Адкрыццё новай паліклінікі ў Мінску

  • 27
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 красавіка ў Мінску прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці новай 42-й гарадской паліклінікі, якая размясцілася ў мікрараёне Усходні.

"Мы стараліся стварыць тут вельмі добрую клініку, паліклініку будучыні. Каб тут узровень быў не горшы, чым за мяжой. І каб вы захапляліся сваімі аб'ектамі, а не нейкімі, бачачы іх па тэлевізары. Такую паліклініку мы стварылі, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - У нас падзея сімвалічная, і не толькі для Уручча і горада-героя Мінска. Адкрываем самую сучасную, самую перадавую (паліклініку. - Заўвага). Так павінна быць. З кожным разам мы больш сучасныя аб'екты і аховы здароўя, і адукацыі адкрываем. І тым самым мы завяршаем фарміраванне сеткі сацыяльных устаноў гэтага мікрараёна".

Прэзідэнт адзначыў, што з мікрараёнам звязана і частка яго жыцця. "Пад'язджаючы ў гэты цудоўны куток нашай Беларусі, я падумаў аб тым працяглым перыядзе свайго жыцця, які прайшоў у гэтым мікрараёне. Тады ён быў не такі прыгожы. І, праязджаючы па гэтай дарозе, я заўсёды мэру Мінска гаварыў, што пуставаць гэты ўчастак не павінен - тут павінны жыць людзі. Таму што гэта адзін з самых прыгожых і зручных куточкаў нашага Мінска. Ён змяніўся, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Бачу, што краіна абнаўляецца. Галоўнае, што мы жывём мірна, ціха, спакойна.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць у тым, што медыцынскія паслугі ў новай паліклініцы будуць аказвацца вельмі якасныя. "На прыкладзе нашай клінікі, як у нас аказваецца першасная дапамога, мы будзем рухацца наперад і ў Беларусі. Вельмі важна на ранніх стадыях выявіць хваробу - лягчэй будзе лячыць", - адзначыў ён.

"Тут будуць служыць самыя лепшыя медыкі. Не таму, што недзе ў Мсціслаўі, Хоцімску, Лідзе, Стоўбцах і іншых гарадах нашы медработнікі горшыя. А таму, што мінскія медыкі могуць раней за іншых дакрануцца да самых сучасных тэхналогій і іх асвоіць, - сказаў Прэзідэнт. - Уладзімір Яўгенавіч (старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. - Заўвага), хто-хто, а ты ведаеш, колькі мы сродкаў укладваем у Мінск. Мы тут ствараем вельмі сур'ёзную базу".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што якаснае сучаснае медыцынскае абслугоўванне павінна быць даступна не толькі для мінчан, але і жыхароў самых аддаленых рэгіёнаў. Ён даручыў кіраўніцтву горада,Ураду і Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай як упаўнаважанаму прадстаўніку Кіраўніка дзяржавы ў Мінску выпрацаваць адпаведныя падыходы.

"Трэба зрабіць так, каб тыя, хто жыве далей ад Мінска, маглі таксама атрымаць тут дапамогу. Вядома, гэта мы для Мінска робім. Там мы робім для іншых раёнаў, рэгіёнаў. Але тут больш развітыя тэхналогіі. Нельга зрабіць так, каб на ўскраінах нашай краіны, далей ад Мінска, людзі адхілялі мінчан. Развіваючы Мінск, я раблю ўсё, каб не было гэтага кантрасту. Каб не было супярэчнасцей у нашай краіне. Краіна павінна быць адзінай, маналітнай. І ад нашых крокаў па забеспячэнні здароўя нашых людзей будзе вельмі шмат залежаць. Трэба падумаць над гэтым", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Не забывайце, што ўсе мы, мінчане, мы ўсе адтуль. Нашы карані там (у вёсцы. - Заўвага). У мінулым пакаленні, пазамінулым. Капніце недалёка сваё мінулае і вы ўбачыце там сваіх бабуль, дзядуль. І дзякуючы ім у апошнюю вайну мы з годнасцю выстаялі, выжылі. Несалодка было. Кожнага трэцяга пахавалі. Але тым не менш выжылі. І мы на іх плячах. Трэба ім дапамагчы, - яшчэ раз заклікаў Аляксандр Лукашэнка. - Зрабіце ўсё, каб, убачыўшы і пачуўшы нас сёння, беларускі народ зразумеў, як я гавару, у Хоцімску, Ваўкавыску, яшчэ недзе, што гэта таксама іх".

