Удзел у спартыўным свяце "Мінская лыжня" ў Раўбічах
- 43
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 лютага прыняў удзел у штогадовым спартыўна-масавым мерапрыемстве "Мінская лыжня" ў рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы".
У праграму мерапрыемства ўвайшлі біятлонныя эстафетныя гонкі розных каманд, у тым ліку каманды вышэйшых органаў улады, цэнтральных апаратаў сілавых міністэрстваў і ведамстваў, рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і аматарскіх каманд.
Каманда Прэзідэнта першая прыйшла да фінішу ў біятлоннай эстафетнай гонцы сярод каманд вышэйшых органаў улады на "Мінскай лыжні".
У склад дружыны Кіраўніка дзяржавы ўвайшлі вядомыя беларускія спартсмены Сяргей Новікаў, Людміла Калінчык і Вольга Назарава. На гэты раз у спартыўным мерапрыемстве "Мінская лыжня" каманда Прэзідэнта выступала па-за конкурсам. Можна сказаць, што гэта быў своеасаблівы майстар-клас ад знакамітых спартсменаў і ўласны прыклад Прэзідэнта, каб усім беларусам паказаць, наколькі важна ўдзяляць увагу фізкультуры і спорту, прытрымлівацца правіл здаровага ладу жыцця.
У бягучым годзе ўдзельнікам "Мінскай лыжні" давялося дэманстраваць не толькі добрую фізічную падрыхтоўку, але і валявыя якасці. Складаныя ўмовы надвор'я, моцны вецер і мокры снег, пераходзячы ў дождж, сталі сапраўдным выпрабаваннем для сілы волі членаў каманд, праверкай іх імкнення да перамогі.
У выніку ў тройцы лідараў, якія занялі месцы на п'едэстале ў рамках афіцыйнага заліку сярод каманд вышэйшых органаў улады, - каманды Камітэта дзяржаўнага кантролю, Нацыянальнага алімпійскага камітэта і Мінгарвыканкама.
З трыбун усіх удзельнікаў лыжні на працягу ўсёй эстафеты актыўна падтрымлівалі балельшчыкі. З імі коратка паразмаўляў і Кіраўнік дзяржавы. Ён цёпла вітаў прысутных, пажадаў ім міру і дабрабыту, гадаваць дзяцей і далучаць іх да фізкультуры і спорту.
Пасля ўдзелу ў біятлоннай эстафетнай гонцы Кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні прадстаўнікоў СМІ.
Журналісты папрасілі Прэзідэнта падзяліцца ўражаннямі ад лыжні, на што ён адказаў: "Лепшых спаборніцтваў у Беларусі няма, чым наша аматарская традыцыйная лыжня. Я вам раю, каб зразумець знутры гэта мерапрыемства, стаць на лыжы і паспрабаваць пабегаць тут. Асабліва ў такіх дзікіх умовах. Вось тады вы зразумееце, што гэта такое. Менавіта на гэтай трасе, калі мокры снег, калі лыжы не слізгочуць, тармозяць, а тут яшчэ страляць трэба".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на пачатак спаборніцтваў надвор'е было адно, а затым дождж пайшоў са снегам. "А калі свежы снег выпадае, гэта наогул самае цяжкае. Учора прыйшоў сюды паглядзець трасу, такі снег валіў... Сёння яшчэ цярпіма ў параўнанні з учарашнім", - заўважыў ён.
Гаворачы пра важнасць правядзення такіх масавых спартыўных свят, Прэзідэнт падкрэсліў: "Людзі ўбачылі, што гэтым трэба займацца".
"На лыжах трэба хадзіць і за сабой цягаць дзяцей", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. "Ты ідзеш, няхай дзіця ідзе за табой, няхай вучыцца", - параіў Прэзідэнт, звярнуўшы ўвагу, што ўсе яго сыны займаюцца спортам.
У цэлым гаворачы пра карысць спорту, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Гэта здароўе, менш будуць хварэць. Менш будзеце верыць у пандэмію і розныя вірусы. І наогул хваробы вас закранаць не будуць. Асабліва дзяўчат, якім трэба нараджаць траіх і больш дзяцей".
Прэзідэнт выказаў меркаванне, што сённяшняе спартыўнае свята атрымалася добрым.
