Перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным
- 25
- 3
Умацаванне беларуска-расійскіх сувязей стала зразумелым адказам на зменлівую сітуацыю ў свеце. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 19 снежня на перагаворах у Мінску з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
Кіраўнік дзяржавы прывітаў усіх расійскіх калег у гасціннай беларускай сталіцы. "З прычыны абставін вы не былі ў нас даволі даўно. У гэтым складзе. А наогул міністр з міністрам часта сустракаюцца. Але вы заўсёды з'яўляецеся для нас жаданымі гасцямі. Перапынак у візітах у Мінск зусім не перашкаджаў нам быць у пастаянным кантакце. Нават заходнія нашы так званыя партнёры вельмі непакоіліся, што мы часам вельмі часта сустракаемся. Мы рэгулярна сустракаліся як у Расійскай Федэрацыі, так і на міжнародных пляцоўках", - сказаў беларускі лідар, звяртаючыся да Уладзіміра Пуціна.
Ён адзначыў, што таксама інтэнсіўна працуюць урады дзвюх краін, шмат сустрэч праходзіць на ўзроўні рэгіёнаў і прадпрыемстваў. Пацвярджэнне таго - стабільны рост гандлю, вырашэнне многіх пытанняў, якія раней перашкаджалі супрацоўніцтву.
"Умацаванне беларуска-расійскіх сувязей стала зразумелым адказам на зменлівую сітуацыю ў свеце, у якой нас пастаянна правяралі і правяраюць на трываласць. Лічу, што, нягледзячы на некаторыя шурпатасці, мы ўсё ж знаходзім эфектыўныя адказы на розныя выклікі і пагрозы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, лёсавызначальныя рашэнні аб больш цеснай інтэграцыі Беларусі і Расіі зноў дэманструюць усяму свету, што толькі разам можна пераадолець любыя пандэміі, крызісы або санкцыі.
"Расія і Беларусь, як мы з Уладзімірам Уладзіміравічам часта гаворым, адкрыты для дыялогу з іншымі дзяржавамі, у тым ліку і еўрапейскімі. Спадзяюся, што ў хуткім часе там прыслухаюцца да голасу розуму і мы пяройдзем да канструктыўнага абмеркавання як пытанняў агульнай бяспекі, так і будучага светаўладкавання", - сказаў беларускі лідар.
"Абарона дэмакратыі і прагрэсу з дапамогай абмежаванняў і ваеннай сілы ў адносінах да нашых дзяржаў больш не ўражвае нават мясцовых выбаршчыкаў (у заходніх краінах. - Заўвага), якія спаўна зведалі на сабе недахопы такой палітыкі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Няпросты час патрабуе ад нас палітычнай волі і нацэленасці на вынік па ўсіх тэмах двухбаковага парадку дня. Гэта наш адказ. Ад таго, наколькі мы будзем паспяховымі ў гэтай рабоце, залежыць месца, якое нашы краіны замацуюць за сабой заўтра ў новай сістэме міжнародных каардынат. Мы ні ў якім разе не павінны паўтарыць памылкі, дапушчаныя пасля распаду Савецкага Саюза. Таму наш безумоўны прыярытэт - вырашэнне адчувальных эканамічных пытанняў, ад якіх залежаць дабрабыт насельніцтва і ў канчатковым выніку падтрымка рэформ, якія намі праводзяцца у грамадскай і палітычнай сферах", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, дзякуючы сумесным крокам бакам у цэлым удалося пераадолець магчымыя негатыўныя эфекты санкцыйнага націску. "Спецыялісты Беларусі і Расіі добра папрацавалі над саюзнымі праграмамі, якія мы з Уладзімірам Уладзіміравічам у свой час зацвердзілі. Пэўныя зрухі ёсць практычна па ўсіх напрамках. Але пакуль не ўсё атрымалася, і гэта стрымлівае наша развіццё, - канстатаваў беларускі лідар. - Вы ведаеце, што па шэрагу адчувальных тэм урады, як яны заяўляюць, вычарпалі перагаворныя магчымасці. Як яны нам дакладваюць, пазіцыі бакоў сфармуляваны, і сёння трэба будзе яшчэ раз абмеркаваць іх у шырокім складзе. Урады лічаць, што без нас з вамі, Уладзімір Уладзіміравіч, дасягнуць згоды па асобных пытаннях немагчыма. Вось і прычына нашай сённяшняй нарады. Ну што ж, давайце іх яшчэ раз дэталёва абмяркуем і, калі неабходна, прымем адпаведныя палітычныя рашэнні".