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз вярнуўся да гэтай тэмы, заслухоўваючы даклад аб развіцці сістэмы аховы здароўя Мінска. "Падумайце аб тым, як вось такія цэнтры, бальніцы, клінікі хаця б за Мінскай вобласцю замацаваць, нейкія аддаленыя раёны (гэтай вобласці. - Заўвага)", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Трэба, каб у вас была сувязь з імі (у спецыялістаў на месцах, у раёнах з высокакваліфікаванымі калегамі з Мінска. - Заўвага), каб вы маглі параіцца з імі, і яна (на прыкладзе галоўнага ўрача новай паліклінікі ў мікрараёне Усходні і іншых кіраўнікоў медыцынскіх устаноў у Мінску. - Заўвага) не адпіхвалася ад іх: "Добра, прывязіце, паглядзім на гэтага чалавека". Каб як да родных людзей ставіліся. Трэба выбудаваць гэту сістэму. Трэба, каб Мінск працаваў хаця б на вобласць", - даручыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава і першага намесніка Міністра аховы здароўя Алены Богдан.

Прэзідэнт выказаўся на тэму кадравай забяспечанасці ў шэрагу галін і медыцыне ў прыватнасці.

"Кажуць, што ў нас не хапае ў ахове здароўя людзей. Кажуць, яшчэ недзе не хапае. Заўсёды нечага нам не хапала. Перш за ўсё грошай, потым людзей і іншае, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Людзей у нас хапае. Нам трэба разабрацца. Нам трэба (дзе, як кажуць, не хапае) сістэму мяняць. Трэба выбудаваць так сістэму, каб тыя людзі, якія ёсць, маглі працаваць, зарабляць і абслугоўваць насельніцтва. Гэта больш чым на 200 працэнтаў датычыцца Міністэрства аховы здароўя і нашых медыкаў. Не трэба плакацца, што вы звыш 8 гадзін у суткі працуеце. Медыкі - гэта як Прэзідэнт: колькі трэба, столькі і працуем. А куды дзецца? Таму цярпіце там, дзе даводзіцца працаваць 10 гадзін. Вывучайце новыя тэхналогіі, ушчыльняйцеся".

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад, што не ўсюды яшчэ ў ахове здароўя працуе інфармацыйная сістэма, і ў гэтым плане трэба актыўна ўкараняць ІТ-тэхналогіі.

"Таму давайце будзем будаваць наша жыццё так, каб добра ці гэтак жа, як Мінску, было ў Хоцімску, Мсціслаўі, Шклове і іншых гарадах. Трэба папрацаваць даўжэй, - давайце папрацуем. Давайце перастанем ныць і плакаць, што ў нас не хапае людзей. Слухайце, мы ж не ва Украіне, дзе вайна ідзе. Вунь паглядзіце, што робіцца ў хвалёнай Польшчы, куды некаторыя нашы пабеглі, а цяпер тысячамі просяцца ў дыктатуру: "Мы дадому хочам!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Прыклад таго - Коля Статкевіч. Пасядзеў-пасядзеў на граніцы на лавачцы і дамоў вярнуўся. А не вярнуўся б - ужо пахавалі б. Вы (урачы. - Заўвага) яго выратавалі нядаўна - інсульт. Адвезлі да Румо (у Мінскі НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. - Заўвага), там круцілі-вярцелі. Там адзіны апарат у краіне, па-мойму (трэба паглядзець, можа, яшчэ пару штук купіць). Выратавалі мужыка, які ўзрываў, які хацеў перавярнуць краіну, забіць Прэзідэнта. А як здарылася бяда - прыбег да гэтага самага Прэзідэнта ў "дыктатуру", каб яго выратавалі. Вы яго выратавалі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы на тэму няхваткі кадраў у тых ці іншых сферах, Аляксандр Лукашэнка выказаў крытыку наконт вялікай колькасці начальнікаў у раёнах.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што даручаў Кіраўніку Адміністрацыі заняцца пытаннем аднаго з раёнаў. "Я даручыў: давайце паглядзім на гэты раён. Што было ў савецкія часы - тады быў райвыканкам, райкам партыі, партыйныя органы, і што цяпер. І што вы думаеце - начальнікаў стала не менш. Калі недзе менш, то на аднаго чалавека. Але ў асноўным больш, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Як гэта? І навошта? Навошта, калі некалі ў тым раёне было 29 гаспадарак, калі я працаваў там. Сёння 8 або 9. І палова з іх нармальна працуюць і падпарадкоўваюцца Мінску (гаворка пра сельгаспрадпрыемствы ў структуры Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. - Заўвага)".

