гэты год, паводле слоў Алега Кажамякі, ужо сфарміравана заяўка на куплю 400 адзінак беларускай камунальнай тэхнікі на працягу 2021-2022 гадоў.
Акрамя таго, Прыморскі край мае намер закупіць каля 20 дызель-генератараў розных мадыфікацый, каб забяспечыць свае сацыяльныя ўстановы. Гэта рашэнне было прынята пасля таго, як спецыялісты Прымор'я на справе пераканаліся ў якасці беларускіх дызель-генератараў. "Калі з-за ледзянога дажджу засталіся без святла 120 тыс. чалавек з-за пашкоджання высакавольтных ліній, было 6 беларускіх дызель-генератараў на рэзервовым складзе. Яны ўключыліся, хоць і прастаялі 5 гадоў", - расказаў Алег Кажамяка.
Абнадзейваюць, на думку губернатара, і тэмпы ўзаемнага гандлю з пачатку гэтага года - за 2 месяцы 2021 года яго ўзровень перасягнуў ужо $2 млн. Гэтыя вынікі сведчаць, што ў Беларусі і Прымор'я ёсць вялікі патэнцыял, які яны будуць нарошчваць, упэўнены Алег Кажамяка.
Ён падкрэсліў, што Беларусь - адзін з галоўных і важнейшых партнёраў Прыморскага края, 46% знешнегандлёвага абароту рэгіёна з краінамі СНД прыпадае на Беларусь.
На завяршэнне сустрэчы губернатар Прыморскага края Алег Кажамяка запрасіў Аляксандра Лукашэнку прыехаць восенню бягучага года ва Уладзівасток і паабяцаў да гэтага часу адкрыць там гандлёвы дом Беларусі.