Афіцыйныя перагаворы з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым

  • 35
  • 3

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 мая правёў афіцыйныя перагаворы са сваім азербайджанскім калегам Ільхамам Аліевым. Сустрэча кіраўнікоў дзяржаў прайшла ў прэзідэнцкім палацы "Загульба". 

Па пратаколе перагаворам папярэднічалі цырыманіяльныя мерапрыемствы з удзелам роты ганаровай варты і выкананнем дзяржаўных гімнаў. У цырыманіяле таксама ўдзельнічалі і члены дэлегацый. Яшчэ адна абавязковая традыцыя - цырымонія фатаграфавання двух лідараў. Толькі пасля гэтага кіраўнікі дзяржаў накіраваліся на перагаворы спачатку ў фармаце сам-насам, а потым у пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый.

"У нас няма закрытых тэм, у нас усё адкрыта. Калі б нехта пачуў, якія пытанні мы абмяркоўваем, яны падумалі б: якія ж у нас адносіны? Самыя добрыя, самыя блізкія. Мы размаўляем як браты, аднолькава разумеем свет, куды ён рухаецца. Я вам сказаў сам-насам пра Гейдара (былы Прэзідэнт Азербайджана, бацька Ільхама Аліева Гейдар Аліеў. - Заўвага): калі б ён убачыў, як развіваецца Азербайджан..." - адзначыў Аляксандр Лукашэнка ў час перагавораў.

Прэзідэнт падкрэсліў, што цяпер самае галоўнае для Азербайджана - пасляваеннае аднаўленне тэрыторый: "Якраз настаў той цяжкі час, калі трэба адраджаць гэтыя землі, трэба вяртаць людзей (а яны ўжо, некаторыя, нарадзіліся ў горадзе - праблема, напэўна, будзе)".

Гэта работа сапраўды запатрабуе шмат часу і вялікай працы. Беларусь, заявіў Аляксандр Лукашэнка, гатова аказаць сваю падтрымку.

"Калі мы ў нечым можам дапамагчы, удзельнічаць у гэтым… Памочнікаў у вас тут цяпер хапае, але калі мы можам па-сяброўску ўдзельнічаць у гэтым… Тэхніка, аграгарадкі, працоўныя месцы, пэўныя тэхналогіі (вашы спецыялісты, міністры добра ведаюць гэтыя тэхналогіі) - калі яны прыдатныя, калі наша тэхніка можа тут прысутнічаць і працаваць… Я на перагаворах сам-насам Ільхама Гейдаравіча папрасіў: калі гэта магчыма - нейкае месца для Беларусі, - вы, калі ласка, нам яго дайце. І Ільхам Гейдаравіч такі падыход падтрымаў", - сказаў беларускі лідар.

Ільхам Аліеў у сваю чаргу расказаў, што ў час сустрэчы сам-насам паміж двума лідарамі адбылася грунтоўная размова па многіх пытаннях двухбаковага парадку дня, а таксама па рэгіянальных і міжнародных пытаннях. Быў пацверджаны стратэгічны характар адносін дзвюх краін.

"Даражым даверным, крэатыўным партнёрствам паміж нашымі краінамі, якое заснавана на ўзаемнай павазе, дружбе і супрацоўніцтве, - падкрэсліў Прэзідэнт Азербайджана. - Адносіны правераны часам. Думаю, што ні ў каго не выклікае сумнення, што Беларусь і Азербайджан - гэта два надзейныя сябры".

Гаворачы аб перспектывах далейшага ўзаемадзеяння Беларусі і Азербайджана, Ільхам Аліеў падкрэсліў, што бачыць вялікі патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва, у тым ліку для павелічэння тавараабароту, для прадаўжэння і пашырэння прамысловай кааперацыі. Ён адзначыў, што ў Азербайджане былі б рады, калі б беларускія кампаніі, прадпрыемствы ўдзельнічалі ў пасляваенным аднаўленні тэрыторый. Паводле слоў Ільхама Аліева, гэта тэма таксама абмяркоўвалася членамі дэлегацый абедзвюх краін.