Прэзідэнт адзначыў, што часта тыя ці іншыя ініцыятывы спачатку рэалізуе на прыкладзе Шклоўскага раёна. "Я ведаю там кожны кавалачак зямлі. Рэформа сельскай гаспадаркі калісьці адтуль пачыналася - з фермы, дзе працавала некалі мая маці і я разам з ёй. Я гэта ўсё ведаю і мяне ўжо там падмануць цяжка, хлусяць менш. Таму што ведаюць, што я кантралюю", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што не проста так удзяляе такую ўвагу пытанням аграрнага сектара, паколькі малако і мяса - гэта ежа людзей: "Там павінны быць якасць, чысціня і парадак, асабліва па малаку. Таму я гавару, што карова павінна стаяць у "палацы". Яна павінна быць чыстай і акуратнай. Каб малочныя прадукты былі якаснымі".

"Мне хочацца, каб у Беларусі ўсё было прыгожа, якасна і гэтак далей", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка на адкрыцці паліклінікі выказаўся аб дэмаграфічных працэсах, заклікаўшы не перанасяляць Мінск і захаваць вёску.

"Так, будзем недзе пакрыху будаваць жыллё. Але не думайце, што мы будзем размахвацца па жыллі, як гэта раней у Мінску. Гэта перш за ўсё ў вашых інтарэсах. Калі перанаселім Мінск, мы, па-першае, сцягнем усю рабочую сілу (у сталіцу. - Заўвага), што рабіць ні ў якім разе нельга. Вы бачыце, у нас ужо дэфіцыт рабочай сілы ў рэгіёнах, асабліва ў сельскай гаспадарцы. А есці ўсе хочам. І якасна хочам, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Ведаеце, колькі я ўвагі ўдзяляю сельскай гаспадарцы. І нават не сельскай гаспадарцы, а выратаванню вёскі. Трэба захаваць вёску. Без яе мы нішто. Ну, давядзецца ў хуткім часе ездзіць у аўтобусах даіць кароў у вёску, калі будзем праводзіць такую палітыку. Таму трэба будаваць і там. І, па-другое, трэба разгрузіць Мінск. Вы бачаце, што ў гадзіну пік ужо не прабіцца".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер практычна ў кожнай сям'і ёсць адзін, а то і два аўтамабілі, і ўвесь гэты аўтатранспарт мае патрэбу ў паркоўках. "Пры будаўніцтве, а я кантралюю будоўлі ў Мінску, мэр мне дакладвае і піша ўжо ў канцы: "Пляцоўкі няма, дзе аўтамабілі паставіць, значыць, жыллё будаваць нельга". І толькі рашэннем Прэзідэнта мы можам недзе нейкія паблажкі зрабіць", - сказаў Прэзідэнт.

Ён назваў жудаснай карціну, калі каля дома ўсё літаральна застаўлена аўтатранспартам. "Нічога добрага ў гэтым няма. Але жыццё такое. Мы яго ўжо не зменім. Так усюды, ва ўсім свеце. Людзі становяцца багацейшыя. Купляюць аўтамабілі. Не для таго, каб мець аб'ект раскошы. А для таго, каб перамяшчацца", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў рост сусветных цэн на энергарэсурсы і расказаў аб беларускім падыходзе да гэтай тэмы.

