Наведванне ААТ "Планар"

  • 21
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 студзеня наведаў ААТ "Планар", якое працуе ў сферы мікраэлектроннай прамысловасці і з'яўляецца адным з лідараў у гэтай галіне.

З удзелам Прэзідэнта адбылася цырымонія запуску Цэнтра спецтэхналагічнага абсталявання для вытворчасці фоташаблонаў і мікраоптыкі. Гэта адзіны на тэрыторыі краін былога СССР комплекс, які дазваляе выпускаць вырабы тэхналагічнага ўзроўню 90 нм, крытычна неабходныя для стварэння перадавых узораў абсталявання электроннага машынабудавання.

"Гэта будучыня", - заявіў Кіраўнік дзяржавы, гаворачы пра развіццё мікраэлектроннай прамысловасці. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гэтай сферы трэба і далей "бегчы на паўкрока наперадзе і выпускаць прадукцыю, запатрабаваную ва ўсім свеце".

"Калі ты не адстанеш, у цябе заўсёды будзе работа і вялікія грошы. Не толькі нашы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка генеральнаму дырэктару ААТ "Планар" Сяргею Авакаву. - Ты апярэдзіў усё і ўся. І ў Беларусі, і ў Расіі. Ты ўсіх апярэдзіў".

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі ўдалося захаваць тыя вытворчасці, якія засталіся пасля Савецкага Саюза. Больш таго, дзякуючы дапамозе, аказанай у свой час дзяржавай, прадпрыемствы, якія засталіся з савецкіх часоў, удалося мадэрнізаваць і зрабіць перадавымі. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падзяліўся ўспамінамі пра свой першы візіт на "Інтэграл".

"Тады наогул грошай не было, і ўсім трэба было (дапамагчы. - Заўвага). Я разумеў, што, калі былі б грошы, мы рванулі б. Што тады мяне падштурхнула? Хутчэй за ўсё, інтуіцыя. "Інтэгралу" дапамаглі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Ведаеце, калі чалавек сваімі рукамі нешта стварае, і вельмі складанае, гэта вельмі шкада страціць. Гэта ў аснове маёй жыццёвай філасофіі. І я чапляўся за ўсе школы, усе прадпрыемствы, якія ў нас былі створаны, інтуітыўна разумеючы, што яны будуць патрэбны".

"І наш час прыйшоў. Мы не дарэмна ўкладвалі грошы. Тое, аб чым людзі ў савецкі перыяд марылі (тыя, хто закладваў гэту аснову), мары гэтыя пачалі здзяйсняцца", - прадоўжыў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў дачыненне да развіцця прадпрыемства Аляксандра Косінца, які ў свой час па даручэнні Кіраўніка дзяржавы займаўся пытаннямі інавацыйных пераўтварэнняў на "Планары". "А вы ўпіраліся, не хацелі ісці (па гэтым шляху. - Заўвага). А цяпер наперадзе бягуць і паказваюць, які цуд стварылі. Малайцы. Дзякуй вам за гэта. Гэта прыклад таго, як мы павінны дзейнічаць у будучым, - сказаў Прэзідэнт. - Дзякуй вам за тое, што вы стварылі такую ўнікальную вытворчасць. У гэтым напрамку будзем рухацца, будзем усяляк дапамагаць".

На "Планары" Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выніках работы прадпрыемства за пяць гадоў і перспектывах развіцця на бліжэйшыя гады. Як расказаў гендырэктар "Планара" Сяргей Авакаў, за пяцігодку выручка прадпрыемства вырасла ў чатыры разы, а экспарт - у пяць разоў. На "Планары" вядуцца маштабныя работы па мадэрнізацыі і пашырэнні вытворчасці.

У прыватнасці, размова ішла аб рэалізацыі трох буйных інвестыцыйных праектаў. "Калі вы не адстанеце і будзеце рухацца хаця б такімі тэмпамі, як цяпер, заўсёды спажывец вашых тавараў, вырабаў грошы знойдзе, у тым ліку і дзяржава, яна заўсёды падставіць сваё плячо. І не толькі наша дзяржава, але ў дадзеным выпадку і Расія, якой вельмі патрэбна ваша прадукцыя", - канстатаваў Прэзідэнт.

