Рабочая паездка ў Брагін
- 32
- 4
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка наведаў Брагін у Гомельскай вобласці.
У час рабочай паездкі Прэзідэнт даў дадатковыя даручэнні па добраўпарадкаванні і развіцці Брагіна і падобных да яго гарадкоў. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць дакладнага вызначэння зямельных участкаў, якія могуць быць запатрабаваны пад прыватнае жыллёвае будаўніцтва, добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол іх.
Аналагічна ён прапанаваў дзейнічаць і адносна іншых такіх гарадскіх пасёлкаў і невялікіх гарадоў на поўдні Беларусі, займаючыся добраўпарадкаваннем і ствараючы ўмовы для жыцця людзей.
Яшчэ адзін акцэнт - максімальна шырокае задзейнічанне мясцовай сыравіны і відаў паліва, выкарыстанне электраэнергіі.
Кіраўніку дзяржавы далажылі аб добраўпарадкаванні Брагіна. Гэтыя работы праводзіліся ў 2018 годзе ў рамках выканання даручэння Прэзідэнта аб неабходнасці на працягу пяці гадоў забяспечваць добраўпарадкаванне не менш як двух пасёлкаў гарадскога тыпу ў кожнай вобласці з улікам мясцовых асаблівасцей, па прыкладзе гарадскога пасёлка Копысь Аршанскага раёна.
У прыватнасці, атрымала развіццё сацыяльная, спартыўная інфраструктура, добраўпарадкаваны парк. "Гэта значыць, цэнтр пасёлка ідэальны", - зрабіў выснову Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым ён звярнуў увагу, што Брагін у адрозненне ад Копыся ўсё ж такі цэнтр раёна. "Узровень вышэйшы, чым Копысь. Але тым не менш элементы копыскага добраўпарадкавання павінны быць тут задзейнічаны. Там мы свабодныя зямельныя плошчы абгародзілі па 20-10-8 сотак. Чалавек прыходзіць: вось, калі ласка, купляй, будуй сабе дом. Трэба і тут так зрабіць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта далей перспектыва развіцця Брагіна і іншых маленькіх (гарадкоў. - Заўвага)".
"У гэтым плане гэта такі добры вопыт прывядзення ў парадак не толькі пасёлкаў, але і раённых цэнтраў. А можа, недзе яшчэ - у аграгарадках, больш буйных гарадах такім чынам весці забудову. На гэта трэба звярнуць увагу", - дадаў беларускі лідар.
Ён упэўнены, што калі грунтоўна падысці да гэтага пытання - стварыць пад'язныя пуці, інфраструктуру, - то такія ўчасткі будуць запатрабаваны.
"У Брагіне гэта адназначна трэба рабіць. Для такога пасёлка, як Брагін, ідэальна: цэнтр ёсць, куды людзі могуць прыйсці, заняцца спортам. Домікі акуратныя, прыведзены ў парадак. Трэба падтрымаць вось гэтыя нашы 5-6 паўднёвых раёнаў - гэта падбрушша беларускае. Нельга кідаць гэтыя землі, - падкрэсліў беларускі лідар. - Як гэтыя землі абараняць, калі тут людзей не будзе. Трэба добраўпарадкоўваць такія пасёлкі, раённыя цэнтры і аграгарадкі".
Кіраўнік дзяржавы таксама паразмаўляў з прадстаўнікамі моладзі. Была ўзнята тэма развіцця і падтрымкі аматарскага спорту ў невялікіх гарадах і населеных пунктах, падобных да Брагіна. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць гэтага напрамку, назваўшы адной з асноў ідэалагічнай работы.
У Брагіне Прэзідэнт прыняў удзел у закладцы Алеі Памяці, прысвечанай 35-й гадавіне аварыі на ЧАЭС.
Усяго на алеі ў парку гарадскога пасёлка высаджана 35 клёнаў, якія сімвалізуюць 35 гадоў з дня трагедыі. Там жа ўстаноўлены памятны знак.