Адно з пытанняў датычылася зменлівай рыторыкі міжнародных спартыўных арганізацый. Напрыклад, МАК і яго прэзідэнт Томас Бах цяпер гавораць аб тым, што нібыта беларускія і расійскія спартсмены могуць удзельнічаць у спаборніцтвах пад нейтральным сцягам, у тым ліку на Алімпіядзе. Але шэраг краін заяўляюць аб намеры байкатаваць у гэтым выпадку такія спаборніцтвы. "Нейтральны сцяг, нейкія яшчэ дадатковыя ўмовы. На ваш погляд, што наогул з гэтага для нас прымальна?" - пацікавіліся ў Аляксандра Лукашэнкі.
"Для нас непрымальна не ўсё. Але, зноў жа, уважліва сачыце: маскі скінуты. МАК, Бах гаварылі аб тым, што мы можам. Калі можам - прымайце рашэнне! Чаго вы там цялёпкаецеся? Сабралася гэта "кодла"... Не хачу груба гаварыць, - ведаюць, хто. І пачынаюць (абмяркоўваць. - Заўвага): могуць - не могуць, - сказаў беларускі лідар. - Справа сёння не ў сімвалах, не ў сцягах, не ў гімнах. Гэта важна. Справа ў хлопцах і дзяўчатах, якія прысвяцілі сваё жыццё спорту. Яны ж калечаць лёсы людзей. І Бах - ён жа вялікі спартсмен. Ён што, не разумее, што значыць спартсмена пазбавіць удзелу? Прытым ні за што. На роўным месцы. Яны што, бандыты, яны недзе ваявалі? Яны выходзілі на плошчу і крычалі: "Давай вайну, давай забівай"? Яны ж гэтага не рабілі. Пры чым тут яны (спартсмены. - Заўвага)?"
"Проста ідзе націск па ўсіх напрамках. Тэма галоўная - задушыць нас з Расіяй, каб ніколі не ўзніклі дзесьці, каб нас не было на гэтай планеце, каб наша цывілізацыя знікла наогул. Гэтаму не бываць! Проста мярзотнікі! Інакш нічога не скажаш", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама пракаменціраваў фэйкавыя ўкіды аб стратэгіі Расіі адносна Беларусі, што нібыта звязана з паглынаннем да 2030 года.
"У нас ёсць свая стратэгія? Ёсць. У Расіі (ядзерная вялікая дзяржава) ёсць свая стратэгія? Ёсць. І ў Расіі адносна Беларусі ў тым ліку ёсць свая стратэгія - жыць, як са сваімі братамі, у міры і дружбе. 100 працэнтаў. Я ў гэтым "катле" поўнасцю варуся і ўдзельнічаю ў гэтым", - заявіў беларускі лідар.
"Нас проста хочуць яшчэ раз рассячы. Таму ўзнікла гэта тэма. Нічога жывога ў гэтым няма. Маю пазіцыю вы ведаеце, яна нязменная: мы незалежная суверэнная дзяржава. Будучы незалежнай, суверэннай, з Расіяй хто побач стаіць? Ніхто, акрамя Беларусі. Што яшчэ трэба?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што ўсе гэтыя пытанні Прэзідэнт Расіі разумее гэтак жа. "Вось у апошнюю сустрэчу мы з ім доўга абмяркоўвалі гэтыя пытанні, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Адкрыю сакрэт: учора мы ўвечары з ім доўга размаўлялі на розныя тэмы. У нас адносіны дай бог, каб заўсёды былі такімі. І пасля мяне, каб яны былі такімі. І каб нашы дзеці жылі ў такіх умовах. Таму не слухайце гэту брахню і балбатню. Яна спароджана, каб нас раскалоць".
Што датычыцца ўкіду наконт стратэгіі Расіі, Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што тры гады таму мог быць такі дакумент, калі абмяркоўвалася фарміраванне інтэграцыйных карт, а цяпер саюзных праграм. "Калі мы да гэтага падыходзілі, розныя былі пункты гледжання. Нехта так гаварыў, нехта гэтак. Можа, нейкія чыноўнікі, група людзей, прапаноўвалі ў Адміністрацыі Прэзідэнта (Расіі. - Заўвага), якім шляхам будзем ісці з Беларуссю", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэтак жа і ў Беларусі гучалі розныя меркаванні і прапановы, экспертамі, дэпутатамі вылучаліся розныя ідэі. "Я іх чую. Розныя былі прапановы. Аж да ўваходжання Расіі ў склад Беларусі. Помніце, я казаў, калі мне: "Вось, трэба, каб Беларусь увайшла ў склад Расіі". Чаму ў склад Расіі? Няхай Расія ўвойдзе ў склад Беларусі. Помніце, у 2019-2020 гадах", - нагадаў беларускі лідар рыторыку мінулых гадоў.