Ён растлумачыў, што пасля распаду Савецкага Саюза развіццё мікраэлектроннай галіны ў Расіі значна затармазілася, краіна шмат страціла ў гэтым напрамку. Беларусь жа захавала і вытворчасці, і навуковыя школы, кампетэнцыі, і высокакваліфікаваныя кадры, якія перадавалі свае вопыт і веды наступным пакаленням. Дзякуючы гэтаму цяпер у многіх галінах вырабляецца сучасная прадукцыя, запатрабаваная ў многіх краінах, у тым ліку ў Расіі. "Наш час настаў", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што тэхналогіі, абсталяванне, прадукцыя прадпрыемства ўнікальныя. Такія ёсць толькі ў пяці краінах свету: ЗША, Японіі, Германіі, Швецыі і Беларусі.

"А вы гаворыце "маленькая Беларусь". Не такая яна маленькая, - заўважыў Прэзідэнт. - Памеры дзяржавы сёння вызначаюцца не граніцамі і не плошчай, а станам інтэлекту і магчымасцямі ў вытворчасці. Мы гэта ўмеем рабіць".

Разам з тым гэта зусім не прычына, каб спыняцца на дасягнутым. "Трэба паскарацца. Спынімся - тыя, хто ззаду, затопчуць, - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. - Не паскорымся - толку не будзе. Гэта не таму, што я так хачу і вас увесь час падштурхоўваю. Пытанне ў тым, што ў нас няма вялікай колькасці рэдказямельных металаў, матэрыялаў і гэтак далей, за што сёння ідзе барацьба. У нас няма таго аб'ёму прыроднага газу і нафты, за якія (вядуць барацьбу. - Заўвага) нават вялізныя краіны-лідары, як ЗША".

"За ўсім гэтым стаіць рэсурс - прыродны і выкапнёвы. І перш за ўсё нафта. У нас гэтага няма. Мы ганарымся тым, што ў нас ёсць разумныя людзі і высокія тэхналогіі. А высокія тэхналогіі маюць патрэбу ў тым, каб хутчэй, хутчэй бегчы і думаць аб тым, каб цябе не апярэдзілі. Няма чым падстрахавацца. Нафты няма", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Але нават яе наяўнасць у сучасным свеце не дае гарантый на паспяховае развіццё краіны, гэтага ўжо недастаткова, заўважыў кіраўнік дзяржавы. "Таму трэба бегчы", - паўтарыў ён.

"Ведайце: ніхто нічога не дасць. Жадаючыя адабраць тое, што ў цябе ёсць, заўсёды знойдуцца. Нават сярод сяброў. Таму глядзіце на сябе, на сваё. Вырабляйце сваё, каб не толькі мы, але і нашы дзеці, унукі маглі жыць і працаваць на гэтай зямлі", - арыентаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт запэўніў, што з боку дзяржавы заўсёды будзе забяспечана падтрымка такім перадавым вытворчасцям, як, напрыклад, на "Планары". "Мы стварылі, уклаўшы грошы, і будзем гэта рабіць. Але мы бачым, што літаральна два-тры гады - і вы гэтыя грошы лёгка вернеце і будзеце вырабляць прадукт з высокай дабаўленай вартасцю, з прыбыткам", - растлумачыў ён.

Пры такім узроўні развіцця прадпрыемствы могуць забяспечыць і добрыя фінансава-эканамічныя паказчыкі, і дастойны ўзровень працы і зарплаты супрацоўнікам, якія, дарэчы, не супраць працаваць у некалькі змен і ў выхадныя дні. "І я не чуў, каб з "Планара" нехта "ціктокаўся", што іх прымушаюць працаваць. Гэта вялікая справа, - заўважыў Прэзідэнт. - Але заўсёды грошай бывае мала. І вам таксама, напэўна, мала. Гэта таксама добра. Значыць, будзеце імкнуцца зарабіць больш".

"Ведайце адно: "дармаплаты" ў Беларусі не будзе", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы. Такога падыходу, паводле яго слоў, цяпер у краіне прытрымліваюцца ў дачыненні да ўсіх прадпрыемстваў або арганізацый. Адзін з нядаўніх прыкладаў - Віцебская вобласць, дзе была нарада ў Прэзідэнта, на якой некаторыя разлічвалі атрымаць падтрымку ад дзяржавы.