"Вайна (на Блізкім Усходзе. - Заўвага) пачалася - паліва пачало даражэць. У нас яшчэ цярпіма. Едуць усе запраўляцца да нас. Вось гэтыя ўсе "варожыя" дзяржавы. Я, вядома, іх ворагамі не лічу. Едуць у "дыктатуру" запраўляцца, - сказаў Прэзідэнт. - З Украіны, праўда, не едуць. Таму што там яны граніцу цалкам закрылі. Прыедуць - няхай запраўляюцца. Мы не супраць".

"Мы маем сёння больш выгадныя ўмовы. Тым не менш цэны рухаюцца. І гэта не ад нас залежыць. Мы ж вайну на Блізкім Усходзе не пачыналі і чвэрць прыроднага газу і нафтапрадуктаў мы там у Армузскім праліве не блакіравалі. Але свет узаемазалежны. Таму, купляючы па два-тры аўтамабілі на сям'ю, трэба памятаць, што бясплатнага бензіну няма", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь большую частку нафты, з якой і вырабляюцца розныя віды паліва, імпартуе. "І ад гэтай цаны залежыць і тут (узровень цэн. - Заўвага). Але пакуль цярпіма. Калі нават недзе цэны павысіліся, таксама кантралюем, мы на гэту капеечку спрабуем неяк падняць заработную плату. Я ведаю, што не багата жывём. Але жыць можна", - сказаў Прэзідэнт.

На адкрыцці паліклінікі Аляксандр Лукашэнка расказаў аб парадзе, якую даў Прэзідэнту ЗША Дональду Трампу наконт вайны з Іранам.

"Амерыканцы малайцы. Яны пачалі рабіць тое, што я Трампу параіў у апошніх перагаворах. Магу ўжо сёння сказаць. Яўрэі прыехалі да яго, ізраільцяне (пра халакост, пра ўсё забылі, Газу зраўнавалі, дзеткі загінулі там, людзі загінулі), пачалі яго клікаць супраць Ірана ваяваць. Пайшоў. Што рабіць цяпер? Я ім гавару: "Ізраіль хацеў паваяваць супраць Ірана - няхай паваююць. Дайце яму паваяваць, вы чаго туды лезеце, вы ж пахаваеце там сваіх людзей", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

"І труны паціху пачалі ў Амерыку паступаць. І грамадства абурылася. Ужо дзве трэці не адабраюць гэту авантуру. Таму я гавару: "Перадайце Дональду, няхай ён дасць Ізраілю паваяваць з Іранам. Вось і ўбачым, што атрымаецца". А чужымі рукамі мы ўсе ўмеем ваяваць. Як ва Украіне Захад ваюе", - падзяліўся падрабязнасцямі Аляксандр Лукашэнка.

"Бачу, што разважлівасць узяла верх. Пакрыху-пакрыху адтуль адыходзіць. Вы чуеце гэтыя заявы: "мы там разбамбілі", "ракетай забілі", "уран заўтра забяром". Але галоўнае - гэта нафта: "Востраў Харк захопім". Гэты востраў ад Армузскага праліва за сотні кіламетраў, ён ніяк не ўплывае на праходжанне суднаў там. Але амерыканцы пакрыху адтуль пачалі адыходзіць. Упэўнены, і яўрэі зразумеюць, што яны не туды ўлезлі", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Ізраіль - гэта невялікая па тэрыторыі і насельніцтве дзяржава, але многіх вакол лічыць ворагамі і наносіць па іх удары. "А з такой дзяржавай і з такім насельніцтвам увесь свет не прыхопіш. Думалі, што гэта зробяць амерыканцы. Але тыя своечасова спахапіліся", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Паглядзіце на Трампа, на Амерыку. Я чаму адабраю (адносна, жартам гавару) яго палітыку: ён яе агаліў да немагчымасці. Ён паказаў: "Якія правы чалавека, якая дэмакратыя?! Нафта!" І дзеля гэтага будуць забіваць, будуць закідваць ракетамі, будуць усё рабіць. Будуць гінуць амерыканцы дзеля таго, каб яны там і іншыя нармальна ці нават добра жылі, мільярды зараблялі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Гэта не наша палітыка. Мы так не можам будаваць сваю палітыку. Але мы ўбачылі сапраўднае аблічча гэтых людзей, якія некалі хацелі, каб гэтак жа было ў нас. У нас будзе так, як вы вырашыце. Хочаце так, як у іх, - будзе так. Хочаце, як асобныя кажуць, рэформ, - калі ласка, я вам магу за суткі арганізаваць гэтыя рэформы, я навучыўся, умею гэта рабіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў цэлым цяжкасцей у жыцці вельмі шмат. Але перш, чым нешта рабіць, трэба вельмі добра думаць. "Я вас не агітую, не выступаю супраць барацьбы за дэмакратыю, правы чалавека, яшчэ нешта. Вось правы чалавека. Каб маглі прыйсці ў самую сучасную паліклініку, калі, не дай бог, хвароба якая-небудзь, атрымаць дапамогу. Каб маглі атрымаць работу, нейкую капейку, каб пражыць можна было, пракарміць сям'ю", - сказаў ён.