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён з Уладзімірам Пуціным часта сустракаецца і абмяркоўвае ўсе пытанні. Але галоўнымі апошнім часам былі тыя, якія адносяцца да сферы абароны і бяспекі. "І мы з ім яшчэ раз у сярэдзіне бягучага года дамовіліся, што ў канцы гэтага года сустрэнемся і абмяркуем асноўныя сацыяльна-эканамічныя пытанні, якія сёння бытуюць у нашых адносінах", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён прапанаваў у ходзе перагавораў плённа папрацаваць па стратэгічных напрамках, якія могуць вызначыць бліжэйшую будучыню Беларусі і Расіі. "Гэта стала ўжо своеасаблівай традыцыяй - здымаць усе праблемныя пытанні напярэдадні Новага года, які грамадзяне нашых краіны заўсёды звязвалі з надзеямі на лепшае жыццё. Упэўнены, што прынятыя сёння рашэнні не расчаруюць ні беларусаў, ні расіян і будуць садзейнічаць павышэнню іх дабрабыту і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні".
Паводле слоў Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, у мінулым годзе краіны зрабілі вельмі добры рывок у развіцці гандлёва-эканамічных сувязей: тавараабарот вырас на трэць і дасягнуў $38,5 млрд. "Гэта вельмі добры і значны паказчык", - упэўнены ён. За 10 месяцаў бягучага года вырас яшчэ на 10%. Таму ёсць падставы лічыць, што ў бягучым годзе будзе новы рэкордны тавараабарот у памеры $40 млрд.
"Хачу адзначыць тое, што ўсім і так добра вядома. Але ўсё ж такі трэба падкрэсліць, што Беларусь з'яўляецца нашым не толькі добрым суседам, з якім мы працуем, улічваючы інтарэсы адзін аднаго, на працягу ўсіх папярэдніх дзесяцігоддзяў, але Беларусь з'яўляецца, безумоўна, і нашым саюзнікам у самым прамым сэнсе гэтага слова", - падкрэсліў Уладзімір Пуцін. Ён дадаў, што менавіта зыходзячы з гэтага пасылу вырашаюцца ўсе пытанні паміж дзяржавамі, у тым ліку ў эканамічнай сферы.
На сустрэчы ў вузкім складзе прэзідэнты Беларусі і Расіі адзначылі рэзультатыўнасць перагавораў лідараў краін у пашыраным складзе з удзелам прадстаўнікоў урадаў.
"Толькі што па ходу мы падвялі вынік нашай работы ў шырокім складзе і выявілі, што мы крыху адышлі ад урадавых пытанняў. Але кампенсавалі наш доўг і абмеркавалі ўвесь комплекс пытанняў беларуска-расійскіх адносін. Сацыяльна-эканамічных пытанняў. Не таму, што на злобу дня, але я шчыра ўдзячны вам за тое, што вы знайшлі час, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. Вечар ужо. Затое ўсе пытанні разгледзелі. Далей будзе лягчэй. Дзякуй вялікі. Я думаю, людзі ацэняць нашы рашэнні, якія мы тут прынялі на сённяшні дзень і на стратэгію".
У сваю чаргу Уладзімір Пуцін адзначыў, што людзі будуць ацэньваць выпрацаваныя ў ходзе перагавораў рашэнні па выніках сумеснай работы. "Але ў цэлым, калі паглядзець, што ў мінулым годзе ўжо на 30% рост тавараабароту - гэта канкрэтныя рэчы. Гэта рабочыя месцы, заработныя платы для людзей. І ў гэтым годзе мы можам выйсці на $40 млрд - гэта вялікі, сур'ёзны аб'ём", - сказаў Прэзідэнт Расіі.