У час рабочай паездкі Аляксандр Лукашэнка таксама прыняў удзел у мітынгу-рэквіеме з нагоды 35-годдзя аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што чарнобыльская аварыя прызнана самай маштабнай тэхнагеннай катастрофай у гісторыі чалавецтва. Яе наступствы закранулі больш як два дзясяткі краін, але асноўны ўдар прыпаў на Беларусь. "І сёння, праз 35 гадоў з дня трагедыі, мы сабраліся тут, прыкладна за 46 кіламетраў ад ачага выбуху, каб ушанаваць памяць герояў, якія выратавалі ад яшчэ большай трагедыі гэты Еўрапейскі рэгіён", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У ліку такіх герояў беларускі лідар назваў ураджэнца Брагінскага раёна Васіля Іванавіча Ігнаценку. "Ён увайшоў у гісторыю як камандзір, які паказаў асабісты прыклад мужнасці і смеласці пры выкананні складанай баявой задачы, як моцны духам чалавек, які, нягледзячы на атрыманыя апёкі, ратаваў і сваіх таварышаў", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. Дзякуючы зладжаным дзеянням атрада Ігнаценкі пажар на даху працуючага 4-га энергаблока атамнай станцыі быў поўнасцю ліквідаваны. Камандзіру атрада пасмяротна было прысвоена званне Героя Украіны.
"Успамінаючы Васіля Ігнаценку, мы аддаём даніну памяці подзвігу пажарных, ваенных, медыкаў, навуковых і тэхнічных супрацоўнікаў станцыі. Тых, хто цаной сваго жыцця змагаўся з агнём, аказваў першую дапамогу на месцы аварыі і ўзводзіў ахоўны саркафаг", - заявіў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што сярод ліквідатараў аварыі на ЧАЭС - 115 тыс. беларусаў, хоць не беларусы будавалі гэту станцыю, не яны яе эксплуатавалі і не па іх віне здарылася катастрофа, але менавіта яны прынялі на сябе асноўны ўдар.
"Подзвіг герояў-чарнобыльцаў уразіў свет. І справа нават не ў тым, што гэтыя людзі працавалі на мяжы сваіх магчымасцей і зрабілі ўсё, каб мінімізаваць пагрозу, а ў тым, што яны свядома ахвяравалі сабой у імя жыцця іншых, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Яны ведалі, што давядзецца працаваць ва ўмовах смяротнага ўздзеяння радыяцыі, што вялікая рызыка чарговага выбуху, і тым не менш ішлі на аб'ект і выконвалі свой абавязак. Без сумненняў і страху, у адным страі, падстаўляючы адзін аднаму плячо, так, як заўсёды гэта рабілі савецкія людзі".
"Калі б не мужнасць, вернасць абавязку і самаадданасць гэтых людзей, маштабы гэтай трагедыі - чарнобыльскай аварыі - былі б значна большыя. Подзвіг герояў, якія аддалі жыццё за бяспечную будучыню людзей Зямлі, мы ніколі не павінны забыць. Светлая памяць героям", - сказаў беларускі лідар.
"Чарнобыльская аварыя змяніла лёсы мільёнаў. Для беларускага народа яна стала нацыянальным экалагічным, эканамічным і сацыяльным бедствам", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, больш як трэць усіх радыеактыўных выпаданняў занялі амаль чацвёртую частку тэрыторыі Беларусі - гэта каля чвэрці ляснога фонду, больш за сто радовішчаў сыравіны і мінералаў, 265 тыс. га ўрадлівых зямель і 340 прамысловых прадпрыемстваў. Сумарны ўрон склаў амаль 33 бюджэты рэспублікі 1985 года. Маштаб наступстваў для здароўя людзей, як кажуць урачы, толькі яшчэ трэба вызначыць, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"У наша жыццё прыйшло страшнае паняцце "зона адчужэння". Мы ў адзін момант даведаліся, што на гэтай зямлі нельга было сеяць і збіраць ураджай, нельга было прыносіць дамоў дары лясоў, таму што яны таілі небяспеку, у рэках нельга было купацца і лавіць рыбу, у вёсцы тады было небяспечна жыць. У мірны час мы даведаліся, што такое боль страты роднай зямлі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Амаль у паўтысячы населеных пунктаў спынілася жыццё, больш як 300 тыс. чалавек страцілі свае дамы, дадаў Прэзідэнт.
