Сустрэча з піянерскім актывам з нагоды святкавання 100-годдзя піянерскага руху

  • 36
  • 59:14

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 мая сустрэўся з піянерскім актывам з нагоды святкавання 100-годдзя піянерскага руху.

Перш за ўсё Кіраўнік дзяржавы павіншаваў хлопчыкаў і дзяўчынак са святам. "Вы яшчэ зусім маленькія, але, можна сказаць, стаіце ля вытокаў аднаўлення, адраджэння піянерскай арганізацыі сапраўднай. У мяне такое пачуццё, што гэты год у нас будзе вельмі актыўным і сярод моладзі, нашай камсамольскай арганізацыі БРСМ, і ў вас, у піянераў. Самымі-самымі актыўнымі будуць гэтыя гады. Таму, зразумела, вы ля вытокаў, у пачатку адраджэння", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

На сустрэчы Прэзідэнт расказаў пра сваё дзяцінства. Паводле яго слоў, яно прыпала на росквіт піянерскага і камсамольскага руху. "Патрыятызм быў пэўны. Я нават помню, калі мне ўручалі чырвоны піянерскі гальштук і вучылі завязваць вузел. Я помню, як сам выгладжваў піянерскі гальштук. Нават не помню, каб быў такі выпадак, каб я прыйшоў у школу без гальштука. Гальштук - абавязкова, - падзяліўся ўспамінамі Кіраўнік дзяржавы. - Гэтыя піянерскія гады былі самыя шчаслівыя, таму што бесклапотныя. Тады ні пра што не думаў".

У той жа час Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў тыя гады вясковым дзецям было няпроста, бо акрамя вучобы даводзілася шмат працаваць, дапамагаць старэйшым. "Я не сказаў бы, што мы моцна весяліліся. Так, бесклапотна жылі. Вучоба само сабой. Спорт быў з ранку да вечара, калі ты быў свабодны ад работы ў сельскай гаспадарцы. У вёсцы работы было шмат. І абавязкова - дапамога старэйшым. Старых мы не забывалі. Пасля вайны было вельмі шмат раненых і трэба было дапамагаць. Надзвычай паважалі старэйшых", - расказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы падрабязна пацікавіўся структурай і штатнай колькасцю піянерскай і маладзёжнай арганізацый, іх узаемадзеяннем паміж сабой і з Міністэрствам адукацыі, установамі адукацыі. Паводле яго слоў, пакуль структура застанецца ранейшай, але ў будучым яе трэба пераўтварыць.

"Скажу вам шчыра, нам трэба будзе сур'ёзна адбудаваць работу піянерскай арганізацыі і ў цэлым нашай маладзёжнай арганізацыі. Самы вялікі недахоп, што піянеры і піянерская арганізацыя слаба прывязаны да маладзёжнай арганізацыі, БРСМ, а яны не вельмі цікавяцца вашым жыццём. У нас было жалезна: камсамольцы - гэта старэйшы брат. Арганізоўваюць, вядуць за руку. Гэта значыць з піянераў гадавалі новае пакаленне моладзі. У нас яшчэ слабавата з гэтай справай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён паставіў задачу Ураду і Адміністрацыі Прэзідэнта ўнесці прапановы па ўдасканаленні структуры піянерскай і маладзёжнай арганізацый: "Гэта разам нам трэба зрабіць, і да канца года пажадана поўнасцю завяршыць гэту работу. Пачынаць трэба з моладзі, з БРСМ. Бээрэсэмаўскія арганізацыі, як калісьці камсамольскія, павінны пранізваць усё жыццё моладзі - вясковай, рабочай, студэнцкай і гэтак далей".

На думку Прэзідэнта, без актыўнага ўдзелу Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі можна проста страціць піянерскі рух. "Ні адна ўлада з гэтым не справіцца. Гэтым павінны займацца вашы старэйшыя таварышы. Таму тут нам трэба даволі шмат папрацаваць, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Адбудуем гэту сістэму, і яна павінна быць не горшая, чым у тыя часы. Тады ў нас будзе дастаткова патрыётаў і не будзе стаяць пытанне патрыятызму".

"Для таго каб моладзь камсамол паважала і цаніла, мала таго, каб кіраўніцтва было на ўзроўні. Трэба камсамол загрузіць такой работай, каб моладзь імкнулася туды", - выказаўся Прэзідэнт аб перспектывах работы БРСМ.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што трэба павышаць ролю гэтай маладзёжнай грамадскай арганізацыі, каб яна была не меншай, чым у савецкія часы. Тады з удзелам камітэта камсамола вырашаліся многія пытанні, у тым ліку выплаты стыпендый, прадастаўлення месца ў інтэрнаце, арганізацыі культурных мерапрыемстваў. "Гэта значыць трэба ўзнімаць значэнне камсамольскіх арганізацый. І над гэтым трэба працаваць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Павінен быць рух наперад, і мы павінны адбудаваць па-сапраўднаму структуру, і самае галоўнае - пазбавіцца ад фармалізму. Чаго граху таіць, фармалізму дастаткова, - крытычна заўважыў Прэзідэнт. - Павінна быць усё душэўна. Не павінна быць нейкіх прахадных мерапрыемстваў для таго, каб правесці, грамадству далажыць, па тэлевізары паказаць, даць справаздачу".

"Вельмі шмат фармалізму. Гэтага фармалізму быць не павінна. Трэба ад гэтага пайсці і зрабіць так, каб арганізацыі - і піянерская, і камсамольская - былі прывабнымі для моладзі. Вось наша задача. Ігар Пятровіч (Сергяенка, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - Заўвага), пачынайце і арганізоўвайце, гэта сур'ёзнае пытанне. Мы вельмі ўпусцілі гэту работу, - падагульніў беларускі лідар. - Вось і ўвесь патрыятызм. Ён пачынаецца тут, вось з гэтых, здавалася б, малышоў. Яны ўжо ўсё разумеюць. У іх фундамент ужо цяпер павінен закладвацца, а не тады, калі яны ў ВНУ паступаюць або ў вучылішча".

"Час цікавы. Час выбраў вас перш за ўсё. У вашых руках будучыня краіны, і вы павінны сваю краіну захаваць. Нідзе, акрамя як на сваёй зямлі, вам лепш не будзе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да піянераў.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе некаторыя нязгодныя з вынікамі галасавання грамадзяне, асабліва актыўна занятыя ў пратэстах, вырашылі выехаць з краіны. "Я ж атрымліваю інфармацыю: многія з іх вельмі хочуць вярнуцца дадому, а не ведаюць як. Па-першае, сорамна, няёмка: збеглі, а цяпер як вярнуцца? Няхай думаюць. Як беглі, так няхай і вяртаюцца", - дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з піянерскім актывам звярнуў увагу на важнасць для яго гэтага мерапрыемства. У адказ на падзяку з боку піянераў за магчымасць сустрэчы Кіраўнік дзяржавы сказаў, што дзякаваць трэба не яму, а гэта ён удзячны піянерам, што яны арганізаваліся і прыйшлі на сустрэчу з Прэзідэнтам.

"Я гэта шчыра кажу: не мне трэба дзякаваць. Палітыкі - яны хітрыя, я ж таксама з хітрынкай. Таму ў пачатку сказаў, што, на жаль, першы раз сустракаюся з піянерамі, трэба было б даўно. Я павінен вам падзякаваць за тое, што вы прыйшлі да мяне і цяпер у маім прэзідэнцкім жыцці будзе старонка. Я магу даць справаздачу потым перад моладдзю, вы вырасціце, а я скажу? "Я з піянерамі сустракаўся". Для мяне важна гэта сустрэча", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар падкрэсліў, што для яго важна сустрэцца з удзельнікамі піянерскага руху, каб пачуць іх меркаванне і звярнуць увагу на іх уплыў на грамадскае жыццё краіны.