Ён таксама акцэнтаваў увагу, што краіны ўключаны ў прамысловую кааперацыю ў розных галінах, супрацоўнічаюць у галіне сельскай гаспадаркі, уключаючы пастаўкі сельгаспрадуктаў. "Гэта ўсё ж такі ключавыя рэчы. Кааперацыя прамысловая. Мне здаецца, што гэта вельмі важна. Перавозкі, транспарт... У цэлым, мне здаецца, што сённяшняя сустрэча была вельмі рэзультатыўнай", - заявіў расійскі лідар.
У час размовы з журналістамі па выніках перагавораў у Мінску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што цяпер фактычна вызначаецца будучыня беларускага і расійскага народаў.
Акцэнт быў зроблены на стратэгічных напрамках, перш за ўсё ў сферы эканомікі. Традыцыйна шмат увагі ўдзялілі знешнепалітычнаму парадку дня. "Адыходзячы год за ўсю трыццацігадовую постсавецкую гісторыю сапраўды стаў рэкордным па колькасці і інтэнсіўнасці кантактаў на ўсіх узроўнях. Але гэта аб'ектыўна: сітуацыя ў свеце імкліва мяняецца, і гэтыя перамены па глыбіні і маштабах без усялякага перабольшання маюць сапраўды лёсавызначальны характар", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Фактычна вызначаецца будучыня беларускага і расійскага народаў. Рэальнасць такая, і тут няма ні кроплі пафасу. Сёння можна адназначна канстатаваць: разам мы змаглі не толькі выстаяць, але і знайсці магчымасці для развіцця нашых эканомік. Прытым нечакана для ўсіх. І перш за ўсё тых, хто ствараў нам складанасці", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць Уладзіміру Пуціну за цёплую, глыбокую, энергічную і канструктыўную размову, якая адбылася з удзелам членаў урадаў Беларусі і Расіі. "Дзякуй вам за вельмі плённую сустрэчу", - сказаў ён.
Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што ў пытанні рэалізацыі патэнцыялу супрацоўніцтва з Расіяй час цяпер важней за грошы. "2022 год дае падставы сцвярджаць з асцярожным пакуль аптымізмам, што мы спраўляемся, і даволі нядрэнна, з эканамічнымі выклікамі. Нечакана для саміх сябе раскрываем той наш вялікі патэнцыял, які ў іншыя часы проста не бачылі або не верылі ў яго. Але патрэбна хуткасць у прыняцці і рэалізацыі рашэнняў. Час цяпер важней за грошы. У гэтым сутнасць нашых перагавораў сёння", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён расказаў, што з Уладзімірам Пуціным яны абмеркавалі ход рэалізацыі агульнага плана эканамічнага развіцця - 28 саюзных праграм. Пакуль выканана каля 60 працэнтаў ад агульнай колькасці задач, вызначаных гэтымі праграмамі. Падпісаны ўжо шэраг сістэмаўтваральных дакументаў у мытнай сферы, падаткаабкладанні. "Трэба развіваць наш поспех", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, ключавую важнасць маюць праграмы, якія прадугледжваюць стварэнне аб'яднаных энергетычных рынкаў (дадзены адпаведныя даручэнні ўрадам, каб дапрацаваць гэтыя праграмы), фарміраванне адзінай прамысловай і аграрнай палітыкі. "Мы дамовіліся, што будзем умацоўваць нашу кааперацыю. Не будзем ствараць непатрэбных паралельных вытворчасцей, калі яны ёсць у той ці іншай краіне, і будзем рабіць акцэнт на прамысловасці", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
Бакі таксама гаварылі аб уніфікацыі рэгулявання транспартнага рынку. "Думаю, у бліжэйшы час усе пытанні здымем па гэтай тэме", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Гэтыя пытанні забяспечаць роўныя ўмовы дзейнасці суб'ектаў гаспадарання і доступ тавараў да дзяржаўных закупак. Па ўсіх гэтых напрамках вырашылі паскарацца. Тэмпы, тэмпы і яшчэ раз тэмпы. Час не церпіць", - акцэнтаваў увагу беларускі лідар.
Ён упэўнены, што трэба канцэнтраваць сумесныя намаганні на пераўтварэнні эканомік Беларусі і Расіі ў напрамку павышэння іх навукаёмістасці, інавацыйнасці, лічбавізацыі і тэхналагічнага суверэнітэту.