"Лішніх грошай няма. А калі ёсць, то толькі на справу", - абазначыў прынцыповы падыход Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ў размове аб высокіх тэхналогіях у прамысловасці спытаў у кіраўніка "Планара" як спецыяліста ў гэтай галіне, што ён думае наконт развіцця штучнага інтэлекту.

Як растлумачыў гендырэктар "Планара" Сяргей Авакаў, азначэнне паняцця "штучны інтэлект" пастаянна мяняецца, пераглядаецца, паколькі тэхналогіі ў гэтай сферы хутка развіваюцца. Паводле яго слоў, ШІ - гэта шырокае паняцце, нейкая сістэма прыняцця рашэнняў.

"Я мяркую, што тыя, хто прыдумаў гэта азначэнне, яны мелі на ўвазе, што штучны інтэлект заменіць чалавека", - заўважыў Прэзідэнт.

"Не, не заменіць", - упэўнены Сяргей Авакаў. Ён растлумачыў, што адзін з заснавальнікаў тэхнічнай кібернетыкі Уільям Эшбі ў 50-я гады ХХ стагоддзя напісаў кнігу, у якой разважае аб тым, ці можа машына быць разумнейшая за свайго стваральніка. "Гэта пытанне да цяперашняга часу засталося рытарычным", - лічыць кіраўнік "Планара".

"Таму нас не заменіць ніякі "інтэлект", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Не трэба нам перажываць і посціцца наконт таго, што "Ах, штучны інтэлект. Заўтра мы будзем не патрэбны, усё!" - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Спакойна трэба ўсё гэта ўспрымаць".

У час агляду вытворчасці ў ААТ "Планар" Прэзідэнт цёпла пагутарыў з самым вопытным работнікам прадпрыемства - Віктарам Васільевічам Ананічам, які аддаў гэтай вытворчасці больш за паўстагоддзе.

"Адзін з самых кваліфікаваных работнікаў", - адрэкамендаваў супрацоўніка генеральны дырэктар "Планара" Сяргей Авакаў.

Віктар Ананіч ужо 51 год працуе на прадпрыемстве на пасадзе "оптык". Аляксандр Лукашэнка станоўча ацаніў такое працоўнае дасягненне, але акцэнтаваў увагу на важнасці падрыхтоўкі вучняў, якія будуць прадаўжаць справу. Аказалася, што і за гэтым справа не стала. Пазней у самога Віктара ўдалося ўдакладніць, што за гады працы ён падрыхтаваў 8 чалавек, трое з якіх непасрэдна цяпер працуюць на "Планары" менавіта ў оптыцы.

"Таму не трэба гаварыць аб тым, што старыя ні да чаго не здольныя. Яшчэ як здольныя!" - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

У час сустрэчы з калектывам прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка таксама згадаў пра Віктара Васільевіча: "Вось я ўбачыў чалавека. Знешне ён, вядома, не малады. Але душа ў яго! Малайчына! Ён прыйшоў і працуе. Таму малады ты ці стары, гэта залежыць ад цябе. Узрост, як Наталля Іванаўна Качанава (Старшыня Савета Рэспублікі. - Заўвага) гаварыла, гэта не гады, гэта - стан душы".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што 2026 год аб'яўлены ў Беларусі Годам беларускай жанчыны. "Лозунгі - гэта добра. Але трэба для жанчын рабіць ну не кожны дзень, але хаця б у тыдзень, у месяц значнае мерапрыемства. Год пройдзе, а жанчыны будуць успамінаць гэты Год жанчыны. Трэба ў бягучым годзе зрабіць максімум для нашых жанчын. Гэта не таму, каб спадабацца вам, жанчынам. Вы сапраўды аснова нашага жыцця", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка даручыў падумаць аб тым, якія мерапрыемствы правесці ў гэты год, каб ён запомніўся. Звяртаючыся ў тым ліку да прысутных Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і прэс-сакратара Наталлі Эйсмант, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Падумайце разам з Саюзам жанчын, як нам зрабіць так, каб жанчыны запомнілі не толькі тое, што Прэзідэнт аб'явіў Год жанчыны, але каб яны запомнілі гэты год. Што мы павінны зрабіць, якія мерапрыемствы правесці? І на мужыкоў не глядзіце. Яны прыладзяцца. Падумайце, Наталля Іванаўна (Качанава. - Заўвага), вы за гэта адказная. Што скажаце, тое будзем рабіць".

