Наведванне храма Узвіжання Крыжа Гасподняга
- 24
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 студзеня ў свята Нараджэння Хрыстовага наведаў у Мінску храм Узвіжання Крыжа Гасподняга.
Кіраўнік дзяржавы па традыцыі запаліў калядную свечу, сустрэўся з удзельнікамі богаслужэння.
"Гэта светлае, добрае свята. Усе мы чакаем ад яго не толькі дабра, але і цудаў. Асаблівасць такіх, маіх любімых свят заключаецца ў тым, што кожны з нас, кожны чалавек ідзе сваёй дарогай да свайго храма. Гэта той найвялікшы здабытак, які мы з вамі маем", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён выказаў перакананне, што тыя, хто ідзе ў храм, ідуць за мірам, дараваннем, ідуць за тымі хрысціянскімі каштоўнасцямі, якія жывуць у людзях. "Больш як 2 тысячы гадоў таму Хрыстова Нараджэнне стала пэўнай кропкай адліку новай цывілізацыі, новага светаўладкавання, дзе пануюць любоў, справядлівасць, дабро і міласэрнасць. Гэтыя рысы характару асабліва ўласцівыя беларускаму народу. У кагосьці іх больш, у кагосьці менш. Але ў цэлым імкненне да сумленнасці, прыстойнасці і справядлівасці ў нас у крыві", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка згадаў і пра пандэмію, адзначыўшы, што як у першую хвалю, так і ў другую вельмі дасканала аналізуе сітуацыю. "Фактычна жыву ёю. Таму што гэта вельмі важны момант у жыцці беларускага грамадства", - сказаў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што, асабліва ў параўнанні з сітуацыяй у шэрагу іншых краін, Гасподзь беражэ Беларусь. "Гэта грамадская катастрофа. Не дай бог нам гэта перажыць. І дзякуй Яму за тое, што і ў першую хвалю хваробы, і другую Ён ахоўваў нас. Гэта сведчыць аб тым, што ў нас засталося тое святое, што было закладзена Ім (Ісусам Хрыстом. - Заўвага) больш як 2 тысячы гадоў таму", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Дай бог, каб было не горш", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што толькі разам беларускі народ можа захаваць зямлю, на якой жыве і дзе трэба жыць будучым пакаленням.
"Нам трэба ўзяць у рукі галаву і задумаца аб нашай будучыні. Менавіта ў гэты святы дзень Ён (Гасподзь. - Заўвага) адтуль папярэджвае нас, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Ён нас папярэджвае, каб мы думалі аб будучыні, думалі аб будучыні нашых дзяцей. Гэта вельмі актуальна і вельмі важна. Мы павінны разумець, што толькі разам можам выратаваць гэты кавалак зямлі, і нашы дзеці змогуць пасля нас жыць сваім розумам на сваёй зямлі. У навагоднім пасланні я ўжо сказаў аб гэтым, што мы можам страціць тое, што ёсць. І самае страшнае - мы можам гэта страціць незваротна".
"Мы зноў вернемся да того, як жылі папярэднія пакаленні. Пасля 1917-га, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, да яе. Ну не хочам мы, я гэта добра ведаю, каб нашы дзеці хадзілі ў лапцях і зноў пад бізуном. Ну не патрэбна нашым дзецям гэта!" - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Крыжаўзвіжанская царква, якую ён наведаў у гэта свята Хрыстовага Нараджэння, перш за ўсё помнік усім тым савецкім людзям і воінам - 80 тысячам - якія загінулі ў гэтым месцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. "Гэта людзі, якія не здрадзілі, якія не здаліся. Гэта людзі, якія змагаліся і гінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта вельмі важна для нас цяпер. Уся наша Беларусь, як я часта кажу, - помнік той вайне. Ну не павінны мы, беларусы, нават у дробязях гераізаваць нацызм. Не павінны мы! У імя памяці аб тых загінулых. Мы павінны свята шанаваць тых людзей, дзякуючы якім сёння жывём", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Нараджэнне Хрыстова - гэта тое свята, якое як мінімум на год наперад вызначае новае жыццё. Я вельмі хачу, каб мы не паўтарылі папярэдні год, хоць я не ганьбіў яго. Нам патрэбны быў гэты год, каб мы зразумелі, узяўшыся за розум, і падумалі над будучыняй. Каб мы ўбачылі ўсіх, хто з намі побач, каб мы дакладна вызначыліся, хто ёсць хто. Нам патрэбны быў гэты год, але ён патрэбны быў нам у мінулым. Я не хачу, каб ён паўтарыўся ў бягучым і будучым годзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён пажадаў, каб бягучы год быў лепшым за папярэдні. "І ён будзе лепшым, калі мы не проста захочам, а зробім усё неабходнае, залежнае ад кожнага з нас так, каб гэты год быў лепшым. Але самае галоўнае - беражыце адзін аднаго, сваіх родных, блізкіх", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Жыццё цяпер складанае, але я мару, каб людзі, якія жывуць хаця б у Беларусі, разумелі тую палітыку, якую мне даводзіцца ажыццяўляць. Але я рэаліст, ведаю, што вялікае бачыцца на адлегласці і ўсё пазнаецца ў параўнанні. Гэта не я прыдумаў. Гэта аксіёма", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што вакол ідуць інфармацыйныя войны і разгарнулася страшная бойка за розумы людзей. "Выкарыстоўваюць любы выпадак, нават вось гэту пандэмію. Але я вас папярэджваў яшчэ ў пачатку мінулага года: пройдзе гэта пандэмія, але дзе будзем мы ў выніку? Я вас папярэджваў, што гэтым момантам уладныя людзі пастараюцца скарыстацца. Глядзіце, сітуацыя няпростая. І нам трэба аб'яднацца, каб не страціць сваё - тое, што прыналежыць нам", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка прыгадаў і пра падзеі, што адбыліся напярэдадні ў ЗША: "Хто б мог, уладыка (мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. - Заўвага), падумаць, што сёння ў ноч (па нашым) будуць штурмаваць Капітолій - цытадэль дэмакратыі сусветнай, як яны сябе падавалі. Хто б мог падумаць? Ніхто. Хоць у гэтым ёсць нейкая справядлівасць з боку Трампа. Але гэта дрэнна. Гэта дрэнна, калі ідуць на штурм і гінуць людзі".
