Нефармальная cустрэча з экс-прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам
- 7
- 2:29
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 мая правёў нефармальную сустрэчу са старшынёй партыі сацыялістаў Рэспублікі Малдова, экс-прэзідэнтам гэтай краіны Ігарам Дадонам.
Кіраўнік дзяржавы з цеплынёй вітаў Ігара Дадона, адзначыўшы, што яго прыезд якраз прыпаў на светлыя святочныя дні: "Малайчына, што прыехаў! Не прыехаць не мог. Таму што, сапраўды, у свой час ты ўжо настолькі завязаўся тут з добрымі агульнымі беларуска-малдаўскімі справамі. Асабліва ў гуманітарным плане".
"Дзякуй, што ёсць магчымасць сустрэцца, паразмаўляць, абмяняцца вопытам і думкамі аб тым, што адбываецца ў свеце. Мы бачым, што вельмі няпроста і ў нашым рэгіёне. У вас было няпроста, але ў вас ужо як быццам бы супакоілася", - сказаў у адказ Ігар Дадон.
Ён адзначыў, што ў гэтыя дні ў Беларусі праходзіць афіцыйны візіт спікера малдаўскага парламента, у праграме - сустрэчы ў Нацыянальным сходзе, Урадзе, шэраг знакавых памятных мерапрыемстваў.
Сустрэча праходзіла за горадам. "Я тут у вас першы раз", - падкрэсліў Ігар Дадон.
Аляксандр Лукашэнка на гэта заўважыў, што нячаста запрашае замежных гасцей да сябе дадому. "У мяне не прынята запрашаць дадому. Думаю, можа, не спадабаецца", - сказаў ён. Тым не менш Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што часам прымае тут гасцей. У іх ліку, напрыклад, былі лідары Расіі і Кітая.
"Ты ж чытаў, напэўна, пра маё "залатое дно" і палацы... Табе, думаю, пакажу "залатое дно" - з гумарам заўважыў беларускі лідар.
"Я гэта глупства не чытаю", - адзначыў Ігар Дадон.
Аляксандр Лукашэнка запрасіў госця ў даволі сціплы па памерах, але з густам зроблены і ўладкаваны драўляны дом. "Гэта мой любімы палац", - сказаў ён.
Прэзідэнт расказаў і пра сваю падсобную гаспадарку. Як вядома, Кіраўнік беларускай дзяржавы захапляецца сельскай гаспадаркай і часта асабіста эксперыментуе, правяраючы тыя ці іншыя напрацоўкі айчынных вучоных-аграрыяў. "Там у мяне цэлая ферма - коні, трусы, страусы... І сельскагаспадарчая тэхніка. У мяне цераз дарогу 37 га зямлі. Не мае, а мясцовага кааператыва", - правёў невялікую экскурсію Аляксандр Лукашэнка.
Ён расказаў, што ў свой час яго натхніла прырода гэтых мясцін. "Цяпер мы з табой сфатаграфуемся каля майго дуба. Адзін, другі і там тры. Яны ўжо старэнькія і неяк хварэлі. Я іх ратую. Гадоў 20, колькі тут жыву, я іх увесь час ратую. Калі пачалі іх даглядаць - адгукнулася прырода", - падзяліўся асабістай гісторыяй Кіраўнік дзяржавы.
Зразумела, размова ішла і на больш сур'ёзныя злабадзённыя тэмы. Малдаўскі госць у час гутаркі звярнуўся да абстаноўкі ў Беларусі і вакол яе. "Добра, што ўтрымалі сітуацыю, - сказаў ён. - Вы малайцы! Такі націск".
"Як я мог не ўтрымаць... Я ж разумеў, што і ў Малдове спатрэбіцца гэты вопыт", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Яно рыхтавалася і ў нас. Цяпер таксама рыхтуецца. У нас выбары датэрміновыя (летам у Малдове павінны прайсці датэрміновыя парламенцкія выбары. - Заўвага). Думаю, што яны паспрабуюць у гэтыя даты. Але вы паказалі прыклад", - прадоўжыў тэму экс-прэзідэнт Малдовы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба паважаць саміх сябе і жорстка адстойваць свае інтарэсы: "Хоць мы і невялікія, але і не карлікавыя. У нас людзі, народ, якія павінны ў рэшце рэшт паважаць самі сябе. Народ павінен жыць як след, забяспечыць гэта жыццё".
Прэзідэнт адзначыў, што проста трэба быць напагатове. "Мы гэтага не чакалі. Ты ведаеш нашу Беларусь. Наогул на роўным месцы. Гэта і добра. Калі б у нас былі гэтыя супярэчнасці - паміж багаццем і беднасцю прорва, калі б у нас алігархат кіраваў у краіне, ніхто ніколі тут сітуацыю не ўтрымаў бы пры такім знешнім націску", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падрабязна расказаў Ігару Дадону аб пазіцыі ў Беларусі адносна санкцый, якімі пагражаюць заходнія краіны. "Я ўчора сказаў - Прэм'ер мне дакладваў па выніках квартала - у рэшце рэшт, трэба ім адказваць. Мы не хочам ніякай эканамічнай вайны. Яны ўсе (еўрапейцы): санкцыі, санкцыі, мы ўвядзём санкцыі! Ну, мы адкажам. Колькі можна схіліўшы галаву хадзіць? Хочуць яны цераз Міжземнае мора тавары вазіць туды на Усход - у Расію, Кітай, - няхай возяць. Я еўрапейцам гавару, - адзначыў беларускі лідар. - Ну добра, амерыканцы далёка, яны заўсёды ўмелі "іграць на гэтым фартэпіяна". Ва ўсе войны нажываліся за кошт гэтых раздраяў і боек тут, у Еўропе. Але еўрапейцам чаго карціць? Яны ж рэальна бачаць, што адбываецца".
