Афіцыйныя перагаворы з Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным
- 43
- 3
Перагаворы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна адбыліся 24 мая ў Палацы Незалежнасці ў Мінску.
Афіцыйным перагаворам лідараў дзвюх краін папярэднічала цырымонія афіцыйнай сустрэчы з удзелам роты ганаровай варты і выкананнем дзяржаўных гімнаў Беларусі і Расіі.
"Яшчэ раз вітаю вас на беларускай зямлі. Мне прыемна, што Мінск Вам спадабаўся і людзі спадабаліся. Вы ўжо заўважылі вопытным вокам сякія-такія рэчы. Гэта прыемна, асабліва ў адносінах да ваенных. Як учора мы з вамі дамовіліся, у нас заўсёды дзве часткі - пытанні бяспекі і эканомікі. Заўсёды мы пытанні эканамічныя адкладвалі для разгляду нашымі ўрадамі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка ў час перагавораў у вузкім складзе. - Сёння якраз выпадак пачуць тое, што ўжо зроблена ў сувязі з нашымі даручэннямі. І паўтара-два пытанні, якія трэба было б нам вырашыць, - мы таксама спецыялістаў паслухаем, яны нам даложаць. На падагульняючай прэс-канферэнцыі мы аб гэтым сродкі масавай інфармацыі праінфармуем, усё раскажам".
"Нам варта паслухаць прысутных кіраўнікоў груп. Яны нам даложаць аб праблемах, калі яны ёсць. Думаю, што мы можам сёння прыняць пэўныя рашэнні. Каб тое, аб чым гавораць апошнім часам людзі, - гавораць добра, што мы саюзнікі, блізкія, родныя дзяржавы, - каб у гэтым кантэксце мы маглі прымаць рашэнні", - дадаў беларускі лідар.
Кіраўнік расійскай дзяржавы ў сваю чаргу адзначыў, што знаходзіцца ў пастаянным кантакце, на сувязі з беларускім калегам, іх узаемадзеянне адбываецца рэгулярна. У той жа час ён быў рады запрашэнню наведаць Беларусь.
"У нас ёсць магчымасць цяпер ацаніць, што было зроблена, што цяпер адбываецца, што павінна быць зроблена ў бліжэйшы час, намеціць канкрэтныя сумесныя крокі па нашым руху наперад, па развіцці нашых дзяржаў", - сказаў расійскі лідар.
У якасці важных вех у развіцці абедзвюх дзяржаў Прэзідэнт Расіі згадаў юбілейныя падзеі, звязаныя з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Так, сёлета адзначаецца 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Акрамя таго, у гэтым годзе спаўняецца 25 гадоў Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі, у сувязі з гэтым, на думку Уладзіміра Пуціна, таксама трэба паглядзець, што яшчэ неабходна зрабіць для яе развіцця. "У цэлым работа, па-мойму, у нас ідзе на добрым узроўні, калі гаварыць пра эканоміку. І вынікі эканамічнага развіцця сведчаць самі за сябе", - падкрэсліў Прэзідэнт Расіі. У сувязі з гэтым ён павіншаваў Беларусь з паспяховым эканамічным развіццём, з тым, наколькі ўпэўнена краіна сябе адчувае і моцна стаіць на нагах. Асобна Уладзімір Пуцін пахваліў сталіцу і гарадскія ўлады за тое, як цудоўна выглядае Мінск, за абстаноўку свята, якая цяпер адчуваецца на вуліцах горада.
Ён расказаў, што напярэдадні адбылося абмеркаванне актуальнага стану спраў у двухбаковых адносінах і ў частцы рэалізацыі канкрэтных праектаў. "На мой погляд, нявырашаных пытанняў няма. Калі трэба нешта дадаткова ўзгадніць, мы гэта сёння ў ходзе перагавораў зробім, безумоўна", - заявіў расійскі лідар.
На перагаворах у вузкім складзе кіраўнікі дзяржаў абмяняліся меркаваннямі па найбольш адчувальных тэмах двухбаковага парадку дня, ад якіх залежаць стан эканомікі, стабільнае развіццё дзяржаў. Закранулі таксама міжнародную сітуацыю, абмеркавалі варыянты рэагавання на рызыкі і пагрозы, што ўзнікаюць па перыметры граніц.