"Таму нам трэба сабрацца, трэба супакоіцца. Не нам, якія стаяць тут. Няхай той невялікай кучцы, якая сёння ў выхадныя ходзіць па Мінску. Я ж вас папярэджваў: дрэнна, калі яны ходзяць па вуліцы, яшчэ горш, калі яны ідуць у двары, будзе невыносна, калі яны прыйдуць у вашы кватэры. Мы не павінны гэта дапусціць, - заявіў беларускі лідар. - Таму я вас прашу толькі аб адным: каб вы мяне разумелі і не асуджалі з ходу. Пастарайцеся зразумець. Я чалавек мірны. Але я не магу дапусціць, каб нехта прыйшоў сюды і вось так адкрыта разбурыў гэту нашу мясціну (размова ідзе пра Беларусь, спакойнае і мірнае жыццё яе грамадзян. - Заўвага)".
"Мы павінны ўсе разам сабрацца і абразуміць тых, хто сёння гэтага не разумее. Нам не патрэбны ні войны, ні сутыкненні. Нам іх прынясуць, паглядзіце. Нам спакойнага жыцця не дадуць. Нас свабодна дыхаць ніхто не дазволіць, у цэнтры Еўропы. Гэта схватка. І не дай бог яна ператворыцца ў гарачую вайну на гэтай нашай тэрыторыторыі, але дзе не будуць вырашацца нашы пытанні, дзе не будзе нашых інтарэсаў. Вось гэтага дапусціць нельга. Гэта - галоўнае. І я вас прашу аб адным: каб з вашага боку было разуменне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што ў Беларусі захаваны міжрэлігійны і міжэтнічны мір. "Усім хапае месца. Гэтак і павінна быць. Нам трэба гэты мір захаваць. Мы для ўсёй планеты, усіх краін прыкладам з'яўляемся. Няма нідзе такога міру і спакою, як у Беларусі. Няма гэтай міжнацыянальнай і міжрэлігійнай бойкі. Гэта трэба захаваць", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка перадаў храму ў дар абраз Божай Маці "Спатоленне загінулых". На ім адлюстраваны вобраз Багародзіцы, якая схіляецца да немаўляці Ісуса і суцяшае яго. Гэтым Божая Маці ўвасабляе апошняе прыстанішча і апошнюю надзею для тых, хто ўжо амаль здзейсніў пагібельны крок і пераступіў парог смерці як фізічнай, так і духоўнай. Перададзены ў дар абраз выраблены ў майстэрні Свята-Лізавецінскага жаночага манастыра Мінска.
У сваю чаргу мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін уручыў Кіраўніку дзяржавы бронзавы макет храма Узвіжання Крыжа Гасподняга, сувенірны звон у памяць аб завяршэнні будаўніцтва гэтага храма, а таксама кнігу Мікалая Гаўрылава "…И отрет Бог всякую слезу".
Храм Узвіжання Крыжа Гасподняга пабудаваны ў 2020 годзе на вуліцы Ціміразева. Ён аднакупальны, у традыцыях класічнага храмавага дойлідства ў форме крыжа з невялікім баптыстэрыем (прыбудова да царквы або асобны будынак, прызначаны для правядзення хрышчэння) у цокальным паверсе. Храм уваходзіць у архітэктурны комплекс, які ўключае ў сябе ўваходную браму са званіцай, царкоўнапрыходскі дом, у якім знаходзіцца нядзельная школа і музей подзвігу савецкіх ваеннапалонных - вязняў Шталага-352 у Мінску.
Новы храм мяжуе з мемарыяльным комплексам "Масюкоўшчынскі лагер смерці". Комплекс з'яўляецца месцам для памінання больш як 80 тыс. пахаваных ваеннапалонных і мірных савецкіх грамадзян, закатаваных у нямецкім канцлагеры ў гады Вялікай Айчыннай вайны.