"Вельмі важна было сустрэцца і паслухаць вас. Усё ж вы на галаву вышэйшыя за тых піянераў, якія былі ў тыя гады, калі я быў піянерам. Вы зусім не падобныя на нас у тым узросце. Вы настолькі разумныя, прагрэсіўныя, адукаваныя. Але я не буду вас захвальваць, вельмі шмат чаго вам не хапае. Няма таго жыцця, якім жылі мы. Вы гарадскія ў асноўным, сталічныя. А калі з вёскі - то ўжо цяжка зразумець, хто з вёскі, хто з горада - розніцы паміж вамі няма. Раней калі вясковага піянера пасадзіць побач на крэсла з гарадскім - моцна адрозніваліся гарадскія ад вясковых. Цяпер амаль няма розніцы", - прадоўжыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў вялікае значэнне таго, што ў Беларусі, як нідзе на постсавецкай прасторы, захаваны піянерскія традыцыі. У іншых былых рэспубліках яны разбураны, заменены на іншыя грамадскія арганізацыі. "А мы захавалі піянерскую арганізацыю. Мая была ініцыятыва не забыць акцябрат. Таму што калі я стаў Прэзідэнтам, паўстала пытанне: а што рабіць з акцябратамі. Я сказаў, не трэба з імі нічога рабіць, трэба захаваць, бо гэта добрая арганізацыя для дзяцей, дзеці вучацца быць арганізаванымі і жыць у грамадстве, гэта галоўнае для акцябрат і піянераў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніка дзяржавы спыталі, якія якасці павінен мець лідар і ці трэба нарадзіцца з асаблівымі задаткамі, каб стаць лідарам.

"Мне здаецца, што ў вашым узросце не кожны хоча быць лідарам. І гэта якасць прыроджаная. Вось калі ты хочаш быць лідарам... А што азначае быць лідарам? Не проста верхаводзіць у школе, у класе, часам на галаве хадзіць па партах і гэтак далей, - вобразна выказаўся Аляксандр Лукашэнка. - Каб быць лідарам, ты павінен зарэкамендаваць сябе, узняць свой аўтарытэт у вачах равеснікаў. Быць лідарам - гэта так, каб за табой ішлі. Калі за табой не пойдуць, ну які ты лідар. Лідарства трэба заваяваць нейкімі ўчынкамі. Гэта важна".

Разам з тым чалавек павінен нарадзіцца з задаткамі лідара і развіваць іх па жыцці сваімі ўчынкамі, перакананы беларускі лідар. У сувязі з гэтым ён нагадаў аб сваім вядомым выразе: "Прэзідэнтамі не становяцца, прэзідэнтамі нараджаюцца".

"Задаткі ў Прэзідэнта павінны закладвацца пры нараджэнні. Калі ў цябе гэтага няма, ты будзеш Прэзідэнтам, будзеш дасведчаным, адукаваным, але ты не будзеш лідарам. Прэзідэнт павінен быць лідарам. Калі ён не лідар, ён слабы Прэзідэнт", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

"Каб быць лідарам, ты павінен шмат працаваць. Каб твае людзі побач (сказалі. - Заўвага): так, мы за ім пойдзем. І ў вучобе, і працы - усюды ты павінен вызначацца", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што галоўная прылада працы беларусаў - гэта іх мазгі. "Спецыялісты нам патрэбны ўсе. Але ў нас няма столькі прыродных выкапняў, за кошт якіх можна жыць: нафта, газ, золата, металы і іншае. Мы гэта ўсё купляем. А жыць за што - за кошт розуму людзей. Таму наша галава, нашы мазгі - гэта галоўная прылада працы, калі можна так сказаць, у Беларусі. Таму ўсе прафесіі добрыя. Але важны прафесіі, якія даюць развіццё нацыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што менавіта таму ў свой час у краіне актыўна заняліся развіццём ІТ-індустрыі, беларускія спецыялісты асвойваюць касмічныя і біятэхналогіі. "Самыя перадавыя напрамкі, дзе без навукі не абысціся, - гэтыя прафесіі больш запатрабаваныя. Таму што гэта дапаможа нам быць у авангардзе, наперадзе, а не плесціся ў хвасце. Калі мы адстанем, нас гэтыя нафтавыя, газавыя і залатарудныя гіганты проста загубяць. Нас нават відаць не будзе. Таму мы павінны бегчы наперадзе, каб яны нас не прыдушылі, не прыціснулі. І вось гэтыя прафесіі, самыя перадавыя, будуць запатрабаваны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Да Кіраўніка дзяржавы ў час сустрэчы звярнулася Ірына, якая прадстаўляе піянерскую арганізацыю Малькавіцкай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Паміж ёю і Прэзідэнтам адбыўся кароткі дыялог аб сучасным маладзёжным слэнгу. 

