Сустрэча з губернатарам Сахалінскай вобласці Расіі Валерыем Лімарэнкам
- 9
- 10:31
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 кастрычніка правёў сустрэчу з губернатарам Сахалінскай вобласці Расійскай Федэрацыі Валерыем Лімарэнкам.
У самым пачатку сустрэчы Кіраўнік дзяржавы ўручыў губернатару Сахалінскай вобласці спецыяльны ліст аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта Беларусі.
"Я павінен табе афіцыйна падзякаваць! Гэта табе - павесіш у сябе ў кабінеце", - уручыў узнагароду Аляксандр Лукашэнка.
"На самым пачэсным месцы!" - паабяцаў Валерый Лімарэнка.
"Вы больш, чым наш чалавек. Нават Вы не ўяўляеце, што мы тады з Вамі задумалі, калі вырашылі пабудаваць атамную станцыю. Як бачыце, я не забыў, што Вы пры гэтым прысутнічалі. Наша першая асабістая сустрэча, але Вы ў нас вельмі-вельмі вядомы чалавек: у якасці кіраўніка ніжагародскага "Атамэнергапраекта" Вы курыравалі работы па падрыхтоўцы да ўзвядзення першага энергаблока Беларускай атамнай станцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У кастрычніку Валерый Лімарэнка за высокі прафесіяналізм, значны ўклад у рэалізацыю інвестыцыйнага праекта па ўзвядзенні Беларускай атамнай электрастанцыі быў удастоены Падзякі Прэзідэнта Беларусі.
"Станцыя атрымалася добрая. Працуе без праблем. Таму мы сёння ўжо думаем аб тым, што нам рабіць з другой атамнай станцыяй: будаваць яе, не будаваць. Я думаю, за электрычнасцю будучыня, асабліва за атамнай энергіяй. Таму мы сур'ёзна задумаліся над будаўніцтвам другой атамнай станцыі. Я яшчэ раз дзякую Вам за той уклад, які вы ўнеслі ў будаўніцтва гэтага стратэгічнага інвестыцыйнага праекта ў Беларусі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Вельмі кранальна было, калі я пачуў Вашы словы ўдзячнасці і атрымаў Падзяку. Нагадаю Вам, што калі мы ўпершыню сустрэліся, была такая мужчынская размова ў нас на тэму будаўніцтва атамнай станцыі. Калі яшчэ цэгла не ляжала ні ў фундаменце, ні ў сцяне. Расіяне абяцалі пабудаваць самую эфектыўную, бяспечную атамную станцыю па самай нізкай цане. Тады было шмат размоў на гэту тэму. Нехта іранічна пра гэта гаварыў. Нехта ўспрымаў гэта як суперзадачу, якую, сціснуўшы зубы, трэба зрабіць. А ў выніку так і атрымалася. Таму, прымаючы віншаванні ў сувязі з гэтым, хачу сказаць, што слова расіяне стрымалі. І мне вельмі прыемна, што мы пра гэта памятаем з Вамі. У будучым, бог дасць, нешта яшчэ добрае разам зробім у розных сферах. І я таксама, дай бог, буду мець дачыненне да гэтага", - сказаў Валерый Лімарэнка.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Сахалінская вобласць - вялікі, вельмі цікавы і родны расійскі рэгіён для Беларусі. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым уклад далёкаўсходніх рэгіёнаў у агульную скарбонку знешняга гандлю Беларусі і Расіі меншы за працэнт, або $350 млн.
"Менш за працэнта, але аб'ёмы каласальныя: усё ж такі $350 млн на такую адлегласць - гэта добрыя аб'ёмы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аднак з улікам існуючых магчымасцей гэтага мала, падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка абазначыў некаторыя напрамкі, па якіх бакі могуць рухацца, каб якасна і колькасна прырастаць у двухбаковым узаемадзеянні.
Імпартазамяшчэнне
"Нам трэба быць незалежнымі па ўсіх напрамках. Нам трэба зрабіць так, каб не да нас везлі розныя тавары, а ад нас вывозілі і прыязджалі сюды, у Расію і Беларусь, і прасілі, каб мы ім вырабілі тыя ці іншыя тавары", - падкрэсліў Прэзідэнт.