"Але не гэта галоўнае. Дзе яны былі тры гады (аўтары цяперашняга фэйку. - Заўвага)? Дакумент стары. Прытым яго ніхто не хаваў, напэўна. Дзе яны былі? Чаму не гаварылі раней?" - паставіў пытанне беларускі лідар.
Прэзідэнт упэўнены, што ўсё гэта робіцца цяпер у мэтах ускалыхнуць і расхістаць Беларусь напярэдадні асноўнага электаральнага 2024 года (выбары дэпутатаў усіх узроўняў, УНС) і прэзідэнцкіх выбараў у 2025-м. "Трэба цяпер пачынаць расхістваць. Гэтыя ж збеглыя - яны там (за мяжой. - Заўвага). Трэба новенькіх падрыхтаваць. Цяжкавата, праўда, з фінансаваннем. Цяпер жа мы за гэтым глядзім уважліва. Вось таму пачалі паціху расхістваць, яшчэ знойдуць нейкія тэмы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама звярнуў увагу, што гэта тэма адначасова ўзнікла ў самых розных рэсурсах, што сведчыць аб тым, што была дадзена каманда. "Вось у чым пытанне. Нас чарговы раз хочуць расцягнуць, разарваць", - перасцярог Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы расказаў аб намеры ў бліжэйшы час яшчэ раз грунтоўна давесці інфармацыю аб усіх 28 саюзных праграмах з Расіяй. Галоўныя з іх датычацца мытнай і падатковай сфер.
Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад з акцызамі на цыгарэты. "Так, расіяне нам кажуць: калі вы хочаце па цыгарэтах агульны рынак, калі вы хочаце на нашым рынку прадаваць свае цыгарэты, ну давайце выраўнуем цэны. Гэта ж правільна. Нават калі мы акцызы павысілі на цыгарэты, мы што, у чалавека кавалак хлеба адабралі? - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка, заклікаўшы да здаровага ладу жыцця і адмовы ад курэння. - Дык скажыце, што мы тут пры гэтым страцілі? Даходы ў бюджэт павысілі за кошт другараднага тавару, без якога чалавек можа абысціся".
Гэтак жа і па мытных справах. Напрыклад, у Беларусі ўжо даўно працавала група з трох дзясяткаў расіян, якія ўзаемадзейнічалі з беларускімі мытнікамі па профільных пытаннях: "Цяпер дамовіліся: мы гэту групу дзелім папалам - 15 нашых, 15 іх. І выключна кансультацыйныя паслугі. Што дрэннага, калі суперспецыялісты будуць у гэтай групе і будуць нам, ім падказваць, як весці мытныя справы?"
Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што калі яшчэ абмяркоўваліся інтэграцыйныя карты, то ў выніку прынята было рашэнне адмовіцца пакуль ад усяго, што выклікала насцярожанасць, што бакі ў гэты момант не маглі рэалізаваць. І гэта прапанова зыходзіла ў тым ліку ад Прэзідэнта Расіі.
"Усё астатняе - гэта нам выгадна. Гэта нам у плюс", - падкрэсліў беларускі лідар.
Больш таго, калі абмяркоўваліся падатковыя і мытныя праграмы, шмат было спрэчак і прапаноў, але ў выніку вырашылі ўзяць адзін у аднаго лепшы перадавы вопыт.
Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў, пракаменціраваў нападкі і правакацыі адносна прадстаўнікоў Беларусі і Расіі на міжнародных пляцоўках. Напрыклад, зусім нядаўна на пасяджэнні ПА АБСЕ латвійскі дэпутат абразіў расійскага ў зусім недыпламатычных выразах, былі правакацыі і ў адносінах да Андрэя Савіных - парламентарыя з Беларусі.
"Ну ён дастойна вытрымаў", - заўважыў беларускі лідар.
Больш таго, Генасамблея ААН рыхтуе чарговую антырасійскую рэзалюцыю. "Ці патрэбны нам наогул такія міжнародныя пляцоўкі і ў прынцыпе дыялог з Захадам", - спыталі журналісты ў Кіраўніка дзяржавы.