"Наша піянерская арганізацыя - гэта сучасны рух дзяцей і падлеткаў з захапляючымі і цікавымі праектамі, конкурсамі і мерапрыемствамі, - сказала дзяўчынка. - Мы з задавальненнем прымаем удзел у такіх праектах, як "Клёвыя канікулы", "Піянерскі квіз", "Агеньчык запрашае сяброў"..."

Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што такое "Клёвыя канікулы" і "квіз". Ірына ўдакладніла, што апошняе - гэта інтэлектуальна-творчая гульня, а першае - анлайн-праект БРСМ, у якім яна ўдзельнічала і пасля якога "закруцілася" ў гэтым піянерскім жыцці. "Зразумела. Ты, як моладзь кажа, падсела на гэту справу", - падтрымаў стыль гутаркі Прэзідэнт.

"І гэта называецца клёва? А чым можна замяніць гэта слова?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.

"Крута", - адказала яна.

"Добра, я зразумеў", - з усмешкай заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

У тэму размовы Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра ролю і значэнне мабільных тэлефонаў і іншых гаджэтаў у жыцці сучаснай моладзі. Ён адзначыў, што мабільны тэлефон трэба выкарыстоўваць перш за ўсё па асноўным прызначэнні - як сродак для стасункаў, а інтэрнэт - для атрымання неабходнай інфармацыі.

Прэзідэнт лічыць мабільныя сродкі сувязі, безумоўна, вялікім здабыткам чалавецтва, але, на яго думку, ён мае і негатыўныя бакі. Таму моладзі трэба менш часу праводзіць у тэлефонах, каб не ператварацца ў "маленькіх дзядкоў, увесь час тыкаючых у тэлефон", упэўнены Аляксандр Лукашэнка: "Трэба часам яго ўбок адкласці і заняцца сапраўдным жыццём. А яго выкарыстоўваць у вашы гады і асабліва потым толькі па неабходнасці. Тэлефон - гэта перш за ўсё сродак узаемадзеяння і інтэрнэт. Інтэрнэт трэба выкарыстоўваць, каб атрымаць неабходную для жыцця інфармацыю, але не ўвесь час там вісець".

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што асабіста не карыстаецца мабільным тэлефонам па шэрагу прычын, у тым ліку з-за пытанняў бяспекі.

Што датычыцца сучаснага пакалення, то, вядома, мабільнымі тэлефонамі карыстаюцца многія і гэтага не пазбегнуць. Але Прэзідэнт упэўнены, што трэба абавязкова вучыць дзяцей не трапляць у залежнасць ад гаджэтаў: "Трэба нашых дзяцей і моладзь хоць часам адцягваць ад тэлефона, гэта вельмі важна. Наша грамадства хутка зразумее недахопы гэтага, пакуль мы яшчэ не ўсе ўсвядомілі, пачынаем усведамляць. Але тут недахопаў вельмі шмат і небяспекі для такога ўзросту хлопчыкаў і дзяўчынак".

