Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі

Беларусь - адна з нямногіх краін на постсавецкай прасторы, у якой па асабістай ініцыятыве і пад патранажам Прэзідэнта сістэмна рэалізуецца дзяржаўная маладзёжная палітыка. Яе станаўленне адбывалася з першых дзён незалежнасці краіны, і сёння створаны ўсе неабходныя ўмовы для ўсебаковага развіцця маладых людзей, раскрыцця іх творчага патэнцыялу і падтрымкі маладзёжных ініцыятыў.
Ля вытокаў стварэння БРСМ стаяў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Выступаючы перад дэлегатамі 38-га аб'яднальнага з'езда БСМ і БПСМ, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што магутная аб'яднаная маладзёжная арганізацыя павінна стаць адной з апор нашага грамадства.
Сёння арганізацыя аб'ядноўвае найбольш актыўных прадстаўнікоў новага пакалення, тых, хто імкнецца прыкласці свае сілы і здольнасці, каб зрабіць больш цікавым, яркім, асэнсаваным уласнае жыццё і жыццё равеснікаў, будаваць працвітаючую Беларусь.
БРСМ стымулюе маладых людзей займаць актыўную жыццёвую пазіцыю, і, ствараючы сацыяльныя ліфты, прадастаўляе юнакам і дзяўчатам шырокі спектр магчымасцей.
Асноўнымі напрамкамі дзейнасці БРСМ з'яўляюцца:
- грамадзянска-патрыятычнае выхаванне (у тым ліку рух маладзёжных атрадаў правапарадку);
- арганізацыя другаснай занятасці;
- валанцёрства;
- падтрымка адоранай і таленавітай моладзі;
- міжнароднае супрацоўніцтва;
- фарміраванне здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяроддзі.
З развіццём новых тэхналогій грамадскае аб'яднанне актыўна пашырае прысутнасць у інтэрнэт-прасторы, прапануе падтрымку ў рэалізацыі інавацыйных праектаў.
Пры падтрымцы дзяржавы БРСМ змог адрадзіць знакаміты камсамольскі брэнд - студатрадаўскі рух. Яго папулярнасць пацвярджаюць дзясяткі тысяч штогод працаўладкаваных юнакоў і дзяўчат. На Усебеларускай маладзёжнай будоўлі працоўную загартоўку атрымалі амаль 2 700 студэнтаў Беларусі і Расіі.
Валанцёры руху БРСМ "Добрае Сэрца" клапоцяцца аб маладых людзях і дзецях, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Добраахвотнікі аказваюць дапамогу пажылым людзям, з'яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі і памочнікамі пры правядзенні розных спаборніцтваў міжнароднага ўзроўню (чэмпіянат свету па хакеі 2014 года, II Еўрапейскія гульні і інш.).
Візітныя карткі БРСМ
- дабрачынны марафон "Усе фарбы жыцця для цябе";
- Дзень моладзі на Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску";
- рэспубліканскія конкурсы і праекты "100 ідэй для Беларусі", "Уладар вёскі", "Парк сямейных дрэў", "ПапаЗала".
Цікавасць юнакоў і дзяўчат да захавання традыцый беларускага народа, атрыбутаў дзяржаўнай сімволікі, выкарыстання нацыянальнага беларускага арнаменту знайшла адлюстраванне ў праекце "Беларусь — крыніца натхнення".
Саюз моладзі знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых форм і ідэй і адкрыты для ўсіх, хто настроены на супрацоўніцтва і гатовы рэалізоўваць сумесныя праекты. Менавіта так быў народжаны Усебеларускі праект "МП | Маладзёжная прэмія".
Будучыня Беларусі залежыць непасрэдна ад ініцыятыўных, здольных крэатыўна мысліць, знаходзіць дастойныя адказы на выклікі часу маладых людзей. За гады сваёй дзейнасці БРСМ стаў сур'ёзнай школай асобаснага і грамадзянскага станаўлення, асноўная задача якой - фарміраванне ў моладзі актыўнай жыццёвай пазіцыі і падрыхтоўка кадраў для ўсёй дзяржаўнай сістэмы.
28 кастрычніка 2018 года на сустрэчы з актывам БРСМ у Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка акрэсліў неабходнасць павышэння ў краіне ролі маладзёжнага руху. "Трэба вызначыцца і дакладна даць сігнал нашаму грамадству, моладзі, чым вы будзеце займацца. А органам улады - нам трэба, не баючыся, сумленна і шчыра сказаць, якой уладай мы зможам надзяліць сёння моладзь, у чым яны могуць быць памочнікамі дзяржавы, у чым мы іх будзем падтрымліваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
За значны ўклад у грамадзянскае выхаванне і фарміраванне патрыятычнай самасвядомасці моладзі ў 2015 годзе Цэнтральны камітэт ГА "БРСМ" адзначаны прэміяй Прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне".