Цырымонія ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльных прэмій Прэзідэнта
- 32
- 13:05
Выступленне на цырымоніі ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва і прэміі "Беларускі спартыўны Алімп"
Дарагія сябры!
Сёння надзвычайны вечар. Мы ўжо ўвайшлі ў дзелавы рытм новага года, але яшчэ знаходзімся ў атмасферы светлых і добрых навагодніх і калядных свят. У атмасферы, якая шмат гадоў таму натхніла нас на стварэнне ўнікальнай прэміі "За духоўнае адраджэнне".
Цырымонія яе ўручэння - гэта адна з галоўных падзей года. Яна трывала ўвайшла ў наша жыццё як сучасная традыцыя, якая звязвае мінулае і сучаснае роднай зямлі, напаўняе асаблівым сэнсам мэты і памкненні.
Але галоўнае, з году ў год такія сустрэчы аб'ядноўваюць нас у самых лепшых і шчырых пачуццях: гонару за дастойных людзей, удзячнасці за міласэрнасць і дабрыню, мужнасць і гераізм, пакланення перад творчасцю і талентам нашых суайчыннікаў.
Мы, беларусы, народ з прыгожай душой. Я думаю аб гэтым кожны раз, калі вывучаю гісторыі поспеху і подпісваю дакументы аб узнагароджанні. Думаю, мы з уладыкам мыслім у гэты час аднолькава.
За кожным прафесійным або асабістым дасягненнем стаяць у першую чаргу працавітыя і сумленныя людзі. Людзі, якія цалкам аддаюць сябе сваёй місіі, жывуць і працуюць на карысць роднай краіны і народа. Гэта і ёсць патрыятызм. Ён у любові да дзяцей і бескарыслівым імкненні акружыць клопатам тых, каго лёс пазбавіў мацярынскай ласкі. У самаадданай барацьбе за жыццё і здароўе людзей. У беражлівым стаўленні да культурнага здабытку нацыі, нашых спрадвечных традыцый і духоўных каштоўнасцей. У абароне гістарычнай праўды, памяці герояў нашай зямлі, інфармацыйнага суверэнітэту краіны. У выхаванні маладых беларусаў у любові да сваёй краіны і гонары за сваіх продкаў. У спартыўных перамогах на славу Беларусі.
Тут як не скажаш на злобу дня аб апошніх перагаворах з Міжнароднай федэрацыяй хакея. Не паспелі яны завяршыцца, як нашы збеглыя наваліліся на лепшых нашых замежных сяброў, якія заўсёды падтрымлівалі і падтрымліваюць нас. Вельмі шкада, што ёсць сярод нас і такія. Але я хачу сказаць, калі ўжо гэта пытанне на слыху: мы гатовы да правядзення любых міжнародных (у тым ліку культурных) спартыўных спаборніцтваў. А што датычыцца чэмпіянату свету па хакеі, які мы выйгралі ў сумленнай барацьбе, я заявіў "міжнароднікам", што мы гатовы арганізаваць яго хоць заўтра. Але для гэтага яшчэ нямала трэба зрабіць. І, на жаль, давядзецца даказваць, што мы людзі, мы завёмся людзьмі і ў нас ёсць свая краіна!
Але мы гатовы размаўляць з любымі сумленнымі людзьмі. У тым ліку з апазіцыяй. Але не са здраднікамі. Мы гатовы весці дыялог з любой апазіцыяй (вы гэта бачылі і ведаеце) па любых пытаннях, пачынаючы ад канстытуцыйных змяненняў і заканчваючы будучым нашай Беларусі. Але ні перад кім мы на калені не станем!
Мы ўжо за многія-многія стагоддзі настаяліся на каленях. Хопіць. Мы ўсталі з гэтых каленяў і будзем цвёрда стаяць на сваіх нагах. Таму хачу папярэдзіць на гэтым прыкладзе ўсіх, хто яшчэ цешыцца надзеяй перавярнуць краіну: нічога з гэтага не атрымаецца.
І мы ў перагаворах з Рэнэ Фазелем сышліся на адным, што спорт павінен свет аб'ядноўваць, а не раз'ядноўваць. Вытрымаюць яны націск з боку сваіх жа палітыкаў - мы правядзём прыгожае спартыўнае свята ў нашай краіне. Можам і без Латвіі, калі яны гэтага не хочуць.
Упэўнены, што наша Беларусь, прыгожая, гасцінная і бяспечная, - лепшае месца, якое можна знайсці для ажыццяўлення ідэй алімпізму, культурных ідэй. І мы гатовы гэта зрабіць. Яшчэ раз падкрэсліваю: гатовы весці ў гэтым плане дыялог з любымі сіламі, апазіцыйнымі, не апазіцыйнымі, якія будуць працаваць на тое, каб у краіне было лепш. Нельга пабудаваць краіну і нават у Беларусі ўзяць уладу, грунтуючыся на разбурэнні. Беларусы не пацерпяць адкату назад, разбурэння. А потым, як нам абяцаюць, мы ўсё гэта пераадолеем і станем заможнымі і багатымі - так нідзе не было і не будзе. Суседнія прыклады сведчаць пра адваротнае.
Паважаныя лаўрэаты!
Вы - гонар нацыі. Менавіта такія людзі, як вы, пішуць гісторыю. Такія добрыя справы і пачынанні, як вашы, застаюцца ў памяці народа, даюць будучым пакаленням маральны i духоўны арыенцiр, вядуць да новых высокіх мэт. І летапіс жыцця беларусаў працягваецца.
