Наведванне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

  • 33
  • 6

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 29 студзеня Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і сустрэўся са студэнцкай моладдзю.

Прэзідэнта праінфармавалі аб стане спраў і перспектывах развіцця ўніверсітэта. Рэктар БДУ Андрэй Кароль расказаў, што БДУ прадстаўлены ў 12 глабальных і сямі прадметных сусветных рэйтынгах, уключаючы "Вялікую тройку" QS-317, THE-1001+ і прадметны шанхайскі рэйтынг па фізіцы - 201-300. Электронная бібліятэка БДУ мае статус першай у Еўропе і з'яўляецца трэцяй сярод электронных бібліятэк вышэйшых навучальных устаноў свету ў рэйтынгу Transparent Ranking of Repositories.

Рэктар адзначыў высокі ўзровень атрыманай ва ўніверсітэце адукацыі і звярнуў увагу, што ВНУ разам з захаваннем 100-гадовых традыцый укараняе сучасныя метады ў адукацыйны працэс. БДУ рэалізуе праграму трансфармацыі адукацыйнага працэсу, стварае практыка-арыентаванае адукацыйнае асяроддзе, выкарыстоўвае інавацыйныя тэхналогіі навучання. Што датычыцца навуковай дзейнасці, то аб яе эфектыўнасці сведчыць той факт, што кожная пятая аспіранцкая кандыдацкая дысертацыя і кожная шостая доктарская абараняецца ў БДУ. Пры гэтым кожны трэці студэнт з банка адоранай моладзі - студэнт БДУ.

На думку Андрэя Караля, каб дабіцца сістэмных змяненняў, дзейнічаць трэба толькі на сістэмнай аснове. Паводле яго слоў, у ВНУ распрацавана і паспяхова ўкаранёна аўтаматызаваная сістэма разліку рэйтынгавых ацэнак дзейнасці. Так, вынікі дзейнасці выкладчыка па навуцы, адукацыі, выхаваўчай сферы падсумоўваюцца, яму прысвойваецца бальнае значэнне і яны ранжыруюцца. Гэты вынік адпаведна прывязваецца да магчымасці матэрыяльнага стымулявання. "Нам, дарэчы, удалося зрабіць, каб рост прадукцыйнасці працы перавысіў заработную плату, - заўважыў ён. - З'явілася магчымасць даваць гранты рэктара, а таксама надбаўкі за розныя навуковыя дасягненні".

У час сустрэчы размова ішла таксама аб выкарыстанні ў адукацыйным працэсе новых інфармацыйна-камунікацыйных сродкаў, арганізацыі дыстанцыйных заняткаў, эфектыўнасць якіх, як паказвае практыка, вельмі высокая. Добрым памочнікам для студэнтаў стаў адукацыйны партал, дзе сканцэнтравана каля 7 тыс. электронных пляцовак, якімі актыўна карыстаюцца студэнты, створаны асабістыя кабінеты студэнта, выкладчыка, працуе аўтаматызаваная сістэма рэйтынгу ўніверсітэта, ёсць электронны расклад заняткаў, электронныя журналы куратараў. Дарэчы, сайт працуе ў чатырох моўных версіях - беларускай, рускай, англійскай і кітайскай.

Андрэй Кароль адзначыў: цяпер важна студэнтам не толькі даваць веды, аксіёмы, але і навучыць іх канструктыўна думаць, самім ствараць прадукт па сваёй спецыяльнасці, параўноўваючы работу з эталоннымі патрабаваннямі. Аб папулярнасці ВНУ сведчыць і тое, што сюды імкнуцца трапіць вучыцца з-за мяжы. Апошнім часам ва ўніверсітэце вучыцца шмат кітайскіх студэнтаў - каля 1,8 тыс. чалавек, што ўказвае на развіццё беларуска-кітайскага адукацыйнага супрацоўніцтва ў адпаведнасці з дамоўленасцямі на вышэйшым узроўні. Дарэчы, БДУ актыўна супрацоўнічае з замежнымі калегамі: дзейнічае 566 пагадненняў з прадстаўнікамі 59 краін. Паказальны і той факт, што Белдзяржуніверсітэт уключаны ў склад 13 міжнародных асацыяцый і сетак, удзельнічае ў 37 міжнародных адукацыйных праектах.

Рэктар ВНУ паказаў Прэзідэнту сучасны электронны пропуск, які выкарыстоўваюць студэнтамі для праходу ў тым ліку ў бібліятэку, сталовую.

Кіраўнік дзяржавы таксама наведаў музей землязнаўства факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ, дзе азнаёміўся з экспазіцыямі беларускіх, а таксама прывезеных з розных куткоў свету мінералаў.

Потым адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са студэнтамі і выкладчыкамі. Задаць пытанне Прэзідэнту, а таксама віртуальна прысутнічаць на сустрэчы змаглі і студэнты ў рэгіёнах - праводзілася прамая відэатрансляцыя ў аўдыторыях універсітэтаў у абласных цэнтрах.

