II Мінская міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы
- 16
- 49:44
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 кастрычніка прыняў удзел у II Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы.
"На жаль, сёння можна пералічыць на пальцах адной рукі пляцоўкі, дзе вяліся б адкрытыя, канструктыўныя экспертныя дыскусіі на тэму міжнароднай бяспекі. А нам жыццёва неабходна сумленная размова і бесстароннія ацэнкі падзей, якія адбываюцца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у сучасным свеце арганізацыя і работа падобнай канферэнцыі - гэта амаль неверагодная рэч. "Яшчэ больш патрэбны эфектыўныя меры па процідзеянні сучасным выклікам і пагрозам. Калі не аб'яднаемся ў гэтым плане і не выпрацуем, не ажыццявім гэтыя меры, будзе бяда", - перакананы Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што першая канферэнцыя па пытаннях еўразійскай бяспекі, праведзеная ў Мінску ў 2023 годзе, здзівіла нават самых заўзятых скептыкаў, якія сумняваліся, што ў такі неспакойны час можна сабраць прадстаўнікоў і Захаду, і Усходу. Яе вынікам стаў праект Хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі, работа над якой будзе прадоўжана ў час цяперашняй канферэнцыі.
"Дакумент павінен паскорыць працэсы палітычнай, эканамічнай і іншай кансалідацыі ў мэтах забеспячэння бяспекі, стратэгічнай стабільнасці і прагрэсіўнага развіцця нашых краін і народаў. Мы бачым гэты дакумент усебаковым і ўсёабдымным, без прывязкі да канкрэтнага рэгіёна, каб садзейнічаць фарміраванню кансэнсусу ў сферы бяспекі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка выказаў падзяку ўсім, хто адгукнуўся на запрашэнне Беларусі прыняць удзел у канферэнцыі. "Гэта ў нашых інтарэсах - усіх. Удзельнікаў стала значна больш, што нядзіўна, паколькі сітуацыя становіцца ўсё больш крытычнай і напружанай, - заявіў ён. - Я вельмі разлічваю, што такое прадстаўнічае кола аўтарытэтных экспертаў, якія ўдзельнічаюць у бягучай канферэнцыі, не толькі будзе абмяркоўваць праблемы (яны добра вядомы), але і здолее прапанаваць варыянты іх вырашэння".
"Як правіла, гаворачы пра бяспеку, маюць на ўвазе гарантыі абароны ад замахаў на сваю тэрыторыю. Аднак усёабдымная бяспека па азначэнні павінна даваць гарантыі дзяржавам не толькі ў ваеннай сферы, але і ў палітычнай, эканамічнай, інфармацыйнай і іншых. Калі глядзець пад такім вуглом, становіцца відавочным маштаб крызісу, які ахапіў планету", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, прысвоіўшы самім сабе пасля развалу ўсяго сацыялістычнага лагера званне "лідара свабоднага свету", Злучаныя Штаты, нягледзячы на ўвесь свой патэнцыял, аказаліся няздольнымі быць адной глабальнай апорай і гарантам бяспекі ў самым шырокім сэнсе гэтага паняцця.
"Паверце, у мяне няма жадання прычэпліваць ярлыкі часоў халоднай вайны. Але гэта відавочны факт. Скрываць яго не трэба, калі хочам разабрацца не толькі ў прычынах, але і прыняць нейкія меры, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - А міжнародныя інстытуты? Спытаеце вы. Яны, прызначаныя быць універсальным медыятарам або арбітрам, часта дэманструюць поўны параліч, абмяжоўваючыся толькі пустымі заявамі і прадстаўніцкімі функцыямі. Адсутнасць сістэмы стрымліванняў і проціваг прывяла да дэградацыі бяспекі ва ўсіх сферах".
Першае. Палітыка
"У наяўнасці крах усіх пастулатаў дэмакратыі. Мы бачым: ёсць дэмакратыя для сябе, а ёсць дэмакратыі на экспарт. Якімі дэмакратычнымі каштоўнасцямі можна растлумачыць тое, што адбываецца на Блізкім Усходзе, і тое, што адбылося ва Украіне? Няўжо верхам дэмакратыі з'яўляецца магчымасць фізічнага ўстаранення чалавека, якога, напрыклад, ЗША і іх сатэліты палічаць пагрозай для нацыянальнай бяспекі? Любога - ад палітычнага і грамадскага дзеяча да бізнесмена, вучонага або журналіста", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Або новы "дэмакратычны" трэнд - палохаць Міжнародным крымінальным судом кіраўнікоў суверэнных дзяржаў", - дадаў Прэзідэнт.
"Што агульнага з дэмакратыяй мае аб'яўленне персонай нон грата Генеральнага сакратара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый за яго прынцыповую пазіцыю, якую ён нарэшце адкрыта выказаў? Або як расцаніць несціхаючыя нападкі на таго ж Антоніа Гутэрыша за тое, што ён наведаў саміт БРІКС - аб'яднанне краін, якія даюць амаль 40% сусветнага ВУП?" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што нападкі зведваюць не толькі асобныя лідары, але і цэлыя народы. Так, у дзяржавах, якія асмеліліся ісці сваім шляхам, інспірыруюцца каляровыя рэвалюцыі, прыводзяцца да ўлады лаяльныя лідары і сапраўдныя марыянеткі за грошы заходняй "мяккай сілы" - так званых няўрадавых або некамерцыйных арганізацый.
"Ды і ў саміх краінах Еўрапейскага саюза варта нацыянальна арыентаваным палітыкам выступіць за інтарэсы свайго народа - чакайце чаргі крымінальных абвінавачванняў, сфабрыкаваных спраў і нават замахаў", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён прывёў у прыклад дзейнасць Міністра замежных спраў Венгрыі Петэра Сіярта: "Яго таксама могуць абвінаваціць, што ён прыехаў у Беларусь. А за што? Старшынствуе ў Еўрапейскім саюзе. У рэшце рэшт, Еўрапейскі саюз павінен разумець, ведаць, чуць, што скажуць разумныя людзі Еўразіі, інакш кажучы, мы. Што ў гэтым дрэннага".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адной з прычын сённяшніх падзей у свеце стаў міграцыйны крызіс.
Ён звярнуў увагу на тое, што гібель і збіванні бежанцаў і мігрантаў на тэрыторыі краін калектыўнага Захаду сталі страшнай штодзённай рэальнасцю. Але аб гэтым сусветныя СМІ маўчаць, затое абвінавачанні Беларусі ў стварэнні гэтага крызісу не сыходзяць з першых палос.
"Мы "вінаваты" ў гэтым сусветным міграцыйным крызісе. Пры тым што асноўны маршрут гэтых людзей не мяняецца шмат гадоў - праз Міжземнае мора, Балканскі паўвостраў штогод праходзіць да паўмільёна чалавек. Еўропа не здольна ў сябе навесці парадак, але добра ведае, як адцягнуць увагу ад унутраных праблем - назначыць знешняга ворага", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы задаў рытарычнае пытанне: навошта Захад зноў выбудаваў "жалезную заслону", супраць якой краіны змагаліся шмат дзесяцігоддзяў. "Чаму ўсе маўчаць, калі збіваюць гэтых бедных людзей (нелегальных мігрантаў. - Заўвага), забіваюць і праз граніцу, праз гэту агароджу нам падкідваюць? Чаму маўчым? Гэта ж пачатак вялікай бяды. Заўсёды з малога нешта пачынаецца", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"Калі гаварыць аб міграцыйным крызісе, мы ні ў чым абсалютна не вінаваты. Да таго, як супраць нас развязалі эканамічную бойню і ў сродках масавай інфармацыі, мы супрацоўнічалі з Еўрапейскім саюзам. Еўрапейскі саюз папрасіў пабудаваць у нас прытулкі для мігрантаў, якія будуць ісці цераз Беларусь. Мы заключылі дагавор аб рэадмісіі. Дамовіліся з расіянамі, таму што ў аднабаковым парадку гэта не працуе. Пачалі працаваць", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка, як пачынала развівацца супрацоўніцтва з ЕС у гэтай сферы.
"Увялі эканамічныя санкцыі, накінулі нам на шыю пятлю і пачалі душыць. І гавораць: вы нас абараняйце ад мігрантаў. Можа, я недыпламатычна, але шчыра і адкрыта сказаў: слухайце, мы не будзем вас абараняць. Мы не будзем, як раней, іх лавіць на гэтай граніцы. Па многіх прычынах: вы разбурылі на Блізкім Усходзе дзяржавы, вы задушылі Афрыку (замест таго, каб дапамагчы Афрыцы на ногі стаць, вы пачынаеце іх бязлітасна эксплуатаваць, увялі неакаланіялізм), вы пачалі вайну ў Афганістане, Іраку і гэтак далей, разбурылі гэтыя дзяржавы. А потым цывілізаваны Захад у сувязі з тым, што няма каму працаваць у Германіі, Францыі і іншых дзяржавах, паклікаў гэтых людзей да сябе. Яны і пайшлі", - адзначыў Прэзідэнт.