"У нас супрацоўніцтва даволі шматпланавае, якое мае добрую гісторыю і добрую перспектыву", - рэзюмаваў Ільхам Аліеў.

Напярэдадні візіту Аляксандра Лукашэнкі дзяржаўныя органы абедзвюх краін правялі вялікую работу, каб актуалізаваць дагаворна-прававую базу. Распрацаваныя праекты міжнародных дагавораў былі падпісаны пасля перагавораў двух лідараў - гэта таксама абавязковы атрыбут афіцыйнай сустрэчы.

У ліку падпісаных дагавораў міжурадавы пратакол аб узаемным прымяненні электронных сістэм сертыфікацыі паходжання тавараў. Ён накіраваны на спрашчэнне гандлю, павышэнне эфектыўнасці і скарачэнне тэрмінаў правядзення мытнага кантролю. Подпісы пад дакументам паставілі кіраўнікі мытных органаў.
 
Яшчэ двума падпісанымі пратаколамі ўносяцца змяненні і дапаўненні ў міжурадавыя пагадненні аб супрацоўніцтве ў ветэрынарыі і ў галіне каранціну і аховы раслін.
 
Паміж міністэрствамі падпісаны план мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва ў сферы турызму на 2024-2025 гады, а Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі заключыла з Міністэрствам эканомікі Азербайджана мемарандум аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве ў галіне канкурэнтнай палітыкі, дзяржаўных закупак, абароны правоў спажыўцоў і рэкламнай дзейнасці.
 
Яшчэ адзін мемарандум аб узаемаразуменні падпісаны паміж Нацыянальным агенцтвам інвестыцый і прыватызацыі Беларусі і Агенцтвам развіцця малога і сярэдняга бізнесу Азербайджана. Гэты дакумент стварае прававую аснову для абмену вопытам і паляпшэння дзелавога клімату з мэтай узмацнення інвестыцыйнай прывабнасці абедзвюх краін.
 
Мінск, Гомель і Гродна наладжваюць пабрацімскія сувязі з азербайджанскімі гарадамі Баку, Гянджа і Габала адпаведна. Мемарандумы паміж бакамі былі падпісаны пасля перагавораў прэзідэнтаў.

І завяршальная частка афіцыйных перагавораў - заява для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.

"Я запрасіў беларускія кампаніі актыўна ўдзельнічаць у аднаўленні Карабахскай і Усходне-Зангезурскай зоны. Маштаб работ, якія мы ажыццяўляем і будзем ажыццяўляць, - грандыёзны", - падкрэсліў Прэзідэнт Азербайджана. 

Паводле яго слоў, цяпер даводзіцца фактычна з нуля аднаўляць значную тэрыторыю. Ёсць неабходнасць як у стварэнні інфраструктуры, так і ў будаўніцтве жылля, грамадскіх будынкаў і гэтак далей. "Таму мы запрашаем беларускія кампаніі актыўна падключыцца да гэтай работы, - сказаў Ільхам Аліеў. - У Беларусі ёсць вельмі добры вопыт горадабудаўніцтва, сучасныя тэхналогіі, вопыт будаўніцтва аграгарадкоў". 

Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу адзначыў, што Азербайджан вельмі многага дабіўся за апошнія гады, і перш за ўсё - вырашыў сваю галоўную праблему, вярнуўшы землі, якія доўгі час фактычна ператвараліся ў пустыню. "Гэта цяжкая гісторыя. Але землі вернуты, іх трэба адраджаць. Гэта будзе, напэўна, значна больш доўгая і не менш цяжкая задача, якую Азербайджану давядзецца вырашыць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што мала проста вярнуць людзей на гэтыя землі. Неабходна ствараць тут працоўныя месцы і забяспечваць грамадзянам дастойнае жыццё, што зойме доўгія гады.