Размова са студэнтамі прадаўжалася больш за тры з паловай гадзіны. За гэты час Кіраўнік дзяржавы выказаўся па многіх тэмах і падрабязна адказаў на пытанні студэнтаў з розных ВНУ. У цэнтры ўвагі была не толькі грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне. Студэнтаў цікавілі пытанні падтрымкі і заахвочвання таленавітай і здольнай моладзі, крэатыўных ідэй, больш актыўнага ўключэння маладых людзей у грамадскія і дзяржаўныя працэсы. Закраналіся тэмы фінансавання адукацыі, валанцёрскага руху, прызыву на армейскую службу з улікам набыцця прафесіі.

Аляксандр Лукашэнка адказаў і на шэраг асабістых пытанняў. Напрыклад, падзяліўся сакрэтамі выхавання дзяцей і ўнукаў, якія выкарыстоўвае сам, расказаў, ці ёсць у яго мары, як у Прэзідэнта краіны.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яго стаўленне да моладзі не зменіцца ні пры якіх абставінах, таму што ў ім вельмі шмат асабістага. "Ствараючы фактычна з нуля суверэнную Беларусь, я, можна сказаць, у нейкім сэнсе выгадаваў і вас, - сказаў Прэзідэнт. - Таму калі нехта гаворыць, што ў нас моладзь дрэнная, добрая, яшчэ якая-небудзь, я гавару: "Якая ёсць, мы яе выгадавалі, і мне наракаць няма на каго". Усе недахопы, касякі і іншае, і плюсы, і мінусы - гэта ўсё маё, нікуды ад гэтага не дзенешся. А значыць, я нясу за гэта адказнасць. І не толькі за вашы лёсы, але і за лёсы наступных пакаленняў беларусаў".

"Гледзячы на вас, мы з вашымі бацькамі глядзім у будучыню. Я нават сказаў бы - углядаемся ў будучыню, якую ў нейкі момант вы прадоўжыце будаваць ужо без нас. Можа, як некаторыя цяпер прапануюць, усё, што зроблена, зламаеце, а потым пачняце нанова ствараць і будаваць. Толькі помніце, што гэта вельмі дорага, асабліва для нас. Любая памылка пагражае катастрофай, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Людзі майго пакалення ў свой час марылі ў першую чаргу даць дзецям тое, чаго самі былі пазбаўлены: менш бытавых клопатаў і больш магчымасцей для развіцця. З гэтага пункту гледжання ў вас ёсць усё".

Прэзідэнт падкрэсліў: моладзь будзе сама вырашаць, як ёй жыць далей, але старэйшае пакаленне не дазволіць зламаць тое, што было створана ў Беларусі за апошнюю чвэрць стагоддзя. І гэта, заўважыў кіраўнік дзяржавы, зусім не канфлікт пакаленняў, а "нармальнае развіццё, аснова ўсяго развіцця".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі добра развіты сферы адукацыі і аховы здароўя. Гэта пацвярджае і высокі экспарт паслуг. Разам з тым Прэзідэнт заявіў, што ў краіне не перашкаджаюць маладым людзям атрымліваць адукацыю за мяжой, таму што яны вернуцца назад з пэўным багажом ведаў. "Хто на злосць  дзяржаве выскачыў за мяжу навучацца - заставайцеся там, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Таму што я ведаю (і пераканаўся ў гэтым у канцы мінулага года), каго там рыхтуюць".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў мінулым годзе градус палітызацыі грамадства дасягнуў найвышэйшай кропкі. Прычым, сказаў Кіраўнік дзяржавы, размова не аб тым, хто і дзе за мяжой "падаграваў" беларускіх грамадзян. "Пытанне ў іншым: чаму частка грамадства, сярод якой апынуліся і вы, маладыя беларусы, дазволіла сябе "падагрэць"? Чаму мы дазволілі ўнесці ў наш агульны дом - Беларусь - разлад? Не толькі ў краіну, але нават у сем'і", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

"Мы ж так ганарыліся сваёй мудрасцю і разборлівасцю, сваёй талерантнасцю, адзінствам, стабільнасцю. А ўлічваючы развіццё падзей, асмелюся дапусціць, што на тэму, каму выгадна раз'яднаць народ і аслабіць Беларусь, задумваюцца далёка не ўсе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён прызнаўся, што яму хацелася б ведаць, аб чым думае маладое пакаленне на самай справе і чаго хоча ў гэтым жыцці. "Як Прэзідэнту мне важна разумець, наколькі асабістыя планы і мары вы суадносіце з дзяржаўнымі інтарэсамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, з улікам павышанай увагі моладзі да палітычных працэсаў у краіне яго таксама хвалюе, ці аднолькава ўлада і моладзь разумее гэтыя інтарэсы. "І наогул, ці задумваецеся вы на гэту тэму", - дадаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў апошнія гады вельмі шмат гаварылася пра абарону суверэнітэту Беларусі. Гэты тэзіс стаў амаль народным, усе заклапочаны гэтым пытаннем, заявіў Прэзідэнт.

"Але як тады растлумачыць той факт, што частка беларусаў усё ж такі адгукнулася на заклікі дзеячаў, якія сёння ўладкаваліся ў Літве, Польшчы і жыруюць на замежных грантах. Больш таго, і гэта відавочна, прадстаўляюць інтарэсы іншых дзяржаў. Хто не сляпы, той гэта бачыць. Дык ці варты вашай увагі размовы аб лёсе нашай краіны тых, чые думкі і ўчынкі сёння поўнасцю кантралююцца з-за мяжы? - спытаў Аляксандр Лукашэнка. - І няўжо нехта сур'ёзна думае, што там, за мяжой, моцна заклапочаны інтарэсамі нашага народа? Не да Беларусі ім. А вось вырашыць свае праблемы за кошт беларусаў - гэта тэма".

У прыклад ён прывёў сітуацыю ў Польшчы, дзе ў канцы мінулага года выбухнулі пратэсты. І, на думку Кіраўніка дзяржавы, справа не ў кропкавых праблемах, проста палякі не прымаюць цяперашнюю ўладу. "Дык чаго вы лезеце ў нашы праблемы? Вы там разбярыцеся. А чаго яны лезуць сюды? Каб адцягнуць ад сваіх праблем і зацямніць нашымі праблемамі", - упэўнены Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся аб закліках увесці супраць Беларусі эканамічныя санкцыі. Ён звярнуў увагу, што ад гэтага выйграюць толькі канкурэнты. "Не падабаецца ім там самастойнасць Беларусі ў энергетычнай палітыцы. Бачыце, хто дазволіў нам пабудаваць сваю атамную станцыю. Зразумела, куды цікавей выкарыстоўваць нашу краіну як рынак збыту ўласнай электраэнергіі і іншых тавараў. Да таго ж еўрапейская нацыя імкліва старэе, там амаль няма каму лячыць, вучыць, працаваць у полі і на вытворчасці", - заўважыў Прэзідэнт. Ён нагадаў, як раней у Польшчы запрашалі на работу беларускіх урачоў.

"Інакш кажучы, няма каму абслугоўваць інтарэсы кіруючых эліт. Эліт, часткай якой вы, выехаўшы туды, ніколі не станеце. Як і вашы дзеці, і вашы ўнукі. Гісторыя гэта прадэманстравала ўжо, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - І не трэба думаць, што тэрытарыяльныя прэтэнзіі на нашу зямлю з боку некаторых суседзяў адышлі ў мінулае. Сучасныя рэгіянальныя канфлікты паказваюць, што гатовым трэба быць да ўсяго".

"Суверэнітэт - гэта не толькі пытанне захавання дзяржавы. Гэта пытанне нацыянальных амбіцый. Пытанне нашага грамадзянскага статусу, - адзначыў Прэзідэнт. - Я ніколі не паверу, што мы выгадавалі пакаленне незалежных беларусаў, якія мараць, каб іх будучыню вызначалі замежныя палітыкі".

У той жа час Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў студэнтаў, ці разумеюць яны, якіх велізарных намаганняў каштуе такая палітычная самастойнасць. "Ці шмат вы ведаеце краін у свеце, якія такія ж невялікія і не багатыя на рэсурсы, як наша, але змаглі замацавацца на міжнароднай арэне як самадастатковая і моцная дзяржава? - спытаў ён. - Гэта значыць, мы не сталі на калені, ні пад каго не прагнуліся, таму нас і нахіляюць. Гэтак жа, як цяпер пачалі нахіляць Расію".

"Такая незалежная, самастойная Расія нікому не патрэбна. Расія ўладным людзям патрэбна такая, якая яна была пры Ельцыне ў сярэдзіне 90-х. Я гэта праходзіў разам з Ельцыным, я гэта ўсё бачыў", - адзначыў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, у тыя гады ў Расіі актыўна і адкрыта працавалі амерыканскія спецслужбы, кіруючы ўсімі працэсамі. "З іх пачалася прыватызацыя, з іх пачалося знішчэнне ўзбраенняў Савецкага Саюза. У нас гэты працэс таксама ўспыхнуў, але я яго хутка падавіў. І не таму, што я дыктатар і аўтарытарны кіраўнік, а таму, што, перш за ўсё, я адмовіўся знішчаць узбраенні", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён прызнаўся, што яму цікава пачуць, якім моладзь бачыць свой удзел у пытаннях умацавання гэтых пазіцый, ці разумее, як яна патрэбна краіне, як важны яе поспехі для захавання дзяржаўнасці. "Я цвёрда веру, што вы і толькі вы будзеце гаспадарамі роднай зямлі, што, дзе б ні апынуліся, будзеце з гонарам гаварыць: "Я беларус!" І тое, што вы мяне запрасілі на гэту размову, умацоўвае маю веру ў гэта", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што добра памятае сябе ў студэнцкія часы, таму ведае, як думае і якімі ідэямі жыве моладзь. Да таго ж яго малодшы сын практычна равеснік удзельнікаў сустрэчы.