Затым прэзідэнты накіраваліся на сустрэчу ў пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый.
"Нягледзячы ні на што, Мінск і Масква захоўваюць курс на ўзмацненне інтэграцыі. Мы падтрымліваем адзін аднаго і будзем падтрымліваць па ўсіх напрамках. Прычым нашы праекты выйшлі ўжо за межы зямной паверхні", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у сферы прамысловасці бакі плануюць прадоўжыць канкрэтную работу па рэалізацыі сумесных імпартазамяшчальных праектаў у мікраэлектроніцы, машынабудаванні, станкабудаванні, ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. "Інакш кажучы, у напрамках, якія забяспечваюць дасягненне мэт тэхналагічнага суверэнітэту і эканамічнай бяспекі нашых дзяржаў. Усе рашэнні мы з Вамі, Уладзімір Уладзіміравіч, прынялі. Урады павінны ў сціслыя тэрміны іх рэалізаваць", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Перш за ўсё неабходна аператыўна завяршыць фарміраванне адзінай прамысловай палітыкі Саюзнай дзяржавы. Ад гэтага выйграюць абодва бакі", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым ён адзначыў, што многія канвееры на прадпрыемствах Беларусі і Расіі працуюць на кампанентах адзін аднаго. "На заканадаўчым узроўні не павінна быць ніякіх ахоўных мер ад сваіх партнёраў. Абараняцца, як мы дамовіліся, трэба ад тых, хто ўвёў супраць нас санкцыі. І ад тых, хто не садзейнічае развіццю эканомік дзвюх дзяржаў", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ад энергетычнай сферы залежаць рытмічная работа прамысловасці, кошт канечнай прадукцыі. "Неабходна канчаткова ўзгадніць умовы паставак нафты і газу ў Рэспубліку Беларусь. Мы абмяркоўваем гэта не першы год, і сёння Уладзімір Уладзіміравіч прыняў адпаведнае рашэнне. Думаю, урады ў бліжэйшыя дні ў гэтым рэчышчы дапрацуюць гэтыя пагадненні. Мы дэталёва разабралі ўсе нюансы", - заўважыў беларускі лідар.
Таксама Беларусь гатова прадаўжаць работу з расійскімі кампаніямі ў сферы атамнай энергетыкі. Вопыт узвядзення Беларускай АЭС адкрыў новыя магчымасці для далейшага засваення гэтых тэхналогій, падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў і нават сумеснага будаўніцтва такіх аб'ектаў у трэціх краінах.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў пытаннях транспарту і лагістыкі шмат чаго зроблена, але патрэбнасці прадпрыемстваў растуць з кожным днём. У сувязі з гэтым патрэбны больш сур'ёзныя інвестыцыі ў развіццё чыгуначнай інфраструктуры, абнаўленне рухомага саставу, павелічэнне правазных магутнасцей, фінансавая падтрымка авіяперавозчыкаў.
"Неабходны меры па павышэнні загрузкі беларускіх і расійскіх аэрапортаў, сумесныя праекты, якія зробяць прасцейшымі і больш даступнымі зносіны паміж нашымі рэгіёнамі. Хоць ужо апошнім часам робіцца нямала", - заявіў ён.
Беларусь зацікаўлена больш цесна працаваць з расійскімі дзяржаўнымі карпарацыямі ў сферы дзяржзакупак. У першай палове мая на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Маскве Аляксандр Лукашэнка ўжо ўзнімаў адпаведнае пытанне.
"Думаю, вы пагадзіцеся з маім тэзісам, што на прасторы Саюзнай дзяржавы мы не павінны сябе абмяжоўваць, закрываючыся адзін ад аднаго на нашым агульным рынку. Больш таго, сітуацыя паказала, што разлічваць у гэтым свеце з пункту гледжання доўгатэрміновага супрацоўніцтва мы можам толькі на сябе", - падкрэсліў беларускі лідар на перагаворах з Прэзідэнтам Расіі.