У тыя гады міграцыйныя маршруты ў асноўным не закраналі Беларусь, аднак цяпер, калі ва Украіне ідзе вайна, а ў іншых краінах пабудаваны агароджы, міграцыйныя патокі рынулі праз беларускую граніцу. "Мы шчыра, адкрыта сказалі: з пятлёй на шыі мы перад вамі стаяць на каленях не будзем і лавіць мігрантаў не будзем. Рабіце з імі самі тое, што вы хацелі. Вы хацелі іх уладкаваць на работу - працаўладкоўвайце іх. Але самае галоўнае, вы ж развязалі супраць нас эканамічную вайну, і не толькі эканамічную вайну, чаму мы вас павінны абараняць? Вось і ўся развязка гэтага міграцыйнага крызісу", - заявіў беларускі лідар.
"Яшчэ раз падкрэсліваю: самі запрасілі гэтых няшчасных людзей да сябе, а сёння аб'явілі іх гібрыднай пагрозай і ламаюць галаву над планамі высылкі. Але пакуль не прыдумалі, хто замест іх будзе працаваць. Я не хачу даваць ніякіх парад, але скажу адно: паклікалі - забяспечце працаўладкаванне і роўныя ўмовы са сваімі грамадзянамі, разбярыцеся, могуць яны ў вас жыць ці не", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Другое. Ваенная бяспека
"Дзяржавы ўсё часцей вымушаны прымяняць ваенную сілу для абароны свайго суверэнітэту, унутранай стабільнасці або недапушчэння эскалацыі, што вельмі важна сёння. Далейшае разрастанне ўкраінскага і блізкаўсходняга канфліктаў тоіць у сабе непапраўныя наступствы глабальнага маштабу", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што, засяродзіўшы ўвагу толькі на гэтых двух ачагах, свет чамусьці ігнаруе той факт, што сёння налічваецца каля 55 узброеных канфліктаў. У іх штодзённа тысячамі гінуць людзі. "Вазьміце еменскі канфлікт, які калектыўнаму Захаду засвечваць нібыта няёмка, - прывёў прыклад Прэзідэнт. - А калі ўзяць перспектыву, то Блізкі Усход і Украіна разам узятыя адпачываюць. Там, у Індыйскім акіяне і тым заліве, які хусіты сёння кантралююць, можа здарыцца такая катастрофа, што нам і не снілася".
Ён таксама нагадаў, што фактычна не засталося законных міжнародна-прававых інструментаў, якія фарміруюць гарантыі ў сферы ваеннай бяспекі. Па вялікім рахунку засталося толькі два дагаворы: аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі і аб стратэгічных наступальных узбраеннях.
"Ды і тыя не працуюць: першы практычна не выконваецца, а другі маральна ўстарэў. Што асабліва паказальна, не вядзецца ніякай работы па заключэнні новых пагадненняў у гэтай сферы. Значыць, некаму яны не патрэбны. І гэта ў першую чаргу на сумленні палітыкаў, а не ваенных", - заявіў беларускі лідар.
Трэцяе. Эканоміка
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што незаконнымі санкцыямі абкладзена паўсвету, нелегітымнымі абмежаваннямі паралізаваны цэлыя галіны эканомікі, а права прыватнай уласнасці знішчана. "Арыштоўваюцца дзяржаўныя актывы і нахабна раскрадаюцца суверэнныя фінансавыя рэсурсы. Узрываюцца газаправоды, перакрываецца доступ да мора", - пералічыў толькі некаторыя пагрозы Прэзідэнт.
Ён таксама адзначыў, што набыццё тавараў заходніх брэндаў больш не з'яўляецца гарантыяй тэхналагічнай бяспекі, бо ў любы момант яны могуць адмовіць у пастаўках запасных частак або ў сэрвісным абслугоўванні.