У гэтым напрамку бакі зрабілі ўжо вельмі шмат. Расія дапамагае Беларусі крэдытнымі рэсурсамі пры рэалізацыі сумесных праектаў. "Больш таго, мы больш цяпер маем праектаў, чым планавалі. Пачынаючы ад нейкай "дробязі" (мікраэлектронікі) і заканчваючы самалётабудаваннем. Мы будзем будаваць у Беларусі самалёт "Асвей", які ў перспектыве будзе вельмі запатрабаваны. Ён сёння вельмі запатрабаваны ў Расійскай Федэрацыі, а для нас гэта новыя гарызонты, новыя кампетэнцыі. І так па ўсіх напрамках - мы павінны быць незалежныя ў эканоміцы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Думаю, што за наступную пяцігодку, калі, вядома, нас будуць вось так ціснуць, мы выйдзем на практычна поўнае імпартазамяшчэнне. Калі націску не будзе, можам расслабіцца, - адзначыў з доляй гумару Кіраўнік дзяржавы. - Таму ўсе гэтыя санкцыі - яны і час магчымасцей".
Інавацыі і экалагічны транспарт
Прэзідэнт адзначыў, што на Сахаліне праводзіцца ўнікальны эксперымент па стварэнні вугляроднай нейтральнасці. "Мы вельмі гатовы з вамі пасупрацоўнічаць у плане інавацый, экалагічнага транспарту", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што першы ў свеце аўтамабіль-велікагруз БЕЛАЗ, які працуе на вадародным паліве, у хуткім часе будзе працаваць на сахалінскіх палігонах.
Валерый Лімарэнка, гаворачы пра эксперымент, асабліва падкрэсліў практычны складнік - каб ацаніць вынікі работы тэхнікі на вадародных элементах непасрэдна ў кар'еры.
"У нас ёсць вугальны разрэз, дзе ідзе здабыча. І планы павялічыць здабычу ў паўтара-два разы. Калі ў нас атрымаецца, эксперымент (там цяпер працуюць 150 машын), зразумела, што гэта сур'ёзная вялікая праграма. Акрамя таго, калі Расія з Беларуссю ва ўмовах санкцый змогуць зрабіць такі суперпраект, які будзе працаваць на вадародзе, гэта будзе сур'ёзны тэхналагічны прарыў, таму што за вадародам будучыня, і нам трэба навучыцца жыць і працаваць з вадародам", - заявіў губернатар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь таксама паўсюдна ўкараняе экалагічны транспарт. Маршруты з выкарыстаннем электробусаў нават дзейнічаюць паміж некаторымі гарадамі Беларусі. "Калі ёсць жаданне, мы можам папрацаваць і ў вас і нашу тэхніку паставіць да вас", - прапанаваў Прэзідэнт.
Транспартная лагістыка і прадукты харчавання
"Мы сёе-тое можам у гэтым плане. Гатовы з вамі працаваць у вашым праекце па стварэнні міжнароднага транспартна-лагістычнага хаба за кошт мадэрнізацыі Корсакаўскага марскога гандлёвага порта і будаўніцтва заводаў па перапрацоўцы рыбнай прадукцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб пастаўках рыбнай прадукцыі, Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі яна карыстаецца вялікай папулярнасцю. Расійскі бок выдзеліў беларускім кампаніям квоты для вядзення рыбнага промыслу ў сваіх водах. "Аж на 10 гадоў наперад", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Цяпер у рэспубліцы плануюць пабудаваць завод па перапрацоўцы рыбы.
"Сельская гаспадарка і прадукты харчавання - калі ў вас будуць якія-небудзь пажаданні ў гэтым плане, мы гатовы з вамі працаваць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт дадаў, што беларускі бок гатовы развіваць супрацоўніцтва і па многіх іншых напрамках. "Адлегласць не мае ніякага значэння, будзем з вамі супрацоўнічаць і працаваць", - падкрэсліў ён.
Гаворачы ў цэлым пра супрацоўніцтва з Беларуссю, Валерый Лімарэнка адзначыў, што паміж бакамі з 2015 года дзейнічае афіцыйнае пагадненне, і ў бягучым годзе дамовіліся аб чарговых задачах на трохгадовы перыяд.
У першую чаргу вобласць закупляе ў Беларусі тэхніку. "Нядаўна сотню аўтобусаў мы купілі. А ўвогуле, я вырашыў палічыць, колькі мы купілі тэхнікі за дзевяць гадоў супрацоўніцтва (з 2015 года). Высветлілася, што 900 адзінак", - падзяліўся данымі Валерый Лімарэнка.
Ён заўважыў, што паказчыкі тавараабароту не адлюстроўваюць аб'ектыўнай карціны, таму што беларускую тэхніку Сахалінская вобласць купляе не толькі напрамую, але і ў пастаўшчыкоў унутры Расіі. "Калі мы купляем такую колькасць тэхнікі, мы будзем прадаўжаць купляць. І для гэтага ёсць пэўныя падставы", - заявіў губернатар.