Сустрэча з парламентарыямі, членамі Канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання
- 23
- 2
Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з парламентарыямі, членамі Канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання прайшла 26 мая ў Авальнай зале Дома Урада.
Кіраўнік дзяржавы выступіў з заявай, пасля чаго адбылася дыскусія па шырокім коле пытанняў.
Прэзідэнт адзначыў, што як Кіраўнік дзяржавы лічыць сваім абавязкам падрабязна агучыць перад народам Беларусі і міжнароднай супольнасцю пазіцыю па працэсах, што адбываюцца вакол краіны, і абазначыць напрамкі будучага развіцця зыходзячы з сітуацыі, якая складваецца.
"Як мы і прагназавалі, нашы нядобразычліўцы звонку, ды і ўнутры краіны, змянілі метады атакі на дзяржаву. Яны пераступілі мноства чырвоных ліній, перайшлі межы разважлівасці і чалавечай маралі. Гэта ўжо не інфармацыйная вайна, гэта гібрыдная сучасная вайна. Трэба зрабіць усё, каб яна не перарасла ў гарачую, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Яны не могуць нам прабачыць ні тратылу (выяўленага спецслужбамі ў Беларусі. - Заўвага), ні "манкуртаў", таму баяцца новых выкрыццяў у паказаннях як збеглых, так і ўнутраных. У бліжэйшы час мы прадставім грамадскасці ўсё, што яны нагаварылі, у тым ліку і нядаўна затрыманыя".
"Менавіта таму яны перайшлі ад арганізацыі бунтаў да этапу ўдушэння. Ідзе пошук новых слабых месцаў, і гэта накіравана не толькі на нас: мы для іх палігон, эксперыментальная пляцоўка перад кідком на Усход. Апрабаваўшы ў нас, яны пойдуць туды", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Ён заўважыў, што адзін з экстрэмісцкіх Telegram-каналаў, які, працуючы за мяжой, "падняўся" на беларускай праблематыцы, ужо на ўсю моц працуе супраць Расіі. Гэта, падкрэсліў Прэзідэнт, паказвае сапраўдную мэту заходніх стратэгаў.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўлады Беларусі дзейнічаюць перш за ўсё ў інтарэсах людзей, а не чыіхсьці фінансавых амбіцый. "На працягу 2020 года на Беларусь аказваўся беспрэцэдэнтны націск. Ніводная краіна ў свеце не сутыкалася з такім шматпланавым, шматузроўневым тэрорам, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Чаму накінуліся на Беларусь? Таму што не зрабіла як усе, не прагнулася і не паддалася стаднаму інстынкту, дзейнічала ў першую чаргу ў інтарэсах людзей, а не чыіхсьці глабальных фінансавых амбіцый".
Прэзідэнт адзначыў, што свет толькі пачынае расхлёбваць наступствы спынення ўсяго: вытворчасцей, адукацыі, гандлю. "Нездарма ёсць прымаўка, што трэба бачыць далей свайго носа, глядзець наперад, калі ўсе глядзяць пад ногі. У той час як амаль увесь свет быў закрыты, мы змаглі забяспечыць работу ўсіх важнейшых сістэм і не загнаць людзей у чатыры куты", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: час паказаў правільнасць дзеянняў беларускіх улад. Маштабная, цяжкая работа па абароне людзей прадаўжаецца і сёння.
"Відавочна, што на этапе выхаду з пандэміі заходняе грамадства незадаволена тым, як адбываецца гэты выхад, як іх абаранілі, як размяркоўваліся на Захадзе сродкі, як ідзе вакцынацыя. Словам, як ратуюць і лечаць людзей. Менавіта таму для Захаду важна паказаць, што няма лепшых прыкладаў, дзе да людзей, іх правоў і здароўя ставяцца лепш, чым у іх, - заявіў беларускі лідар. - Адцягнуць увагу ад таго, што адбываецца ў іх. Наша пазіцыя па пандэміі - гэта непажаданы вопыт для іх. Ім жа давядзецца адказваць перад сваімі грамадзянамі за лакдаўны, зняволенні людзей. Беларусь, тым больш эканамічна жывая, ім папярок горла. Вось і атакуюць".