Ён нагадаў, што ў свой час з-за мяжы раілі Беларусі закрыць на замок тую частку краіны, якая пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. "Але чарнобыльскі ўдар, наадварот, з'яднаў беларусаў у імкненні захаваць гэты край, зрабіў нас мацнейшымі. Мы ўспомнілі ўрок, завешчаны нашымі бацькамі і дзядамі: ніколі не здавацца і не станавіцца на калені! - заявіў беларускі лідар. - Таму кожную вясную ў гэтыя памятныя дні я заўсёды тут".
"Чарнобыльская катастрофа прайшлася катком па маім лёсе, як і па многіх лёсах людзей, якія стаяць тут (якія сабраліся на мітынг-рэквіем. - Заўвага). Тады вы думалі аб сабе, сваім лёсе, будучыні, а мне давялося думаць не толькі аб вас - аб краіне, аб велізарнай тэрыторыі. І самае цяжкае для мяне было тады - прыняць рашэнне, што мы адсюль не пойдзем. Я рабіў усё як чалавек і Прэзідэнт, каб пераканаць вас, што нельга аддаць гэты цудоўны край", - прадоўжыў беларускі лідар.
Ён упэўнены, што мінулы час даказаў правільнасць прынятага тады рашэння: "Мы правільна вырашылі не аддаць гэтыя землі. І я рады сустракацца сёння з тымі людзьмі, з якімі я бачыўся чвэрць стагоддзя таму (тады яны былі маладыя, цяпер некаторым ужо за 80), і я шчаслівы, што яны жывыя. Гэта як сімвал, як прыклад (правільнасці. - Заўвага) таго рашэння - вашага і Прэзідэнта".
"Мы будзем рабіць усё для таго, каб населеныя пункты (не толькі раённыя цэнтры, але і пасёлкі, аграгарадкі) былі ў такім вось добрым стане", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы, прывёўшы ў якасці прыкладу Брагін. Цяпер, паводле яго слоў, трэба развівацца далей. "Тут будуць жыць людзі, і будуць жыць добра. Мы для гэтага зробім максімум", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Нават у 90-я гады мы знаходзілі грошы на дапамогу пацярпелым людзям, на аздараўленне і будаўніцтва новых дамоў для адсялення, на навуковыя даследаванні і ўзвядзенне спецыялізаваных медыцынскіх цэнтраў, на аднаўленне забруджаных раёнаў", - прадоўжыў ён.
У Беларусі выкананы 5 дзяржаўных чарнобыльскіх праграм. "Паляпшаючы лугавыя землі, прыводзячы ў парадак населеныя пункты, ствараючы сучасную інфраструктуру, мы вярталі да жыцця гектар за гектарам. Сёння мы бачым, што колькасць населеных пунктаў з перавышэннем дапушчальных узроўняў радыяцыйных проб зніжаецца. Але галоўнае, мы вырабляем сельскагаспадарчую прадукцыю, якую можна спажываць. Тут жывуць людзі, ствараюцца сем'і, нараджаюцца дзеці", - сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў вялікія дасягненні па адраджэнні беларускага Палесся, але разам з тым звярнуў увагу, што наперадзе яшчэ шмат работы. У прыватнасці, размова ідзе пра распрацоўку новай праграмы з акцэнтам на стварэнне прадпрыемстваў і рабочых месцаў у пацярпелых рэгіёнах. Найбольш перспектыўнымі з гэтага пункту гледжання Прэзідэнт лічыць аграпрамысловы комплекс, лясную галіну. "Час выбраў нас - зрабіць усё, каб адрадзіць гэтыя землі. І вы ведаеце, што развіццё рэгіёна, стварэнне ўмоў для жыцця і працы людзей увесь гэты час у мяне на кантролі, і так будзе заўсёды", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Я цвёрда ведаю, што разам мы гэтыя задачы зможам вырашыць. Мы зробім усё, каб у бліжэйшай будучыні след тэхнагеннай катастрофы застаўся толькі ў гістарычных хроніках і памяці аб героях-ліквідатарах", - заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на працягу бліжэйшых пяці гадоў трэба, вытрымаўшы ўсе нападкі і націск, з якімі сутыкаецца Беларусь, сфарміраваць праграму развіцця пацярпелых рэгіёнаў, адрадзіць гэтыя землі.
