Даклад Генеральнага пракурора Андрэя Шведа

  • 7
  • 9:25

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 лютага прыняў з дакладам Генеральнага пракурора Андрэя Шведа.

Кіраўнік дзяржавы ў час даклада даручыў падрыхтаваць маштабную нараду з сілавікамі. "Напэўна, пад вяршэнствам пракуратуры, давайце мы збяром увесь сілавы блок па выніках мінулага года. Пагаворым аб задачах, якія ў нас стаяць. Я так думаю, тут, у Палацы Незалежнасці, у самай вялікай зале. І пагаворым адкрыта аб задачах і недахопах, самае галоўнае - недахопы ўсяго сілавога блока, у тым ліку і арміі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на такіх вялікіх нарадах абавязкова трэба гаварыць і аб недапрацоўках у кожным сілавым ведамстве. "Гэта наш недахоп, што мы вось у такім складзе не гаворым аб праблемах арміі, пракуратуры, следчых органаў, МУС, КДБ у цэлым, сабраўшы іх разам. Усё ж такі гэта людзі, якія выконваюць падобныя задачы, вельмі важны кантакты. І яны павінны бачыць, чым жыве... Дапусцім, Следчы камітэт павінен бачыць, чым жыве армія. Пракуратура зразумела: вы тут пастаянна ў кантакце. Трэба будзе нам абмеркаваць. І там паслухаем дасягненні нашы і недахопы", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка даручыў Генеральнаму пракурору сумесна з Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта падрыхтаваць адпаведную нараду. "Каб мы маглі грунтоўна падрыхтавацца да гэтага мерапрыемства. І парадак адпаведны: зразумела, што я павінен выступаць і гаварыць аб задачах і пэўных недахопах, але і вам трэба падрыхтавацца, каб даць аналіз прававой сітуацыі ў сілавым блоку. І паслухаем сілавікоў, што яны скажуць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Таму сёння не трэба нам справаздачамі і самасправаздачамі займацца. А вельмі важныя пытанні, у цэлым, як вы ацэньваеце крымінагенную сітуацыю сёння", - абазначыў адну з тэм даклада Прэзідэнт.

Яшчэ адной тэмай даклада стала расследаванне крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Крымінальны працэс быў пачаты Генпракуратурай у красавіку 2021 года.

"Акрамя вас, пракуратуры, ніхто не займаецца. Бачу, што вы актыўна гэта робіце. Малайцы, гэта вельмі патрэбна. Гэта застанецца ў гісторыі назаўсёды", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У час сустрэчы Прэзідэнт расказаў, што падпісаў Указ аб стварэнні камісіі для работы з жадаючымі вярнуцца на радзіму.

"Адно з важнейшых пытанняў. Я сёння падпісаў Указ, што падрыхтаваны групай спецыялістаў на чале з вамі, аб разглядзе зваротаў грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях учынення імі правапарушэнняў. Гэта якраз тое пытанне, якое мы абмяркоўвалі напярэдадні. Я паглядзеў і склад (камісіі. - Заўвага), і іншае. Калі мы нешта тут ва Указе не прадугледзелі, дастаткова ўлады ў Генеральнага пракурора, каб задзейнічаць увесь дзяржаўны апарат, дзяржслужачых для таго, каб вырашыць гэту праблему з тымі збеглымі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"І трэба глядзець не толькі збеглых. Нехта з-пад плінтуса вылезе - яны ж разумеюць, што мы іх усё роўна знойдзем. Нехта звернецца ў камісію. Вы ў камісіі ўжо разберацеся", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У склад камісіі ў тым ліку ўвайшлі людзі, якія аказаліся сярод пацярпелых у выніку ўчыненых правапарушэнняў. Прэзідэнт падтрымаў такі падыход: "Тады грамадства будзе разумець, што рашэнні прымаюць не Лукашэнка, Швед і іншыя - людзі, надзеленыя ўладай. Зразумела, што мы гэта павінны арганізаваць і быць галоўнымі дзеючымі асобамі. Але і тыя, якія бачылі, што адбывалася, і цярпелі, і супраць іх учыняліся нейкія акты гвалту або правапарушэнні. Указ падпісаны. Я папрашу толькі, каб вы вельмі падрабязна людзям растлумачылі яшчэ раз, у чым сутнасць".