"Вы ведаеце, патрэбны. Па адной такой яшчэ важнай прычыне, што яны чакаюць, што мы пойдзем адтуль (з міжнародных пляцовак. - Заўвага). Ніколі не трэба рабіць так, як хоча твой вораг або праціўнік. Гэта аксіёма. Таму мы адтуль не пойдзем. Яны не нас абразілі і не расіян. Яны паказалі свой твар чарговы раз, - адзначыў беларускі лідар. - Хто ён такі - гэты латыш або літовец? Каго вы абражаеце. Вы абражаеце рускага, беларуса, якія вас ад карычневай чумы выратавалі. Хаця б аб гэтым падумалі. Але яны аб гэтым не думаюць, што тут гаварыць…"
"Няхай вішчаць, няхай крычаць. Мы павінны ісці сваёй дарогай, сваім шляхам. Сабака брэша - караван ідзе. Вось па гэтым прынцыпе мы павінны жыць і працаваць. Не звяртаць увагі і нават не каменціраваць. Паказваць іх нахабнасць і ідыятызм. Усё. Больш нічога не трэба", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца міжнародных пляцовак, Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад ААН, дзе моцныя дзяржавы, у прыватнасці ЗША, часта націскаюць на меншых у пытанні іх галасавання, выкарыстоўваючы для гэтага фінансавыя інструменты. "Я шмат разоў быў у ААН і бачыў гэта. Гэта арганізацыя - пляцоўка, дзе можна пагаварыць, нешта абмеркаваць. Ні разу ж не прынялі нармальнага рашэння, выгаднага для… Добра, не па вайне. Няхай бы беднасць зменшылі ў свеце. Няхай бы гаротнікам нейкім дапамаглі, працавалі хаця б па гуманітарных пытаннях. Але ўсюды разыходжанні", - канстатаваў беларускі лідар.
Ён звярнуў увагу, што нават калі Расія і Беларусь уносяць рэзалюцыю па пытаннях бяспекі, то амерыканцы ды іншыя галасуюць супраць. "Ну гэта нонсэнс", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"А АБСЕ, што пра яе гаварыць…" - прадоўжыў беларускі лідар. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што як бы ні складвалася сітуацыя ў той ці іншы перыяд у Іраку, Сірыі, Афганістане або Украіне, на вышэйшым узроўні няма нават жадання сабрацца і пагаварыць.
"Захад гэтага не хоча. Захад не хоча гэтай размовы. Я ж прапаноўваў: давайце збяромся, пагаворым, калі ў Афганістане, Сірыі вайна пачалася. Кіраўнікі дзяржаў павінны збірацца. Я двойчы ці тройчы быў на такіх нарадах. Дык цяпер нават збірацца не хочуць. На ўзроўні міністраў замежных спраў у лепшым выпадку, - адзначыў Прэзідэнт. - Таму гэта інструмент для націску. Хто мае там большасць, той і пачынае націскаць. АБСЕ... Якое яны маюць дачыненне да выбараў наогул. Гэта бяспека і супрацоўніцтва ў Еўропе (асноўная сфера адказнасці арганізацыі. - Заўвага). Не, яны ўлезлі сюды. Таму што выбары - інструмент каго-небудзь зваліць у нейкай краіне. Займаюцца пустатой".
"Але мы будзем там, хоць нас там троляць, аказваюць націск і іншае, каб паказваць іх ідыятызм", - падагульніў беларускі лідар.
Журналісты ў час размовы з Прэзідэнтам прыгадалі аб Прыднястроўі як яшчэ адной патэнцыяльнай гарачай кропцы ў нашым рэгіёне. У інфармацыйным полі ўжо гучалі папярэджанні аб магчымай правакацыі, аб вялікай колькасці тэхнікі на ўкраінска-малдаўскай граніцы. У сувязі з гэтым у кіраўніка дзяржавы спыталі, ці магчыма, на яго думку, што Украіна адкрые другі фронт.
"Я ў гэта не веру, - сказаў беларускі лідар. - Гэта ім нявыгадна. Захад хацеў бы адным ударам вырашыць праблему з Расіяй і ў Прыднястроўі закрыць гэту "шэрую дзірку", як яны кажуць, і аб'яднаць Малдову, запхнуць яе ў Румынію або зрабіць празаходняй. Гэта іх мэта. Украінцам гэта не трэба. Я не веру, што ўкраінцы адурэюць і развяжуць нейкі другі фронт".
Разам з тым у Прыднястроўі прысутнічаюць расійскія ваеннаслужачыя і тэхніка, узбраенне, якія ў выпадку чаго змогуць даць адказ, і тады, як заўважыў Прэзідэнт, мала не падасца.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што сітуацыя ў Прыднястроўі выкарыстоўваецца Захадам, каб дэстабілізаваць абстаноўку ў рэгіёне. "Усюды трэба ўсё расхістваць - гэта ў інтарэсах Захаду. Я не веру, што ўкраінцам гэта трэба. Калі яны адкрыюць там другі фронт - гэта да смерці падобна".