У час цырымоніі адкрыцця паліклінікі Аляксандр Лукашэнка расказаў, у чым прызначэнне Кіраўніка дзяржавы. Паводле яго слоў, Прэзідэнт павінен быць першым у справе абароны мірнага і спакойнага жыцця ў краіне, калі гэта спатрэбіцца.

"Усе мы, беларусы, мы без вайны жывём, таму што мы адзіныя. Мы прышчэпку атрымалі апошнюю ў 2020 годзе. Медыкі ведаюць, якую. Убачылі, адчулі, паспыталі, параўналі, зрабілі высновы. Мы бачым, хто зрабіў высновы, - ідзіце, жывіце, гэта ваша зямля. Я не маю права вас пазбавіць гэтага кавалачка зямлі, - сказаў Прэзідэнт. - Але калі вы прыйдзеце да нас зноў са стрэльбай і паспрабуеце гэта ўсё перавярнуць, крыўдуйце самі на сябе. Мы гэтага не дапусцім. І чаго мне ні каштавала б, я перш за ўсё выйду на абарону спакойнага і мірнага вашага жыцця".

"Справа не ўва мне. Пражыву я. Але мая адказнасць як Прэзідэнта, якога вы выбіралі, - абараніць вас і вашу сям'ю, вашых дзяцей. У гэтым прызначэнне любога прэзідэнта", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт у час цырымоніі адкрыцця яшчэ раз павіншаваў медработнікаў, якія будуць працаваць у новай паліклініцы, і ўручыў установе сертыфікат на сучасны ультрагукавы дыягнастычны апарат.

Аляксандру Лукашэнку ў час наведвання новай 42-й паліклінікі ў мікрараёне Усходні было даложана аб развіцці сістэмы аховы здароўя Мінска.

Як растлумачыў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, некалькі гадоў таму, прааналізаваўшы сітуацыю ў сістэме аховы здароўя, гарадскія ўлады вызначыліся, якія аб'екты трэба кропкава прывесці ў парадак, а дзе - пабудаваць новыя. Рашэнні пры гэтым прымаліся не агулам, а зыходзячы з рэальнай неабходнасці, рацыянальнага падыходу. "Было вызначана, каб у некаторых клінічных бальніцах не будаваць новае, а рабіць проста прыбудову, дабавіць аддзяленні, недзе - дабавіць урачоў. А калі нешта будаваць новае, мы перапрацавалі ўсе праекты для таго, каб яны былі кампактнымі, не было вялікіх фае, калідораў, а толькі тое, што патрэбна для работы", - агучыў агульныя прынцыповыя падыходы кіраўнік Мінгарвыканкама.

Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай новай паліклінікі. У аддзяленні жаночай кансультацыі Аляксандру Лукашэнку расказалі аб магчымасцях дыягностыкі і аказання разнапланавай дапамогі жанчынам.