"Усе гэтыя напрамкі маюць стратэгічны характар. Такія пытанні вырашаюцца не сёння і не заўтра. Патрэбны час", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі захавалі вытворчасці, якія засталіся ад Савецкага Саюза, і ў гэтым заслуга краіны. "Мы гэта захавалі і змаглі ў неймаверна складаных умовах развіць. Тое, што мы вырабляем, нам трэба працэнтаў на 60. Усё астатняе вырабляецца на экспарт. І калі нашы заходнія партнёры сышлі, мы аказаліся для вялікай Расіі запатрабаванымі. А гэта наша агульнае, што мы стваралі зусім нядаўна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар нагадаў, што, як ужо адзначаў у Бішкеку на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, прымітыўная штампоўка Захадам эканамічных санкцый супраць Беларусі і Расіі пачынае затухаць.
"Важна (цяпер ужо ўсім гэта відавочна), што такія абмежаванні бумерангам балюча ўдарылі па іх ініцыятарах. Прычым пакутуюць зусім не дзеячы, якія прыдумалі санкцыі, а простыя людзі і бізнес. Гэта на сумленні тых, хто развязаў спачатку эканамічную вайну супраць нашых краін, а затым і проксі-вайну з Расіяй рукамі ўкраінцаў. Як ужо цяпер зразумела, да апошняга ўкраінца", - акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі бачыць вялікія магчымасці сумеснай работы з Расіяй у сферы імпартазамяшчэння. "Калі заходнія партнёры сышлі, мы аказаліся для вялікай Расіі запатрабаванымі. А гэта наша агульнае, што мы стваралі зусім нядаўна. Вось адсюль мы нешта можам. І калі мы патрэбны (а цяпер Расія выявіла - мы ім патрэбны на расійскім рынку), мы ідзём туды і замяшчаем тых, хто сышоў. Яшчэ трохі часу, і мы іх замесцім. Мы разам з расіянамі - вучонымі, канструктарамі - створым такія ўзоры, якіх не бачыў свет. І гэта не замашкі нейкія нерэальныя. Мы ўжо шмат зрабілі. Мы не абваліліся, як нам прадказвалі, на 20-25% ВУП", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі адзначыў: "Цяпер, калі з нашага рынку некаторыя нашы заходнія партнёры сыходзяць, сапраўды, для беларускіх вытворцаў адкрываюцца вокны магчымасцей. І беларускі тавар вельмі добра ідзе на расійскім рынку".
Адказваючы на пытанні журналістаў, Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што ў ходзе перагавораў у Мінску бакі гаварылі аб вострым для эканомікі пытанні цэнаўтварэння ў энергетыцы. "Сённяшняя сустрэча, Аляксандр Рыгоравіч абсалютна мае рацыю, была вельмі канструктыўнай і вельмі прадметнай", - адзначыў ён.
Прэзідэнт Расіі падкрэсліў, што справа зусім не ў паглынанні, як гэта спрабуюць часам паднесці. "Пытанне ў тым, як Прэзідэнт Беларусі сказаў, каб гэтыя пытанні ў галіне цэнаўтварэння былі справядлівымі. Не трэба быць вялікім спецыялістам, каб зразумець, у чым праблема. Праблема ў тым, што ў нас розныя ўзроўні субсідзіравання. У нас розныя падыходы да субсідзіравання асобных удзельнікаў эканамічнай дзейнасці. Узровень розны, падыходы розныя. І таму для нас важна паглыбіцца туды, унутр, і дамовіцца аб гэтых агульных прынцыпах. Вось з гэтым звязана і работа ў галіне мытнага рэгулявання, падатковага рэгулявання, - сказаў расійскі лідар. - Нядобрасумленныя крытыкі збоку або не разумеюць, аб чым яны гавораць, або спецыяльна гавораць аб гэтым, уводзячы ў зман людзей, якія ў гэта не паглыбляюцца".
"Пытанне не ў паглынанні. Пытанне ва ўзгадненні эканамічнай палітыкі. Так, як гэта робіцца ў многіх іншых інтэграцыйных аб'яднаннях. Усё астатняе - гэта глупства. Гэта спробы нашых нядобразычліўцаў затармазіць наш інтэграцыйны працэс. А робяць яны гэта толькі для таго, каб не атрымаць эфектыўных і небяспечных для іх канкурэнтаў на сусветных рынках. Вось і ўсё", - падагульніў Уладзімір Пуцін.