У час сустрэчы была агучана прапанова Кіраўніку дзяржавы паўдзельнічаць у закладцы маладзёжных алей каля Палаца Незалежнасці. "Я гатовы ў гэтым удзельнічаць. Піянерскую алею і камсамольскую", - сказаў Прэзідэнт, паабяцаўшы падабраць прыдатнае месца.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што лепш гэта зрабіць вясной, каб дрэвы лепш прыжыліся. "Я не дарэмна сказаў, каб каля Палаца Незалежнасці. А, можа, нешта ў палацы знойдзем (на прылеглай тэрыторыі. - Заўвага), нейкае месца, і пасадзім гэтыя дрэвы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт расказаў, што і сам рэгулярна ўдзельнічае ў пасадцы дрэў, у тым ліку разам са сваімі сынамі. Высаджаны такія дрэвы і на тэрыторыі Палаца Незалежнасці.

Ён падкрэсліў сімвалізм высадкі дрэў, бо праходзіць час і яны служаць для людзей напамінам, да іх можна будзе потым прывесці ўжо сваіх дзяцей і паказаць: "Гэта гісторыя вашага жыцця. Таму адмаўляцца ад гэтага нельга. Дзе б вы ні былі, нават не арганізавана, нават старэйшыя, пасадзіце сваё дрэўца, няхай яно будзе".

Аляксандр Лукашэнка таксама падтрымаў ідэю правесці ўрок памяці для школьнікаў і студэнтаў і згадзіўся выступіць у ролі настаўніка. Ён прапанаваў прымеркаваць такі занятак, напрыклад, да 1 верасня, а месцам правядзення зрабіць Палац Незалежнасці. Прагучала і прапанова арганізаваць мерапрыемства ў музеі Вялікай Айчыннай вайны. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў і яе.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што патрэбны нефармальны, прыгожы план урока, каб гэта было запатрабавана ў дзяцей.

У цэлым Прэзідэнт адобрыў пачынанні піянераў і моладзі па захаванні гістарычнай памяці, у тым ліку подзвігу народа і асобных герояў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Прычым размова не толькі аб шырока вядомых імёнах. "Вельмі добрую справу вы робіце. Вялікая колькасць - тысячы-тысячы людзей таго часу, якія здзейснілі не меншыя подзвігі, але аб іх ніхто не ведае. Героі жывыя, пакуль пра іх гавораць, пакуль памятаюць іх імёны. Таму я вам вельмі ўдзячны за такую ініцыятыву. Гэта добрая справа для любой школы", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што няма такога месца, дзе вайна не прайшлася б па тэрыторыі Беларусі. "І не дай бог гэта паўторыцца. Думаю, што немагчыма, каб гэтыя гады вайны - тыя, якія былі, і тое, што вытрымаў наш народ, паўтарылася сёння ці заўтра. Гэта немагчыма. Таму што час зусім іншы і войны зусім іншыя. Тое, што было тады, на тэрыторыі Беларусі асабліва, самай пацярпелай рэспублікі, гэтага не будзе ні сёння, ні заўтра", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама падтрымаў ініцыятыву стварэння тэлеперадачы "Памяць сэрца", на якую вядучыя маладыя людзі запрашалі б наследнікаў Вялікай Перамогі, каб яны дзяліліся захаванымі ў іх сем'ях гісторыямі. "Давайце паспрабуем. Пачнём з другога канала. Паспрабуем. Калі вы зможаце, калі вы будзеце канкурэнтаздольныя з іншымі перадачамі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што важны гісторыі не толькі аб самой вайне, але не менш цікавага можа расказаць і пасляваеннае пакаленне, тыя, хто аднаўляў краіну і Мінск з руін.

"Таму паспрабуйце зрабіць гэту перадачу. Мяне папярэдзьце, я таксама хачу паглядзець, калі гэта будзе. Атрымаецца - будзем развіваць", - адзначыў Прэзідэнт.

Адказваючы на пытанне аб адносінах Беларусі з Кітаем, Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Старажытная моцная цывілізацыя. Ужо ні ў каго няма сумненняў у тым, што за Кітаем будучыня".

