Сустрэча з кіраўнікамі ўрадаў СНД
- 19
- 18:18
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 мая сустрэўся з кіраўнікамі дэлегацый пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў Садружнасці.
У пачатку мерапрыемства Кіраўнік дзяржавы, карыстаючыся выпадкам, павіншаваў сяброў з Азербайджана з нацыянальным святам - Днём Рэспублікі.
Прэзідэнт павітаў удзельнікаў сустрэчы ў Беларусі. "Наколькі я інфармаваны і назіраў напярэдадні гэтага мерапрыемства, многія з вас змаглі перагаварыць сам-насам, высветліць адносіны і перспектывы. Я рады, што вы на беларускай зямлі. Нягледзячы на атакі на Беларусь у асноўным у інтэрнэце, Telegram-каналах, вы бачыце, што абстаноўка ў нас спакойная, Мінск па-ранейшаму ціхі і спакойны, утульны горад для жыцця людзей. Таму, калі ласка, просім у любы час да нас і грамадзян вашых дзяржаў".
"Сваім прыездам вы ўсім паказалі вельмі важны прыклад, што нельга сядзець увесь час пад замком. Трэба адкрывацца, весці жывы дыялог, ісці адзін аднаму насустрач. Згадзіцеся, ніякія нават самыя сучасныя тэхнічныя сродкі сувязі, якімі мы вымушаны часам актыўна карыстацца, не могуць замяніць даверную размову. Тым больш што пытанняў для абмеркавання заўсёды было шмат, і сёння іх не менш", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
"Сёння мы можам з поўнай упэўненасцю сказаць, што праект пад назвай СНД адбыўся і зноў пацвярджае сваю жыццяздольнасць у гэты складаны час", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што нават развал Савецкага Саюза не змог канчаткова парваць трывалыя інтэграцыйныя сувязі паміж братэрскімі савецкімі рэспублікамі. "Гэта была вялікая краіна, і ва ўсіх адносінах - вельмі прыцягальны геапалітычны цэнтр з развітой эканомікай, перадавой культурай, у якім мірна жылі больш за сотню розных этнасаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт канстатаваў, што бакі маюць каласальны вопыт некалькіх пакаленняў, шматвяковыя традыцыі дружбы і добрасуседства, сілу духоўнага адзінства. "Што мы прадэманстравалі разам з вамі. Мы маем тое, што падарылі нам дзяды і прадзеды, нашы бацькі, перамогшы ў самай крывавай вайне мінулага стагоддзя", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што асноўную ўвагу ў СНД трэба засяродзіць на развіцці агульнай эканамічнай прасторы.
"Адным з непахісных прыярытэтаў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь сёння з'яўляецца развіццё сувязей унутры нашага аб'яднання. Найбольш актуальныя задачы Садружнасці мы абазначылі ў праграмных дакументах беларускага старшынства, таксама пашыраем іх і ў фармаце ЕАЭС. Многія з іх намі ўжо рэалізаваны ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Відавочна, што асноўную ўвагу ўрадаў краін СНД і яго рабочых органаў трэба засяродзіць на развіцці агульнай эканамічнай прасторы", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Скажу адкрыта: калі мы ў бліжэйшы час не вырашым гэта, гаварыць аб існаванні эфектыўнай Садружнасці Незалежных Дзяржаў не давядзецца. Нават скажу - і ЕАЭС. Настаў час, канчаткова расставіўшы ўсе кропкі над "i", прыняць рашэнне па фарміраванні гэтага фундаменту ўзаемаадносін нашых дзяржаў. Фундамент - гэта эканоміка", - падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, неабходнай умовай паспяховага развіцця эканамічнай інтэграцыі павінны быць удасканаленне дакументаў Садружнасці, іх гарманізацыя з нарматыўна-прававой базай Еўразійскага эканамічнага саюза. "І потым вельмі эфектыўна рухацца наперад", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Адным з аргументаў на карысць інтэграцыі з'яўляецца мэтанакіраваная работа, якая праводзіцца знешнімі сіламі супраць Садружнасці. Сёння відавочнае пагарджанне прынцыпамі міжнароднага права, рост колькасці выпадкаў прымянення так званага права моцнага. Шчыра кажучы, я апошнім часам усё больш сумняваюся, ці моцныя яны так, як яны гэта ўмеюць дэманстраваць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што логіка апанентаў цалкам зразумелая. "Па-першае, мы ўмацоўваемся, адпаведна здольны перашкодзіць іх планам па ўладкаванні аднапалярнага свету. Па-другое, нашы краіны маюць каласальны патэнцыял, што выклікае неспакой у канкурэнтаў. І самы галоўны наш патэнцыял, усіх нас - гэта наш дух. Па-трэцяе, гэты патэнцыял можа быць прымножаны, калі мы прадоўжым паглыбляць нашы сувязі і інтэграцыю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што разам бакі могуць больш эфектыўна процістаяць новым глабальным выклікам, у тым ліку і распаўсюджванню каранавіруснай інфекцыі.
Прэзідэнт на сустрэчы адкрыта выказаўся наконт сучасных выклікаў і перыядычных спроб расхіствання сітуацыі ў той ці іншай кропцы ў рэгіёне, ці гэта на тэрыторыі Беларусі, Расіі, Украіны, ці іншых краін. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, усе гэтыя падзеі адбываюцца на самай справе не недзе далёка. "Мы ніколі не думалі, што ў мірнай спакойнай Беларусі з талерантным народам магчымы такія рэчы. Разумееце цяпер, якімі метадамі дзейнічаюць гэтыя нягоднікі, колькі грошай укідваюць у гэта, якія ствараюцца сеткі, - адзначыў ён. - І размовы не было там аб правах чалавека (у дзеяннях і намерах апанентаў. - Заўвага). Ствараўся такі ўзрыўны момант для пачатку мяцяжу. Ды многія з вашых дзяржаў - некаторыя перажылі, а некаторыя адчуваюць гэта на сабе. Усе дзяржавы. Таму нам як ніколі патрэбны салідарнасць і адзінства".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтай сітуацыі краінам СНД трэба проста рабіць тое, што яны ўмелі ў часы Савецкага Саюза. "У нас інтэграваная была эканоміка. Яна яшчэ па многіх пазіцыях застаецца ў кааперацыі. Парваць нас вельмі складана, таму што эканоміка завязана. Давайце спакойна рабіць гэту справу, фундамент ствараць, каб людзі адчулі: так, ёсць толк. Не толькі ад Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС, але і СНД у тым ліку. Давайце не страцім адзін аднаго", - заклікаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым нагадаў, што ў свой час раіў як лідарам Украіны, так і Грузіі не рваць сувязі з СНД. "Выйсці заўсёды паспееш, а вось увайсці назад - шмат будзе выдаткаў і праблем, - сказаў ён. - Таму, паважаныя сябры, ніколі не спяшайцеся".
Прэзідэнт таксама заклікаў краіны не сварыцца і не высвятляць адносіны па дробязях. "Мы часам пачынаем спрачацца на роўным месцы - дзяліць рубель на чатыры часткі або за тысячу кубоў газу не можам устанавіць нейкую цану ў той час, калі яго ў Туркменістане дзяваць няма куды. Пачынаем выгадваць, пакуль яшчэ жывучы ў адной прасторы. Гэта не нармальна", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Не страчвайце тое, што ёсць. Беражыце тое, што ёсць. Давайце будзем дабаўляць, а не страчваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што пры наяўнасці розных інтэграцыйных фарматаў у вырашэнні агульных рэгіянальных праблем павінны быць задзейнічаны ўсе краіны Садружнасці.
У пазітыўным ключы Аляксандр Лукашэнка адзначыў правядзенне пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета 29 красавіка бягучага года ў Казані, у якім у статусе наглядальнікаў і ганаровых гасцей удзельнічалі прадстаўнікі Малдовы, Узбекістана, Таджыкістана і Туркменістана.
"Гэта Ваша заслуга перш за ўсё, Міхаіл Уладзіміравіч (кіраўнік расійскага Урада Міхаіл Мішусцін. - Заўвага), што Вы запрасілі гэтых людзей. Хто б там вагаўся - не вагаўся, сабраліся, прыехалі, пагаварылі. Не важна, члены Садружнасці, наглядальнікі, яшчэ нехта. Відавочна, што гэта ідэя расійскага боку. І, яшчэ раз кажу, я ўдзячны, што Вы так зрабілі, - падкрэсліў беларускі лідар. - Тым больш што мы набліжаемся да 2025 года - значнай вяхі ў развіцці ЕАЭС, калі павінна быць завершана фарміраванне агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў, электраэнергетыкі, адзінага фінансавага рынку, адзінай транспартнай прасторы, скаардынаванай аграпрамысловай палітыкі".
