Перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным
- 8
- 2
Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустрэліся 17 лютага ў падмаскоўным Нова-Агарове.
У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што па выніках 2022 года Расія і Беларусь маюць беспрэцэдэнтны абарот таварамі і паслугамі: $50 млрд. Амаль $44 млрд, як Вы сказалі, па таварах. І яшчэ паслугі".
"Пасол мне па дарозе дакладваў, прыемна мяне здзівіла, што вашы кампаніі на больш як $300 млн заказалі ў нашых айцішнікаў прадукту. Заплацілі больш за $300 млн. Усе крычалі: "Вось, з Беларусі разбегліся, у Расіі пайшлі і іншае…" Толькі ў Беларусі заказалі ў Расіі на 300 мільёнаў і заплацілі. А калі ўзяць айцішнікаў расійскіх - там некалькі мільярдаў долараў. Такім чынам нават тут "міралюбівым" краінам не ўдалося нас так заціснуць, што лепшыя розумы, як яны гаварылі, збеглі з нашых краін. Значыць, імпартазамяшчэнне ўсё ж такі рухаецца наперад", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь выконвае 100% дамоўленасцей з Расіяй у сферы абароны і бяспекі. "Усё, аб чым дамаўляліся з вамі ў свой час, зусім нядаўна, месяцы тры таму, па абароне і бяспецы, беларускі бок 100% выканаў па мінулым годзе. І нават больш зрабілі. Я потым вам раскажу, што робіцца ў гэтым плане", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ёсць рух і ў мікраэлектроннай прамысловасці: "Мы перажывалі з Вамі, што сапраўды недзе вельмі завязаны былі на імпарт. Вось праз тыдзень у мяне якраз нарада ў тым ключы, аб чым мы гаварылі ў Сочы з Вамі. Мы мікраэлектронную прамысловасць - тое, што было ў Саюзе, як вы сказалі, - захавалі. З расіянамі дамовіліся - тымі кампаніямі, якія таксама ад Саюза засталіся. І сёння спецыялісты гавораць: "Не перажывайце, перадайце Уладзіміру Уладзіміравічу, мы выканаем усё неабходнае". Ну, крыху габарыты будуць большыя, але ў бліжэйшы час... Мы ведаем, куды ісці і што рабіць. Гэта самае галоўнае. Людзі разумеюць".
"Таму з імпартазамяшчэннем мы рушылі наперад. Не скажу, што мы вырашылі ўсе пытанні, але рушылі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Наладзілася супрацоўніцтва і паміж прадпрыемствамі, якія раней лічылі адзін аднаго канкурэнтамі. Гэта, у прыватнасці, МАЗ і КАМАЗ. "У нас заўсёды, памятаеце, КАМАЗ, МАЗ - нейкая валакіта была. А цяпер і канкурэнцыі ніякай. Мы выпускаем тавары для КАМАЗа - камплектуючыя, КАМАЗ робіць для нас. Калі пайшлі асобныя кампаніі (заходнія. - Заўвага), вось так вось працуюць. І рынку хапае", - канстатаваў Прэзідэнт.
Разам з тым яшчэ ёсць над чым працаваць. Пэўныя праблемныя моманты існуюць у пытаннях кааперацыі. "Ёсць невялікія праблемы. Я таксама аб гэтым скажу. Гэта ў кааперацыі, што вы сказалі", - адзначыў беларускі лідар.
Аднак ёсць і відавочныя дасягненні, рух наперад. Напрыклад, у самалётабудаванні.
"Вы калісьці ў ЕўрАзЭС паставілі пытанне аб кааперацыі ў галіне авіябудавання. Дык вось я Вам павінен далажыць, што беларусы робяць для МС-21 (расійскі сярэднемагістральны вузкафюзелюжны пасажырскі самалёт. - Заўвага) і Superjet 100 (расійскі блізкамагістральны вузкафюзеляжны пасажырскі самалёт. - Заўвага) робяць да тысячы ўжо камплектуючых. У нас тры заводы. Два ваенныя і адзін грамадзянскі. Яны раней былі рамонтнымі. Сёння ўжо вырабляюць камплектуючыя", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"І, як мне далажылі ва Урадзе, гатовы выйсці на вытворчасць самалёта Су-25, які сябе добра ва Украіне паказвае - штурмавік, рабочы конь. Гатовы нават у Беларусі вырабляць пры адпаведнай невялікай тэхналагічнай падтрымцы Расійскай Федэрацыі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Паглыбляемся, усё робім для таго, каб неяк пераадолець тыя бар'еры, якія нам штучна ствараюць. Я не гавару наўмысна пра харчаванне. Мы забяспечылі харчовую бяспеку. Не гавару пра тое, што людзі павінны быць апрануты. Мы гэта зрабілі па ўсіх напрамках. Таму станоўчыя зрухі значныя. Нам будзе што сказаць народам Беларусі і Расіі на Вышэйшым дзяржаўным савеце", - адзначыў беларускі лідар.
У сваю чаргу Уладзімір Пуцін, рэагуючы на сказанае, падкрэсліў: "Ну і не толькі сказаць, але, мне здаецца, і разам з калегамі намеціць шляхі далейшага развіцця".
"Абсалютна. 28 праграм, якія мы намецілі з вамі, пад 80% ужо выкананы, - сказаў у працяг тэмы Аляксандр Лукашэнка. - Але там, вы адзначалі гэта ў Піцеры, гуманітарныя (пытанні. - Заўвага) у нас у асноўным засталіся. А вось мытныя, падатковыя - мы законы прынялі".
"Ключавыя моманты вырашаны", - пагадзіўся Прэзідэнт Расіі.
"Так, ключавыя вырашаны", - пацвердзіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Уладзімір Пуцін у сувязі з гэтым выказаў упэўненасць, што ўсё гэта, безумоўна, "будзе рабіць нашу эканоміку яшчэ больш канкурэнтаздольнай".
Прэзідэнт Расіі адзначыў, што ў Беларусі дзякуючы намаганням улад змаглі захаваць прадпрыемствы, створаныя яшчэ ў савецкія гады, і вывесці іх на новы ўзровень развіцця. "Вынікамі гэтага развіцця мы разам можам сёння скарыстацца. Больш таго, аб'ядноўваючы намаганні, мы ствараем нейкую сінергію. З аднаго боку - вашы магчымасці ў сферы прамысловасці, з іншага боку - патрэбнасці нашага рынку і дадатковыя намаганні з боку расійскіх прадпрыемстваў, інжынераў, нават навуковай школы. Усё гэта складваецца вельмі эфектыўна па некаторых галінах. Мы спадзяёмся на тое, што гэта дасць добры вынік як для Беларусі, так і для Расіі", - заявіў Уладзімір Пуцін.
На парадку дня сустрэчы лідараў Беларусі і Расіі таксама пытанні ўмацавання Саюзнай дзяржавы, рэалізацыя саюзных праграм. "Яны адпрацаваны нашымі калегамі ва Урадзе. Гэта стварае ўмовы, базу для таго, каб рухацца наперад па развіцці нашай кааперацыі, перш за ўсё, вядома, у эканамічнай сферы, - дадаў Уладзімір Пуцін. - Мне здаецца, што ва ўмовах, у якіх мы сёння сустрэліся, нам удасца ў спакойным рэжыме, але ў рабочай абстаноўцы пагаварыць па ўсіх пытаннях, якія ўяўляюць узаемную цікавасць".
"Учора, дарэчы кажучы, глядзеў Вашу прэс-канферэнцыю. Я падзяляю Вашы пазіцыі і падыходы", - падкрэсліў Уладзімір Пуцін.