Сёння, калі свет становіцца ўсё больш агрэсіўным, асабліва важна цвёрда стаяць на сваёй зямлі, памятаць, што тут стагоддзямі жыў беларускі народ i будзе жыць, усведамляць сябе адзіным цэлым з пакаленнямі розных эпох, разумець, што ў нас ёсць свой шлях. Яго пачыналі вялікія людзі. Мы яго працягваем.
І ведаючы, праз якія выпрабаванні праходзілі нашы продкі, як гераічна адстойвалі сваю зямлю ў войнах, як, не маючы дзяржаўнасці, збераглі культурныя традыцыі і духоўныя каштоўнасці, мы бачым галоўнае.
Лепшыя рысы нацыянальнага характару беларусаў - дабрыня і спачуванне, працавітасць і мэтанакіраванасць, адвага і самаадданасць, наватарства і геніяльнасць - ёсць у кожным з нас. Менавiта такiм, сапраўдным героем Беларусі, шчырым і адкрытым быў наш уладыка Філарэт, якого мы, на жаль, страцілі. Ён стаяў ля вытокаў нашага сённяшняга свята, асабiста падтрымлiваючы ўсiх лаўрэатаў сваiм благаславеннем.
У гiсторыi Беларусi Фiларэт назаўсёды застанецца прыкладам самаадданага служэння хрысцiянскiм каштоўнасцям, якiя нас аб'ядноўваюць. Паважаныя таварышы, ушануем яго памяць мiнутай маўчання.
Быць годнымі нашчадкамі нашага Фiларэта i iншых вялікіх дзеячаў тысячагадовай гісторыі роднай зямлі, захаваць сувязь часоў і эпох, якая стане апорай для новых пакаленняў, - наша агульная мэта.
Няхай узноўлены Тураўскі крыж, як і адроджаны раней крыж Еўфрасінні Полацкай, будзе яшчэ адной унікальнай святыняй, што абараняе нас на гэтым шляху. Сімвалічна, што сёння два крыжы побач на сцэне Палаца Рэспублікі. Я з асаблівым пачуццём гонару і падзякі ўручаю прэмію аўтарам узноўленай нацыянальнай святыні. А таксама іншым нашым суайчыннікам, якія сваімі добрымі і шчырымі справамі сапраўды азараюць наша жыццё святлом беларускай душы.
Яшчэ раз з Новым годам вас, дарагiя сябры, і Раством Хрыстовым!
Пасля выступлення на цырымоніі і ўручэння прэміі Аляксандр Лукашэнка зноў узяў слова.
Здараюцца нейкія добрыя моманты ў жыцці, бываюць і сумныя. І тады ты асабліва задумваешся пра сэнс жыцця. Я скажу па-народнаму: ведаеце, жыццё такое кароткае - давайце зробім усё, каб не траціць гэты час на пустаслоўе, непатрэбныя справы, тым больш на разбурэнне.
Тут, у гэтай зале, тры тысячы чалавек - надзейных, сумленных (я гэта ведаю) патрыётаў. Ад нас залежыць усё, і будучыня нашай краіны. Запомніце і звярніце асаблівую ўвагу на тое, што я сказаў у пасланні ў навагоднюю ноч. Не дай бог нам у гарачцы гэтага сусветнага вар'яцтва страціць тое, што ніколі больш мы не вернем. Страціць незваротна, загубіць уласнымі рукамі тое, што зрабілі за апошнюю чвэрць стагоддзя. Мы ж з вамі гэта зрабілі! Нельга гэта страціць.
Чытайце, думайце, аналізуйце, і толькі потым рабіце высновы. На нас, як і на ўвесь свет, і нават на тых, хто быў ініцыятарам усяго нядобрага ў нашым жыцці, абваліўся шквал хлусні, і мы павінны гэта перажыць. Мы ж гаворым пра сябе, што мы мудрыя, таленавітыя. Дык давайце будзем мудрымі і таленавітымі. Творчым работнікам, нашаму духавенству - стойкайсці, мужнасці і, самае галоўнае, ніколі не спяшайцеся. Не прыпадабняйцеся да тых так званых "творцаў", якія сёння збеглыя. Гэта ганьба. Не спяшайцеся. Гэта не значыць, што вы павінны аднолькава думаць, як я, як уладыка, як усе, хто сядзяць тут на гэтай сцэне з падарункамі. Не. Але перш чым зрабіць вывады, не спяшайцеся. Ад нашага слова вельмі многае залежыць. Не спяшайцеся, каб потым не было балюча і ганебна існаваць і жыць у гэтым грамадстве, якое мы з вамі пабудавамі. Мы павінны годна прайсці гэты шлях і зберагчы нашу краіну для будучых пакаленняў.
85 гадоў пражыў уладыка Філарэт - здавалася б, нямала. Але я ўспамінаю нашы першыя сустрэчы - гэта міг. А ў гісторыі гэта наогул нічога, нават не міг. Жыццё вельмі кароткае - беражыце адзін аднаго, паказвайце прыклад сваім дзецям, як трэба жыць, каб ім у жыцці было крыху лягчэй. Шчасця, здароўя, жывіце дружна, не сварыцеся. У нас ёсць усё. Тое, чаго няма, мы заробім. Мы можам гэта зрабіць і абавязкова зробім. Поспехаў вам!