"Вайну светапоглядаў мы, напэўна, выйгралі. Прыняўшы самыя жорсткія меры, мы ў зародку падавілі хвалю неанацызму, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Яны хочуць рэвізіі менавіта цяпер. Іх памылковыя перакананні ў вяршэнстве права нічога не вартыя на фоне спроб апраўдаць нацызм і перапісаць гісторыю. Але наша сіла ў праўдзе, а іх, з вашага дазволу, праўда - у сіле".
Прэзідэнт падкрэсліў, што беларусы як нацыя дараслі да таго, каб бачыць карані нацыянальнай самасвядомасці. "Яна расце з Вялікай Перамогі, калі наш народ процістаяў генацыду. Цяпер мы сур'ёзна ўзяліся за гэту тэму і расследуем, нічога не ўтойваем, прадстаўляючы народу вінаватых. Мы не будзем больш саромецца, як гэта было ў перыяд Савецкага Саюза. Мы адкрыем усё, што тут адбывалася, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Нашы дзеянні па выкрыцці злачынцаў маглі падацца празмернымі тым, хто апраўдвае іх злачынствы. Але гэта стратэгія - жыццёва важная для краіны".
"Паглядзіце, які сёння ідзе беспрэцэдэнтны націск на краіну, як нас хочуць агрэсіўна правучыць, паставіць на месца, справакаваць з выкарыстаннем самых брудных метадаў і тэхналогій. Уся эскалацыя з боку Захаду - гэта іх зайздрасць, бяссілле і злоба ад таго, што ў іх не атрымалася ажыццявіць у Беларусі ўзброены мяцеж і дзяржаўны пераварот. І не атрымаецца. А ведаеце, чаму? Не таму, што я або вы, усе мы такія крутыя або ў нас лепшыя спецслужбы ў свеце (хоць гэта часткова і так). А таму, што Беларусь - гэта моцная і незалежная краіна асаблівых, гордых людзей, з абвостраным пачуццём справядлівасці", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што беларуская дзяржава заўсёды будзе на варце інтарэсаў народа і кожнага чалавека, а любая спроба разбурыць дабрабыт людзей будзе спыняцца. "Шмат крыкаў аб дыктатуры. У чым яна праяўляецца? У тым, што не дапускаем вандалізму, ганьбавання дзяржаўнай сімволікі? Разбурэння нацыянальных асноў і традыцый? - спытаў ён. - І ў сітуацыі з пасольствам Латвіі, якое ў поўным складзе было выдварана, Беларусь зрабіла так, як робіць суверэнная нацыянальная дзяржава, якая мае на гэта права".
Ён пракаменціраваў таксама інцыдэнт з рэйсам Афіны - Вільнюс і раскрыў новыя падрабязнасці. "Як мы павінны былі зрабіць, асабліва на фоне каскада пагроз аб мініраванні нашых аб'ектаў? Вы жывяце ў Беларусі і ведаеце: кожны дзень "мініруюць" то школы, то ўніверсітэты, то прадпрыемствы. Ды і самалёты з ІР-адрасоў у Польшчы, Літве і Латвіі. У кожным выпадку мы рэагавалі адэкватна атрыманай інфармацыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў выпадку і з рэйсам Афіны - Вільнюс сігнал аб мініраванні самалёта быў атрыманы з-за мяжы - са Швейцарыі. Прытым паведамленне паступіла ў аэрапорты Афін, Вільнюса і Мінска адначасова. Беларускі бок аператыўна давёў інфармацыю да экіпажа самалёта ў адпаведнасці з міжнароднымі правіламі. "Таму што ў гэты час самалёт перасек граніцу Беларусі і знаходзіўся ў нашай паветранай прасторы. Мы давялі гэту інфармацыю да пілотаў самалёта, вымушаны былі яе апублікаваць. ХАМАС, не ХАМАС - гэта сёння не мае значэння. У экіпажа быў час, каб прыняць рашэнне. У нас у паветры пад пагрозай знаходзіліся 123 пасажыры з розных краін і 6 членаў экіпажа. У раёне палётаў размешчана БелАЭС. Паблізу ад яе і адбыўся разварот гэтага самалёта. А калі б раптам... Нам што, мала Чарнобыля? А як бы ў такой сітуацыі рэагавалі ЗША з улікам свайго сумнага вопыту?" - задаў рытарычнае пытанне Кіраўнік дзяржавы.