"Тое, што вы вярнулі землі, адраджаеце іх, гэта застанецца на стагоддзі, на многія часы. Калі ў гэтай вялікай справе адраджэння такіх зямель знойдзеце нам месца, дзе мы можам падставіць сваё плячо, і гэта будзе вам выгадна, мы гэта зробім з вялікім задавальненнем. Прытым зробім так, як ніхто больш у свеце не зробіць, - з-за той павагі і нашых адносін паміж брацкімі народамі Беларусі і Азербайджана", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь і Азербайджан рэалізуюць дарожную карту па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. У хуткім часе ў Мінску адбудзецца пасяджэнне міжурадавай камісіі, з улікам новых дамоўленасцей бакі вырашылі актуалізаваць гэты дакумент.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, нешта ўжо ўстарэла і ёсць праекты, якія трэба не проста прапрацоўваць, а ажыццяўляць. Адзін з іх - сумесная вытворчасць комплексных угнаенняў.

"Мы дамовіліся аб сумеснай вытворчасці комплексных мінеральных угнаенняў. Чаго тут марудзіць? Трэба рабіць комплексныя змешаныя ўгнаенні і пачынаць з унутранага рынку, каб Азербайджан недзе не прасіў нейкія ўгнаенні, а тут вырабляць. У нас ёсць тэхналогіі, мы гатовы гэта рабіць і забяспечваць увесь рэгіён, а ён каласальны: Іран, Пакістан, Індыя - яны спажываюць вялізную колькасць мінеральных угнаенняў. Мы прапануем комплексныя. Да лістапада трэба рушыць наперад. Такія задачы былі пастаўлены", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

"Мы абмеркавалі ўсе пытанні, закрытых тэм не было. Гэта не толькі тэхніка МТЗ - сумесная вытворчасць, але і сумесная вытворчасць мазаўскай тэхнікі, пажарнай тэхнікі. Вытворчасць ліфтавага абсталявання (старыя ліфты ў савецкіх дамах трэба мяняць) - мы захавалі гэту вытворчасць і гатовы тут з нашымі азербайджанскімі сябрамі вырабляць гэту тэхніку", - заявіў Прэзідэнт.

Азербайджан таксама зацікаўлены ў вытворчасці рухомай чыгуначнай тэхнікі - і платформ, і цыстэрнаў. Беларусь гатова падзяліцца сваім вопытам і ў гэтай сферы.

Не менш важны напрамак - супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы. Гэта пастаўкі з Беларусі буйной рагатай жывёлы элітных парод, будаўніцтва аграгарадкоў і інфраструктуры, стварэнне малочнатаварных комплексаў, развіццё фермерскіх гаспадарак. Асабліва гэта актуальна для тэрыторый, якія маюць патрэбу ў адраджэнні, адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Традыцыйная сфера ўзаемадзеяння Беларусі і Азербайджана - пастаўка лесаматэрыялаў. Прычым цяпер беларускі бок гатовы пайсці яшчэ далей і будаваць на адраджаемых землях Азербайджана драўляныя дамы.

"Што датычыцца фармацэўтыкі, хоць заўтра мы гатовы пачынаць пастаўкі тых лякарстваў, якія вам патрэбны, і ствараць тут сумесныя вытворчасці па лякарствах і ветпрэпаратах, якія мы ўмеем вырабляць у Беларусі, - сказаў беларускі лідар. - Гэта таксама вельмі вялікая праграма. І праграма, якая нікому ў Азербайджане не перашкаджае працаваць. Мы тут у супярэчнасці ні з кім не ўваходзім і канкурэнцыю нікому не складаем. Хоць канкурэнцыя павінна быць".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь і Азербайджан яшчэ шмат чаго могуць зрабіць у гуманітарнай сферы, у тым ліку ў галіне спорту (што датычыцца падрыхтоўкі да буйных мерапрыемстваў), аховы здароўя і адукацыі. "Мы гатовы адраджаць тут і ствараць на новай аснове аб'екты прафтэхадукацыі. Вопыт у нас такі ёсць. Сёння рабочыя спецыяльнасці вельмі запатрабаваны. Ільхам Гейдаравіч папрасіў, каб мы заняліся гэтай работай. Мы будзем гэту работу праводзіць разам з вашымі спецыялістамі", - сказаў беларускі лідар.

