Сустрэча з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным пасля яго прыбыцця з афіцыйным візітам у Беларусь
- 8
- 4:08
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка сустрэў Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна пасля яго прыбыцця ў Мінск з афіцыйным візітам.
Лідары краін цёпла прывіталі адзін аднаго. У прысутнасці СМІ яны зрабілі шэраг заяў аб парадку маючых адбыцца перагавораў, пасля чаго разам пакінулі аэрапорт, каб прадоўжыць нефармальную сустрэчу і абмеркаванне актуальнай тэматыкі.
"Я ехаў і думаў: традыцыя такая склалася, што ў нас заўсёды няма часу днём пачаць перагаворы. Мы да паўночы заўсёды. Думаю, нічога страшнага. У вас сёння цяжкі дзень. З Каралём Бахрэйна няпростыя перагаворы", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Прыемныя", - адзначыў расійскі лідар.
"Дзякуй богу. Значыць, сяброў прыбавілася. Таму я Вас вітаю на роднай Вам беларускай зямлі. Беларускі народ вельмі рады будзе ведаць, што Вы прыехалі да нас. Пасля выбараў (прэзідэнцкіх у Расіі. - Заўвага) гэта адзін з першых візітаў. Пасля Кітайскай Народнай Рэспублікі - нашых сяброў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Думаю, як звычайна, мы пытанні бяспекі - на першы план. А заўтра абмяркуем эканамічныя пытанні разам з нашымі калегамі з урадаў", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Улічваючы нядаўні візіт Уладзіміра Пуціна ў Кітай, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб планах абмеркаваць адносіны і ў кантэксце ўзаемадзеяння з КНР. "Думаю, Сі Цзіньпін будзе рады, што мы абмяркоўваем гэтыя пытанні. У мяне ёсць вельмі цікавыя прапановы па нашым рэгіёне і далей туды, па Каўказскім, - мы вельмі сур'ёзна абмяркоўвалі ў час візіту ў Азербайджан", - сказаў беларускі лідар.
У сваю чаргу Уладзімір Пуцін адзначыў, што ў бакоў вялікі парадак дня і ён рады, што ўдалося прыехаць вечарам 23 мая, каб у нефармальнай абстаноўцы пагаварыць па ўсіх тэмах.
"У мяне пасля перагавораў з нашымі арабскімі сябрамі была такая вялікая сустрэча з членамі Урада. Гаварылі якраз аб маім візіце да вас. Практычна па ўсіх напрамках прайшліся - і па прамысловай кааперацыі, па энергетыцы, па сельскай гаспадарцы, па пытаннях бяспекі. Напэўна, палова Урада была. Некаторыя прыедуць, заўтра будуць удзельнічаць у перагаворах. Тыя, каго не будзе тут, тыя перадавалі прывітанне і пажадалі дабрабыту Беларусі, - расказаў расійскі лідар. - Многае зроблена нашымі калегамі за апошні час. Зноў жа, пры непасрэдным вашым удзеле, пры падтрымцы. Мы сёння і заўтра гэта абмяркуем, у тым ліку і пытанні бяспекі, якім вы ўдзяляеце пастаянна вялікую ўвагу. Тут таксама ёсць аб чым пагаварыць. Усё ў нас стабільна складваецца, паспяхова".
"Пагаворым, вядома, і аб другой фазе вучэнняў (па адпрацоўцы прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі. - Заўвага). Гэта звязана з прамым удзелам нашых беларускіх сяброў, калег у ваеннай сферы ў гэтых мерапрыемствах", - дадаў Прэзідэнт Расіі.
Афіцыйныя перагаворы прэзідэнтаў пройдуць 24 мая ў Палацы Незалежнасці спачатку ў вузкім, а затым у пашыраным складах.
Бакі абмяркуюць стан і перспектывы развіцця ўсяго комплексу беларуска-расійскіх адносін - інтэграцыйны парадак дня і рэалізацыю рашэнняў, прынятых Вышэйшым дзяржсаветам Саюзнай дзяржавы, палітычны дыялог, пашырэнне сумесных гандлёва-эканамічных і кааперацыйных праектаў, умацаванне бяспекі, узаемадзеянне ў гуманітарнай сферы.
У цэнтры ўвагі традыцыйна будуць таксама міжнародны парадак дня, абстаноўка ў рэгіёне, сумеснае рэагаванне на ўзнікаючыя выклікі і пагрозы.