"Вы і самі актыўна выказваеце сваю пазіцыю ў сацыяльных сетках, нават на вуліцах, нават у твар прадстаўнікам улады. Я ў курсе. Ніхто не забараняе вам гаварыць, выказваць меркаванне можна, трэба абавязкова, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Але недапушчальна пераходзіць мяжу закону. Сцены ўніверсітэта - не месца для палітычных мітынгаў. Тым больш недазвольныя хамства і агрэсія ў адносінах да выкладчыкаў. Мы гэта фіксавалі не ў адной ВНУ. Гэта пытанне не толькі выхавання і маралі, але і прававой адказнасці".

У той жа час Прэзідэнт прызнаўся, што рады, калі ў пытаннях грамадска-палітычнага жыцця студэнты адкрыта, а часам і дзёрзка апаніруюць уладзе.

Аляксандр Лукашэнка перасцярог студэнтаў: прымяраючы на сябе вобраз змагароў з сістэмай, трэба разумець, што ні адна дзяржава ў свеце не дазволіць расхістваць свае асновы, парушаць закон, разбураць традыцыі, ставіць пад небяспеку жыцці людзей. "Можа, у нас не тыя законы, якія некаму хочацца, можа, яны, з пункту гледжання некага, недасканалыя, наогул няправільныя, не патрэбны. Але, як гавораць юрысты, закон ёсць закон. І няведанне гэтых законаў не вызваляе нас ад іх выканання", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, як "еўрапейскія дэмакратыі" наводзяць парадак у сваіх краінах у час беспарадкаў - хутка і жорстка. "Паверце, нягледзячы на жорсткасць рэакцыі ў мінулым годзе на хаджэнні па вуліцах, нам не дарасці да таго, што вы бачылі ў Злучаных Штатах Амерыкі", - падкрэсліў ён.

У час размовы са студэнтамі Кіраўнік дзяржавы расказаў перадгісторыю падрыхтоўкі гэтага мерапрыемства. Просьбу задаць свае пытанні Прэзідэнту агучылі студэнты БДУ, калі з імі сустракалася Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Яна паабяцала аказаць садзейнічанне ў арганізацыі гэтага мерапрыемства. Аляксандр Лукашэнка прыняў запрашэнне, як толькі яму дазволіў графік.

"Калі я сказаў "так, я паеду ў БДУ", Наталля Іванаўна абрадавалася. Яна не верыла, што пасля ўсіх гэтых падзей я наогул прыеду да студэнтаў. Слухайце, вы павінны ўлічыць адну акалічнасць: я ў сваёй краіне абсалютна нікога не баюся", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што яму няма чаго саромецца за свае ўчынкі. "Так, я не святы. Немагчыма прапрацаваць Прэзідэнтам больш як чвэрць стагоддзя і недзе не спатыкнуцца, не дапусціць памылкі. Але сістэмных памылак мы з вамі не дапусцілі", - адзначыў ён.

"Мы пабудавалі - удумайцеся! - у гісторыі нашай краіны першую суверэнную, незалежную дзяржаву. На абломках вялікай імперыі. Мы скрываўлены кусок гэтай імперыі ўзялі ў рукі, адрадзілі і на яго аснове стварылі дзяржаву. І мне пашчасціла быць першым Прэзідэнтам нашай суверэннай дзяржавы. Вось адсюль мая рашучасць абараняць гэту дзяржаву. На кані, на танку, на бронетранспарцёры, з кулямётам, аўтаматам у руках - чаго б мне гэта ні каштавала, я буду абараняць сваю краіну, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Я ёю ганаруся. Я ведаю, што шмат недахопаў. Але чвэрць стагоддзя ў гісторыі - гэта проста нішто, пыл. За чвэрць стагоддзя такое не робяць, што мы зрабілі".

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што з часам маладое пакаленне зразумее і ацэніць гэта. "Вядома ж, за такі кароткі прамежак часу са скрываўленага куска вялікай імперыі стварыўшы дзяржаву, мы не маглі не дапусціць якіх-небудзь памылак. Дык давайце іх выпраўляць! Але не разумею: навошта ж ламаць тое, што мы стваралі ўласнымі рукамі?" - сказаў Прэзідэнт.