"Справа не толькі і не столькі ў гэтым знішчальніку, які быў узняты абсалютна па ўсіх правілах. Справа яшчэ і ў тым, аб чым мы не гаворым, што па маім распараджэнні ўсе сістэмы абароны атамнай станцыі, у тым ліку проціпаветраная абарона, былі ўзняты па трывозе, імгненна пераведзены ў рэжым поўнай баявой гатоўнасці. Па сваіх службовых абавязках я павінен быў абараніць людзей, я думаў пра бяспеку краіны. І зразумейце простую рэч: калі б самалёт быў замініраваны, і было б жаданне ў тэрарыстаў яго ўзарваць, мы наўрад ці дапамаглі б. Але я не мог дапусціць, каб самалёт упаў на галовы нашых людзей. Пасля таго... Мы яе не забылі... Гэтыя два хлопцы загінулі, адводзячы самалёт ад жылых пабудоў. Таму не трэба мяне папракаць. Я дзейнічаў законна, абараняючы сваіх людзей. Так будзе і ў далейшым", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што алгарытм дзеянняў у такіх надзвычайных сітуацыях толькі адзін: неадкладная пасадка самалёта і выратаванне людзей. "Мы дзейнічалі ў строгай адпаведнасці з авіяцыйнымі правіламі бяспекі. Гэта прызнаюць спецыялісты і эксперты. Але рашэнне прымалі не мы. Па ўсіх правілах і інструкцыях рашэнне прымае камандзір экіпажа, і мы прапанавалі дапамогу. Камандзір экіпажа чвэрць гадзіны думаў, раіўся з гаспадарамі (мы гэта ведаем) і супрацоўнікамі аэрапорта ў Вільнюсе. Няхай апублікуюць гэтыя даныя. Не мы ж іх павінны публікаваць. Вы ўяўляеце, 15 хвілін у такой сітуацыі (можа, нават больш) ён сазвоньваўся і раіўся", - адзначыў Прэзідэнт.
У той жа час Кіраўнік дзяржавы назваў нелагічнымі дзеянні пілотаў, якія пасля раздумванняў і сазвонаў усё ж такі вырашылі сесці ў Мінску, да Вільнюса ж заставалася ўсяго 70 кіламетраў. Беларускі бок, паводле яго слоў, ужо не чакаў, што самалёт вырашыць вярнуцца. "А цяпер галоўнае пытанне: чаму ніхто не захацеў прыняць самалёт? Ні Вільнюс, куды ён ляцеў, ні Варшава, ні Львоў або Кіеў, калі мы паведамілі пра ўзрыўчатку. Чаму тыя, хто цяпер пакутуе і рыдае, не прынялі гэты самалёт? Спалохаліся адказнасці? Або камусьці вельмі трэба было, каб ён прызямліўся менавіта ў Мінску?" - спытаў Прэзідэнт.
Беларусь абвінавачваюць у тым, што яна накіравала знішчальнік нібыта для прымушэння да пасадкі пасажырскага самалёта. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэта інсінуацыі - абсалютная хлусня. МІГ-29 узнімаўся ў адпаведнасці з алгарытмам дзеянняў сіл ППА і для забеспячэння бяспекі палёту. "Ён павінен быў ні ў якім выпадку не дапусціць адхілення грамадзянскага судна з узрыўчаткай (мы ж так яго ўспрымалі, пакуль не даследавалі яго) ад курсу. Калі б раптам нешта здарылася, МІГ-29 павінен быў перадаць каардынаты нашым ратавальнікам (верталётам перш за ўсё), якія імгненна павінны былі прыбыць у пункт падзення самалёта. І больш таго, гэты самалёт, калі трэба было б, павінен быў забяспечыць сувязь грамадзянскага самалёта з дыспетчарамі. І калі б раптам, не дай бог, нешта здарылася і ў пілотаў узніклі праблемы з пасадкай, ён павінен быў вывесці гэты самалёт на ўзлётна-пасадачную паласу ў аэрапорце Мінска", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пры гэтым заўважыў: беларускі знішчальнік быў узняты ў паветра пасля таго, як пасажырскі самалёт вырашыў прызямліцца ў Мінску і развярнуўся ў бок беларускай сталіцы. "Дзякуй бы сказалі за гэта. Мы абавязаны былі так зрабіць, каб забяспечыць бяспеку ў паветры і - самае галоўнае - на зямлі, - падкрэсліў ён. - Мы рабілі ўсё, каб выратаваць людзей".