"Падарвана сістэма міжнароднага падзелу працы, якую мы з такімі намаганнямі выбудоўвалі. А наступны крок - гэта пашырэнне пратэкцыянізму і закрытыя эканомікі? Мы што, будзем рухацца не наперад, а назад?" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У век высокіх тэхналогій на парадку дня па-ранейшаму востра стаіць пытанне няхваткі прадуктаў харчавання. "Маштабы голаду на планеце ўжо набліжаюцца да лічбаў пасляваенных гадоў (галадае каля 750 мільёнаў чалавек, яшчэ амаль 3 мільярды не маюць паўнацэннага харчавання). Гэта як называць?" - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым краіны - экспарцёры прадуктаў харчавання, угнаенняў, сельгастэхнікі пазбаўляюцца па палітычных матывах права пастаўляць сваю прадукцыю туды, дзе ў ёй маюць вострую патрэбу.
"Накіраваныя на разбурэнне нацыянальных эканомік, у сапраўднасці санкцыі працуюць супраць простых людзей. У такіх умовах аб якім выкананні абавязацельстваў па Мэтах устойлівага развіцця ААН можа быць размова? Цалкам відавочна, што без бандыцкіх забарон і абмежаванняў Захаду свет значна бліжэй падышоў бы да вырашэння гэтых задач", - заявіў беларускі лідар.
Чацвёртае. Інфармацыйная бяспека
"Сродкі масавай інфармацыі ператварыліся ў рэальную зброю. Постпраўда, бясконцыя фэйкі, маніпуляванне грамадскай думкай, завалодванне фінансавымі сродкамі, арганізацыя дзяржаўных пераваротаў маюць транснацыянальны характар і моц больш небяспечную за любую ваенную інтэрвенцыю. І толькі паспрабуй варухнуцца не так, як яны там спланавалі. Не з той нагі ўсталі раніцай - і пайшло", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Усё часцей для знішчэння чалавецтва спрабуюць прымяніць перадавыя распрацоўкі ў галіне штучнага інтэлекту, біятэхналогій, нейрасетак, квантавай фізікі. "Грамадства яшчэ не раз зведае хваляванне, калі адкрыюцца абуральныя факты рэальнай дзейнасці амерыканскіх біялабараторый па ўсім свеце, асабліва па перыметры Беларусі і Расіі", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
"Я мог бы доўга пералічваць гэтыя "дасягненні" заходняй цывілізацыі. Ды і заходнюю цывілізацыю таксама можна ўзяць у двукоссе. У свой час Махатма Гандзі на пытанне, што ён думае пра заходнюю цывілізацыю, мудра адказаў: "Думаю, гэта была б нядрэнная ідэя", - прывёў цытату вядомага палітычнага дзеяча і філосафа Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ўсё, за што прадстаўнікі заходняй цывілізацыі бяруцца пад сцягам дэмакратызацыі і паляпшэння свету, прыводзіць да адваротнага. І неаспрэчныя прыклады таму - Ірак, Сірыя, Лівія, Афганістан, краіны Афрыкі, а цяпер і Украіна.
"Вось вынік аднапалярнага свету. Не працуе, ды і не магло працаваць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Выснова адна: патрэбна альтэрнатыва. У жыцці заўсёды і ўсюды патрэбна альтэрнатыва. Няма альтэрнатывы, манапалізацыя - бяда. Патрэбна адказнасць зусім іншага ўзроўню".
Рэакцыяй на гэта запатрабаванне, паводле яго слоў, стала з'яўленне рэгіянальнай ШАС, глабальнай БРІКС як платформ для аб'яднання аднадумцаў.
"Апошнія мае кантакты з разумнымі прадстаўнікамі "цывілізаванага Захаду" сведчаць аб тым, што ў нас намеціўся нейкі крэн. Захад нарэшце зразумеў, што трэба дагаворвацца ва Украіне. Магчыма быць нічыёй, калі сёння. Я так па-спартыўнаму гавару", - заявіў беларускі лідар.
Разам з тым ён канстатаваў, што сітуацыя на зямлі мяняецца кожны дзень.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, на сённяшні дзень, што датычыцца патэнцыяльных мірных перагавораў, усё ўпіраецца ў аднаго чалавека - Уладзіміра Зяленскага, у якога зайгралі амбіцыі, у той час як вайна ідзе на тэрыторыі яго краіны. Між тым, Захад у гэтай сітуацыі хоча захаваць аблічча. "Ён жа не можа, як у Афганістане, - сказаў Прэзідэнт. - Яны так пайсці не могуць, яны паабяцалі Валодзю Зяленскаму выдаць пэўныя "пернікі" ў выглядзе зброі, боепрыпасаў і дапамагаць Украіне, пакуль не загіне апошні ўкраінец. Аблічча хочуць захаваць".