"Я абараняю сваю краіну. Я ні ў вас, ні ў сваёй краіны капейкі, ломанага гроша не ўзяў і не ўкраў. У мяне адзінае, што ёсць - гэта мая краіна. Я аддаў яе будаўніцтву ўсё сваё свядомае жыццё. Таму вельмі востра рэагую, калі яе хочуць разбурыць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што ў перыяд выбарчай кампаніі не раз папярэджваў аб магчымых правакацыях, нацэленых на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне. Такія звесткі былі і напярэдадні інаўгурацыі. "Інаўгурацыю не так правялі! Трохметровай агароджай не абнеслі, як амерыканцы (дзякуй ім, прадэманстравалі, як трэба). А як бы вы на маім месцы правялі? - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Да мяне напярэдадні прыходзіць Старшыня Камітэта, на стол дакументы: хочуць учыніць правакацыю з дэпутатамі. Яны ведалі: інаўгурацыя, на аўтобусах дэпутаты... Закінуць кактэйль Молатава ў аўтобус, разбіўшы акно. Ніхто не гаварыў бы пра інаўгурацыю. Усе гаварылі б, што там спалілі дэпутатаў. А ўва што гэта вылілася?! І як мне трэба было зрабіць? Я зрабіў, як змог".

Кіраўніка дзяржавы спыталі, ці можа, на яго думку, моладзь выконваць важныя функцыі ў грамадскім і грамадзянскім працэсе і ці гатова дзяржава садзейнічаць гэтаму. "Тое, што дзяржава гатова, яна абавязана быць гатова, і яна гатова, я вам гэта гарантую, - адказаў Прэзідэнт. - Калі вы гатовы, я буду толькі вітаць".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ведае пра многіх маладзёжных лідараў, з некаторымі знаёмы асабіста. Ён таксама звярнуў увагу на цікавую дэталь: многія новыя асобы з'явіліся на фоне апошніх унутрыпалітычных падзей у краіне. "І гэта наша недапрацоўка часткова, што мы не заўважылі такіх хлопцаў і дзяўчат звычайным чынам у спакойным жыцці і патрэбны быў гэты ўсплёск, каб мы зразумелі, хто ёсць хто, і на гэтай хвалі мы ўбачылі шмат цудоўных людзей", - заўважыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у Беларусі для маладых, ініцыятыўных людзей створаны ўмовы для самарэалізацыі, ёсць магчымасць выказваць свой пункт гледжання. У той жа час выдзяляюцца больш актыўныя маладзёжныя лідары, і яны хутчэй знаходзяць падтрымку ў дзяржавы. "Нехта не вельмі бачны, але ён вельмі таленавіты. Можа, для гэтага спатрэбіцца крыху больш часу, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Для гэтага ёсць рэктар, выкладчыкі, яны павінны падказваць. Гэта значыць, як модна гаварыць, гэты (сацыяльны. - Заўвага) ліфт павінен вас выносіць і мы павінны бачыць".

У час сустрэчы студэнт факультэта журналістыкі Максім Цюцянькоў прапанаваў заснаваць у краіне новае свята - Дзень беларускага студэнцтва. Паводле яго слоў, 17 лістапада адзначаецца міжнародны дзень салідарнасці студэнтаў, які заснаваны ў Расіі, і 25 студзеня - Дзень студэнта (Таццянін дзень). Аднак малады чалавек лічыць, што неабходна нацыянальнае свята для студэнтаў, і нават прапанаваў для яго дату 25 лютага, паколькі ў 1919 годзе ў гэты дзень быў прыняты Дэкрэт аб стварэнні ў Мінску дзяржаўнага ўніверсітэта.

Кіраўнік дзяржавы пазітыўна ацаніў гэту ініцыятыву і прапанаваў маладому чалавеку заняцца юрыдычным афармленнем гэтай прапановы. "Рашэнне прынята: фарміруй калектыў, займайся", - адрэагаваў ён.

"Не спяшайцеся, але і не зацягвайце, - сказаў Прэзідэнт. - Вельмі добрая ініцыятыва. Да лета рэалізуем".

Студэнтка з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў сваім пытанні Прэзідэнту адзначыла, што ў многіх краінах свету мадэль фінансавання вышэйшай адукацыі падобна да нашай: асноўную нагрузку бярэ на сябе дзяржава. У той жа час па вопыце шэрага замежных краін ва ўніверсітэтах ствараюцца фонды мэтавага капіталу, што напаўняюцца прыватнымі кампаніямі, а таксама папячыцельскімі саветамі. Дзяўчына звярнула ўвагу: сродкі з гэтых фондаў накіроўваюцца на фінансаванне фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў, што, у сваю чаргу, умацоўвае пазіцыі ўніверсітэта, робіць яго канкурэнтаздольным. Яна пацікавілася, як Аляксандр Лукашэнка ставіцца да такой формы дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Прэзідэнт падкрэсліў: "Стаўлюся абсалютна станоўча. Гатовы нават да экспертымента ў гэтым плане на базе вашага ўніверсітэта. Стварайце такі фонд".

"Колькі ўнясе прыватнік, столькі і дзяржава. Прыватнік тры рублі - дзяржава тры рублі, прыватнік тры мільёны долараў - дзяржава тры мільёны долараў", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

"Давайце на базе вашага ўніверсітэта створым гэты фонд і паглядзім, як вы патраціце гэтыя грошы. Прапрацуйце такое пытанне, калі ваш універсітэт і губернатар не супраць, то я - за", - адзначыў Прэзідэнт.

Адказваючы на пытанні студэнтаў, Кіраўнік дзяржавы выказаў перакананне, што з часам краіны пачнуць уводзіць цэнзуру ў сацыяльных сетках. Але, падкрэсліў Прэзідэнт, Беларусь не можа быць пачынальнікам гэтага працэсу. "Напэўна, той, хто парадзіў гэтага змея і выпусціў з бутэлькі, і павінен гэты працэс пачынаць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы наогул гэта зрабіць не зможам. Калі мы закрыем адзін напрамак, у нас вылезе ў іншым".

Разам з тым Кіраўнік дзяржавы лічыць, што неабходна вельмі строгая забарона на ўмяшанне ў асабістае жыццё і разбурэнне грамадска-палітычнага ладу дзяржавы. "Дзякуючы сацыяльным сеткам і мэсэнджарам мы можам цяпер парадзіць планетарную рэвалюцыю. Вы бачыце, што сёння ва ўсіх краінах адбываюцца такія падзеі, якія кіруюцца праз гэтыя сеткі і не з месца. Як у нас было: усё кіравалася з тэрыторыі Польшчы і Літвы, - адзначыў Прэзідэнт. - Таму так, мы на парозе прыняцця гэтых рашэнняў. Але зыходзіць яны павінны ад уладных людзей".

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў бліжэйшыя месяцы ў гэтай сферы ў Беларусі будуць прыняты дадатковыя меры для абароны інтарэсаў дзяржавы і народа.

Прэзідэнт таксама падтрымаў прапанову аб тым, каб службу ў арміі ўвязваць з атрыманай прафесіяй. Адпаведнае пытанне Кіраўніку дзяржавы на сустрэчы са студэнтамі задаў ваенны курсант.

У пытанні, у прыватнасці, адзначалася, што ўсе студэнты мужчынскага полу маюць права на адну адтэрміноўку ад службы ў арміі для атрымання адукацыі. Адпаведна, пасля заканчэння ВНУ ўсе, хто прыгодны, будуць прызваны ў армію, і толькі потым змогуць прадоўжыць навучанне ў магістратуры або аспірантуры. Было зададзена пытанне, ці можна прызываць у армію і каб пры гэтым чалавек нёс службу, зыходзячы з атрыманай прафесіі. Напрыклад, як ужо зроблена ў ІТ-роце.

"Гэта трэба зрабіць. Калі ён (прызыўнік. - Заўвага) прафесіянал. Так, айцішную роту мы стваралі. Добрыя хлопцы, служаць. Яны нам вельмі патрэбны ваенныя такія. Я стаўку цяпер больш раблю на юнакоў, якія і ў арміі паслужылі, ведаюць гэту службу, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Дапусцім, ён не айцішнік, а па іншай прафесіі, але ў арміі патрэбны. Чаму б і не. Што, медыцыны няма (у арміі. - Заўвага)? Няхай яны па сваёй спецыяльнасці служаць там. А, можа, і застануцца".

"Трэба даручыць Міністэрству абароны, каб яны мне ўнеслі прапанову наконт гэтага. Гэта вельмі правільнае пытанне", - дадаў беларускі лідар.

У час сустрэчы размова зайшла аб рабоце маладзёжных арганізацый і перспектывах дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Мы ні ў якім разе не будзем разбураць гэту масавую арганізацыю, і не толькі таму, што я нямала зрабіў для адраджэння гэтай магутнай масавай арганізацыі. Хоць, скажу шчыра, у мяне нямала прэтэнзій, асабліва да цэнтральных органаў гэтай арганізацыі".

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што не павінна быць паказухі ў рабоце маладзёжных арганізацый.

Аляксандр Лукашэнка лічыць: каб менш крытыкавалі маладзёжную арганізацыю, каб менш нараканняў было ў яе бок і неабгрунтаваных чаканняў, неабходна дакладна вызначыць тэматыку, па якой будзе развівацца яе работа.

"Напрыклад, студэнцкія будаўнічыя атрады - гэта самы магутны рух, які гістарычна застаўся за моладдзю, і іншыя падобныя... Вось вызначылі сем напрамкаў, грамадства павінна ведаць, што БРСМ, наша масавая маладзёжная арганізацыя, займаецца сямю гэтымі напрамкамі, і па іншых не звяртайцеся. Гэта ўжо даўно было сказана, але мы так і не зрабілі, а гэта трэба зрабіць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што ў яго ёсць прэтэнзіі да работы саюза моладзі ў ВНУ. Пры гэтым ён звярнуў увагу: "Каб цанілі саюз моладзі, трэба яму даць пэўныя паўнамоцтвы. У мой студэнцкі час маладзёжны камітэт у маёй ВНУ, ды і ва ўсіх ВНУ, вырашаў пытанні прадастаўлення інтэрнатаў, стыпендый студэнтам, парадку ў інтэрнатах, не кажучы аб нейкіх культурна-масавых мерапрыемствах. Чаму б гэта не ўзяць і не разгарнуць у нас?"

