Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў

Грамадскія арганізацыі Беларусі адыгрываюць найважнейшую ролю ў фарміраванні сучаснай грамадзянскай супольнасці. Актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны прымае і Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў (БГАВ).
Палітычная і грамадская дзейнасць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны бярэ свой пачатак у 50–60-я гады ХХ стагоддзя, калі сталі ўтварацца камітэты ветэранаў вайны. Але працэс іх аб’яднання ў адзіную арганізацыю завяршыўся толькі ў снежні 1986 года.
Пасля набыцця ў 1991 годзе Рэспублікай Беларусь незалежнасці ветэранская арганізацыя прадоўжыла сваю работу па абароне законных правоў ветэранаў (пенсіянераў), забеспячэнні іх дастойнага становішча ў грамадстве.
Цяпер БГАВ аб’ядноўвае каля 2,5 мільёна ветэранаў і мае свае арганізацыйныя структуры ва ўсіх гарадах Беларусі. У радах арганізацыі знаходзіцца найбольш актыўная частка ветэранаў, чый вопыт, веды, уменні і здольнасці прыносяць карысць Рэспубліцы Беларусь. Многія члены арганізацыі ўзнагароджаны дзяржаўнымі ўзнагародамі.
Асноўныя напрамкі дзейнасці БГАВ:
- абарона правоў і свабод ветэранаў, актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці рэспублікі;
- удзел у распрацоўцы дзяржаўных нарматыўных прававых актаў і праграм па сацыяльнай абароне ветэранаў, паляпшэнні іх матэрыяльнага становішча, жыллёвых умоў, медыцынскага, культурнага і іншых відаў абслугоўвання;
- актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі.
Значная работа праводзіцца членамі арганізацыі па захаванні гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, увекавечанні памяці загінулых і прапаўшых без вестак. З непасрэдным удзелам членаў БГАВ у рэспубліцы ідзе пошукавая работа, таксама аб’яднанне выступае адным з арганізатараў штогадовага правядзення мітынгаў-рэквіемаў у мемарыяльных комплексах "Брэсцкая крэпасць–герой" і "Буйніцкае поле", прысвечаных Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, мерапрыемстваў, прысвечаных барацьбе партызан Беларусі, Расіі і Латвіі з фашызмам каля мемарыяла Курган Дружбы на тэрыторыі Верхнядзвінскага і Себежскага (Расія) раёнаў.
Важным напрамкам дзейнасці аб’яднання з’яўляецца міжнароднае супрацоўніцтва. У рамках дзейнасці міжнароднага саюза "Садружнасць грамадскіх арганізацый ветэранаў Незалежных Дзяржаў" БГАВ арганізуе і праводзіць шэраг мерапрыемстваў з ветэранамі іншых краін па пытаннях захавання гістарычнай праўды пра вайну, умацавання міру і бяспекі, прадухілення міжнародных канфліктаў і войнаў.
Работа грамадскага аб’яднання высока цэніцца дзяржавай. За актыўную гуманітарную дзейнасць па аказанні дапамогі ветэранам і ўвекавечанні памяці пра Вялікую Айчынную вайну Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе БГАВ прысуджана прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне".