Наведванне манастырскага комплексу Свята-Лісавецінскага жаночага манастыра
- 23
- 18:28
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 студзеня на Раство наведаў манастырскі комплекс Свята-Лісавецінскага жаночага манастыра.
На тэрыторыі манастырскага комплексу Кіраўніка дзяржавы сустрэлі мэр Мінска Уладзімір Кухараў, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі і ігумення манастыра Еўфрасіння.
"Са святам! Пасля хлюпотнага надвор'я такое марознае знішчае ўсё дрэннае", - з усмешкай адзначыў Прэзідэнт.
Па дарозе да храма ў імя свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага Аляксандра Лукашэнку праінфармавалі аб будаўніцтве новых аб'ектаў на тэрыторыі манастыра, добраўпарадкаванні тэрыторыі комплексу.
У храме Прэзідэнт запаліў калядную свечку і ад усёй душы павіншаваў з добрым і светлым святам Раства праваслаўных вернікаў, што сабраліся ў храме, і людзей іншых канфесій. "Гэта сапраўды светлае свята. І праваслаўе - толькі нагода для ўсіх грамадзян Беларусі праваслаўнага, каталіцкага (веравызнання. - Заўвага), мусульман - для ўсяго свету адзначыць гэта светлае свята. Але для нас, праваслаўных людзей, гэты дзень і свята асаблівае. Таму ад усяго сэрца хачу павіншаваць вас з гэтым святам і пажадаць галоўнага - здароўя, - сказаў ён. - Я жадаю вам Божага благаславення і моцнага-моцнага здароўя". Асаблівыя пажаданні Прэзідэнт адрасаваў бацькам - каб дзеці прыносілі радасць, былі гонарам для сям'і і краіны. "Як я ўжо гаварыў, калі дзіця ўсміхаецца, значыць, наша грамадства здаровае", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў свяшчэннаслужыцелям Беларусі, якія робяць вялікую духоўную і выхаваўчую работу, асабліва важную пасля 2020 года, калі нашы людзі многае ўсвядомілі, і ў цяперашні "няпросты час, калі па перыметры нашай Беларусі, мірнай і спакойнай, так неспакойна". "Нашы свяшчэннаслужыцелі, праводзячы вялікую работу, выхоўваюць сапраўдных патрыётаў сваёй Айчыны", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Словы ўдзячнасці ён адрасаваў таксама насельніцам Свята-Лісавецінскага манастыра і яго ігуменні, усім тым, хто жыве пры храме і робіць добрыя справы. "Вялікі вам за гэта дзякуй. Вы ўзяліся вельмі маштабна, як ніякі іншы манастыр, каб укласці свой уклад у працвітанне нашага грамадства. Вы пачынаеце пашыраць духоўна-маральную адукацыю і сярод маленькіх дзетак, тых, хто больш старэйшы. Робіце і вялікія дабрачынныя акцыі. Дзякуй вам вялікі! Ён гэта бачыць (Гасподзь. - Заўвага). Гэта дабром вернецца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Нарэшце многія-многія людзі пачалі разумець, што яны нідзе не патрэбны, акрамя сваёй зямлі. Нават і тыя збеглыя з Беларусі сёння тысячамі звяртаюцца да нас, каб іх вярнулі назад на радзіму. Мы нікога не выганялі з Беларусі. Гэта такая ж іх зямля, як і наша. Але яны шукалі лепшага жыцця, па розных прычынах беглі адсюль. Настаў час, калі мы, прадстаўнікі ўлады, я як Кіраўнік дзяржавы і вы, свяшчэннаслужыцелі, нашы людзі павінны зрабіць крок насустрач гэтым людзям, якія не то звар'яцеўшы, не то на нейкі час страціўшы арыенціры, памыліліся. І будзе, напэўна, па-нашаму, па-праваслаўнаму, калі мы гэты крок насустрач ім зробім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Я не хачу сказаць, што мы цяпер, як патрабуе ад нас Захад… Я менш пра гэта гавару, але кожны дзень патрабаванне - вярнуць і іншае і іншае, нават парушальнікаў закона. Не. Кожны павінен адказаць за сваё. Але я ўпэўнены, што сярод і тых збеглых, і тых, што жывуць сёння ў нас, - людзі, якія глыбока раскаяліся, людзі, якія зразумелі, што памыліліся. Яны не павінны быць выкінуты на абочыну", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не трэба ствараць кропкі напружання ў грамадстве, бо вакол Беларусі і так складваецца складаная абстаноўка. "Дай Бог нам вытрымаць вось гэты мірны, спакойны лад, які быў хаця б у мінулым годзе. Кажуць, 2023 год павінен быць абавязкова лепшым. Шчыра кажучы, я ўжо думаю аб тым, хоць бы ён быў такім, які быў 2022 год. Мы яго пражылі ў міры, згодзе, у цяпле - гэта вельмі важна цяпер, гледзячы вакол. У гэтым плане бягучы год павінен быць не горшы. Мы будзем мець умовы для таго, каб жыць нармальна, працаваць нармальна, хто хоча, і жыць у цяпле і міры. Вось для гэтага мы будзем мець усё", - запэўніў беларускі лідар.
"Я не хачу канкрэтызаваць тут нічога. Але зроблена ўсё для таго, каб было лепш. Але калі ён будзе такі, як мінулы год, і Гасподзь з ім - мы і з гэтым пагодзімся. Але будзе лепш, я ў гэтым упэўнены. Крыху лепш. А яшчэ будзе спакайней нам, калі мы не будзем ствараць самі напружанне ў нашым грамадстве. Не дай бог гэта здарыцца, як у нашай братэрскай Украіне, іншых дзяржавах. Спачатку ж стваралася напружанне - майданамі і іншым. А потым грамадзянская вайна, а потым - самая сапраўдная гарачая. Хто б мог падумаць, што мы, славяне, калісьці будзем ваяваць адзін супраць аднаго. Гэта страшная з'ява. І ўсё пачынаецца з малога. Таму трэба рабіць крокі для таго, каб разбураць кропкі процістаяння ў нашым грамадстве", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў: "І ўлада (мы да гэтага гатовы), і наша духавенства, і ўсе вы павінны проста спакойна ў гэты светлы дзень, ды і ў іншыя дні... Наперадзе яшчэ ў нас Вялікдзень - самы светлы, радасны дзень. Каб мы падумалі і прыйшлі да правільнага вырашэння тых пытанняў, якія мы павінны вырашыць. Як я часта гавару, не пакідаючы гэтыя пытанні нашым дзецям. Таму мы зробім адпаведныя крокі ў тым напрамку, каб Беларусь была мірнай, спакойнай, каб мы не глядзелі скоса адзін на аднаго. А той, хто парушае закон, будзе адказваць у адпаведнасці з законам. На жаль, такое жыццё".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нядаўна Свята-Лісавецінскі манастыр збіраў дапамогу для расійскіх ваенных на фронце, за што трапіў пад крытыку "праплачаных збеглых".
"Вы робіце правільна. Не звяртайце ўвагі на дзясятак-другі праплачаных людзей. Мы не толькі дапамагаем нашым рускім братам, расіянам, я гэтага ніколі не ўтойваў. І ўчарашні мой візіт да ваенных, да расійскіх ваенных, не ўтойваючы, сведчыць аб тым, што мы падтрымлівалі і падтрымліваем нашых братоў. Але мы не забываем і пра ўкраінцаў. Каля 10 тысяч, якія беглі ад вайны, у мінулым годзе знайшлі пастаяннае месца жыхарства і прыстанішча ў нашай краіне", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна працягваць руку дапамогі кожнаму, хто мае ў ёй патрэбу.
Аляксандр Лукашэнка цёпла павіншаваў усіх са светлым святам Раства Хрыстовага, пажадаў дабра і міру. "Хачу вас запэўніць, што я асабіста як Галоўнакамандуючы, Кіраўнік дзяржавы буду рабіць усё, каб наша Беларусь жыла ў міры і згодзе. Усё буду рабіць для таго, каб вы спакойна, у цеплыні і спакоі праводзілі свае дні ў сям'і і памяталі пра тое вялікае і каштоўнае, імя якому - мір", - сказаў беларускі лідар.
Мітрапаліт Веніямін у сваю чаргу заклікаў усіх у гэтыя святыя святочныя дні да таго, каб, па прыкладу Збавіцеля, праяўляць любоў і спагаду, аб'ядноўваць. "У гэтым напрамку з боку Царквы мы пастараемся зрабіць усё магчымае. Само наша служэнне да гэтага абавязвае, - сказаў ён. - Будзем старацца трымацца Божага благаславення, прыкладу Збавіцеля свету, прыкладаць намаганні, падтрымліваць адзін аднаго і рабіць добрыя справы на карысць нашай дарагой Айчыны. І няхай іншыя краіны і народы таксама далучаюцца, аб'ядноўваюцца ў гэтым служэнні Богу, людзям і сваім народам".
Аляксандру Лукашэнку ў храме падарылі карціну мастака Глеба Отчыка "Развiтанне з праваслаўным падзвiжнiкам зямлi Беларускай", прысвечанай Мітрапаліту Філарэту, першаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, Герою Беларусі, які спачыў 12 студзеня 2021 года. На карціне адлюстраваны Свята-Духаў кафедральны сабор (месца служэння Мітрапаліта Філарэта), над якім у небе лунаюць галубы і праглядаецца выява свяшчэннаслужыцеля. Кіраўніку дзяржавы таксама падарылі чайны сервіз, зроблены ўмельцамі манастырскіх майстэрань. "А ўсе гавораць, што мы не можам, у нас фарбы нейкай не хапае. Я нядаўна даручыў зрабіць сервіз - з дзясятага заходу зрабілі толькі! Вунь, калі ласка, вучыцеся. Малайцы! Вось дзе трэба заказваць", - падзякаваў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы ў сваю чаргу перадаў у дар манастыру абраз "Святая Троіца". Абраз напісаны акрылавымі фарбамі, фон і асіст - пакрыццё сусальным золатам. Аправа выканана з тканіны парча, дэкарыраванай металізаваным шнуром, жэмчугам, пазалочанымі дробніцамі, стразамі, а таксама натуральнымі камянямі ў кастах: аметыстам, сердалікам, бурштынам, ружовым кварцам і яшмай.
Пасля святочнага богаслужэння Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў са свяшчэннаслужыцелямі, яшчэ раз абмеркаваўшы з імі развіццё манастырскага комплексу. "Гэта горад у горадзе. Праваслаўны горад. Мы вясной павінны грунтоўна пахадзіць тут", - захапіўся Прэзідэнт, анансаваўшы свой будучы візіт.
На вуліцы Аляксандр Лукашэнка таксама сустрэўся з вернікамі, якія сабраліся каля храма ў чаканні Кіраўніка дзяржавы. "Настрою вам добрага! Дабра, міру і галоўнае - здароўя! Каб вось такі мароз у нас быў тыдзень. Каб усю заразу павыбіваў з нас. Поспехаў вам!" - пажадаў Прэзідэнт.