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што гэта недапрацоўка рэктараў і Міністра адукацыі.

Прэзідэнт запатрабаваў дакладна вызначыцца, па якіх напрамках будзе працаваць маладзёжная арганізацыя і "зверху данізу прадаставіць паўнамоцтвы". Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць больш эфектыўнай работы студэнцкіх прафсаюзаў. "Тады студэнт паглядзіць - так, яны нешта вырашаюць, і інакш будзе ставіцца да гэтых арганізацый", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Не павінна быць ніякай паказухі, не павінна быць дутай масавасці, не трэба туды цягнуць дзеля колькасці", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

"Так, шмат праблем, але дзяліць маладзёжную арганізацыю на кавалкі, разрываць яе на кавалкі ні ў якім разе нельга, там любой прафесіі знойдзецца месца. Была студэнцкая моладзь у камсамоле ў свой час, была вясковая, працоўная моладзь. Чаму б не структураваць нашу маладзёжную арганізацыю такім чынам", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт запэўніў, што ў краіне будуць падтрымлівацца маладзёжныя арганізацыі.

Адно з пытанняў, зададзеных Прэзідэнту, датычылася пратэснай хвалі, якая пракацілася па гарадах Расіі, практычна паўтараючы "беларускі сцэнарый", і неаднаразовых папярэджанняў Кіраўніка беларускай дзяржавы аб тым, што такія экстрэмісцкія ўварванні магчымы і ў іншых краінах постсавецкай прасторы. У Аляксандра Лукашэнкі пацікавіліся, як паставіліся лідары СНД да гэтых папярэджанняў.

"Пасля Беларусі ўжо расхлябана да гэтых пытанняў не ставяцца. Асаблівасць уварвання, як вы сказалі (вельмі трапна сказана), у Беларусь была звязана з тым, што ўдар быў нанесены па моцнай маналітнай дзяржаве, - сказаў Прэзідэнт. - Наносіўся ўдар па стабільнай, моцнай маналітнай дзяржаве. Гэта была праверка: калі ў Беларусі пройдзе, значыць, пройдзе і ў іншых".

Прэзідэнт падкрэсліў: у Беларусі не было падстаў для каляровых рэвалюцый, як у Арменіі або Украіне. "Хацелі ў Беларусі ажыццявіць бліцкрыг, каб атрымаць трамплін для наступлення супраць Расіі, перманентнага або як у 41-м годзе - як атрымалася б. Не затармозь іх тут, яны рынуліся б і туды, ужо сучасным спосабам, праз сацсеткі", - упэўнены беларускі лідар.

Што датычыцца апошніх падзей у Расіі, Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў іх так: "Гэта першы званок. І б'юць гэтак жа, як у нас, па асноўных фігурах, па вертыкалі ўлады, якую Расія выбудавала ў прынцыпе такую ж, як і ў Беларусі. Гэта пачатак. Будуць паціху расхістваць. І ў залежнасці ад масавасці працэсаў будзе іх інтэнсіўнасць. У верасні думскія выбары, і да гэтага будуць рыхтаваць грамадства. Нехта помніць стральбу па Белым доме ў Расіі, некаму не церпіцца, і нехта думае, што гэта паўторыцца. Ніколі гэта не паўторыцца. Я ведаю кіраўнікоў Расіі, яны здолеюць гэтаму процістаяць".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што краіны СНД знаходзяцца ў зоне інтарэсаў многіх вялікіх сусветных ігракоў. "Мы знаходзімся ў зоне інтарэсаў Злучаных Штатаў Амерыкі і Еўрасаюза ў цэлым. Як я да выбараў гаварыў, мы проста на разрыў, нас разрываюць. І не дай бог апынуцца арэнай вайны, дзе будуць вырашацца не нашы пытанні. Гэтага дапусціць нельга. Менавіта так разумее гэта Расія і іншыя постсавецкія рэспублікі, і ніхто не расслабляецца", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Адна са студэнтак спытала Кіраўніка дзяржавы пра жнівеньскія падзеі. На яе думку, праваахоўнікі прымянілі празмерную сілу ў адносінах да пратэстуючых і, хоць у пратэстаў і былі мадэратары, у выніку пацярпелі невінаватыя грамадзяне, у тым ліку і студэнты. "На якой стадыі знаходзіцца разгляд пададзеных скаргаў ад пацярпелых і ці разглядаеце вы магчымасць амністыі для тых затрыманых, якія не ўчынілі цяжкіх правапарушэнняў?" - спытала дзяўчына.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што было выяўлена шмат арганізатараў беспарадкаў у Беларусі і яны адкажуць па ўсёй строгасці закону. Гаворачы пра затрыманні людзей, якія апынуліся "не ў той час і не ў тым месцы", Прэзідэнт заўважыў: не ўсе гэтыя гісторыі праўдзівыя, многія грамадзяне мэтанакіравана прымалі ўдзел у пратэстах, прыязджаючы на іх нават з іншых гарадоў.

