Наведванне холдынга "Планар"

  • 24
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 сакавіка наведаў холдынг "Планар" у Мінску.

Адразу пасля прыбыцця Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на ўнушальныя плошчы, занятыя ў Мінску прадпрыемствамі холдынга, і спытаў кіраўніцтва "Планара" аб планах па развіцці вытворчай пляцоўкі.

Прэзідэнту далажылі аб стратэгіі развіцця прадпрыемстваў холдынга, рабоце па імпартазамяшчэнні, супрацоўніцтве ў гэтым плане з Расійскай Федэрацыяй. Шэраг планаў у гэтым напрамку паспяхова ўжо рэалізаваны.

Асаблівую ўвагу на прадпрыемстве ўдзяляюць вытворчасці фоташаблонаў, без якіх немагчыма зрабіць ніводную мікрасхему. Прадукцыя самай высокай якасці па сусветных стандартах. Напрыклад, прадпрыемства робіць у гэтым напрамку сем відаў асноўнага абсталявання, і па кожным у яго ад аднаго да пяці канкурэнтаў з краін Еўрасаюза, ЗША, Японіі.

Па выніках работы ў 2022 годзе аб'ём выручкі ад рэалізацыі прадукцыі склаў каля Br57,5 млн (на 21% вышэй за ўзровень 2021 года). Чысты прыбытак дасягнуў амаль Br26,4 млн (пры заданні Br12,2 млн). Рэнтабельнасць продажаў склала амаль 13%. За мінулы год "Планар" нарасціў аб'ёмы экспарту на 70%.

Узровень лакалізацыі ў холдынгу знаходзіцца ў межах 60-80%. "У нас свая вытворчасць аптычная поўнасцю, апрацоўка каменю і дакладная механіка таксама свае", - растлумачыў генеральны дырэктар "Планара" Сяргей Авакаў.

Яшчэ адзін напрамак для далейшага развіцця - выпуск паўправадніковых пласцін. Вядзецца работа над абнаўленнем вытворчай базы ў кааперацыі з партнёрамі. Важна не проста вырабіць тую ці іншую прадукцыю, але зрабіць яе максімальна кампактнай і эфектыўнай. Лік тут ідзе на нанаметры, ад якіх залежыць як прадукцыйнасць, так і канчатковы кошт прадукцыі.

"Самае галоўнае - ведаць куды ісці і што рабіць", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт наведаў вытворчыя памяшканні, дзе яму далажылі аб найбольш запатрабаванай прадукцыі холдынга і перспектыўных распрацоўках. Шэраг установак, прадэманстраваных Прэзідэнту, з'яўляюцца найлепшымі ў свеце ў гэтай катэгорыі. Акрамя вытворчых пытанняў, абмяркоўвалася таксама забеспячэнне кадрамі. Кіраўнік дзяржавы пытаўся, ці дастаткова кваліфікаваных кадраў і як вырашаецца пытанне папаўнення гэтага рэзерву маладымі спецыялістамі.

На базе холдынга "Планар" Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду аб перспектывах развіцця мікраэлектронікі.

Адкрываючы нараду, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння развіццю мікраэлектронікі ў свеце, у тым ліку на постсавецкай прасторы, удзяляецца вялікая ўвага. "Не асноўныя прычыны, але немалаважныя - барацьба за гэтыя вытворчасці і рынкі з'яўляецца прычынай ваенных сутыкненняў. Настолькі важны гэты спектр і частка эканомікі. І я хацеў бы сёння разам з вамі прадметна абмеркаваць далейшую стратэгію і тактыку развіцця айчыннай мікраэлектронікі", - сказаў беларускі лідар.

"Месца сённяшняй нашай сустрэчы сімвалічнае і гістарычнае. Менавіта тут, на "Планары", у 60-я гады мінулага стагоддзя быў створаны мозг і сэрца мікраэлектронікі Савецкага Саюза", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым таксама згадаў незвычайную гісторыю. Знакаміты ўраджэнец Беларусі нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў неяк расказваў, што ў 1980-я гады сустракаўся з міністрам электроннай прамысловасці СССР Уладзіславам Калеснікавым і той прызнаваўся: "Прачнуўся сёння ў халодным поце, прыснілася, што "Планара" няма, а калі няма "Планара" - няма больш у СССР электроннай прамысловасці".

