Наведванне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы
- 20
- 7:04
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 19 лютага Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.
У тэатры Міністр культуры Анатоль Маркевіч коратка расказаў Кіраўніку дзяржавы пра стан спраў ва ўстанове і адраджэнні яго класічнага спектакля "Паўлінка", які стаў своеасаблівым брэндам тэатра.
"Значыць, у 2020 годзе мы загубілі гэты спектакль і зноў яго аднавілі? - удакладніў Аляксандр Лукашэнка. - Поўнасцю? Не горш, чым было?"
"Я думаю, нават лепш", - адказаў Міністр. Ён расказаў, што ў абноўленым спектаклі іграюць не толькі акцёры Купалаўскага з былой трупы, для якіх тэатр стаў сапраўдным домам, але і моладзь - студэнты БДУКМ і БДАМ. Паводле слоў Анатоля Маркевіча, яны добра ўліліся ў калектыў: "Бачу палаючы позірк нашай моладзі. Яны лічаць за гонар служыць тут, у нашым тэатры, і быць побач з мэтрамі сцэны Купалаўскага. І я хачу запэўніць: гэтыя маладыя людзі не падвядуць ні тэатр, ні краіну".
Заслухаўшы даклад Міністра культуры, Прэзідэнт наведаў рэпетыцыю новай "Паўлінкі". Пасля прагляду фрагмента спектакля Кіраўнік дзяржавы пагутарыў з артыстамі. "На такім узроўні нерэальна іграць. Вы, як спартсмены, гэтак можаце выдыхнуцца, і вас на год не хопіць, - падзяліўся сваімі ўражаннямі Аляксандр Лукашэнка. - Я, вядома ж, вельмі рады ўбачыць усіх маіх старых сяброў, з якімі я сустракаўся, і новую частку трупы. Я буду вельмі рады, калі пасля ўчарашніх падзей мы адновім тэатр на больш высокім узроўні".
У час сустрэчы была адзначана работа новага Міністра культуры. Прэзідэнт расказаў калектыву Купалаўскага тэатра, чаму вырашыў назначыць на гэту пасаду Анатоля Маркевіча. "Я свядома падбіраў менеджара, сапраўднага кіраўніка: вось прыйшоў - і для яго ўсе аднолькавыя, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Хацелася б, каб вядучы - акадэмічны нацыянальны - тэатр яго прыняў. З вас возьмуць прыклад многія".
Паводле слоў Прэзідэнта, падзеі мінулага года сталі выпрабаваннем для грамадства, у тым ліку і для Купалаўскага тэатра, на многае адкрылі вочы. "Я ніколькі не шкадую аб тым, што адбылося ў гэтым тэатры. З аднаго боку, людзей убачылі. Па-другое, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло: паглядзіце, колькі моладзі прыйшло. Добра, што тут ёсць дарослыя людзі, якія дапамогуць моладзі. Але я неяк не заўважыў, што на вашым фоне яны блякла выглядалі сёння", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы пра мінулагоднія падзеі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што перш за ўсё перажываў за творчую інтэлігенцыю краіны. "Усякае ў жыцці бывае. Нехта з нечым нязгодны, і ёсць месца і час выказваць свае апасенні і нязгоды. Ніхто супраць гэтага не будзе. Я наогул прыхільнік розных пунктаў гледжання. Выказвайце сваю пазіцыю, пункт гледжання, але не парушайце законы", - падкрэсліў Прэзідэнт і заклікаў калектыў тэатра да шчырай размовы.
У час сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы супрацоўнікі Купалаўскага тэатра перш за ўсё закранулі тэмы, якія іх хвалююць: фінансаванне ўстановы, забеспячэнне маладых і прыезджых артыстаў жыллём, планы па супрацоўніцтве з новымі рэжысёрамі. Што датычыцца жыллёвай праблемы, Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніцтву сталіцы, памочніку і ўпаўнаважанаму па Мінску падлічыць кошт арэнднага жылля ва ўжо існуючых дамах і магчымасць будаўніцтва новых аб'ектаў. "Персанальна паглядзім, каго трэба падтрымаць", - сказаў Прэзідэнт.
А рэжысёраў, лічыць Аляксандр Лукашэнка, трэба гадаваць у сваім калектыве. Пры гэтым ён не выключыў супрацоўніцтва з прафесіяналамі збоку. "Вызначайцеся самі. Вядучыя сцэнічныя людзі павінны быць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Вы спачатку вазьміце аднаго рэжысёра. Калі ўбачыце дэфіцыт, возьмеце другога. Але вы і самі варушыцеся, каб з вас вырасталі свае рэжысёры, кіраўнікі тэатра і гэтак далей".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы з'яўляецца народным здабыткам. "Абавязкова адновім работу тэатра. Ён не можа быць страчаны. Гэта здабытак нашага народа", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт выказаўся аб фінансавым баку работы тэатра, адзначыўшы, што калектыў павінен сам удзельнічаць у размеркаванні сродкаў, якія атрымлівае. Зразумела, падставіць плячо і дзяржава, асабліва ў цяперашні перыяд, калі замест тых, хто пайшоў, у тэатральны калектыў улілося шмат маладых кадраў. "Гэта трупа, якая сфарміравана, гэты калектыў павінен быць. Ён не павінен быць велізарным. Ён павінен быць дастатковым. І якраз момант гэта зрабіць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Усе сродкі, якія вы атрымаеце, - гэта будуць вашы сродкі, ваш прыбытак. Я вам скажу, як будзе не з гэтага года, а з 2022 года: што вы заробіце - пазабюджэт - столькі мы вам з бюджэту дадзім".