"У гэтым выпадку дзеянні сваіх ваенных, падначаленых я ацэньваю як суперпрафесійныя. Ацэньваю на выдатна. Яны былі мною адабраны пасля асабістага даклада дзяжурнага пункта кіравання Ваенна-паветраных сіл і проціпаветранай абароны", - заявіў Прэзідэнт.
Пасля пасадкі самалёта некалькі пасажыраў вырашылі выйсці ў Мінску, паколькі з Вільнюса яны ўсё роўна хацелі накіравацца ў беларускую сталіцу. Шэраг медыярэсурсаў з іх зрабіў супрацоўнікаў КДБ. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэтыя грамадзяне былі ўстаноўлены і расказалі публічна сапрадную версію падзей. "Калі нехта хоча ўдакладніць, падмянілі мы іх ці не, удакладніце. Мы ж цудоўна разумеем, што ўсюды на відэакамерах іх твары зафіксаваны, дакументы і пашпарты на руках. Падмяніць немагчыма", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Сярод пасажыраў авіярэйса аказаўся аб'яўлены ў міжнародны вышук Раман Пратасевіч. Ён абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Акрамя таго, у адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа за ўчыненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці.
"Няхай цяпер яго шматлікія заходнія заступнікі адкажуць на пытанне: на якія спецслужбы гэты чалавек працаваў? Не толькі ён, але і яго саўдзельніца. Заходнія заступнікі павінны адказаць на пытанне: хто яму плаціў за ўдзел у вайне на Данбасе? Гэтага яны, напэўна, баяцца больш за ўсё, таму паднялі крык, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Уласна кажучы, і тут у Беларусі ён і яго саўдзельнікі таксама збіраліся ўчыніць бойню і крывавы мяцеж".
Прэзідэнт нагадаў: даўно папярэджваў апанентаў, у тым ліку збеглых, што за свае злачынствы кожны адкажа ў адпаведнасці з законам. "Мы вас ведаем у твар. Ваша адказнасць перад беларускім народам - справа часу, - адзначыў ён. - Паверце, які б націск ні быў на нас, з тэрарыстамі мы будзем размаўляць на той жа мове, на якой з імі размаўляюць ва ўсім свеце".
Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, як у 2016 годзе ўкраінскія ўлады прымусілі развярнуцца беларускі борт пад пагрозай падняць знішчальнікі, каб зняць з борта грамадзяніна Арменіі. Аднак на гэты выпадак Еўропа ніяк не адрэагавала. "Там жа быў мэтанакіраваны намер, аперацыя спецслужбаў, пагрозы экіпажу і пасажырам знішчальнікамі-перахватчыкамі", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама заявіў аб няслушнасці некаторых домыслаў, што пасля пасадкі ў Мінску экіпаж і пасажыраў доўгі час утрымлівалі ўзброеныя людзі. "Тое, што лайнер вылецеў толькі а дзявятай гадзіне вечара, а не адразу ж пасля надгляду, гэта пытанне да экіпажа і яго камандзіра, які на працягу сямі гадзін пасля надгляду і даследавання нашымі спецслужбамі самалёта не хацеў вылятаць з нашага аэрапорта. З кімсьці пастаянна сазвоньваўся і раіўся", - расказаў ён.
Звяртаючыся да сусветнай супольнасці, Прэзідэнт падкрэсліў, што няма сэнсу хістаць Беларусь.