Прэзідэнт таксама выказаўся наконт рашэнняў польскіх улад абмежаваць рух для грузаперавозчыкаў праз пункты пропуску на граніцы з Беларуссю.
Гаворачы аб ролі "дырэктара шлагбаума", якую прымяраюць на сябе польскія ўлады, журналісты звярнулі ўвагу, што іх рашэнні закранаюць і грузаперавозчыкаў, якія едуць у Азію.
"Гэтыя звар'яцелыя нават не думаюць, калі робяць нейкі крок, - адрэагаваў беларускі лідар. - Хочаце вы нашкодзіць Расіі - паспрабуйце, у вас ёсць граніца з Калінінградскай вобласцю. Беларусі хочаце нашкодзіць - нашкодзьце тут, у нас жа вялізная, тысячу кіламетраў граніца. Але што ж вы адсякаеце тых, хто вас корміць? Казахстан сёння, асабліва калі ўвялі санкцыі супраць вуглевадароду ў Расіі, забяспечвае Еўропу вуглевадародамі, нафтай. Навошта ж вы іх вырубілі? Людзі страцілі работу".
Усё гэта ў дадатак да таго, што ад такіх рашэнняў, зразумела, церпяць і польскія грузаперавозчыкі. "Нам ад гэтага ні горача, ні холадна, мы ж туды не ездзім. Мы заехалі ў Польшчу або на нашай тэрыторыі яны зачапілі прычэп і пацягнулі. Палякі, Еўрасаюз да нас заехалі, мы бяром прычэп і вязём далей. Мы даўно ўвялі гэты парадак. Мы ж таксама іх не гладзім па галоўцы. Навошта яны цяпер увялі? Хочуць паказаць сваю значнасць перад патронам, які нядаўна прыязджаў да іх (адбыўся візіт у Польшчу Прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. - Заўвага). Трэба ж было паказаць, што яны тут за амерыканцаў "ваююць" і гатовы на ўсё - і сабе ў галаву стрэліць. Проста ідыёцкі ўчынак", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Было адзначана, што ўсё гэта адбываецца на фоне таго, што Беларусь, наадварот, запрашае на сваю тэрыторыю ўсіх грамадзян Літвы, Польшчы і ўвяла для іх бязвізавы рэжым. Тое, што адтуль пачалі актыўна прыязджаць у Беларусь, відаць, вельмі раздражняла кіраўніцтва.
"Калі прыехалі палякі, літоўцы да нас, паглядзелі на нашу "дыктатуру" і гавораць: "Мы таксама хочам". А жаданні народа Літвы і Польшчы не супадаюць з жаданнямі і дзеяннямі ўлад Польшчы і Літвы. Гэта галоўнае. Але людзі разбяруцца, - падкрэсліў беларускі лідар. - У іх у бліжэйшы час таксама выбары за выбарамі. Вось паглядзім, як дэмакратычна яны правядуць іх. Калі яны дадуць людзям прагаласаваць (свабодна і дэмакратычна. - Заўвага), народы іх змятуць".
Адказваючы на пытанне адносна двух сур'ёзных ДТЗ, што здарыліся нядаўна на дарогах Беларусі, Аляксандр Лукашэнка паабяцаў у бліжэйшы час разабрацца з падрыхтоўкай вадзіцеляў і выкананнем дысцыпліны на дарогах. У Смалявіцкім раёне адбылося лабавое сутыкненне маршруткі і грузавіка, у выніку якога загінулі 11 чалавек і амаль столькі ж пацярпелі, а ў хуткім часе здарылася ДТЗ з удзелам маршруткі і трактара пад Бабруйскам.
"Я ў курсе справы. У бліжэйшы час мы прааналізуем гэту тэму. Мяне гэта насцярожвае, асабліва маршруткі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я даручыў (група працуе, Дзяржсакратар займаецца з Урадам), каб мне далажылі, што адбываецца на самай справе (з дысцыплінай і паводзінамі вадзіцеляў на дарогах краіны. - Заўвага)".
Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць захавання парадку на дарогах, і перш за ўсё гэта датычыцца падрыхтоўкі і паводзін вадзіцеляў. "У нас ёсць пытанні ад падрыхтоўкі вадзіцеляў, тэхнічнага стану (транспартных сродкаў. - Заўвага) да дысцыпліны на дарогах. Мы ў бліжэйшы час прааналізуем гэтыя пытанні", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, цяпер адказныя асобы ўважліва вывучаюць сітуацыю, не робячы дачасных публічных заяў. "Мы пакуль займаемся спакойна, ціха аналізуем сітуацыю для таго, каб разабрацца", - сказаў Прэзідэнт.