Размаўляючы з работнікамі прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка зноў вярнуўся да тэмы штучнага інтэлекту, адзначыўшы, што ШІ часта рэкламуюць самі людзі, якія займаюцца ў гэтай сферы. "Мы часам прыдумваем чорт ведае што, а потым баімся, таму што гэта для нас невядома. Гэта здаецца завоблачным", - сказаў ён.

"Супакойцеся. Ніхто нас ніколі не заменіць. Ніякі штучны інтэлект", - упэўнены беларускі лідар.

Прэзідэнт прывёў прыклад з сучаснымі аўтамабілямі, якія могуць самастойна ехаць, "чытаючы" дарогу. Ён адзначыў, што ў гэтым выпадку проста працуе аўтаматыка, і такія тэхналогіі з'явіліся ўжо даволі даўно.

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся аб цяперашняй снежнай зіме і рэакцыі тых, хто ў TikTok выказвае незадаволенасць работай камунальных службаў.

"Вось яшчэ адзін раўнд пахаладання (наперадзе. - Заўвага). Такіх маразоў да 30 ужо не будзе, але ўсё роўна холадна. Усе вірусы будуць знішчаны. Няхай арганізм загартоўваецца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым, лічыць беларускі лідар, вельмі важна, каб дзеці адчулі, якой бывае сапраўдная снежная зіма. "Я нядаўна сказаў: вельмі важна, каб вашы дзеткі адчулі, што такое зіма. І вось гэта ў іх застанецца назаўсёды, - упэўнены ён. - Хутка і "бабу" злепім, і "дзеда" злепім. Няхай дзеці гэта адчуюць разам з вамі".

Прэзідэнт падзяліўся ўспамінамі з дзяцінства, калі зіма была менавіта такой, якой яна выдалася ў гэтым годзе. "У дзяцінстве ўсе чысцілі гэты снег, асабліва ў вёсцы. Памятаю са свайго дзяцінства школьнага: ноч, замятае... Мы ўсё чакалі, калі дарослыя дзеці - дзявяты, дзясяты клас - пройдуць, а мы па гэтым калідорчыку ўжо следам", - сказаў ён.

Прэзідэнт прывёў і іншы прыклад. У тыя гады, калі ён працаваў кіраўніком сельгаспрадпрыемства, такой тэхнікі, якую Беларусь мае цяпер, не было і дарогі часта даводзілася расчышчаць лапатамі. "ДТ-54, гусенічны трактар, і прамая лапата - бульдозер. Вось ён прайшоў, і тое, дзе змог прайсці. Прастора тры метры: хочаш - едзь на кані, хочаш - пяшком ідзі. Трактары па такой каляіне праехаць не маглі. Каб да раніцы можна было да фермы дабрацца, выходзілі людзі і шырэй расчышчалі дарогу", - дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што бачыць рэакцыю асобных людзей, якія ў TikTok выказваюць незадаволенасць працай камунальных службаў у частцы ўборкі снегу. "Адзінкі нейкія ёсць, але гэта грамадства (з рознымі меркаваннямі. - Заўвага), - падкрэсліў Прэзідэнт. - Няхай папісваюць, у іх ёсць такая магчымасць - напісаць".

Прэзідэнт сказаў, што рэагуе на тыя ці іншыя звароты з TikTok, калі пішуць, што недзе некага пакрыўдзілі. Але на паверку далёка не ўсё з гэтага аказваецца праўдай. "Нехта напісаў спецыяльна... Пачынаем правяраць. А праверкі - гэта ж грошы. Мы трацім грошы, але аказваецца, што гэта няпраўда. Або ўвогуле такога выпадку не было", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Было адзначана, што частка скаргаў на працу камунальных службаў звязана з тым, што некаму не расчысцілі ў двары месца пад аўтамабіль. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта адказнасць кожнага - расчысціць ад снегу пляцоўку вакол сваёй машыны.

