Даклад аб стане і развіцці энергетычнага комплексу Беларусі
- 11
- 6:57
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў 3 чэрвеня з дакладам аб стане і развіцці энергетычнага комплексу краіны Намесніка Прэм'ер-міністра Юрыя Назарава, памочніка Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Косінца і Міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што магутнасць беларускай энергасістэмы перасягнула 10 тыс. мегават. Яе крывяносная сістэма - больш за 280 тыс. км электрычных сетак і 7,5 тыс. км цеплавых. Сама энергасістэма генерыруе амаль 4% валавога ўнутранага прадукту краіны.
"Гаспадарка вялікая, асабліва з уводам новай крыніцы энергіі - Беларускай атамнай станцыі. Хацеў бы перш за ўсё пачуць, як функцыянуе першы энергаблок. Тым больш што мы гатовы прыняць яго ў эксплуатацыю. Як выпрабавана станцыя, наколькі яна гатова да прамысловай эксплуатацыі?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама пацікавіўся перспектывамі выкарыстання атамнай энергіі. "Мы шмат гаварылі, што з уводам новай станцыі ў нас з'явіцца вялікая колькасць электрычнай энергіі. Як ідуць справы: унутранае спажыванне - перспектывы па ўсіх напрамках (ад насельніцтва да прамысловасці, рэальнага сектара эканомікі), што ў нас з экспартам?" - пацікавіўся Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што пры правільным падыходзе краіна зможа выкарыстоўваць усю электраэнергію, выпрацаваную БелАЭС. "Хачу вас папрасіць, каб вы асабліва не перажывалі наконт "ах, экспарт, лішняя энергія, няма куды дзяваць". Калі мы разумна разгорнемся, то нам яшчэ мала будзе гэтай электраэнергіі. Гэта суперчыстая крыніца энергіі, яна патрэбна ўсюды і ва ўсім: пачынаючы ад жылля да прамысловасці і самой атамнай станцыі", - адзначыў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якія перспектывы выкарыстання атамнай энергіі ў краіне, па якіх напрамках плануецца весці работу па павелічэнні спажывання электраэнергіі. "Трэба будзе - пабудуем і другую атамную станцыю. У гэтым уся перспектыва. Нас увесь час крытыкаваў Захад, асабліва нашы суседзі: "Ах, станцыя, бяспека і іншае". А самі запланавалі будаўніцтва станцый. Раней Літва ледзь вымаўляла гэта, цяпер яна ўжо задумалася аб будаўніцтве, а можа, вярнуцца да Ігналінскай АЭС. І Польшча плануе будаваць, усе астатнія або будуюць, або пабудавалі ўжо, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Таму атамная энергія - гэта будучыня. І, дзякуй богу, што мы ў свой час узяліся за гэту праблему, угадалі, што трэба гэтым займацца. Гэта перспектыва, высокія тэхналогіі".
Прэзідэнт таксама даручыў будаваць больш электразарадных станцый. Ён нагадаў, што ў Беларусі даўно займаюцца развіццём электратранспарту і інфраструктуры да яго. На яго думку, у гэтым вялікая перспектыва. "Сёння ўвесь свет паставіў жорсткія задачы па пераходзе на электрамабілі. Людзям надакучыла дыхаць граззю, людзі хочуць чысціні на нашай планеце. У адваротным выпадку ў гразі гэтай і патонем, - катэгарычна выказаўся Аляксандр Лукашэнка. - Таму электрамабілі - перспектыва. Ад вас што патрабуецца: электразарадныя станцыі".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў: некаторыя грамадзяне хочуць мець зарадныя станцыі каля свайго дома. "Гасподзь з імі: вашы грошы - наша станцыя. Але павінна быць разумна, мы не павінны на гэтым атрымліваць каласальны прыбытак. Мы потым атрымаем гэты прыбытак за кошт продажу электрычнай энергіі. Таму не на страту, але станцыі трэба будаваць, пачынаючы ад парога (тыя, хто хоча) да грамадскага карыстання, што мы і пачалі рабіць", - даручыў Прэзідэнт.
Цяпер у краіне налічваецца 450 электразарадных станцый. Да канца года іх колькасць павялічыцца мінімум да 600. "Гэта ўжо нешта, але спыняцца ні ў якім разе нельга, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Я ўпэўнены, калі мы прапануем варыянт станцый у малых пасёлках, аграгарадках, можа, як я ўжо сказаў, нехта захоча каля дома паставіць станцыю, мы павінны прапанаваць гэтыя паслугі".
Нягледзячы на тое, што асноўнай тэмай сустрэчы сталі стан і развіццё энергетычнага комплексу краіны, Юрый Назараў таксама закрануў іншыя пытанні, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю. У прыватнасці, ён далажыў Кіраўніку дзяржавы аб запуску ў Добрушы кардоннай фабрыкі: "Фабрыка прынята ў эксплуатацыю, кардон атрымліваем".
Прэзідэнт адказаў, што ўжо ведае аб гэтым, і дадаў, што хоча наведаць прадпрыемства, азнаёміцца з вытворчасцю. "Кардон - гэта прарыў. Нас таксама там сцябалі ў перадвыбарную кампанію: "Ах, на вуліцы пратэстуны, а Лукашэнка кардонам займаецца". Я ўсімі пытаннямі тады займаўся, але гэта быў вялікі інвестыцыйны праект", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Цяпер Беларусь зможа сама вырабляць вырабы з кардону, а не экспартаваць сыравіну, каб потым купляць за мяжой матэрыялы з яго. "Попыт вялікі ж на гэта. Таму гэта добры момант з Добрушам. Але мы там пабудзем і паглядзім, - сказаў Прэзідэнт. - Не трэба спыняцца: кардон атрымалі - далей станок трэба ставіць і рабіць ўпакоўку. Гэта вельмі важны напрамак".
Як далажыў Віктар Каранкевіч, энергасістэмай забяспечана ў цэлым устойлівае і надзейнае забеспячэнне спажыўцоў электрычнай і цеплавой энергіяй.
"Прыдрацца, я так разумею, па дробязях можна, але па вялікім рахунку, вядома, энергетыкі ў нас малайцы. Яны нідзе практычна нас не падвялі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што нават пры ўзнікненні пазаштатных сітуацый супрацоўнікі энергапрадпрыемстваў "як салдаты, нават, можа, лепш".
Міністр энергетыкі дадаў, што на сістэмнай аснове ідзе мадэрнізацыя асноўных вытворчых фондаў, рэалізуюцца мерапрыемствы па інтэграцыі БелАЭС і павелічэнні электраспажывання ў краіне. "У поўным аб'ёме завершана будаўніцтва электракатлоў на аб'ектах "Белэнерга", устаноўленая магутнасць на канец 2020 года склала 916 мегават. Прадаўжаюцца работы па будаўніцтве пікава-рэзервовых энергакрыніц на чатырох буйных электрастанцыях краіны. За студзень-красавік 2021 года аб'ём вытворчасці электрычнай энергіі склаў 14,4 млрд кілават-гадзін, рост да ўзроўню мінулага года - 109,4%. Калі трэба, можам і больш", - заявіў Віктар Каранкевіч.