"Другое, што трэба падкрэсліць. Я назіраў за СМІ апошні тыдзень: там шум узняўся. Асабліва ў штабах, ціхушкі-лахушкі гэтыя ў Літве, Польшчы ашалелі. Я хачу вам яшчэ раз сказаць, і людзі каб разумелі: цяпер яны на безграшоўі сядзяць, Захад будзе фінансаваць толькі канкрэтныя мерапрыемствы. Пажадана такога радыкальнага плана, і нават ужо не ўзроўню 2020 года. Звяржэнне, забойствы Прэзідэнта, службовых асоб. І ты там не ў апошніх радках (гэта не для таго, каб цябе напалохаць, ты сам гэта ведаеш). Гэта значыць, усіх, хто ўпоперак горла стаў, - усіх ліквідаваць. Гэта будзе фінансаваць Захад", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Ім задаюць пытанні: хто вы такія, лахушкі-ціхушкі, хто за вамі стаіць? Вось яны крычаць, што "мільён з Беларусі збеглі, вось яны ў Польшчы, Літве і Украіне, як гіены, стаяць па перыметры і ляскаюць зубамі". Ніякіх там мільёнаў няма. Нехта называе дзве тысячы, хто - да чатырох тысяч. Няважна, колькі. Але яны гэтым пацвярджаюць сваю рашучасць і магчымасць тут нешта ўчыніць, аж да сур'ёзных тэрактаў. І калі Захад бачыць, што за імі нехта стаіць (хоць невялікая група людзей), столькі і грошай дадуць на існаванне. І яны баяцца, што частка гэтых людзей - а, не дай бог, большасць - паедзе ў Беларусь, вось звернуцца ў гэту камісію. Тады і грошай няма. Таму што за імі ніхто не стаіць, за гэтымі офісамі. Цяпер ім выдзяляюць мізэрныя грошы, і ўсе гэтыя грошы не даходзяць да гэтых ці то двух, ці то чатырох тысяч чалавек. А, не дай бог, мільён, як яны кажуць. Гэта ўсё асядае ў гэтых начальнікаў у штабах, яны гэтыя грошы дзеляць. А есці ж хочацца. І вось яны там сядзяць. Ну што ім застаецца рабіць?" - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

"Ім украінцы прапануюць (ваенныя прыязджаюць): давайце на фронт, ваяваць супраць Расіі. Усе яны крычалі: полк Каліноўскага і іншае… Там каля ста чалавек у гэтым так званым палку. Вось яны бегаюць там, некаторыя вялікія палкоўнікі і падпалкоўнікі, крычаць, што "мы ствараем народна-вызваленчую армію". Але ў гэтай арміі ўсяго сотня чалавек, і тое ваююць пад Бахмутам, Арцёмаўскам. І гіне нямала людзей. Яшчэ раз паўтараю: есці хочацца, але ёсць і азвярэлыя - тыя, якія гатовы змагацца там супраць Расіі і тут прыйсці да канца змагацца супраць беларускага народа. Ну, гэта іх выбар. Я гэта да чаго гавару: мы нікога, Андрэй Іванавіч, сюды не павінны цягнуць. А так там пайшла ўжо хваля: "вось Лукашэнка хоча іх сюды зацягнуць і пасадзіць". Вось прачытаюць Указ і будуць бачыць, як будзе працаваць камісія", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўлады апрыёры нікога не збіраюцца пазбаўляць волі. З іншага боку, заўважыў ён, калі нейкі грамадзянін сапраўды заслужыў пакарання, дык ён і сам наўрад ці стане звяртацца ў створаную камісію.

"Пойдзе - разгледзім. Усё будзе ў адпаведнасці з законам. Але галоўнае, не цягніце іх сюды сілай. Вы правільна прапанавалі: заяву ў камісію (хочаце - па інтэрнэце перадавайце, хочаце - у канверце перасылайце) - мы разгледзім любую вашу заяву. Але сілай сюды цягнуць, каб пасадзіць, як яны кажуць, або наогул каб пагаварыць з кім-небудзь, мы не збіраемся. Гэта наша добрая воля, мы яе прадэманстравалі. Калі ласка, звяртайцеся, будзем разглядаць вашы заявы. Не хочаце - сядзіце там. Хочаце - ваюйце, хочаце - мяціце вуліцу. Не ўсе ж могуць ваяваць нават, не ўсіх жа возьмуць на фронт. Мяціце вуліцу, мыйце посуд. Хто больш падрыхтаваны - будуць патроны падаваць у Польшчы ці Літве. Гэта іх выбар. Мы нікога не прымушаем і не настойваем у гэтым плане", - заявіў беларускі лідар.

Менавіта такі прынцып павінен быць у рабоце камісіі, акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. "Трымайце мяне ў курсе справы. Калі трэба падключыцца па нейкім пытанні, падключайце. Тым больш што некаторыя могуць пайсці праз памілаванне Прэзідэнта і гэтак далей", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Вось гэта комплекснае пытанне, якое цяпер трэба закруціць. Сумесна з вялікай работай па генацыдзе. Пракуратуру зверху данізу давядзецца, вядома, дагрузіць, і загрузіцца гэтымі пытаннямі: разгляду скаргаў і заяў нашых збеглых і тых, хто тут учынілі правапарушэнні. Гэта пытанне неяк трэба здымаць у грамадстве. Патрэбна развязка", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Андрэй Швед падзякаваў Прэзідэнту за падтрымку прапаноў, якія былі рэалізаваны ва ўказе, падпісаным Кіраўніком дзяржавы. "Гэта сапраўды была работа ўсіх дзяржаўных органаў. Падыходы былі ў асноўным вызначаны, як Вы і акрэслілі, з тым, каб сюды нікога не цягнуць, а людзі разумелі, што маюць у тым ліку і гарантыі", - сказаў Генпракурор.