Кіраўнік дзяржавы спадзяецца на актыўнае падключэнне беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый да інвестыцыйных праектаў, што рэалізуюцца ў Расіі.
Аляксандр Лукашэнка ў ходзе перагавораў нагадаў пра патэнцыял супрацоўніцтва на ўзроўні рэгіёнаў, якое забяспечвае істотную прыбаўку ва ўзаемным гандлі.
У Віцебску, Полацку і Наваполацку 27-28 чэрвеня пройдуць мерапрыемствы ў рамках чарговага беларуска-расійскага Форуму рэгіёнаў. Кіраўнік беларускай дзяржавы запрасіў Прэзідэнта Расіі і іншых расійскіх калег прыняць удзел у рабоце форуму.
"Думаю, бліжэй да гэтай падзеі мы дамовімся ў залежнасці ад графікаў нашай работы", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў поспехаў новаму складу расійскага Урада. "Упэўнены ў захаванні пераемнасці ў частцы прыярытэтнага разгляду пытанняў беларуска-расійскага супрацоўніцтва", - сказаў ён.
У час размовы з журналістамі па выніках перагавораў Кіраўнік дзяржавы адзначыў прыкметны ўздым у беларуска-расійскіх адносінах.
"Мы правялі плённыя перагаворы і ў вузкім, і ў пашыраным складах. Удзячны Прэзідэнту Расіі за тое, што ў сваім вельмі шчыльным графіку ён знайшоў час наведаць Беларусь з афіцыйным візітам. Гэта добры сігнал. І не толькі сігнал", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, бакі дэталёва абмеркавалі вялікі пералік пытанняў беларуска-расійскага супрацоўніцтва, перш за ўсё ў эканамічнай сферы. "Вы, напэўна, заўважылі, што апошнім часам мы вельмі-вельмі шмат часу аддалі абмеркаванню пытанняў бяспекі і абароны. Сёння прысвяцілі час у асноўным эканамічным праблемам", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
"Апошнім часам у беларуска-расійскіх адносінах адзначаецца прыкметны ўздым. Узровень узаемадзеяння і даверу паміж нашымі краінамі ва ўсіх сферах сапраўды беспрэцэдэнтны, - падкрэсліў беларускі лідар. - Мы можам упэўнена канстатаваць, што эканомікі Беларусі і Расіі дынамічна развіваюцца, нягледзячы на розныя перашкоды".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь нацэлена на далейшае развіццё атамнай галіны на аснове расійскіх тэхналогій. У час перагавораў прэзідэнты падрабязна разгледзелі і пытанні прамысловай кааперацыі, развіцця машына- і станкабудавання, мікраэлектронікі. "У першую чаргу з пункту гледжання нарошчвання імпартазамяшчальных вытворчасцей, якія даюць магчымасць забяспечваць нашу імпартанезалежнасць, тэхналагічны суверэнітэт. У канчатковым выніку гэта ж бяспека нашых дзяржаў. Упэўнены ў захаванні пераемнасці ў рабоце новага Урада Расіі на беларускім напрамку", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Значную ўвагу бакі таксама ўдзялілі развіццю транспартна-лагістычнай сферы. "Тут мы сыходзімся ў меркаванні, што ў гэтай вельмі перспектыўнай галіне патрэбны сур'ёзныя дадатковыя інвестыцыі", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
"У апошнія гады мы па-новаму паглядзелі на рэгіянальнае супрацоўніцтва і па заслугах ацанілі яго патэнцыял. Беларусь і яе рэгіёны сёння без перабольшання супрацоўнічаюць практычна з усімі суб'ектамі Расійскай Федэрацыі, расце экспарт прадукцыі", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што 27-28 чэрвеня ў Віцебску, Полацку і Наваполацку пройдзе XI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. "Разлічваем, што вы прыедзеце на гэты форум. Ведаю, што будзе вельмі цікавы парадак дня", - дадаў беларускі лідар.
"Невырашальных праблем у адносінах нашых краін няма - ёсць адкладзеныя, якія патрабуюць больш пільнай увагі і глыбокай прапрацоўкі. Трэба сумленна прызнаць, што на сёняшні дзень мы знялі ўсе пытанні і нявырашаных пытанняў на сённяшні дзень няма. Упэўнены, што і ў будучым мы будзем аналагічна працаваць. У гэтым кантэксце сёння абмеркавалі пытанні фарміравання адзінай прамысловай палітыкі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Па сутнасці, мы павінны раз і назаўсёды выкараніць існуючыя ахоўныя меры і абмежаванні. У адваротным выпадку не толькі народы нашы, але і мы самі адзін аднаго не зразумеем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У час перагавораў лідары закранулі надзённы міжнародны парадак дня, праблематыку бяспекі ў свеце і рэгіёне на фоне беспрэцэдэнтнага ўзроўню напружанасці.
"Тут нашы падыходы абсалютна супадаюць. Мы не звернем з выбранага шляху стварэння справядлівага шматпалярнага светаўладкавання", - сказаў беларускі лідар.
Як расказаў Аляксандр Лукашэнка, у час перагавораў Уладзімір Пуцін падрабязна праінфармаваў аб выніках свайго візіту ў Кітай. Беларусь таксама нацэлена на развіццё ўсепагоднага і ўсебаковага партнёрства з Пекінам, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Беларуска-кітайскія адносіны год ад году таксама істотна прыбаўляюць. Разлічваем, што на ліпеньскім саміце ШАС у Астане далучымся да гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Падводзячы вынікі перагавораў, Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць расійскаму калегу за "цёплую, брацкую размову, плённую і канструктыўную сустрэчу". Паводле яго слоў, па ўсіх тэмах бакі знайшлі ўзаемаразуменне і разлічваюць на далейшую ўзаемную ўсебаковую падтрымку.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Кіраўнік дзяржавы расказаў, што тэма абароны і бяспекі з'яўляецца асноўнай на сустрэчах лідараў Беларусі і Расіі.
"Мы пастаянна не проста абмяркоўваем пытанні бяспекі і абароны нашых дзяржаў - у нас створана сумесная групоўка па абароне Саюзнай дзяржавы. Мы трымаем у полі зроку ўсё тое, што адбываецца на нашых граніцах. Мы гэта бачым і ведаем, пачынаючы ад выбудоўвання розных загарод і нагнятання істэрыі вучэннямі, якія праводзяцца паблізу нашых граніц. Бяспецы мы ўдзяляем першарадную ўвагу, і многія нашы сустрэчы працэнтаў на 90, а можа, нават больш - гэта пытанні бяспекі і абароны. За выключэннем цяперашняй сустрэчы, дзе мы шмат часу - нават больш, чым пытанням бяспекі, - удзялілі эканоміцы, таму што ў аснову бяспекі пакладзена ў тым ліку эканоміка", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі пракаменціраваў тэму сумесных вучэнняў па прымяненні нестратэгічнай ядзернай зброі. Ён падкрэсліў, што ў Беларусі няма жадання ні на каго нападаць, аднак яна павінна ўмець абараняцца і карыстацца сродкамі, якія знаходзяцца на ўзбраенні.
"Я шчыра прызнаўся, што гэта наша трэцяя трэніроўка з моманту размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. У расіян, напэўна, дзясяткі такіх трэніровак. Нічога дзіўнага. Мы робім усё тое, што яны (заходнія краіны. - Заўвага) рабілі да нас і робяць цяпер", - звярнуў увагу беларускі лідар.
"Мы нічога асаблівага не робім. Мы рыхтуемся, трэніруемся. Мы павінны быць гатовы. Свет нестабільны, небяспечны. Нам нельга прапусціць гэты ўдар, як гэта было ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Мы не дапусцім гэтага, яны павінны аб гэтым ведаць. Але мы не нагнятаем абстаноўку: нам вайна не патрэбна. Мы сёння гаварылі толькі аб мірных перспектывах. Але порах трымаем сухім - нічога асаблівага", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Уладзімір Пуцін дадаў, што Расія рэгулярна праводзіць вучэнні стратэгічных і нестратэгічных ядзерных сіл стрымлівання. Цяпер, пасля размяшчэння нестратэгічнай ядзернай зброі ў Беларусі, да гэтых трэніровак прыцягнуты і беларускія саюзнікі.
"Мы да бяспекі Беларусі ставімся гэтак жа, як і да бяспекі Расійскай Федэрацыі. Гэта ключавы элемент нашага ўзаемадзеяння ў гэтай сферы", - падкрэсліў ён.
Расійскі лідар звярнуў увагу, што Расія цалкам выконвае міжнародныя абавязацельствы ў галіне ядзерных узбраенняў. "Тут няма нічога, што мы парушылі б. І няма нічога незвычайнага ў параўнанні з работай таго ж блока НАТА: там рэгулярна праходзяць такія ж вучэнні, да якіх прыцягваюцца краіны НАТА, на тэрыторыі якіх размешчана тактычная амерыканская ядзерная зброя. З прыцягненнем іх ваеннаслужачых, баявых самалётаў і іншых сродкаў дастаўкі", - адзначыў Прэзідэнт Расіі.
"У нас усё адбываецца ў планавым парадку, мы нічога не нагнятаем. Але ўсё павінна быць адпрацавана: гэта такая сфера, дзе нельга дапусціць ніякіх ні збояў, ні памылак, ні нязладжансці", - падкрэсліў Уладзімір Пуцін.
Журналісты папрасілі кіраўнікоў дзяржаў пракаменціраваць спрэчную сітуацыю, што нядаўна ўзнікла, звязаную з легітымнасцю Уладзіміра Зяленскага як Кіраўніка дзяржавы, а таксама як гэта паўплывае на перагаворны працэс.
Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што Расія ніколі не адмаўлялася ад перагавораў з Украінай. Больш таго, нагадаў ён, бакамі былі дасягнуты папярэднія дамоўленасці, аднак заходнія спонсары Украіны прымусілі яе выйсці з перагаворнага працэсу.
"Мы бачым, цяпер зноў аднавіліся размовы аб тым, што трэба было б вярнуцца да перагавораў. Няхай вяртаюцца. Але вяртаюцца, не зыходзячы з таго, што адзін бок хоча, а зыходзячы з тых дамоўленасцей прынцыповага характару, якія былі дасягнуты ў ходзе няпростых перагавораў у Беларусі і Турцыі, і зыходзячы з сённяшніх рэалій, якія склаліся на зямлі. Мы да гэтага гатовы. А з кім весці перагаворы, гэта, вядома, не пустое пытанне, - адзначыў Прэзідэнт Расіі. - Мы ўсведамляем, што легітымнасць дзеючага Кіраўніка дзяржавы скончылася".
Расійскі лідар лічыць, што адна з мэт запланаванай у Швейцарыі канферэнцыі па Украіне якраз і заключаецца ў тым, каб заходняя супольнасць і спонсары Кіева пацвердзілі легітымнасць Уладзіміра Зяленскага.
Прэзідэнт Беларусі згадзіўся з пазіцыяй расійскага калегі: "Юрыдычнай чысціні тут няма і быць не можа, таму што там "глыбокая дэмакратыя", вы ж разумееце. Усё там задушана. Мяне ці нас часта папракаюць, што мы дыктатары, яшчэ кагосьці да гэтага прышываюць. Вось яна дэмакратыя: ні Канстытуцыйны Суд, ні іншыя суды нічога не могуць сказаць. Таму юрыдычнай чысціні няма і быць не можа ў гэтай сітуацыі".