Паводле яго слоў, некалі ён увёў такую схему фінансавання клубаў і федэрацый у спорце: "Зарабілі $2 млн - $2 млн дабавілі бюджэтных. Пяць зарабілі - пяць дадзім".
"Вы павінны выйсці на гэту раўнавагу. І ў вас будзе нейкае жаданне зарабляць. Але вашы грошы будуць у вас", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён таксама прапанаваў стварыць у кожным тэатральным калектыве савет у складзе 3-5 чалавек, якія будуць мець права разам з дырэктарам вырашаць пытанні размеркавання грашовых сродкаў. "Яны няхай выберуць гэты савет. І няхай яны самі дзеляць гэтыя грошы, якія мы ім аддадзім. Гэта павінна быць усюды, ва ўсіх 29 калектывах. Прадумайце гэту ідэю. Гэта не спантанна мною выказана. Упэўнены, што гэта дасць эфект і магчымасць зарабляць творчым работнікам. Крыху трэба вывесці вас на большую самастойнасць", - сказаў Прэзідэнт.
"Заробіце больш - гэта ваша. І я буду ганарыцца, што творчыя людзі ў нас атрымліваюць, зарабляюць. І будзем падтрымліваць такіх. І не таму, што вы "ябацькі". Таму што вы - законапаслухмяныя людзі. Калі патрэбна і дзе дарэчы (я разумею, што вы творчыя работнікі, да вас прыслухоўваюцца) - гаварыце, але дастойна. Я вам гарантыю даю, што літаральна праз пару гадоў вы будзеце шчаслівыя - моладзь, якая прыйшла ў гэты тэатр. А вы (артысты са старога складу трупы, якія засталіся служыць у Купалаўскім тэатры. - Заўвага) будзеце ганарыцца гэтым перыядам жыцця, што вы не пабеглі туды за імі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Размаўляючы з калектывам тэатра, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што што нацыяналізм - гэта не балбатня на мове, а імкненне зрабіць нешта, што застанецца ў народнай памяці.
"Я лічу, што нацыяналізм - гэта не балбатня на мове. А гэта рабіць тое, што застанецца ў памяці. Я заўсёды імкнуся да таго, каб у нас былі пэўныя традыцыі", - сказаў Прэзідэнт.
У якасці такіх традыцый Беларусі як суверэннай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка згадаў штогадовы зварот Прэзідэнта з Пасланнем да парламента і народа. Раз у пяць гадоў праводзіцца Усебеларускі сход. "Вы таксама сталі добрай, нават не традыцыяй, вы - сімвал нашага народа. Таму заўсёды трэба ствараць тое, што цябе будзе адрозніваць ад іншых. І ў гэтым будзе добры нацыяналізм, за што мяне ў Расіі часам крытыкуюць і папракаюць. Але я гавару: я ж Прэзідэнт Беларусі. Пры ўсёй любові да расіян, я - Прэзідэнт Беларусі. Таму я буду рабіць усё, што патрэбна нашым беларусам, тое, што нас будзе адрозніваць. Ад рускіх таксама", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што багацце народа Беларусі ў тым ліку ў веданні дзвюх моў - рускай і беларускай. І ад гэтай спадчыны ні ў якім разе нельга адмаўляцца, упэўнены ён.
"Ніколі не спяшайцеся. Асабліва творчыя работнікі і палітыкі. Мы не маем права на гэту спешку, - параіў Аляксандр Лукашэнка. - Мы павінны акуратна весці палітыку на гэтым кавалачку зямлі. Гэта наша, мы больш не просім. Але мы міліметра нікому не аддадзім".
"Давайце будзем берагчы нашу краіну, а вы ў сваёй творчасці павінны гэта ўсё ажыццявіць. Абавязаны! Не мне. Вы свайму народу абавязаны. Няхай мінулы год будзе вялікім урокам для нас. Асабліва для нашых дзяцей. Мы можам іх проста страціць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Візіт Прэзідэнта ў тэатр супаў з днём нараджэння народнага артыста Беларусі і СССР, вядучага майстра сцэны Генадзя Аўсяннікава. Напярэдадні сваё свята адзначыла і артыстка Купалаўскага тэатра Вольга Няфёдава. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў іх з днём нараджэння, уручыўшы кожнаму асобны падарунак.