Чакаецца, што рэалізацыю дарожнай карты кіраўнікі дзяржаў прааналізуюць у лістападзе (у гэты час у Баку адбудзецца міжнародная канферэнцыя ААН па змяненні клімату, і Прэзідэнт Беларусі плануе прыняць у ёй удзел).

Акрамя таго, паводле слоў Ільхама Аліева, у час перагавораў размова ішла аб развіцці адносін у ваенна-прамысловым комплексе, сельскай гаспадарцы, транспарце - аб усіх тых пытаннях, якія будуць мець практычнае значэнне для развіцця эканомік дзвюх краін.

Тавараабарот паміж Беларуссю і Азербайджанам за 2023 год перасягнуў $400 млн. Але бакі лічаць, што ім пад сілу, няхай і не адразу, выйсці на $1 млрд.

"Гэта будзе вельмі вялікі крок. Можа, у два прыёмы мы гэта зробім. Спачатку ў 500 мільёнаў мы атрымаем тавараабарот на працягу года-паўтара і праз пэўны час выйдзем на мільярд. Мы зробім для гэтага ўсё. Калі мы, напрыклад, купляем у недружалюбных краінах нейкі тавар, які вырабляецца тут, у Азербайджане, мы павінны ні на што не гледзячы (цяпер момант) адмовіцца ад яго і купіць тут. Гэтак жа і Азербайджан будзе ісці нам насустрач", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Адной з тэм перагавораў прэзідэнтаў стала бяспека на прасторы СНД. Кіраўнікі дзяржаў абмяняліся меркаваннямі па актуальных пытаннях сусветнай палітыкі. "Сітуацыя ў свеце мяняецца даволі хутка і, як правіла, у негатыўны бок. З'яўляюцца новыя канфлікты, новыя ачагі нестабільнасці. На жаль, існуючыя канфлікты, як правіла, не вырашаюцца", - сказаў наконт гэтага Ільхам Аліеў.

"Я праінфармаваў аб тым, што адбываецца ў нашым рэгіёне ў сувязі з канфліктам ва Украіне. Вельмі падрабязна. Ацэнкі і пункты гледжання ў нас або блізкія, або супадаюць. Нашу пазіцыю вы ведаеце. Нам там не проста цяпер. Але мы будзем рабіць усё, каб там быў мір. І будзем рухацца ў гэтым напрамку. Вопыт Азербайджана пасляваеннага ўладкавання, мірнага ўладкавання вельмі важны і для нашага рэгіёна", - падкрэсліў у сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што цяпер неспакойна і ў каўказскім рэгіёне. "Дзякуй богу, што тут з'явіўся вельмі моцны, нармальны лідар. Вы здольны кантраляваць каўказскі рэгіён. Гэта ўжо не толькі адказнасць за Азербайджан - вы ўжо ў цэлым адказваеце за сітуацыю на Каўказе, на што мы - тыя народы, якія не жывуць на Каўказе, - вельмі спадзяёмся. Гэта дадатковая нагрузка на вас, хоць і сваіх праблем хапае. Тым не менш нікуды не дзенецеся: час выбраў вас, як у нас гавораць, і вы несяце адказнасць за каўказскі рэгіён як лідар", - заявіў беларускі лідар.

Пасля перагавораў Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў наведалі ў Баку міжнародную сельскагаспадарчую выстаўку Caspian Agro. Кіраўнікі дзяржаў азнаёміліся з экспазіцыямі Беларусі і Азербайджана, вывучыўшы патэнцыял прадпрыемстваў і перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва ў сферы аграпрамысловага комплексу.

У рамках візіту Аляксандр Лукашэнка таксама ўсклаў вянок да магілы Агульнанацыянальнага лідара Гейдара Аліева на Алеі ганаровага пахавання ў Баку і да манумента "Вечны агонь" на Алеі шахідаў ("загінулых герояў").