"Гэтым усё сказана. Гэта было сапраўды сэрца электроннай прамысловасці. Тут былі сканцэнтраваны асноўныя мазгі электроннай прамысловасці Савецкага Саюза. Гэта была абсалютная праўда, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Калі стваралася гэта прарыўная галіна, інтэлектуальна і фінансава яе маглі пацягнуць Амерыка, Савецкі Саюз і Японія". Тады ў нас працавалі яшчэ сумежныя прадпрыемствы (у Расіі, Прыбалтыцы), але мазгавы цэнтр, сэрца было тут - у Беларусі".

У ліхія гады перабудовы і постперабудовы захаваць гэты здабытак, нават не нацыянальны, а сусветны, удалося толькі Беларусі, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Я добра памятаю, як мяне ўгаворвалі прадаць, закрыць гэтыя прадпрыемствы: купім, завязём усё з Захаду. Дзякуй богу, як бы гэта ні было цяжка, краіна захавала і "Планар", і "Інтэграл", і БелОМА, і "Гарызонт", і віцебскі "Маналіт". Але самае галоўнае - навуковую інфраструктуру ў гэтай навукаёмістай галіне. 30 гадоў мінула. Мы бачым што? У барацьбе за перадзел свету вызначальнае значэнне маюць тэхналогіі. Той, хто валодае імі, здольны не толькі выстаяць, але ўстанавіць у будучым свае правілы гульні. Так званы цывілізаваны, дэмакратычны заходні свет без усялякага сораму выкарыстоўвае тэхналагічныя рычагі ўздзеяння, уводзячы санкцыі, спрабуючы паставіць на калені непажаданыя дзяржавы - сваіх канкурэнтаў", - заўважыў Прэзідэнт.

Але навука не стаіць на месцы, вучоныя кааперуюцца. У развіцці мікраэлектронікі ўжо нельга толькі канкурыраваць і замыкацца ў нацыянальных граніцах, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Беларускія вытворцы і сёння займаюць сваю нішу на сусветным рынку. І гэта нягледзячы на глабальны трэнд у бок ужо нават не мікра-, а нанаэлектронікі, калі з'явіліся некалькі ігракоў, якія валодаюць тэхналогіямі каля чатырох нанаметраў. Нашы даволі буйныя мікрасхемы застаюцца запатрабаванымі. Яны надзейныя, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Але, як я разумею, нам трэба ад гэтых вялікіх мікрасхем рухацца ў гэты бок - у гэтыя маленькія нанаметры".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў кааперацыі з айчыннай грамадзянскай і абароннай прамысловасцю ў Беларусі ствараюцца ўнікальныя прадукты. Гэта беспілотнікі, робаты, станкі з лікавым праграмным кіраваннем, прынцыпова новыя віды ўзбраенняў, бытавая тэхніка сусветнага ўзроўню і многае іншае. 

"Таму поле для работы і далейшага развіцця ў нас велізарнае. Па-першае, Расія. Наша краіна валодае ўсімі неабходнымі кампетэнцыямі, каб задаволіць патрэбнасці расійскага рынку пасля выхаду адтуль заходніх прадпрыемстваў. Гэта шанц. І мы яго павінны выкарыстаць. "Расатам", " Раскосмас", "Расэлектроніка". Аб'ёмы партнёрскіх пагадненняў павінны толькі расці", - паставіў задачу Прэзідэнт. 

Паводле яго слоў, каласальны інтарэс да беларускай мікраэлектронікі праяўляюць і інвестары. "Мой нядаўні візіт у Зімбабвэ, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты - прамое таго пацвярджэнне. З намі гатовы супрацоўнічаць і хочуць інвесціраваць у развіццё нашай прамысловасці, у тым ліку мікраэлектроннай. Прытым аб'ёмы грошай нават не абмяркоўваюцца, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Добрыя фінансавыя ўкладанні - гэта магчымасць карэннай мадэрнізацыі вытворчай базы, распрацоўкі новых тэхналогій і, як вынік, павелічэнне экспарту".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што вучоныя, канструктары і практыкі павінны разумець, як і ў якім напрамку развівацца. "Калі ў нас такія людзі ёсць, то грошы для гэтага заўсёды знойдуцца. А такія людзі ёсць", - дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Беларусь і Расія сфарміравалі пералік крытычна важнай электроннай кампанентнай базы, беларускія прадпрыемствы пачалі першыя пастаўкі.