У той жа час Аляксандр Лукашэнка лічыць, што на пытанні вайны і міру - галоўныя пытанні - гэта сітуацыя ніяк не ўплывае. "Усё роўна ні цяперашні Прэзідэнт, ні будучы, я думаю, вырашаць гэтыя вялікія пытанні, якія стаяць перад дзяржавай Украіны, перад народам Украіны, не будуць. Вы ведаеце, хто будзе вырашаць: за акіянам ужо многае вырашана, што не вырашана, яны вырашаць потым", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Я глыбока аналізаваў для сябе гэтыя праблемы з паўнамоцтвамі Уладзіміра Аляксандравіча. Цяпер я зразумеў, што гэта ўсё бескарысна", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ва Украіне заўсёды было шмат палітычных сіл і кожная ўяўляе сябе героем. "Зноў жа - там "дэмакратыя". Там сёння і сярод ваенных, і сярод грамадзянскіх, якія хочуць узначаліць краіну і павесці яе па-новаму на вайну і супраць вайны, дастаткова. Але сітуацыя развіваецца так, як развіваецца. Думаю, што гэты год многае вызначыць. Вельмі многае. Пажывём - пабачым. Мы нікуды не спяшаемся. Расія тым больш. У нас пазіцыя адзіная, мы не ўтойваем яе", - рэзюмаваў беларускі лідар.
У час размовы з журналістамі Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама выказаўся аб гібелі Прэзідэнта Ірана Эбрахіма Раісі.
Ён назваў загінулага Эбрахіма Раісі добрым сябрам як Беларусі, так і Расіі. "Гэта нармальны, добры чалавек, які з намі вёў адкрыты, сумленны дыялог і быў занепакоены развіццём уласнай дзяржавы і абаронай інтарэсаў уласнага народа. Як там што было і іншае... Шмат пра гэта цяпер гаворыцца. Я думаю, Іран - такая краіна, якая разбярэцца, што там здарылася", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Як чалавек, а не Прэзідэнт, Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў аб агіднай палітыцы ЗША, якая да гэтага прывяла. "Я маю на ўвазе перш за ўсё санкцыі. Гэтыя нягоднікі не мелі права ўводзіць санкцыі супраць суднаў (самалётаў, верталётаў), на якіх перавозяць людзей. Яны ж увялі санкцыі супраць суднаў Расіі, супраць нас. Супраць майго, дапусцім, самалёта. Уладзіміра Уладзіміравіча не дастануць, таму што ў яго расійскі борт (самалёт расійскай вытворчасці. - Заўвага). А тут яны ўвялі гэтыя санкцыі. Гэта што, нармальна? Гэта ж людзі перамяшчаюцца. Вы ж прадалі гэта судна. Не важна, 40 ці 50 гадоў існуе гэты верталёт. Можа, за 50 гадоў ён усяго тры разы лятаў і быў бы нармальным, калі б яго абслугоўвалі як належыць. Але яны ж забаранілі і абслугоўваць сваім кампаніям. Таму ў гэтым іх віна ў тым ліку. Яны забаранялі абслугоўваць гэты верталёт. Гэта дакладна", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што вінаватым у прыняцці такіх рашэнняў варта чакаць справядлівай кары: "Ён (Гасподзь. - Заўвага) ім прышле ў адказ. Так сябе не паводзяць у свеце. Гэта лішні раз пацвярджае тое, што робіць сёння Расія і іншыя, якія яе падтрымліваюць, з разбурэннем аднапалярнага свету".
Прэзідэнт упэўнены, што шматпалярны свет сапраўды будзе. "І гэтыя безразважныя (у ЗША. - Заўвага) набліжаюць гэты шматпалярны свет гэтымі сваімі дзеяннямі. Каму гэта падабаецца? Не падабалася - укралі грошы, у гэтым выпадку ў Расіі і не толькі, схапілі, судна нейкае арыштавалі, танкер забралі, тавар забралі... Усё дазволена - моцныя... Я не містык, але настане час - за гэта яны адкажуць спаўна. Яны там за акіянам не схаваюцца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заўважыў, што іншыя асобы, якія суправаджалі іранскага Прэзідэнта, ляцелі на двух верталётах расійскай вытворчасці ў тых жа метэаўмовах, у тым жа паветраным калідоры і праляцелі без усялякіх праблем.
Пасля прэс-канферэнцыі па выніках перагавораў лідары краін прадоўжылі сустрэчу ў нефармальнай абстаноўцы за рабочым абедам.