"Перш за ўсё ваенныя (ва Украіне. - Заўвага) хочуць закончыць гэту бойню, - заўважыў беларускі лідар. - На полі бою Украіна не пераможа. Гэта ўжо і ўкраінцы разумеюць, і на Захадзе. Ну дык трэба рухацца, дагаворвацца. Кожны дзень гінуць тысячы ні ў чым не вінаватых людзей з абодвух бакоў".
Разам з тым Прэзідэнт звярнуў увагу на небяспеку гэтага моманту - ёсць пагроза эскалацыі канфлікту. У прыватнасці, украінскім бокам наўмысна раздуваецца тэма ўдзелу прадстаўнікоў КНДР у канфлікце, каб, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, "канчаткова націснуць на Еўрапейскі саюз і ўвесці войскі НАТА ў гэты канфлікт, а ў адваротным выпадку будзе паражэнне".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цяпер важна, каб усе бакі канфлікту селі за стол перагавораў без папярэдніх умоў. І асноўным для іх можа стаць дакумент, выпрацаваны раней у Стамбуле, упэўнены Прэзідэнт. Зразумела, гэты дакумент зменіцца ў ходзе перагавораў, але "чаму б з яго не пачаць", дадаў ён.
Апошнім часам у краінах Захаду прынята рабіць акцэнт на прычынах канфлікту, абвінавачваючы ва ўсім толькі адзін бок. "Але сёння пытанне не ў прычынах, - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. - Потым разбяромся з прычынамі. Трэба пачаць вырашаць пытанне за сталом перагавораў. Тады магчыма спыненне баявых дзеянняў пры пэўных умовах, тады магчыма і адвядзенне войскаў ад лініі баявога сутыкнення. Усё магчыма. Потым будзем гаварыць аб прычынах".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў свеце сфарміраваўся запыт на адыход ад аднапалярнага светаўладкавання. Рэакцыяй на гэта, паводле яго слоў, стала з'яўленне рэгіянальнай ШАС, глабальнай БРІКС як платформ для аб'яднання аднадумцаў. "Гэта значыць у свеце пачалі шукаць нейкае выйсце з аднапалярнага свету", - адзначыў Прэзідэнт.
Разам з тым ён заклікаў сумленна ацэньваць ШАС і БРІКС. "Будзем шчырымі наконт нашых спадзяванняў і надзей наконт ШАС і БРІКС. Гэту ідэю я выказаў на пасяджэнні ШАС у свой час і прытрымліваюся да гэтага часу такой пазіцыі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы вельмі шмат надзей сёння ўскладаем на рэгіянальныя і глабальныя арганізацыі, напрыклад ШАС і БРІКС. Гэта было відаць, нягледзячы на паспяховае правядзенне БРІКС (саміт БРІКС. - Заўвага) у Казані. На жаль, было відаць, што "целяпаемся" мы, па-народнаму кажучы, а не робім канкрэтных захадаў для развіцця гэтай глабальнай арганізацыі - БРІКС. А людзі-то хочуць альтэрнатывы".
Тлумачачы, у чым прычына такога стану спраў, Прэзідэнт заўважыў, што некаторыя выказваюць апасенні, каб БРІКС не стала падмяняць сабой ААН, і падкрэсліваюць: "Мы не супраць ААН". "Чаго мы апраўдваемся? Калі нейкая новая арганізацыя заменіць ААН, рэальна заменіць, што ў гэтым дрэннага?" - задаўся пытаннямі Кіраўнік дзяржавы. З гэтай прычыны ён указаў на шэраг праблем і ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Напрыклад, былі выпадкі, калі прадстаўнікам некаторых дзяржаваў маглі не даць візу для ўдзелу ў мерапрыемствах гэтай структуры. Ды і значэнне самога ўдзелу зніжаецца з улікам таго, што па міжнародных каналах пакажуць толькі тое, што не шкодзіць калектыўнаму Захаду, таму што менавіта ён дамінуе ў заходніх СМІ.