"Для мяне самае страшнае - не дай бог адбудзецца тое, што ва Украіне. Я не гавару пра вайну і іншае. Там людзі замярзаюць. Ім на вуліцы ў звычайнай палатцы (нават не ваеннай, а турыстычнай) цяплей, чым у доме. Гэта катастрофа", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

У час размовы Прэзідэнт таксама заявіў, што ў Мінску трэба стварыць нармальныя ўмовы для жыхароў і не перанасяляць горад.

"У цэнтры Мінска мы вытворчасці будаваць не будзем. Будзем выкарыстоўваць гэтыя плошчы, калі яны нам патрэбны. Усё астатняе будзем выносіць за кальцавую дарогу. У Мінску людзі павінны жыць, з дзеткамі па вуліцах хадзіць. А вытворчасці - туды, за кальцавую дарогу. Таму мы будуем метро рознымі сегментамі. Будзем і далей развіваць, каб людзі маглі за 10-15 хвілін на работу прыехаць. Каб было зручна. Мы гэта ўжо робім і гэта зробім, - сказаў Прэзідэнт. - Таму калі Мінск здольны вырабляць тое, што вы робіце на "Планары", "Інтэграле", матацыклы, веласіпеды... Мы гэта будзем рабіць. Але 2 млн чалавек (у горадзе. - Заўвага). Мы брудныя вытворчасці нават за кальцавой дарогай будаваць не можам. Мы не павінны гэта рабіць. Трэба стварыць нармальныя ўмовы для мінчан, але не перанасяляць Мінск".

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што жыллёвае будаўніцтва цяпер арыентуюць на вялікую прывязку да канкрэтных вытворчасцей: "Калі ёсць вытворчасць - будуем. Мы навучыліся хутка будаваць. Вось вытворчасць, вось дом - 100 кватэр - арэнднае жыллё. Наймай людзей, няхай працуюць. 20-30 гадоў адпрацаваў, хочаш купіць гэта жыллё - выкупляй, за капейкі ўжо. У гэтым напрамку будзем рухацца. Камусьці, можа, гэта не падабаецца. А што не падабаецца? Хочаце свой дом пабудаваць ці кватэру - будуйце, мы не забараняем".

Гаворачы пра стварэнне новых і развіццё існуючых вытворчасцей, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не стаіць задача сканцэнтраваць усё ў Мінску або, наадварот, вынесці за яго межы. У гэтым пытанні будуць ісці ад зямлі, развіваючы тыя пляцоўкі, дзе ўжо склаліся пэўныя вытворчыя традыцыі, ёсць кампетэнцыі.

Прыклад - суднабудаванне, якое ў краіне вырашана адрадзіць у супрацоўніцтве з Расіяй. Галоўнай пляцоўкай для гэтага стане Пінск, дзе ёсць неабходная база. "Вядома, мы будзем рэанімаваць тую вытворчасць. Таму што там, магчыма, яшчэ засталіся тыя старыя людзі, якія гатовы моладзь узяць за руку, прывесці, паказаць, усё гэта вырабляць", - сказаў Прэзідэнт.

Напрыканцы сустрэчы генеральны дырэктар "Планара" ад імя ўсяго калектыву падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за падтрымку.

"Не мая заслуга, не трэба. Гэта - ваша", - заўважыў на гэта Прэзідэнт.

Сяргей Авакаў паднёс Кіраўніку дзяржавы кампазіцыю, што ўключае эмблему і назву прадпрыемства, якую работнікі "Планара" зрабілі сваімі рукамі. Пры гэтым падарунак выкананы з тых матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчым працэсе. "Гэта - сітал, гэта - кварц, гэта - габра-дыябаз. І ўсё гэта абрамлена ў дрэва - сімвал нашай краіны, сімвал нашага адзінства", - расказаў ён пра падарунак.

"Думаю, у Палацы Незалежнасці на самае бачнае месца паставім. Таму што хочам мы гэтага ці не, вы сёння асноўныя закапёршчыкі нашага жыцця, вы асноўныя напрамкі выпрацоўваеце ў нашым жыцці, па якіх мы рухаемся. Які штучны інтэлект без вас? Ніякі. Таму няхай ён будзе - штучны інтэлект. Але той, які мы з вамі будзем ствараць, і які нас не заменіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.