"Гэта ўжо заўтра. Складанасці, вядома, ёсць. І яны будуць заўсёды. Нават у адзінай савецкай дзяржаве яны былі. Яшчэ якія былі складанасці! Мы гэта асабліва ўбачылі пасля распаду Савецкага Саюза. Любая вялікая справа наогул без праблем не абыходзіцца. Пры гэтым грамадскасць павінна бачыць ход і вынікі нашай работы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Карыстаючыся выпадкам, ён павіншаваў удзельнікаў сустрэчы з 30-годдзем СНД, якое адзначаецца ў бягучым годзе, і папрасіў перадаць кіраўнікам краін Садружнасці запрашэнне наведаць Беларусь 15 кастрычніка для ўдзелу ў пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, якое будзе прымеркавана да гэтага юбілею. "Трэба тут сустрэцца. Тут, на жаль, нашы былыя кіраўнікі паставілі кропку ў існаванні Савецкага Саюза. Можа, і ў Белавежскую пушчу на экскурсію з'ездзіць. Я гатовы вас там прыняць. Усё там засталося так, як было. Мы гэта беражліва захоўваем. Шмат журналістаў запісалася, каб да 30-годдзя паздымаць тыя месцы, - сказаў Прэзідэнт. - Мы адкрытыя, калі ласка! Хоць я прыязджаю туды, жыву там. Але калі б я вас туды запрасіў і сам быў экскурсаводам, я вам вельмі шмат цікавага расказаў бы. Можа, нават не для журналістаў. Але расказаў бы, як там усё было, як паводзілі сябе кіраўнікі і як элементарна адным росчыркам пяра была знішчана не проста вялікая краіна, а мацнейшы цэнтр сілы, без якога не вырашалася ні адна праблема".
"Але гэта было ўчора. Сёння на гэтай прасторы існуюць суверэнныя незалежныя дзяржавы. Не трэба тут адзін на аднаго крычаць, што нехта некага хоча некуды ўключыць, падціснуць, аб'яднаць... Слухайце, свет змяніўся. Ідыётаў няма сёння сярод нас, каб каланіяльным чынам прыгнятаць прытым дружалюбную дзяржаву. Гэта немагчыма сёння. Любая спроба паглынання дзяржавы або нейкай сілай аб'яднаць, далучыць выкліча страшны адпор у гэтай дзяржаве. А памочнікаў у гэта вогнішча падкінуць паленаў вельмі шмат сёння. Таму трэба прымаць дэ-факта і дэ-юрэ тое, што ёсць. І на гэтай аснове, не страціўшы тое, што ёсць, ісці наперад, інтэгруючыся на новых прынцыпах, у новых умовах - так, як патрабуе ад нас час", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы сказаў, што на мінулай сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі абмяркоўвалася і пытанне дапамогі грамадзянам заходніх дзяржаў. "Хоць іх урады паводзяць сябе непрыстойна ў адносінах да Беларусі, але вы бачыце, які попыт на "Спадарожнік V" у заходніх дзяржавах, і да нас вельмі шмат людзей усяляк спрабуюць прабрацца, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Людзі просяць: дапамажыце! Мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі аб тым, што Беларусь адкрые некалькі пераходаў на граніцы, абсталюе там адпаведныя палаткі, калі трэба. У нас хапае на граніцы гэтых пунктаў, каб прыняць жадаючых людзей з тэрыторыі Польшчы, Літвы і іншых дзяржаў. І асабліва Украіны. Там жа нашы людзі жывуць, на адной мове размаўляем. І аказаць ім дапамогу ў вакцынаванні. Мы цяпер прапрацоўваем гэта пытанне, улічваючы, што ў нас няма "шаленства" адносна самой пандэміі і вакцынацыі насельніцтва".
Паводле слоў Прэзідэнта, цяпер у Беларусі ў планавым парадку, спакойна праводзіцца вакцынацыя. "Галоўнае для нас цяпер - абараніць старых і людзей, якія схільны ў першую чаргу да захворвання на каранавірус. Мы іх падштурхоўваем да гэтага, але не настойваем. Абавязковай вакцынацыі няма і не будзе. Але трэба дапамагчы і суседзям, асабліва ўкраінцам. Вы бачыце, што там адбываецца", - заявіў беларускі лідар.
Ён канстатаваў, што ў перыяд пандэміі пацярпелі не толькі эканамічныя сувязі, але і сацыяльна-гуманітарныя: "Іх таксама трэба аднаўляць. Перш за ўсё гэта датычыцца чалавечых кантактаў, сфер культуры, навукі, адукацыі, спорту, турызму". "Я ніколі не думаў, што так вось гэты працэс - сам працэс, не толькі хвароба - пераверне ўвесь свет. Але, з'яднаўшыся, мы паказалі, што мы можам (паспяхова пераадольваць выклікі. - Заўвага), - заявіў Прэзідэнт. - Вось Расія і паказала, што яна сапраўды лідар".