Аляксандр Лукашэнка згадзіўся са сказаным, але зрабіў важнае дапаўненне. "Не проста ў сваёй пераважнай большасці, а гэта тэзісы (аб паглынанні. - Заўвага) з-за мяжы - нашых збеглых. Вось яны, пару тысяч, збеглі туды, грошы ж трэба зарабляць (а проста так нічога не плацяць), вось ім і падкідваюць. Яны нават не пішуць іх. Гэтыя тэзісы ім падкідваюць", - сказаў ён.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што адпаведныя тэзісы аб паглынанні гучалі і напярэдадні візіту Уладзіміра Пуціна ў Мінск. "Так, аб гэтым сёння піскліва з-за мяжы нам пачынаюць гаварыць", - канстатаваў Прэзідэнт Беларусі.
"Гаварыць аб тым, што нехта некага паглынае... Паўстае пытанне, а навошта? Расія заўсёды ішла нам насустрач. Няма сёння ніводнага пытання, якое не вырашылі. Мы ідзём насустрач Расійскай Федэрацыі ў самую цяжкую хвіліну", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Калі нехта думае нас сёння разарваць, убіць клін - не атрымаецца. У 2020 годзе не ён мяне атакаваў вось тут па перыметры. Не Расія. Расія працягнула нам руку. А нас адтуль даймалі (з Захаду. - Заўвага). Яны хацелі пазбавіць нас і незалежнасці, і суверэнітэту адначасова. Таму чаго тут гаварыць? Проста яшчэ адзін раз: не атрымаецца ў іх разарваць нашы адносіны. Яны будуць толькі ўмацоўвацца. А базу сёння мы фактычна з Прэзідэнтам і нашымі калегамі стварылі для будучага рыўка наперад. Мы яго зробім", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што галоўнае - вынік. Ён на канкрэтных прыкладах расказаў, аб чым ішла размова на перагаворах з расійскай дэлегацыяй і чаму гэта важна для Беларусі. "Мы звярнуліся з Уладзімірам Уладзіміравічам, членамі яго дэлегацыі да шэрага актуальных для нас пытанняў", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Напрыклад, энергетыка. "Мы што, вырабляем газ? Не. Прыродны газ мы атрымліваем ад брацкай Расіі. Мы што, вырабляем 25 мільёнаў тон нафты, якія можам перапрацаваць? А два мадэрнізаваныя, самыя сучасныя прадпрыемствы ў нас, мы іх можам забяспечыць? Не. Да каго звярнуліся? Да Расійскай Федэрацыі. І не проста звярнуліся. Добра, аб'ёмы не праблема. А яшчэ ж трэба і выгадныя цэны. А яшчэ ж сёння і праблема рэалізаваць нафтапрадукты. І гэтак далей і да таго падобнае. Мы гэта абмяркоўвалі і прынялі рашэнне па гэтых пытаннях", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Уладзімір Пуцін падтрымаў тэзісы беларускага лідара, але звярнуў увагу і на іншы выгадны Расіі аспект. "Так, у Беларусі няма нафты і газу. Але НПЗ ёсць. І ў нейкі момант нам спатрэбілася атрымаць на нашым рынку дадатковыя аб'ёмы нафтапрадуктаў - бензінаў і гэтак далей. Мы атрымліваем іх з вашых заводаў. Гэта на самай справе работа двухбаковая і вельмі эфектыўная", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў пералік тэматыкі супрацоўніцтва сферай транспарту. У прыватнасці, размова пра кабатажныя перавозкі. "Даручэнне Ураду Прэзідэнт Расіі даў неадкладна дапрацаваць і прыняць рашэнне, выгаднае для нас. А гэта 25 тысяч перавозчыкаў, гэта каля 100 тысяч (чалавек. - Заўвага) у сем'ях жыве", - заўважыў ён.
