Наведванне Кафедральнага сабора свяціцеляў Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх у горадзе Тураве
- 27
- 12:02
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Вялікдзень наведаў Кафедральны сабор свяціцеляў Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх у горадзе Тураве Жыткавіцкага раёна.
Перад цэнтральнымі варотамі сабора Кіраўніка дзяржавы сустрэлі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід і ключар сабора протаіерэй Васіль Пыцель. Пры ўваходзе ў храм Аляксандра Лукашэнку віталі дзеці мясцовых прыхаджан, паднеслі яму букет кветак і карзіну з велікодным наборам. У сваю чаргу Кіраўнік дзяржавы таксама ўручыў дзецям падарункі.
У саборы Аляксандр Лукашэнка запаліў велікодную свечку каля абраза Уваскрэсення Хрыстовага, паразмаўляў з вернікамі, якія прыйшлі ў храм. Ён перадаў у дар Кафедральнаму сабору ўзноўленую святыню - напрастольны Тураўскі крыж, што быў страчаны пасля землетрасення, якое разбурыла сабор у XIII стагоддзі. У сваю чаргу Кіраўніку дзяржавы падарылі абраз свяціцеляў Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх.
"Хрыстос уваскрэсе! Сёння я гавару гэтыя традыцыйныя велікодныя словы ў нашым Кафедральным саборы Турава з асаблівым пачуццём. Сёння ў нас гістарычны момант. Тут, як і ў Полацку, знаходзіцца калыска хрысціянства на нашай зямлі. Гэта месца - сапраўды невычэрпная крыніца веры, духоўнасці, мудрасці і адзінства беларускага народа. Народа, душа якога падобная на гэты горад. На першы погляд ён маленькі і сціплы. Але за сціпласцю стаіць больш як тысячагадовы летапіс. У ім нямала значных старонак, важных падзей, якія ўвайшлі ў гісторыю розных народаў і дзяржаў", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што Тураў - яго любімы горад: "Я вельмі люблю гэты маленькі, утульны, невялікі беларускі горад. Па памерах маленькі, а па сваёй душэўнасці, адкрытасці - гэта самы вялікі горад нашай беларускай зямлі разам з Полацкам".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што душа нашага народа, як і прыгажосць Турава, адкрываецца толькі тым, хто прыходзіць на беларускую зямлю з мірам і добрымі намерамі, людзям з Богам у сэрцы: "Аб гэтым яшчэ ў 12-м стагоддзі гаварыў наш знакаміты зямляк епіскап Кірыла Тураўскі - беларускі святы, філосаф, асветнік, духоўны настаўнік. Як кажуць сучаснікі, другі Златавуст. Вельмі мудры святы ўжо тады добра ведаў, што самыя галоўныя каштоўнасці - гэта мір, праца на роднай зямлі і абавязкова згода паміж людзьмі".
"Менавіта яна не раз дапамагала беларусам пераадолець нягоды, войны і ўзрушэнні. Дапамагае і цяпер. Нашу краіну шматразова выпрабоўвалі і зноў выпрабоўваюць на трываласць. Але, як усе бачаць, - Бог нас беражэ. Беражэ, пакуль ён у нашых сэрцах і думках", - заявіў беларускі лідар.
Перадаючы ў дар Кафедральнаму сабору напрастольны Тураўскі крыж, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў сімвалічнасць таго, што менавіта ў дзень Светлага Вялікадня ў галоўны праваслаўны храм горада вяртаецца адна з сакральных святынь Беларусі. "Дабро і святло заўсёды вяртаюцца да людзей. Нават праз стагоддзі", - сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што гэты храм з'явіўся ў Тураве адносна нядаўна, ужо ў гісторыі незалежнай краіны, а цяпер сваё пачэснае месца зойме і Тураўскі крыж. Работа над гэтым шэдэўрам ішла тры гады. "У калядныя дні, уручаючы прэмію "За духоўнае адраджэнне", у тым ліку і аўтарам узноўленай святыні, я гаварыў: жыццё такое кароткае, дык давайце не траціць яго на пустаслоўе і разбурэнне", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму як Прэзідэнту пашанцавала мець дачыненне да аднаўлення беларускіх святынь, у тым ліку крыжа Еўфрасінні Полацкай, а цяпер - Тураўскага крыжа.
"Давайце ствараць. Свой дом, свой горад, сваю цудоўную, чыстую і ўтульную Беларусь. У нашых сілах з малітвай аб Беларусі, з любоўю ў сэрцы рабіць усё, каб праз стагоддзі нашчадкі ўспаміналі пра нас з гонарам і павагай", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У прыклад ён прывёў Кірылу і Лаўрэнція Тураўскіх, Еўфрасінню Полацкую, Мітрапаліта Філарэта, якіх у ліку многіх іншых успамінаюць як самых шануемых людзей роднай зямлі.
Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да ўсіх грамадзян краіны: "Давайце ствараць будучыню! Будучыню не толькі нашу, але найперш будучыню нашых дзяцей, унукаў. Давайце рабіць усё, каб злыя духі не закранулі чарговы раз зямлю беларускую. Давайце зробім усё ад нас залежнае, каб падарыць прыйшоўшаму за намі пакаленню мір і спакой. Каб яны ў палях, на фабрыках, заводах маглі працаваць як мае быць, жыць і гадаваць сваіх дзяцей", - дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што вельмі любіць свята Светлага Вялікадня. "Я вельмі люблю гэта свята па многіх прычынах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што за доўгія гады служэння на пасадзе Прэзідэнта тыя ці іншыя пратакольныя мерапрыемствы могуць прыядацца. "А вось гэта імгненне (наведванне храма на Вялікдзень. - Заўвага) заўсёды пакідае вельмі добры след у маім сэрцы, маёй памяці. Яно кароткае, але вельмі значнае і любімае нашымі людзьмі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Мітрапаліту Веніяміну і іншым служыцелям царквы за мужнасць і стойкасць, асабліва ў канцы мінулага года. "Праваслаўная царква ў цэлым паводзіла сябе дастойна і заняла грунтоўную пазіцыю. Народ гэта ацаніў і яшчэ ацэніць. Ацэнкі наперадзе, таму што вялікае бачыцца на адлегласці, - сказаў Прэзідэнт. - Усё было няпроста. Але Бог нам дапамог, як я сказаў, пакуль мы з ім у сэрцы і нашых думках. Яшчэ раз дзякую нашай Праваслаўнай царкве за вашу мужнасць, за стойкасць. Вы сапраўды паказалі, што вы побач з народам".