Гэтыя адносіны выбудоўваліся на працягу доўгага перыяду. Аляксандр Лукашэнка наведваў гэту краіну яшчэ ў час сваёй дэпутацкай работы. "Пазнаёміўся з Кітаем, як яны пачыналі развіццё. Я прыехаў сюды ў Мінск і ў парламенце сказаў, што будучыня за гэтай краінай, давайце будзем вучыцца, як берагчы мінулае і глядзець у будучае, - расказаў Прэзідэнт. - Глядзіце, прайшло 30 гадоў. Я меў рацыю".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Кітай становіцца сусветным лідарам, і ўжо ў гэтым плане адбываецца сутыкненне з ЗША. "Амерыканцы не хочуць, каб быў такі ж моцны цэнтр у свеце, як самі амерыканцы. Таму што амерыканцы за кошт гэтага лідарства жывуць. Яны маюць валюту - долар. Дзякуючы таму, што яны моцныя, моцная эканоміка. А тут з'явіўся Кітай са сваёй валютай - юанем, і са сваім жаданнем быць лідарам", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў, што кітайцы вельмі адданыя сваёй краіне, любяць яе.

Што датычыцца адносін Беларусі з Кітаем, Прэзідэнт заўважыў, што не толькі ў эканоміцы, дыпламатыі, палітыцы, але і непасрэдна на ўзроўні кіраўніцтва краін удалося выбудаваць добрыя, блізкія, чалавечыя адносіны. "Галоўнае - гэта давер", - падкрэсліў ён.

На сустрэчы Аляксандр Лукашэнка расказаў піянерам пра свой дэвіз.

"Толькі наперад!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён растлумачыў, чаму менавіта гэты дэвіз: "Запомніце, ні ў якім разе нельга спыняцца. Жыццё вельмі хуткае, бурнае, кіпучае. Я і дарослым кажу. Спыніўся - там ззаду вас такі натоўп... Затопчуць. Або проста вы адстанеце. Толькі наперад! Кожны дзень патрошку, памаленьку, але толькі наперад! Ніколі не спыняйцеся. Асабліва вы, вы ж лідары. Калі вы хочаце быць лідарамі, то лідары толькі наперадзе. Таму толькі наперад!"

У гэтым плане на сустрэчы было адзначана, што ў БРСМ падобны дэвіз і гучыць так: "Толькі разам і толькі наперад!" 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тэзіс "разам" ён таксама выкарыстоўвае, у прыватнасці ішоў з ім на выбары.

"Добра, я згодны. Я тады буду ўсюды падтрымліваць гэты тэзіс. Толькі наперад! І разам абавязкова", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Піянерскі актыў Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі падарыў Кіраўніку дзяржавы свой талісман. Рысяня Вогнік сімвалізуе актыўных і крэатыўных, адказных і працавітых, ветлівых і сціплых, сумленных і вясёлых піянераў Беларусі. Гэты талісман з'явіўся ў БРПА ў 2019 годзе. Мяккую цацку зрабілі па эскізе гомельскай школьніцы Вікторыі Жалезняковай.

"У Палацы Незалежнасці знойдзем яму месца", - паабяцаў Аляксандр Лукашэнка.

Піянеры зрабілі памятную фатаграфію з Кіраўніком дзяржавы. Яшчэ адной важнай падзеяй для іх стала экскурсія па Палацы Незалежнасці.

"Я не хачу вам ніякіх наказаў тут даваць: вам гэта ўжо надакучыла дома і ў школе. Але памятайце: усё, што трэба зрабіць цяпер, у вашы гады, - зрабіце. Вы лепшыя з моладзі. Вы будучыня нашай краіны. Таму рабіце кожны дзень нешта новае. Пастарайцеся рухацца наперад. Не спыняйцеся. Наперад, наперад і наперад! Калі ёсць у вас магчымасць дапамагчы адстаючым, дапамажыце. Гэта ў жыцці вам залічыцца", - пажадаў піянерам Аляксандр Лукашэнка.