"Ну а рашэнні якія апошнім часам прыняла ААН? Якія карысныя рашэнні? Ніякіх. І рэфармавацца не хочуць. Таму што для таго, каб істотна рэфармавацца, патрэбны кансэнсус і галасаванне ў ААН на пленарным пасяджэнні, дзе, зноў жа, калектыўны Захад душыць усіх без разбору - санкцыі ўвядзём, грошай не дадзім, долар не дадзім, плацяжоў не будзе і інш. Каму патрэбна такая арганізацыя?" - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць зусім недарэчным апраўдвацца наконт таго, што БРІКС нібы прэтэндуе на месца ААН. "Калі БРІКС зойме сваё месца (не замест ААН, гэта яшчэ шмат трэба над гэтым працаваць), пачне ажыццяўляць інтарэсы дзяржаў, якія ўдзельнічаюць, нічога дрэннага не будзе", - упэўнены беларускі лідар. На яго думку, яна можа стаць своеасаблівай "міні-ААН".
Але калі ўсё прадоўжыцца так, як цяпер (асабліва ў БРІКС, але таксама і ў ШАС), то людзі проста адвернуцца, лічыць Прэзідэнт. "Людзі цяпер шукаюць выйсце. Трэба гэта выйсце ім паказаць", - сказаў ён. І зрабіць гэта, паводле яго слоў, павінны перш за ўсё тыя дзяржавы, якія выступілі арганізатарамі БРІКС, ШАС, у прыватнасці размова пра Кітай, Расію, Індыю. "Пакажыце, ідзіце наперад. Вы ж зрабілі першы крок, і да вас павярнулася ўсё чалавецтва, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Але пакуль гэтага не бачым. Мякка кажучы, над гэтым яшчэ трэба будзе працаваць, каб задаволіць спадзяванні сусветнай супольнасці".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь, геаграфічна знаходзячыся ў сэрцы кантынента, паслядоўна выступае за ініцыятывы, накіраваныя на забеспячэнне ўсеагульнай бяспекі, і праводзіць міратворчую палітыку.
Разам з тым Прэзідэнт звярнуў увагу на адну праблему, над якой прапанаваў паразважаць у ходзе канферэнцыі. "З аднаго боку, запушчаны літаральна марафон мірных ініцыятыў. Мы вітаем любыя намаганні па дээскалацыі абстаноўкі, - падкрэсліў беларускі лідар. - З іншага - відавочна фрагментацыя перагаворнага працэсу, паколькі розныя краіны аб'ектыўна імкнуцца да рэгіянальных цэнтраў сілы. Гэта ўскладняе пошук прымальных кампрамісаў. Чым хутчэй мы аб'яднаем свае намаганні, тым хутчэй яны будуць знойдзены".
Кіраўнік дзяржавы агучыў першарадныя меры па дээскалацыі напружанасці ў свеце. Адна з іх, у прыватнасці, датычыцца ядзернага арсенала ЗША. "Для рэальнай разрадкі абстаноўкі і стварэння ўмоў дыялогу неабходна вывесці амерыканскую ядзерную зброю з тэрыторыі краін Еўразіі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, гэты смяротны арсенал з'яўляецца анахранізмам халоднай вайны.
Калі гэта адбудзецца, "тады і мы ўбаку не застанёмся", запэўніў Прэзідэнт. Такім чынам ён адказаў тым, хто, паводле яго слоў, перажывае за тое, што на тэрыторыі Беларусі размешчана тактычная ядзерная зброя. "Толькі не забывайце, што мы зусім нядаўна (я гэта памятаю) стратэгічнае вывелі ўзбраенне, самае перадавое, якое сёння на ўзбраенні Расіі, і гэтага ад нас патрабавалі перш за ўсё ЗША", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Другая. Неабходна выключыць практыку прымянення незаконных санкцый без рашэнняў Савета Бяспекі ААН і стварыць дзейсны механізм міжнародна-прававых гарантый, якія не дапускаюць выкарыстання такога спосабу націску", - прадоўжыў Прэзідэнт.
