Наведванне выстаўкі навуковых дасягненняў "Беларусь інтэлектуальная"
- 30
- 13:19
У Беларусі дастаткова навукова-тэхнічных распрацовак не толькі для абароны і бяспекі, але і для мірнага жыцця. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 20 студзеня пры наведванні выстаўкі навуковых дасягненняў "Беларусь інтэлектуальная".
"Мы дамовіліся некалі з кіраўніком Акадэміі, што мы павінны паказаць, што ўмеем", - нагадаў Кіраўнік дзяржавы. На выстаўцы прадстаўлены сотні распрацовак, але і гэта далёка не ўсё. Прычым амаль палова з іх ужо рэальна запушчана ў вытворчасць і паспяхова прадаецца.
"Людзям трэба паказаць гэту выстаўку. На самай справе ў нас не толькі для абароны і бяспекі, але і для мірнага жыцця дастаткова ўсяго", - адзначыў беларускі лідар.
Асаблівую цікавасць у Кіраўніка дзяржавы выклікалі распрацоўкі ў галіне штучнага інтэлекту. Гэту тэму ён абмяркоўваў і раней у ходзе сустрэч з замежнымі партнёрамі, у тым ліку з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, якія сур'ёзна займаюцца гэтым напрамкам. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў і аб праекце па будаўніцтве ў Мінску эксперыментальнага шматфункцыянальнага комплексу "Паўночны бераг". "Чаму я на гэта клюнуў: не толькі таму, што там $5 млрд інвестыцый будзе, а яны паабяцалі мне стварыць гэты разумны горад. І там магутную адукацыйную платформу па штучным інтэлекце. Там будзе ўніверсітэт, будзем рыхтаваць людзей, - расказаў Кіраўнік дзяржавы. - Калі неабходна падтрымка або большыя кантакты з гэтымі людзьмі (яны далёка рушылі наперад у гэтым плане), калі ласка".
Як далажылі Прэзідэнту, разам з гэтым у свеце запатрабаваны і беларускія напрацоўкі ў галіне штучнага інтэлекту, спецыялісты з розных краін вучацца адзін у аднаго.
"Можаце на мяне разлічваць. Я буду падтрымліваць і дапамагаць, калі трэба", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
Ён агледзеў стэнд, дзе прадстаўлены айчынныя камп'ютары вытворчасці "Гарызонт". Такую тэхніку паставілі ўжо і на рабочы стол Прэзідэнта замест устройства вядомага заходняга брэнда.
"Вы малайцы. Вы паказалі, што можам рабіць усё. І як бы ні было складана, мы гэта зрабілі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён канстатаваў, што ўжо і на Захадзе пачынаюць разумець, што "няма чаго займацца дурасцю, трэба з беларусамі супрацоўнічаць".
Аляксандр Лукашэнка, маючы на ўвазе ўзровень лакалізацыі выпускаемых камп'ютараў, сказаў: "Пакуль дзякуй. Але 70% да канца года". Цяпер гэты ўзровень складае прыкладна 30%.
Было даложана таксама аб распрацоўках у сферы мікраэлектронікі. Гэта той напрамак, па якім цяпер актыўна развіваецца ўзаемадзеянне і ў саюзным фармаце з Расіяй.
Прэзідэнт у цэлым падкрэсліў важнасць развіцця сферы штучнага інтэлекту і асаблівую ролю мікраэлектронікі. "Калі мы хочам быць вялікай з пункту гледжання інтэлекту, цывілізаванай дзяржавай, - гэта аснова, будучыня. Штучнага інтэлекту без вас быць не можа", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнту падрабязна далажылі і аб шэрагу іншых распрацовак - лазерныя тэхналогіі, вытворчасць інавацыйных акумулятарных батарэй, распрацоўкі ў сферы электратранспарту і космасу, медыцыны, абароны і бяспекі. У гэтым шэрагу можна асобна вылучыць беспілотныя лятальныя апараты, якія прызначаны не толькі для армейскіх патрэб, але і, напрыклад, для сельскай гаспадаркі. Яны выкарыстоўваюцца пры апрацоўцы палёў для ўнясення сродкаў аховы раслін.
Шырока прадстаўлены распрацоўкі ў галіне медыцыны. Напрыклад, сучасныя матэрыялы для пратэзавання, прэпараты для лячэння анказахворванняў. Цяпер праходзяць даклінічныя выпрабаванні штучнага клапана сэрца айчыннай распрацоўкі. Гэта цалкам імпартазамяшчальная распрацоўка, якая не ўступае замежным аналагам.
Кіраўнік дзяржавы традыцыйна шмат увагі ўдзяляе аграрнаму сектару. Улічваючы, што пытанні харчовай бяспекі ў свеце даволі вострыя, распрацоўкі беларускіх вучоных-аграрыяў асабліва актуальныя. Яны таксама шырока прадстаўлены на выстаўцы.
Асобны блок выстаўкі прысвечаны распрацоўкам маладых вучоных. Цяпер кожны пяты даследчык у Беларусі адносіцца да гэтай катэгорыі.
На заканчэнне наведвання выстаўкі Аляксандру Лукашэнку падарылі кнігу аб гісторыі беларускай дзяржаўнасці, па якой з 1 верасня ўжо вядзецца падрыхтоўка студэнтаў у ВНУ краіны.