Афіцыйныя перагаворы з Прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам
- 38
- 2
Прэзідэнты Беларусі і Зімбабвэ Аляксандр Лукашэнка і Эмерсан Мнангагва 31 студзеня правялі перагаворы ў Дзяржаўным Доме (Стэйт-Хаус) - афіцыйнай рэзідэнцыі зімбабвійскага лідара.
Пасля завяршэння перагавораў у фармаце сам-насам бакі сустрэліся ў пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый. Затым адбылася цырымонія падпісання двухбаковых дакументаў.
У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў падпісаны пагадненні аб заахвочванні і ўзаемнай абароне інвестыцый, аб стварэнні сумеснай пастаяннай камісіі па супрацоўніцтве.
Заключаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Зімбабвэ аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі.
Падпісана міжурадавае пагадненне аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў адносна падаткаў на даходы і маёмасць. Яшчэ адно пагадненне - аб устанаўленні пабрацімскіх адносін паміж гарадамі Мінск і Харарэ.
Заключаны кантракты паміж кампаніяй "Афтрэйд DMСС" і Урадам Зімбабвэ на пастаўку беларускай трактарнай і збожжаўборачнай тэхнікі, а таксама на пастаўку абсталявання беларускай вытворчасці для будаўніцтва і мадэрнізацыі комплексаў захоўвання збожжа.
Падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні аб супрацоўніцтве ў рамках паставак у Рэспубліку Зімбабвэ машын і абсталявання беларускай вытворчасці для лясной прамысловасці.
Пасля правядзення перагавораў прэзідэнты Беларусі і Зімбабвэ Аляксандр Лукашэнка і Эмерсан Мнангагва сустрэліся з прадстаўнікамі СМІ.
"Сёння ў нас з Прэзідэнтам адбыліся прадметныя перагаворы. Мы ацанілі ход выканання дасягнутых дамоўленасцей, а таксама абмяняліся меркаваннямі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня і няпростай сітуацыі, якая складваецца ў свеце", - сказаў беларускі лідар.
"Мы падрабязна абмеркавалі перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, якое значна актывізавалася за апошнія гады", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Асабліва ён акцэнтаваў увагу на дамоўленасці па падрыхтоўцы спецыялістаў па ўсіх напрамках, якія цікавяць зімбабвійскі бок. Дамовіліся таксама аб рэалізацыі інвестыцыйных і кааперацыйных праектаў у розных сферах, што стане асновай для прадаўжэння супрацоўніцтва. "У галіне прамысловасці, гандлю, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, транспарту і здабычы карысных выкапняў. Мы таксама дамовіліся, што гэтыя кантракты і нашы дамоўленасці, якіх мы сёння дасягнулі, стануць асновай для прадаўжэння нашага супрацоўніцтва", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь адкрыла пасольства ў Зімбабвэ і чакае, што ў хуткім часе і ў Мінску з'явіцца дыппрадстаўніцтва Зімбабвэ.
"Сёння мы падпісалі пагадненне аб стварэнні сумеснай пастаяннай камісіі па супрацоўніцтве Беларусі і Зімбабвэ, а таксама шэраг іншых двухбаковых пагадненняў і мемарандумаў. Іх ужо каля 20. Патэнцыял нашага ўзаемадзеяння вялікі. І я ўпэўнены, рэгулярныя прамыя кантакты рознага ўзроўню дадуць магчымасць раскрыць яго найлепшым чынам. Дадаткова дамовіліся, што мы ствараем асобныя групы спецыялістаў па развіцці сельскай гаспадаркі і абароны", - паведаміў Аляксандр Лукашэнка.
"Калі зімбабвійскаму боку будзе цікава стварэнне сумесных вытворчасцей у Зімбабвэ і ў Беларусі, мы гатовы на гэта ісці. Атрымліваючы сыравіну з Зімбабвэ, мы будзем разам з вашымі спецыялістамі перапрацоўваць гэту сыравіну на прадпрыемствах у Беларусі. І такім чынам дзяліць адпаведны прыбытак. Таксама мы вітаем уваходжанне зімбабвійскага капіталу ў капітал нашых прадпрыемстваў, - сказаў беларускі лідар. - Мы таксама не выключылі з Прэзідэнтам работу па бартарных схемах. І для гэтага будзе створана спецыяльная група спецыялістаў, якая вызначыць адпаведныя тавары".
"Вы павінны ведаць, што там, у цэнтры Еўропы, ёсць такая краіна - Беларусь, якая заўсёды гатова падставіць вам плячо ў любой сітуацыі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы вынікі гэтага візіту пакладзём на шалі міру і прагрэсу".
Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да жыхароў краіны, адзначыўшы, што сёння буйнейшыя дзяржавы планеты - уладныя людзі - спрабуюць раздзяліць і перадзяліць гэты свет. Яны спрабуюць падпарадкаваць сабе краіны, як Беларусь і Зімбабвэ, атрымаўшы ад гэтага выгады.
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што Зімбабвэ багата на карысныя выкапні, а таму спакойнага жыцця гэтай краіне ніхто не дасць. І ў гэтым у тым ліку прычына санкцый. "Санкцыі амерыканцы ўвялі супраць вас не таму, што вы не дэмакратычныя. А таму, што вы вырашылі ўзяць пад кантроль сваю краіну і карысныя выкапні. Вы не пускаеце сюды розных міжнародных прайдохаў і жулікаў, каб яны карысталіся вашымі нетрамі. У гэтым прычына санкцый. Вас зноў, як гэта было ў мінулыя стагоддзі, хочуць паставіць на калені. А Прэзідэнт і ўлада Зімбабвэ гэтага не хочуць. Вось адсюль санкцыі", - сказаў ён.
"Вас будуць моцна расхістваць, каб пасеяць смуту ў вашым грамадстве, вас будуць ставіць на калені. Але вы павінны вытрымаць. І вы вытрымаеце, калі вы будзеце адзіныя, калі не дапусціце ўнутры краіны сутыкнення ўласнага народа з-за нейкіх палітычных амбіцый або ілюзорных абяцанняў Захаду і Амерыкі, - падкрэсліў беларускі лідар. - Нам чаго б гэта ні каштавала трэба прайсці гэты складаны перыяд у жыцці нашай планеты. Беражыце мір! Не здолееце гэта зрабіць - зноў трапіце пад каланіяльны прыгнёт".
"Будзьце пільнымі, акуратнымі. Не верце крыкунам, скакунам. Толькі дзякуючы вашай працы вы можаце дасягнуць уласнага дабрабыту", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, гаворачы пра электаральную кампанію ў Зімбабвэ, якая мае адбыцца летам гэтага года.
Прамова Аляксандра Лукашэнкі неаднаразова суправаджалася апладысментамі.
"Афрыка даўно прачнулася. Без Афрыкі не можа быць перспектывы ў свеце наогул. Тут рэсурсы, тут людзі з кожным годам становяцца ўсё больш адукаванымі, сюды ідуць найноўшыя тэхналогіі. Без Афрыкі свет развівацца не можа", - упэўнены Прэзідэнт.
"Таму мы тут. Гэта нашы сябры. Мы прыехалі да сяброў. Мы з імі дамаўляемся ў імя нашых народаў. Мы ідзём з мірам. Мы не ідзём, як некалі ішлі каланіялісты, як яны захоплівалі, эксплуатавалі народ. Мы нясём сюды тэхналогіі і абучаем ім тут людзей, рыхтуем спецыялістаў", - адзначыў беларускі лідар, гаворачы пра супрацоўніцтва з краінамі Афрыканскага кантынента.
"Таму Афрыка даўно прачнулася. Без яе не можа быць ніякага планетарнага развіцця. Таму тут усе ўладныя людзі: і ЗША, і Кітай, і Расія, і Вялікабрытанія, увесь Еўрапейскі саюз і гэтак далей. Будучыня за Афрыкай", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар расказаў журналістам, што на перагаворах з Прэзідэнтам Зімбабвэ былі ў тым ліку абмеркаваны перспектывы развіцця супрацоўніцтва з Мазамбікам і тое, як можна перанесці напрацаваны з зімбабвійскім бокам вопыт на гэту краіну.
Кіраўнік беларускай дзяржавы растлумачыў, што ў Эмерсана Мнангагвы добрыя адносіны з кіраўніцтвам Мазамбіка і ён можа аказаць садзейнічанне ў гэтым пытанні.
"Па ініцыятыве майго сябра мы ўчора абмяркоўвалі пытанне супрацоўніцтва Зімбабвэ, Беларусі і Мазамбіка. Мазамбік - буйнейшая краіна - побач, узбярэжжа - тысяча кіламетраў, аграрная краіна. Патрабуе велізарных укладанняў у сельскую гаспадарку. Мы ўжо маем вопыт. І Прэзідэнт гаворыць: "Гэта мой сябар - Прэзідэнт Мазамбіка". І мы ў бліжэйшы час абмяркуем, як наш вопыт - Зімбабвэ і Беларусі - перанесці на Мазамбік", - падзяліўся падрабязнасцямі Аляксандр Лукашэнка.