Прэзідэнту паказалі гінекалагічны кабінет, які абсталяваны беларускімі вытворцамі. "Задавальняе цябе гэта?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка ў загадчыцы аддзялення. Паводле яе слоў, беларускае абсталяванне не выклікае нараканняў.

У цэлым гінекалагічнае аддзяленне 42-й гарадской паліклінікі мае самую сучасную медыцынскую тэхніку: апарат УГД, гістэраскоп і іншае абсталяванне. Цікавая асаблівасць, якую адзначыў і кіраўнік дзяржавы: у аддзяленні ёсць аперацыйная, што нетыпова для паліклінікі.

"Усё, што трэба для жанчын, і не толькі ў Год жанчын, але і ў будучым, пакуль я Прэзідэнт, я буду старацца рабіць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Для жанчын трэба зрабіць усё, як вы, спецыялісты, гэта ведаеце і ўяўляеце. Вы павінны падказваць Міністэрству аховы здароўя, у якім напрамку рухацца. Для жанчын нічога не шкада ў гэтым плане".

У кантэксце размоў аб жаночым здароўі гаворка зайшла аб вакцынацыі дзяўчынак ад віруса папіломы чалавека (ВПЧ). З мінулага года ў Беларусі пачалі бясплатна вакцынаваць ад ВПЧ дзяўчынак 11 год. Дзякуючы дамоўленасцям Мінска і Пекіна ў Беларусь паступае кітайская вакцына "Цэкалін", якая мае прэкваліфікацыю СААЗ і засцерагае ад двух самых небяспечных высокаанкагенных тыпаў ВПЧ: -16 і -18. Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, наколькі гэта эфектыўная практыка. Як аказалася, вакцынацыя ад ВПЧ з'яўляецца адной з дзейсных форм прафілактыкі раку шыйкі маткі.

Далей Прэзідэнт азнаёміўся з работай рэнтгенаўскага аддзялення. Тут ёсць рэнтгенаграфічны, рэнтгенаскапічны, мамаграфічны апараты. Аляксандру Лукашэнку расказалі пра эфектыўнасць мамографаў. Рэгулярныя мамаграфічныя абследаванні даюць магчымасць выявіць рак малочнай залозы на ранніх стадыях, калі лячэнне найбольш эфектыўнае. Тым самым шанцы выратаваць жыццё жанчыны кратна павялічваюцца.

У аддзяленні медыцынскай рэабілітацыі пацыенты паліклінікі могуць аднавіць мышцы і суставы пасля розных траўмаў. У гэтым дапамагаюць і водныя працэдуры, для правядзення якіх аддзяленне абсталявана ваннай залай.

Кіраўнік дзяржавы таксама агледзеў траўматолага-хірургічнае аддзяленне. Кабінет з рэнтгенам і кабінет траўматалогіі ў паліклініцы працуюць кругласутачна. У аддзяленні ёсць і малое аперацыйнае памяшканне, дзе могуць праводзіць малаінвазіўныя аперацыі.

Урач-хірург Худайгулы Атаджанаў прыехаў у Беларусь з Туркменістана. Як аказалася, бацька маладога чалавека служыў у той жа воінскай часці, што і Аляксандр Лукашэнка. "Можа, яшчэ і са мной служыў", - адзначыў Прэзідэнт.

"З урачом не жаніся. Гэта да таго, каб у сям'і не было спрэчкі: я лепш, ты горш", - параіў Кіраўнік дзяржавы маладому хірургу.

З нагоды адкрыцця паліклінікі Прэзідэнту падарылі скальпель, што належаў жанчыне-хірургу, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны самаахвярна праводзіла аперацыі проста на полі бою.

Аляксандр Лукашэнка даручыў перадаць падарунак у музей Палаца Незалежнасці. "Прыходзяць людзі - няхай бачаць", - сказаў ён.

"Я загадзя вам удзячны, што вы зробіце тое, аб чым я вас прасіў. Першае: не забудзеце пра жанчын. Для іх мы зробім усё: ад мамаграфіі і іншае - гэта мы ўсё зробім. І другое: не крыўдзіце з рэгіёнаў людзей", - даў наказ работнікам паліклінікі Аляксандр Лукашэнка.