У чэрвені 2022 года Прэзідэнт праводзіў ужо нараду па пытаннях развіцця айчыннай мікраэлектронікі. Тады былі вызначаны асноўныя напрамкі з улікам кампетэнцый і магчымасцей беларускіх вытворцаў ва ўмовах санкцыйнага націску. "Як мне дакладваюць, ужо ёсць некаторыя зрухі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Сумесна з расійскім бокам сфарміраваны пералік крытычна важнай кампанентнай базы, якая будзе вырабляцца на беларускіх прадпрыемствах, распрацавана дарожная карта па яе асваенні. "Шэраг элементаў для расійскіх прадпрыемстваў мы пачалі пастаўляць ужо. Падпісана пагадненне аб стварэнні сумеснага беларуска-расійскага цэнтра па распрацоўцы і вырабе фоташаблонаў. Ён дасць магчымасць выконваць сумесныя доследна-канструктарскія работы, знізіць залежнасць беларускіх і расійскіх спажыўцоў ад імпартных паставак", - расказаў Прэзідэнт.

Урад таксама зацвердзіў праграму развіцця мікраэлектроннай прамысловасці Беларусі да 2030 года. Кіраўнік дзяржавы папрасіў далажыць, наколькі падлічаны і амбіцыйныя перспектывы і ўзятая планка ў далейшым развіцці галіны. "Што неабходна для стварэння вытворчасці больш высокага тэхналагічнага ўзроўню? Інвестары, гатовыя фінансаваць праекты, нагадаю, ёсць. Таксама хачу даведацца, як ідзе работа па асваенні пераліку неабходных для расійскай прамысловасці электронных кампанентаў", - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Віцэ-прэм'ер Пётр Пархомчык заявіў на нарадзе, што Беларусь да 2030 года разлічвае больш як у тры разы нарасціць аб'ём выручкі ад рэалізацыі мікраэлектроннай прадукцыі.

"Сумарны аб'ём выручкі ад рэалізацыі прадукцыі айчыннай мікраэлектронікі і электроннага машынабудавання ў 2025 годзе вырасце да $200 млн. Да 2030 года дасягне $330-350 млн. І павялічыцца ў параўнанні з 2021 годам у 3,3 раза. Хачу падкрэсліць, што гэтыя паказчыкі з'яўляюцца праграмай-мінімум", - сказаў віцэ-прэм'ер.

Ён далажыў, што даручэнні Кіраўніка дзяржавы, дадзеныя ў чэрвені 2022 года на нарадзе па пытаннях развіцця айчыннай мікраэлектронікі, выкананы. Зацверджана праграма развіцця мікраэлектроннай прамысловасці Беларусі да 2030 года. Сумесна з расійскім бокам вызначаны пералік неабходных электронных кампанентаў і ўзгоднена дарожная карта развіцця мікраэлектроннай вытворчасці. Створаны расійска-беларускі цэнтр фоташаблонаў.

Акрамя таго, выконваецца комплекс мер па забеспячэнні мікраэлектроннай галіны кваліфікаванымі кадрамі. Навуковае забеспячэнне галіны ажыццяўляецца НАН Беларусі. Цяпер створаны інавацыйна-прамысловы кластар, якім вызначаны перспектыўныя напрамкі даследаванняў і распрацовак па стварэнні вытворчасцей і вырабаў мікраэлектронікі.

"Самае галоўнае, што мяне непакоіць: каб вучоныя, канструктары і практыкі разумелі, што трэба рабіць і куды ісці. Калі ў нас такія людзі ёсць, то грошы для гэтага заўсёды знойдуцца. А такія людзі ёсць", - адзначыў на нарадзе Аляксандр Лукашэнка.