"Мы павінны захаваць сваю краіну і перадаць сваім дзецям у нармальным стане. Мы не можам перадаваць праблемы дзецям і ўнукам, мы іх павінны вырашыць. Таму што час выбраў нас. Мы апынуліся на перадавой новай не халоднай, ужо ледзяной вайны. І выстаяць можа тая дзяржава, якая не паддасца гібрыднаму націску, - сказаў беларускі лідар. - Наш моцны бок - шчырасць, сумленнасць і прыстойнасць. Але яны ж і наша слабае месца, якое яны выкарыстоўваюць у сваіх інтарэсах. Але звяртаюся да ўсёй сусветнай супольнасці: няма сэнсу хістаць Беларусь!" - падкрэсліў беларускі лідар.
"Мы ўжо даўно аправіліся ад усіх шокаў, стараемся развівацца, набылі імунітэт ад узрушэнняў. Вуліца ўжо немагчыма, таму што людзі зразумелі яе сутнасць. Наша свядомасць толькі ўмацавалася апошнім часам. Пачуццё ўласнай годнасці беларускага народа не дазволіць тэрарыстам і экстрэмістам маніпуляваць намі, - упэўнены Кіраўнік дзяржавы. - Эмоцыі сёння ўлягліся, людзі разабраліся ў тым, што адбываецца. З'явіліся патрыятычныя арганізацыі (яны і былі, прачнуліся, можна сказаць), па-сапраўднаму зубатыя СМІ і журналісты. Прытым пачалі працаваць не толькі на дзяржаўным тэлебачанні, але і ў інтэрнэце, і працаваць паспяхова. Для ўсіх праяснілася дзяржаўная пазіцыя. Выступілі наперад нацыянальныя каштоўнасці, якія затым замацаваліся і ў заканадаўстве".
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што з'явілася прынцыповасць пазіцыі беларускага народа па шэрагу пытанняў, зацягнуліся брэшы бяспекі, узмацнілася абароненасць тых катэгорый, ад каго залежаць стабільнасць і развіццё. Акрамя таго, аднаўляецца эканоміка, растуць рэальныя зарплаты, пенсіі. "Не так хутка, як нам хацелася б, але інакш і быць не магло пасля ашалелых у свеце людзей у сувязі з гэтай пандэміяй. Але запомніце: жыць надгаладзь, як гэта было ў 90-я, мы ніколі не будзем", - падкрэсліў беларускі лідар.
Разам з тым Прэзідэнт перасцярог усіх ад самазаспакоенасці і самалюбавання: "Сёння мы павінны бегчы яшчэ хутчэй, мабілізавацца максімальна!"
Ён звярнуў увагу, што за мінулы год узаемаадносіны Захад-Усход апынуліся ў ніжэйшай кропцы, і Беларусь адчувае ў сувязі з гэтым высокае напружанне, якое нагнятаецца вялікімі краінамі. "Нас імкнуцца разарваць і перацягнуць. Але важна ўстаяць і тым самым стаць мацней. Я не раз гаварыў: суверэнітэт і незалежнасць каштуюць дорага. Сёння кожны беларус не на словах, а на справе можа адчуць цану нашай незалежнасці на фоне абвастрэння канкурэнцыі ў свеце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў: усяму свету зразумела, што супраць Беларусі развязана шматпланавая, шматузроўневая гібрыдная вайна. "Мэта зразумелая. Каму выгадна дэманізаваць Беларусь, мы таксама ведаем. Мы невялікая краіна, але мы адкажам адэкватна. У свеце ёсць такія прыклады. А перш чым рабіць рэзкія неабдуманыя рухі, успомніце, што Беларусь - гэта цэнтр Еўропы. І калі тут нешта ўспыхне, гэта чарговая сусветная вайна", - сказаў ён.
Прэзідэнт заўважыў: у гэтай вайне Беларусь не разлічвае на перамогу. Але нават калі застанецца адна, чаго, упэўнены беларускі лідар, не адбудзецца, мэта - нанесці непапраўны ўрон праціўніку. "Гэта запісана ў ваенных дакументах. Таму перш чым бразгаць зброяй ля нашых граніц, трэба падумаць. Разумныя людзі бачаць, што адбываецца. А тых, хто стаіць за правакацыяй, проста прашу: няўжо вы не ўсведамляеце, якімі катастрафічнымі наступствамі гэта пагражае? Ці разумееце вы свае дзеянні? Ведаеце ж, што справядлівасць на нашым баку і адказваць усё роўна давядзецца. Спыніцеся!" - заклікаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што наперадзе няпросты час. "На любыя санкцыі, нападкі і правакацыі мы будзем рэагаваць жорстка. Не таму што мы хочам учыніць бойку ў цэнтры кантынента. Мы гэтага не хочам, мы гэтага наеліся. А таму што вы там, на Захадзе, не пакідаеце нам іншага выбару", - сказаў ён.