"Наша пакаленне і наступнае за мной пакаленне нашых дзяцей разумеюць, што такое Вялікая Айчынная вайна, хоць і не ваявалі. Мы гэта добра ведаем. Нашы дзеці ведаюць. А вы ўпэўнены, што дзеці нашых дзяцей будуць гэтак жа востра адчуваць гэтыя праблемы? Як паказалі апошнія падзеі канца мінулага года - не ўсе, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Таму калі мы чарнобыльскую праблему не вырашым на працягу 5 гадоў, не вызначымся, што будзем рабіць у будучым, асабліва ў гэтыя 5 гадоў на гэтых землях, ніхто не вырашыць. Боль пойдзе. З нашых лёсаў пойдзе Чарнобыль. Ці застанецца ў жыцці, сэрцах і лёсах нашых дзяцей і ўнукаў гэты боль, сказаць цяжка. Таму, чаго б нам ні каштавала, мы павінны зрабіць усё, каб, адрадзіўшы землі, удыхнуць у іх сапраўднае жыццё".
Менавіта для гэтага Прэзідэнт наведвае пацярпелыя рэгіёны і знаёміцца з сітуацыяй у іх, аблятаючы тэрыторыю на верталёце. "Калі ўзнімаешся над гэтымі рэгіёнамі, да слёз балюча, што гэтыя землі маглі б застацца недагледжанымі, што яны маглі б знікнуць", - прызнаўся Кіраўнік дзяржавы.
Асаблівую ўдзячнасць ён выказаў тым людзям, хто вырашыў прадаўжаць жыць у пацярпелых рэгіёнах. "За гэта ад імя беларускага народа прыміце самыя добрыя мае пажаданні і глыбокую ўдзячнасць за вашу мужнасць. Вы не разумееце, які подзвіг вы здзяйсняеце, пражываючы тут, адраджаючы землі і гадуючы дзетак. Нізкі вам паклон. Вялікая вам удзячнасць. І мы зробім усё, каб гэты край адрадзіць", - заявіў беларускі лідар.
Ён таксама заклікаў беражліва захоўваць памяць аб ліквідатарах аварыі на ЧАЭС: "Не забывайце іх. Гэта героі, якія ведалі, што яны памруць у мірны час. Вы ўяўляеце, што такое паміраць у мірны час? Закрываць сэрцамі і жыццямі нечыя касякі (не наша гэта была трагедыя). Яны ішлі і паміралі. Яны дастойныя таго, каб мы не проста пра іх памяталі, а прыходзілі сюды і прыводзілі сваіх дзяцей, каб яны разумелі, што такое жыццё, і цанілі яго".
У час мітынгу-рэквіема адбылася мінута маўчання ў памяць аб подзвігу герояў-ліквідатараў Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, былі ўскладзены кветкі да бюста Васіля Ігнаценкі ў цэнтры Брагіна.
Пасля гэтага Кіраўнік дзяржавы цёпла пагутарыў з мясцовымі жыхарамі, заклікаўшы іх таксама прымаць актыўны ўдзел у адраджэнні і развіцці сваіх зямель. Ён закрануў тэму пандэміі, расказаў аб ходзе вакцынацыі насельніцтва, распрацоўцы айчыннай вакцыны, запэўніўшы, што робіцца ўсё неабходнае для таго, каб абараніць людзей.
Аляксандр Лукашэнка ў размове з людзьмі выказаўся і па грамадска-палітычнай тэматыцы, заклікаўшы заўсёды мірна і спакойна абмяркоўваць тыя ці іншыя праблемныя пытанні. "Сабраліся, абмеркавалі, пагаварылі без бойкі. Таму што камусьці гэта бойка патрэбна. Камусьці патрэбны хаос (вы ведаеце каму) на гэтай зямлі, - сказаў ён. - Жывіце мірна. Яшчэ раз гавару: вы не пашкадуеце, што засталіся тут".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як у першыя гады яго прэзідэнцтва размова ішла аб стварэнні Палескай народнай рэспублікі, гэта значыць аб раз'яднанні на часткі Беларусі. І калі б гэта ўдалося, то ні аб якім аднаўленні чарнобыльскіх зямель размовы не было б. "Нам удалося захаваць гэтыя землі толькі дзякуючы таму, што мы з усёй краіны збіралі гэтыя грошы і накіроўвалі іх сюды", - адзначыў Прэзідэнт.