Аднак не нафта і газ былі галоўным пытаннем, а прамысловая палітыка, падзяліўся падрабязнасцямі Аляксандр Лукашэнка: "Не ствараць паралельныя вытворчасці, кааперацыя. Каб ніхто нас больш ніколі не нахіляў. Каб не прыйшоў, а потым не кінуў гэта ўсё і не пайшоў, як гэта было зроблена. Гэта што, нам не выгадна? Расія без нас абыдзецца. А мы без яе не. І мы дамовіліся тут, што так, мы будзем дзейнічаць на роўных".
У аналагічным ключы Прэзідэнт выказаўся і ў пытанні бяспекі і абароны. "Давайце шчыра: мы можам паасобку без Расіі абараніць сваю незалежнасць і суверэнітэт? Не можам. І ў цяжкую хвіліну ён не адмовіў. Сёння завыюць: "Пуцін прыехаў, тут некага палохае…" Вось пагледзіце, пасля нашых заяў. А пайшоў жа насустрач (Уладзімір Пуцін. - Заўвага) як родны, як блізкі Беларусі чалавек".
У сваю чаргу кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў выступіў і расказаў у ходзе сустрэчы, як бакі будуць сумесна дзейнічаць у знешняй палітыцы. "Сумесна, на роўных, як гэта было заўсёды", - падкрэсліў беларускі лідар.
Што датычыцца частых сустрэч з Уладзімірам Пуціным апошнім часам, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што да гэтага падштурхоўвала абстаноўка. Прэзідэнты вымушаны былі часта сустракацца, каб пагаварыць па тых ці іншых пытаннях, ці гэта бяспека альбо эканоміка, улічваючы націск з боку калектыўнага Захаду. "Мы павінны былі скаардынаваць нашы дзеянні, каб спрацаваць так, як спрацавалі. Атрымалася. Наогул, напэўна, нехта зайздросціць, што мы з Уладзімірам Уладзіміравічам часта сустракаемся. Можа, нехта і хацеў бы з ім часцей сустракацца. Ну, ён адкрыты для такіх сустрэч. Толькі нагоды і прычыны патрэбны для таго, каб сустракацца. Гэта я цытую яго, калі ён адказваў Зяленскаму. Таму супакойцеся, усё будзе нармальна. Мы проста так без справы час не праводзім. Хоць знаходзім гадзіну-другую для таго, каб і адпачыць", - рэзюмаваў Прэзідэнт Беларусі.
Уладзімір Пуцін таксама заявіў, што частыя сустрэчы запатрабаваны. Ён чарговы раз падкрэсліў значны рост тавараабароту і вялікую запатрабаванасць беларускіх тавараў на расійскім рынку. "Пры такім аб'ёме супрацоўніцтва вельмі шмат пытанняў, якія патрабуюць пастаяннага адміністрацыйнага суправаджэння на высокім або на самым высокім узроўні. Урады займаюцца гэтым амаль кожны дзень. Аб'ём каласальны. Яны вельмі шмат зрабілі. Нам застаецца толькі нейкія кропкі расставіць над "i". Але гэта трэба рабіць пастаянна", - сказаў ён.
Уладзімір Пуцін згадаў, што Расія пастаўляе ў Беларусь нафту і газ на "вельмі выгадных прэферэнцыйных умовах", што пацвярджае прывілеяваны характар партнёрства і з'яўляецца мерай падтрымкі беларускай эканомікі.
"Мы абмяркоўвалі цэнавыя параметры ў сферы энергетыкі, - сказаў расійскі лідар. - Будзем лічыць, што ўсе асноўныя параметры, у тым ліку і адчувальныя па цэнаўтварэнні ў сферы энергетыкі, узгоднены". Паводле яго слоў, планамерна пашыраецца таксама ўзаемадзеянне ў сферы мірнага атама. "У наступным годзе плануем поўнасцю завяршыць будаўніцтва другога энергаблока Беларускай АЭС", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён пацвердзіў, што дамоўленасці па цане на энерганосьбіты дасягнуты, але падрабязнасці раскрываць не стаў: "Я ўжо сказаў. Магу толькі пацвердзіць: дамоўленасці дасягнуты".