"Двайныя стандарты", - пагадзіўся Ігар Дадон.
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ўдасца пераадолець тыя ці іншыя бягучыя цяжкасці: "Выкараскаемся. Думаю, Ён (Гасподзь. - Заўвага) бачыць. І калі ёсць, то Ён усё расставіць па сваіх месцах. Мяне гэта таксама, асабліва ў гэтыя святыя дні, здзіўляе: усе моляцца - у Амерыцы, на Захадзе - усе вернікі. Ну навошта ж вы парушаеце запаведзі Хрыста?"
"З гэтым выпадкам, што быў у вас тут, - спроба замаху і гэтак далей..." - падтрымаў тэму Ігар Дадон.
Прэзідэнт адзначыў, што гэта яшчэ кветачкі. "Гэтыя нягоднікі не разумеюць нічога. Мы проста іх папярэджваем: хлопцы, спыніцеся! Нічога ў іх не атрымаецца. Ну а атрымаецца - будзе яшчэ горш для іх спонсараў, - упэўнены беларускі лідар. - Слухай, яны хочуць устараніць, забіць Прэзідэнта і думаюць, што народ тут апладзіраваць ім будзе? Ды не будзе! Выберуць яшчэ больш жорсткага чалавека. І пра Беларусь яны забудуць назаўсёды. Мы ім гэта нагадваем проста гэтым самым".
"Мы не баімся, што яны там нешта думаюць. Мы проста трэці раз даём зразумець: хлопцы, спыніцеся, таму што мы адкажам і вельмі-вельмі жорстка! Яны перайшлі ўжо чырвоную лінію. Як толькі яны падыдуць да вяршыні, яны атрымаюць вельмі моцны адпор. Ну, можа, адумаюцца, хто яго ведае", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Гісторыя паказвае, Вялікая Айчынная вайна", - пагадзіўся малдаўскі госць. У сувязі з гэтым Ігар Дадон адзначыў, што 6 мая ў Мінску плануе прыняць удзел у адкрыцці помніка малдаўскаму воіну, Герою Савецкага Саюза Іону Солтысу. "Я ў мінулым годзе запусціў гэты працэс у якасці Прэзідэнта, але так і не паспеў адкрыць. Заўтра мы адкрываем гэты помнік тут, у Мінску", - сказаў ён.
Вядома, у час сустрэчы абмяркоўваліся не толькі вострыя тэмы вакол палітыкі. Размова ішла і аб зямным: як і дзякуючы чаму ўмацоўваць дабрабыт, развіваць эканоміку дзвюх краін.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў наяўнасць у Малдовы вялікага патэнцыялу, у тым ліку некаторыя перавагі ў параўнанні з Беларуссю: "У вас клімат іншы. У вас, калі аднавіць сельскую гаспадарку, людзям надзею даць, інфраструктуру аднавіць, Малдова будзе працвітаць. Я ўпэўнены. Гэта мой любімы край - Малдова".
"Вас добра помняць, добра ведаюць (у Малдове. - Заўвага)", - заўважыў Ігар Дадон.
"Ды я ў савецкія часы колькі быў там!" - з цеплынёй успомніў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Ігар Дадон падкрэсліў, што ў Малдове не толькі добра ведаюць, але і паважаюць Аляксандра Лукашэнку, перажываюць за Беларусь: "Вы ведаеце, як балелі за вас у Малдове ў мінулым годзе! Шчыра скажу: тое, што я казаў публічна, - гэта было маё асабістае меркаванне і меркаванне большасці грамадзян. І казалі: "Ігар Мікалаевіч, трэба трымацца як у Беларусі".
"Усё, што ні адбываецца, Ігар, усё да лепшага. Перажываць тут абсалютна няма чаго. Я потым сваё меркаванне выкажу, як я бачу сітуацыю ў Малдове і ў перспектыве", - па-філасофску заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца Беларусі, ён расказаў, што эканоміка краіны паказала рост у I квартале, прыкладна на працэнт прыбавіў ВУП да даволі высокага ўзроўню мінулага, 2020 года. "У мінулым годзе мы не грымнуліся, мы там на паўпрацэнта ці колькі ўсяго толькі па ВУП упалі. Проста закрыліся ўсе вакол (на фоне пандэміі. - Заўвага), а мы працавалі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, гэта дало магчымасць атрымаць пэўныя канкурэнтныя перавагі - актыўна прадаваць прадукцыю, разгружаць склады, што станоўча паўплывала на прамысловы сектар.
На высокім узроўні па выніках мінулага года спрацаваў і сектар АПК, але і ў бягучым годзе беларускія аграрыі ўтрымліваюць узятую планку.
"І сельская гаспадарка, але і ў прамысловасці малайцы! Яны далі добры прырост. І мы на 1% ужо за квартал прыбавілі. За паўгоддзе будзе недзе паўтара, можа, крыху больш. А па выніку года выйдзем пад больш як два працэнты на прагноз, калі зноў нам не нашкодзяць. Таму эканоміка працуе", - заявіў беларускі лідар.
Ігар Дадон у сувязі з гэтым адзначыў, што прамысловасць у Беларусі заўсёды была на добрым узроўні, асабліва сярод краін СНД, ды і многіх іншых. Ён расказаў, што нядаўна МАЗ выйграў тэндар на пастаўку ў Кішынёў сотні аўтобусаў.