Аляксандр Лукашэнка выказаў словы ўдзячнасці кіраўніцтву Расіі за дапамогу Беларусі і астатнім краінам з вакцынай: "Вы не хаваеце гэту вакцыну ні ад каго. Іх ужо чатыры. Можа, яшчэ распрацуеце некалькі, улічваючы, што каранавірус муціруе, з'яўляюцца новыя штамы. Дай бог, каб нашы вакцыны працавалі супраць усіх гэтых штамаў. Мая вам удзячнасць асаблівая: вы не проста нам прадалі вакцыну або дапамаглі - вы аддалі свае тэхналогіі, мы паспяхова вырабляем паўмільёна вакцын у месяц".
Прэзідэнт таксама праінфармаваў удзельнікаў сустрэчы, што Беларусь у лабараторных умовах ужо атрымала сваю ўласную вакцыну. "Мы не спяшаемся яе сёння нават выпрабоўваць. Таму што ў нас няма праблем з вакцынацыяй насельніцтва дзякуючы Расіі і выпуску па іх тэхналогіі вакцын. Мы хочам паглядзець, што будзе з каранавірусам у будучым годзе, зыходзячы з таго, што ён нікуды не дзенецца. І мы хочам сваю вакцыну прыстасаваць да таго штаму каранавіруса, які будзе ў будучым годзе. Калі ў нас гэта ўсё атрымаецца, лічыце, што гэта наша агульная вакцына. Як зрабіла Расія, гэтак жа і мы зробім", - заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што добра праінфармаваны аб сітуацыі ў дзяржавах Садружнасці, яна прыкладна аднолькавая. "Што мы пазакрываліся і не даём людзям сустракацца? Ды перажывём мы гэта. Але каб потым смешна не было і каб людзі ў нас пальцам не паказвалі і з нас не смяяліся, як гэта адбываецца на калектыўным Захадзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Калі ў нас больш-менш нармальна, мы выраўнаваліся адносна гэтага ўсімі праўдамі і няпраўдамі, дык давайце адкрывацца адзін аднаму", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь не закрывала свае граніцы з самага пачатку распаўсюджвання каранавіруса, але эфектыўнасць мер, якія прымаюцца ў барацьбе з інфекцыяй, прызналі ў тым ліку спецыялісты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.
"Мы выбралі свой шлях барацьбы з каранавірусам, але мы не маглі закрыцца. Таму што рухнула б эканоміка. І мы за кошт гэтага вытрымалі", - звярнуў увагу беларускі лідар. Ён адзначыў, што ў Беларусі няма вялікіх рэзерваў, запасаў карысных выкапняў або нават друкарскага станка, каб забяспечыць дадатковыя валютныя паступленні.
Пры гэтым нават моцныя еўрапейскія дзяржавы адчулі на сабе наступствы жорсткага лакдаўну. "Але ў іх станок ёсць, яны еўра могуць надрукаваць. Амерыка можа закрыцца - у іх таксама ёсць станок. А ў нас з вамі, нават у Расіі, акрамя рук і мазгоў нічога няма. Таму давайце адкрывацца, давайце сустракацца. Тое, што мы закрытыя, гэта не будзе садзейнічаць змяншэнню захваральнасці, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Працэс ужо даўно пачаўся. Дай бог, каб ён хутчэй скончыўся. Ад таго, будзе лятаць самалёт або не, нічога не зменіцца - будзем мець вялікія страты".
"Гэта пандэмія (не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло) прадэманстравала, наколькі мы блізкія адзін да аднаго, наколькі мы здольны падтрымліваць адзін аднаго. Як бы мы на гэты калектыўны Захад ні глядзелі, але ў гэтай частцы, пры ўсіх недахопах яны падтрымліваюць адзін аднаго. Дзякуй богу, што расіяне не закрыліся, як некаторыя, і сталі для нас прыкладам падтрымкі. Таму трэба адкрывацца. Спорт, турызм, адукацыя, культура, навука і галоўнае - эканоміка. Трэба, каб людзі мелі стасункі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ў гэтым пытанні адзначыў наяўнасць часам некаторых нестыковак. Напрыклад, паміж Беларуссю і Расіяй працуюць чыгуначныя зносіны і можна без праблем перамяшчацца, але пры гэтым пакуль захоўваюцца абмежаванні на авіяцыйным транспарце. "Але, я думаю, мы з Прэзідэнтам сёння (на маючых адбыцца перагаворах з Уладзімірам Пуціным. - Заўвага) дамовімся на гэту тэму", - сказаў ён.