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што па гэтай тэматыцы прыняты адпаведныя рашэнні, якія ў бліжэйшы час фармалізуюць урады дзвюх краін. "Я думаю, тады будзе падстава нам гаварыць. Мы зафіксавалі нашу цану, яна выгадная для нас. Расія вельмі шмат дапамагае ў гэтым плане".
Паводле яго слоў, з'явіліся і новыя тэмы ў галіне паставак газу, але пра іх пакуль таксама не сталі гаварыць публічна. "Скажу толькі адно: мы задаволены вынікамі абмеркавання ў цэлым адзінага газавага рынку, канцэпцыі і цэнаўтварэння на бліжэйшыя тры гады", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Прэзідэнт Расіі пацвердзіў планы аб палёце беларускага касманаўта ў 2023 годзе: "У наступным годзе, як і дамовіліся, запланаваны палёт на арбітальную станцыю беларускага касманаўта".
Расійскі лідар таксама паведаміў, што Аляксандр Лукашэнка прыняў яго запрашэнне ў бліжэйшыя дні наведаць цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў у Расіі перад нефармальным самітам СНД у Санкт-Пецярбургу. "Аляксандр Рыгоравіч, калі я правільна Вас зразумеў, прыняў маё запрашэнне наведаць цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў у Расіі ў бліжэйшыя дні перад нефармальным самітам СНД у Пецярбургу", - сказаў Уладзімір Пуцін.
Як расказаў Кіраўнік Расійскай Федэрацыі, у ходзе перагавораў лідары дзвюх краін абмеркавалі пытанні фарміравання адзінай абароннай прасторы і забеспячэння бяспекі, у тым ліку супрацоўніцтва ў рамках АДКБ, дзе ў наступным годзе старшынствуе Беларусь.
Уладзімір Пуцін адзначыў, што ў Саюзнай дзяржаве вядзецца сумеснае ваеннае планаванне, дзейнічае рэгіянальная групоўка войскаў. Цяпер на тэрыторыі Беларусі праводзяцца мерапрыемствы баявога зладжвання баявых злучэнняў і воінскіх часцей дзвюх краін. Створана і нясе баевое дзяжурства адзіная сістэма ППА. Паводле слоў Прэзідэнта, бакі дамовіліся і ў далейшым прымаць сумесна ўсе неабходныя меры для надзейнага забеспячэння бяспекі, удзяляць прыярытэтную ўвагу падрыхтоўцы войскаў, павышаючы іх боегатоўнасць, прадоўжыць практыку рэгулярных сумесных вучэнняў, узаемныя пастаўкі ўзбраенняў.
Прэзідэнт Расіі паведаміў, што дасягнута таксама дамоўленасць прадоўжыць рэалізацыю прапаноў Беларусі па падрыхтоўцы экіпажаў баявых самалётаў арміі Беларусі, якія пераабсталяваны ўжо для магчымага прымянення боепрыпасаў паветранага базіравання са спецыяльнай баявой часткай. Такая форма супрацоўніцтва, паводле яго слоў, не вынаходства Беларусі і Расіі. Такая практыка ёсць і ў іншых краінах і блоках.
Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў адпаведныя дамоўленасці. Цяпер, паводле яго слоў, вядзецца падрыхтоўка экіпажаў самалётаў.
"Зыходзячы з сітуацыі, што складваецца па перыметры граніц, мы абмеркавалі некаторыя важныя дэталі супрацоўніцтва ў сферы ваеннай бяспекі. Я дзякую Вам, Уладзімір Уладзіміравіч, што па ўсіх тэмах мы знайшлі ўзаемаразуменне, падтрымку і прынялі патрэбныя рашэнні. Асаблівая Вам удзячнасць і не толькі ад мяне, і не толькі ад ваенных за тое, што Вы выканалі сваё абяцанне. Мы сёння паставілі на баявое дзяжурства комплекс С-400, які вы перадалі Беларусі. І, самае галоўнае, комплекс "Іскандэр", які вы таксама, паабяцаўшы паўгода таму, перадалі нам", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: "Вы толькі што акуратна закранулі вельмі далікатную тэму (але не мы яе аўтары) па падрыхтоўцы і трэніроўцы нашых экіпажаў (самалётаў. - Заўвага), здольных несці спецыяльнае ўзбраенне і спецыяльныя боепрыпасы. Павінен вам паведаміць, што мы падрыхтавалі самалёты. Аказалася, што ў нас савецкіх часоў такія самалёты ёсць. Мы тэсціравалі іх у Расійскай Федэрацыі. Мы цяпер разам з расіянамі рыхтуем экіпажы, здольныя кіраваць гэтымі самалётамі, якія нясуць спецыфічныя боепрыпасы".