"Я памятаю ў Будапешце (я быў удзельнікам), калі ўладныя людзі нам, Украіне і Казахстану гарантавалі, толькі аддайце сваю ядзерную зброю, адкрытым тэкстам выключаліся эканамічны націск і санкцыі. Дзе яно?" - рытарычна спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Трэцяя мера, прапануемая беларускім бокам, датычыцца распрацоўкі новага дагаворна-прававога механізма па стварэнні празрыстага і зразумелага ўсім рэжыму кантролю за новымі смяротнымі тэхналогіямі, здольнымі знішчыць усё чалавецтва і без ядзернай зброі: лазеры, гіпергук, квантавыя і электрамагнітныя сістэмы і іншыя перадавыя распрацоўкі з не да канца вывучанымі ўласцівасцямі. Напрыклад, цяпер актыўна вядуцца распрацоўкі ў сферы штучнага інтэлекту. Калі гэты працэс яшчэ толькі набіраў абароты, Аляксандр Лукашэнка ўжо тады выказваў апасенні па гэтай тэме, паколькі нават у спецыялістаў як не было, так і няма дакладнага адказу на ключавыя пытанні па глабальных наступствах і па бяспецы такіх тэхналогій для чалавецтва.
У сферы кібербяспекі таксама неабходна рабіць своечасовыя крокі, і гэтаму прысвечана чацвёртая ініцыятыва. "У кіберсферы таксама бескантрольна развіваецца цэлая індустрыя, накіраваная на стварэнне і ўкараненне шкодных рашэнняў, якія прыводзяць да наступстваў глабальнага маштабу, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Неабходна прыняць міжнародны прававы акт аб кіберненападзенні, што прадугледжвае адмову ад прымянення адзін супраць аднаго гэтай зброі, а таксама фарміраванне сістэмы кантролю за яе распрацоўкай і выкарыстаннем".
Цяпер для ўсіх відавочна, што бяспека не можа падтрымлівацца толькі на адным кантыненце, канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. "Мы выступаем за стварэнне агульнай прасторы даверу і супрацоўніцтва паміж Захадам, які застаўся ў меншасці, і глабальнай большасцю, - падкрэсліў беларускі лідар. - За аб'яднанне краін не супраць каго-небудзь, а ў імя агульнай мэты, каб пазбегнуць фатальнага цывілізацыйнага разлому. За аднаўленне сапраўды раўнапраўнага, узаемапаважлівага і адказнага дыялогу".
Кіраўнік дзяржавы назваў цяперашняе мерапрыемства важным крокам, накіраваным на фарміраванне ўстойлівага свету. Ён таксама адрасаваў словы асаблівай удзячнасці ўсім удзельнікам форуму: "Я вопытны палітык (прабачце за нясціпласць) і ведаю, як збіраюцца на канферэнцыі. Калі б нейкая буйная дзяржава паклікала на канферэнцыю, я вам скажу, там мора людзей было б. А калі ў сярэднія або іншыя дзяржавы, то можна і не паехаць. Але вы прыехалі". Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы ўмеюць цаніць дабро і дабром на гэта адказваць.
"У наступным годзе хачу вас запрасіць на нашу сустрэчу, калі вы згодзіцеся, можа, у фармаце "Еўразія плюс", каб голас кожнай краіны, якая жадае ўнесці свой канструктыўны ўклад ва ўстанаўленне глабальнай бяспекі, быў пачуты", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, такі крок прызначаны стаць пачаткам новага палітычнага працэсу па мерах умацавання даверу, бяспекі і супрацоўніцтва, аналагічнага Хельсінкскаму, але адпавядаючага рэаліям сённяшняга дня, да чаго Беларусь неаднаразова заклікала міжнародную супольнасць.
"Бяспека - толькі адзін са звёнаў у сістэме агульначалавечых каштоўнасцей. Але гэта база, без якой усё астатняе немагчыма, будзе пустатой. Трэба адысці ад стэрэатыпаў і пачаць карпатліва выбудоўваць дыялог, крок за крокам шукаць агульныя падыходы і кропкі збліжэння. Давайце думаць, як у Беларусі часта кажуць, не пра сябе. Давайце падумаем пра нашых дзецей, пра нашых унукаў. Ім жыць пасля нас, і вельмі важна, што мы ім пакінем, які свет. Нам усім патрэбны такі свет, у якім хочацца жыць і развівацца. Свет, які не сорамна перадаць будучым пакаленням", - адзначыў беларускі лідар.
"Яшчэ раз вялікі дзякуй вам за тое, што прыехалі. Я жадаю вам усім плённай працы", - сказаў на заканчэнне Прэзідэнт.