"Цяпер зноў хочуць папалам падзяліць Беларусь. Не атрымаецца! І нават без мяне не атрымаецца. Усё, мы ўжо зразумелі, што ў нас ёсць свая зямля і свая краіна, і мы нікому яе не аддадзім", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
У час рабочай паездкі ў Брагін Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду па адраджэнні чарнобыльскіх зямель на поўдні Беларусі з удзелам кіраўнікоў раёнаў, землі якіх знаходзяцца ў межах гэтых тэрыторый.
Размова ў першую чаргу - аб эфектыўным выкарыстанні і ўключэнні ў абарот зямель Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка і вакол яго, аб чым Прэзідэнт пачаў размову яшчэ 24 красавіка ў Нараўлянскім раёне. "Асноўная прычына: мы павінны выпрацаваць, я яе так разумею, завяршальную, канчатковую праграму адраджэння гэтых зямель. Як мы яе часта называлі, ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Канчаткова. Чаму цяпер наспела такая неабходнасць і нават магчымасць? Таму што мы пражылі 35 гадоў пасля чарнобыльскай катастрофы і на практыцы зразумелі, якім шляхам нам трэба не тое што ісці, а аднаўляць жыццё", - сказаў Прэзідэнт, тлумачачы прычыну правядзення нарады.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час, усяго праз некалькі гадоў пасля катастрофы, многія на гэтым спрабавалі рабіць палітыку, мусіруючы тэму. Больш таго, многія рашэнні прымаліся "наўдачу". "І нам хапіла розуму тады пакрыху, крок за крокам (заняцца адраджэннем і развіццём пацярпелых зямель. - Заўвага). Мы людзей падтрымлівалі. Рабілі ўсё для таго, каб разабрацца, што адбываецца, выратаваць людзей і выратаваць гэтыя землі. Мінула 35 гадоў, мы бачым, што дрэнна, ад чаго трэба адыходзіць і што трэба рабіць, каб вырашыць галоўную задачу. А галоўная задача для нас - адрадзіць гэтыя землі. Гэта галоўнае", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Гэта праграма павінна быць праграмай адраджэння зямель, мэтай якой павінна быць аднаўленне таго ўзроўню, як было да Чарнобыля. З некаторымі асаблівасцямі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, не варта імкнуцца аднавіць невялікія вёскі, і гэта не трэба рабіць: "Нам трэба вызначыцца, як мы гаварылі ў Нароўлі, дзе будуць жыць людзі. А гэта раённыя цэнтры (яны ёсць) і аграгарадкі, якія ў прынцыпе існуюць. Трэба сканцэнтравацца на гэтых аграгарадках".
Адна з перспектыўных сфер для развіцця гэтых тэрыторый - лесанарыхтоўка і дрэваапрацоўка. "Але першачарговым чынам нам трэба высадзіць лес на свабодных плошчах, а іх нямала. Шмат такіх участкаў", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Зразумела, будуць удзяляць увагу і сельскай гаспадарцы, якая займае значнае месца ў эканоміцы гэтых раёнаў.
"Поўдзень нашай краіны - мы павінны падумаць, што будзем рабіць. Аж да таго, што, як мы некалі планавалі, з Жыткавіч чыгунку кінуць да Ельска, закальцаваць. Цяпер палічым, калі яна хаця б за 10-12 гадоў акупіцца, гэта трэба рабіць, каб уключыць гэты рэгіён. Ну і іншыя дарогі трэба падцягваць. Словам, трэба аднаўляць раён, вызначыцца, дзе будуць жыць людзі. Мы павінны разумець, якія прадпрыемствы там пабудаваць, якія будуць рабочыя месцы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Стаіць задача выпрацаваць адпаведную праграму да верасня.