"Гэта не пагроза некаму. Я некалькі разоў і ў Піцеры, і ў Маскве, і ў Сочы, сустракаючыся, Вас інфармаваў, што ў нас выклікае вялікія апасенні напружанне па перыметры граніц Саюзнай дзяржавы. Перш за ўсё на Захадзе. І нам трэба было засцерагчы ад небяспекі беларускую дзяржаву. Вы зрабілі рашучы і вельмі важны крок у падтрымцы Беларусі. Яшчэ раз Вам вялікі дзякуй", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Па просьбе журналістаў прэзідэнты таксама падзяліліся сваімі ўражаннямі ад чэмпіянату свету па футболе, які прайшоў у Катары, і фінальнага паядынку зборных Францыі і Аргенціны.
"Я заўсёды балею за Бразілію, а потым за Аргенціну. У іх гэта нават не філасофія. У іх гэта нешта святое. Яны ўсе ў футболе", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Ён расказаў, што паглядзеў увесь матч, і Аргенціна абсалютна заслужыла перамогу: "Яны дамінавалі ўсю гульню - і асноўны, і дадатковы час. Але, будзем шчырымі, Бог у гэтай гульні быў з Францыяй, таму што такога не бывае, каб за некалькі хвілін да заканчэння можна было зраўняць лік за паўтары хвіліны, як гэта зрабіў французскі нападаючы. Але аб'ектыўна Гасподзь, убачыўшы ўсё гэта, адступіў і падарыў перамогу ў драматычным матчы ведаеце каму. Таму ўсё як і павінна было быць: Аргенціна з дапамогай Госпада Бога ў рэшце рэшт заслужыла гэту перамогу ў драматычным матчы. Лепш не прыдумаеш".
"Дазволю сабе дадаць: мне здаецца, што Гасподзь Бог быў у тым ліку на баку балельшчыкаў, - заўважыў Уладзімір Пуцін. - І трэба падзякаваць абедзвюм камандам за бліскучую гульню. Яны стварылі сапраўднае свята футбола для ўсіх аматараў спорту і футбола ў свеце. Абедзве каманды гулялі бліскуча. Драма была такая, да апошняй секунды. Змагаліся вельмі дастойна, але перамог мацнейшы".
Прэзідэнт Расіі таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі ад матчу, расказаўшы, што глядзеў яго другую палову з таго моманту, калі лік быў 2:2. "Потым, вядома, не мог утрымацца, каб не патэлефанаваць Прэзідэнту (Аргенціны. - Заўвага), павіншаваць яго. Я ведаю, што Аргенціна - гэта футбольная краіна. Там людзі з вялікім хваляваннем ставяцца да гэтага, любяць сваіх ігракоў, у тым ліку вядучых. Думаю, што яны заслужылі гэту перамогу", - сказаў Уладзімір Пуцін.
Журналісты ў сваю чаргу пацікавіліся, а быў бы аналагічны званок ад Прэзідэнта Расіі Прэзідэнту Францыі ў выпадку перамогі гэтай краіны на чэмпіянаце свету па футболе, быў бы ў Макрона шанц пачуць званок ад Пуціна?
Апярэджваючы адказ Прэзідэнта Расіі, Аляксандр Лукашэнка пажартаваў, што, хутчэй за ўсё, сітуацыя была б роўна процілеглая і ініцыятарам званка стаў бы сам французскі лідар: "Гэта ён патэлефанаваў бы Уладзіміру Уладзіміравічу і радасна сказаў, што яны выйгралі, і чакаў бы ад яго віншавання" .
Прэзідэнт Расіі адказаў на пытанне журналістаў наступным чынам: "У мяне са многімі калегамі захоўваюцца дзелавыя адносіны, у тым ліку і з Прэзідэнтам Францыі. Мы сапраўды падтрымліваем кантакты па тэлефоне".