"Мы з глыбокай павагай і ўдзячнасцю ставімся да народа Зімбабвэ. Мы, і гэта я хачу асобна падкрэсліць, ідзём у Афрыку не для таго, каб несці нейкія ілюзорныя дэмакратычныя каштоўнасці. А ідзём працаваць разам з вашымі кіраўнікамі на карысць народа Зімбабвэ", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Ён адзначыў, што ў рамках пачатай у 2020 годзе праграмы па механізацыі ў фермерскія гаспадаркі Зімбабвэ беларускі бок паставіў больш як 1,8 тыс. трактароў і амаль 80 збожжаўборачных камбайнаў. Гэта тэхніка дапамагла гарантаваць харчовую бяспеку краіны. "Але гэта толькі пачатак. Мы далі старт трэцяй фазе гэтай праграмы на суму звыш $66 млн. Яна прадугледжвае больш як 3,7 тыс. адзінак трактарнай тэхнікі, 60 камбайнаў для мясцовых аграрыяў на працягу бліжэйшага паўтара года", - адзначыў беларускі лідар.
Для патрэб мясцовых муніцыпалітэтаў у Зімбабвэ пачаты пастаўкі пажарных аўтамабіляў беларускай вытворчасці. Акрамя таго, у Зімбабвэ паспяхова ўжо эксплуатуецца кар'ерная тэхніка БелАЗ. "Мы дамовіліся аб тым, што мы паставім вам у бліжэйшы час звыш 30 самазвалаў БелАЗ, якія будуць працаваць у Зімбабвэ", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Пры гэтым, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у Зімбабвэ забяспечваецца і сэрвіснае абслугоўванне беларускай тэхнікі.
Эмерсан Мнангагва ў час сустрэчы з журналістамі па выніках перагавораў падкрэсліў, што візіт Прэзідэнта Беларусі пашырае і кансалідуе двухбаковыя адносіны.
"Мы вельмі шчаслівыя вітаць Прэзідэнта Беларусі ў Зімбабвэ. Я хацеў, каб Вы прыехалі яшчэ ў мінулым годзе. З-за пандэміі мы былі вымушаны двойчы пераносіць гэты візіт. Але ў гэтым годзе мы звярнулі ўвагу, што пандэмія пайшла на спад. І нарэшце наш дарагі брат змог ажыццявіць сустрэчны візіт. Гэты візіт дэманструе цёплыя адносіны, якія існуюць паміж Харарэ і Мінскам. Ён умацоўвае, пашырае і кансалідуе нашы двухбаковыя адносіны", - сказаў Эмерсан Мнангагва.
Ён адзначыў, што Беларусь аказвае вялікую падтрымку ў механізацыі сельскай гаспадаркі Зімбабвэ, развіваецца супрацоўніцтва і ў іншых сферах.
"Вялікі вам дзякуй!" - сказаў зімбабвійскі лідар.
Эмерсан Мнангагва расказаў, што быў уражаны Беларуссю, узроўнем развіцця розных галін, уключаючы аграпрамысловы сектар. "Мы прынялі рашэнне развіваць з Беларуссю адносіны ў гэтай сферы. Мы змаглі дзякуючы Беларусі раз і назаўсёды вырашыць пытанне харчовай бяспекі краіны", - адзначыў ён.
Пастаўляецца ў Зімбабвэ і шэраг іншай тэхнікі. Напрыклад, кар'ерная тэхніка - аўтамабілі БЕЛАЗ, пажарныя машыны. Лідар Зімбабвэ таксама разлічвае на развіццё супрацоўніцтва ў сферах навукі і тэхналогій.
"Мы гатовы дружыць з Беларуссю і з усімі краінамі, якія падзяляюць наш падыход. Не можа быць такога, каб адна краіна была канём, а другая - паганятым. Мы або ўсе разам коні, або паганятыя. Мы ўсе павінны быць у адной лодцы і глядзець аднолькава. З моманту нашай першай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у нас выпрацавалася нейкая "хімія". І мы зразумелі, што аднолькава глядзім на рэчы, на развіццё нашых краін. З таго часу мы дружым і разам працуем на карысць нашых народаў", - рэзюмаваў Прэзідэнт Зімбабвэ.
Напярэдадні перагавораў беларускі лідар наведаў мемарыяльны комплекс "Акр нацыянальных герояў" паблізу сталіцы Зімбабвэ.
Кіраўніка дзяржавы сустрэў Міністр замежных спраў і міжнароднага гандлю Зімбабвэ Фрэдэрык Шава. Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да Магілы Невядомага Салдата. Прэзідэнту расказалі аб гісторыі стварэння комплексу.
"Акр нацыянальных герояў" - месца пахавання і нацыянальны помнік, размешчаны на горным хрыбце за сем кіламетраў ад сталіцы. Мемарыял створаны з мэтай увекавечання памяці аб партызанах Патрыятычнага фронту, загінулых у час вайны ў Радэзійскім бушы, а таксама сучасных зімбабвійцаў, чые адданасць і вернасць сваёй краіне вартыя іх пахавання ў гэтым свяцілішчы.