"Я маю права памілаць таго ці іншага чалавека. І калі аблудны, калі ён памыліўся, то мы яго не толькі вызвалім ад крымінальнай адказнасці, але і адновім у ВНУ. Трэба спакойна да гэтага падысці і прафесіянальна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што гэтыя пытанні трэба вывучаць акуратна, рабіць адпаведныя высновы. "Калі ёсць такія людзі, можа, і вы ўнесяце прапановы (створыце камісію), некага трэба аднавіць. А вырашаць вы павінны перш за ўсё. Я прыму вашу прапанову", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы пра скаргі ад пацярпелых у час пратэстаў, Прэзідэнт заявіў, што гэтыя пытанні на кантролі. "Мы гэтыя скаргі аб'ядналі. Яны знаходзяцца пад кантролем пэўных груп следчых. Гэта значыць, яны не раскіданы па ўсёй краіне. І мы іх разглядаем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, такіх скаргаў некалькі соцень. "Калі сумленна, я не ведаю дэталёва, у якія гадзіны і дні гэта будзе завершана, але я ўпэўнены, што да лета мы разбяромся з усімі гэтымі скаргамі. Мне здаецца, палову (генпракурор дакладваў) ужо разабралі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Адзін са студэнтаў згадаў, што БДУ змог дасягнуць высокіх паказчыкаў у агульнавядомых сусветных рэйтынгах, і спытаў Прэзідэнта, ці варта звяртаць увагу на гэтыя паказчыкі і імкнуцца іх паляпшаць альбо гэта бессэнсоўная гонка.

"Усё гэта лухта, але прыемная", - адказаў Аляксандр Лукашэнка. Сваё меркаванне Кіраўнік дзяржавы растлумачыў прадузятасцю, якую часта праяўляюць складальнікі тых ці іншых рэйтынгаў.

Вось, напрыклад, у адным з міжнародных рэйтынгаў па бяспецы Беларусь перамясцілі амаль на сотню пазіцый, значна пагоршыўшы яе паказчыкі, хоць аб'ектыўных прычын для гэтага не было, перакананы Прэзідэнт. "Краіна не перавярнулася, бяспекі ў нас дастаткова", - сказаў ён.

"Справядліва? Лухта. Паглядзеў - непрыемна. Махнуў рукой і забыў. Таму асабліва не перажывайце наконт гэтага. Але калі недзе на першым месцы апыняцеся, то ўсюды пра гэта гаварыце, таму што гэта прыемна", - параіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы на сустрэчы са студэнцкай моладдзю расказаў, што выхоўвае дзяцей на асабістым прыкладзе, і параіў маладым людзям рабіць гэтак жа.

"Адна парада, калі вы намякаеце на тое, што я як усе бацькі. Я сваіх сыноў, асабліва малодшага, выхоўваў проста: рабіў у яго на вачах тое, што павінен рабіць ён, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта значыць, сакрэт адзін - рабі як я".

Прэзідэнт таксама лічыць, што важна здолець знайсці ў дзіцяці здольнасці і таленты і развіць іх. Але калі да нечага няма здольнасцей, не варта напружваць дзяцей, заявіў ён.

Акрамя таго, дадаў Кіраўнік дзяржавы, трэба абавязкова ўдзяляць увагу вучобе і спорту. "Калі ты невук - гэта бяда, - падкрэсліў ён. - Спорт - гэта проста на злобу дня. Дзве гадзіны ў дзень вы павінны займацца спортам, калі хочаце проста быць здаровымі".

Аляксандр Лукашэнка расказаў студэнтам, аб чым марыць Прэзідэнт Беларусі. "Пытанне вельмі банальнае, якое мне задаюць пастаянна і на якое ў мяне няма адказу", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што кожны дзень уключаны ў мноства пытанняў, якімі жыве краіна. Адпаведна, і жаданні розныя ў тых ці іншых сферах. Але галоўнае - Прэзідэнт не хоча, каб тое, што было зроблена не толькі ім, але і рукамі ўсяго народа за мінулыя гады некалі знікла, а краіна развалілася.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка прызнаўся: гатовага менавіта прэзідэнцкага адказу на пытанне аб сваіх марах у яго пакуль няма. "Але я да Усебеларускага народнага сходу вырашыў сфармуляваць адказ на гэта пытанне", - сказаў ён.