"Усялякія санкцыі, часовыя цяжкасці, мы з імі справімся, як гэта было да гэтага часу", - упэўнены беларускі лідар.
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што тыя тры мільярды, якія Беларусі ўжо даўно абяцаюць за рэформы, гэта ўсяго толькі, напрыклад, трэць кошту БелАЭС. Узамен жа патрабуюць "рэформы", сутнасць якіх - знішчэнне беларускай эканомікі. "У выніку мы атрымаем разрабаванне краіны, якая стане жабрацкай за суткі", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Нам трэба з'яднацца і выстаяць. Ісці сваім шляхам туды, дзе нас чакаюць. Дзе нашы рынкі збыту, дзе нам будзе камфортна, дзе для нас адкрыты дзверы. Мы намецілі меры. Яны будуць звязаны з развіццём, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Усё зусім нядрэнна, нават нечакана нядрэнна на сённяшні дзень на знешнеэканамічным вектары. Не хоча Захад быць нашым суседам - не трэба. Мы санкцыі кампенсуем нашымі актыўнымі дзеяннямі на іншых напрамках на іншых рынках. Заменім няўмольна старэючую Еўропу імкліва растучай Азіяй. Псіхалагічна наша грамадства гатова стаць часткай новай Еўразіі, яе фарпостам".
"Нам трэба ўмець рэагаваць на любыя змяненні, але каб не збіцца з асноўнага курсу", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама заявіў, што "дзейнічаць будзем у тых умовах, якія складваюцца".
"Работа на месцах з грамадствам - важнейшы напрамак дзейнасці дэпутатаў усіх узроўняў, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - За кожным з вас стаяць дзясяткі тысяч грамадзян. Задача дэпутата - адчуваць іх запатрабаванні і настроі, улічваць іх прапановы ў законах, што распрацоўваюцца, пры неабходнасці праяўляць заканадаўчую ініцыятыву, зыходзячы з запатрабаванняў грамадства. І самае галоўнае, дэпутаты, сенатары, вы павінны стаць рупарам незалежнай, суверэннай і цывілізаванай дзяржавы. Людзям трэба несці праўду".
Ён таксама адзначыў, што павінен быць аб'ектыўны аналіз абстаноўкі і прагноз яе развіцця на некалькі крокаў наперад. "Уся гэта вастрыня, якая вакол нас, праз два тыдні забудзецца. Створаць новую абстаноўку і сітуацыю і пачнуць посціцца на ёй. Вылоўліваючы адтуль свае інтарэсы або рэйтынгавыя ачкі", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама падкрэсліў: "Мы не можам дапусціць расколу грамадства па любой прыкмеце - нацыянальнай, рэлігійнай. Нам трэба пашыраць магчымасці для самарэалізацыі патрыятычна настроеных актыўных грамадзян".
"Ураду трэба даць самы эфектыўны адказ на санкцыі, перш за ўсё абараніць нашых грамадзян ад узрушэнняў і не дапусціць пагаршэння сацыяльных даброт. Я не заклікаю закрываць граніцы. Не, але мы павінны ўсё падлічваць, як гэта робяць і багатыя краіны. Але каб не было шкоды для нас", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Маўчаць і стаяць на каленях не будзем, - заявіў Прэзідэнт. - Манеўруйце сіламі і сродкамі, але ў цэлым эканоміка прасесці не павінна. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць захаванню ўзроўню жыцця людзей, выкананню сацыяльна значных праграм і барацьбе з тымі, хто хоча нагрэць рукі на праблемах. Гэта датычыцца цэнаўтварэння і ўласнасці".
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба выпрацаваць меры, каб патокам з краіны не ішлі валютныя сродкі, з такой цяжкасцю заробленыя.
Ён заўважыў, што беларусам трэба арыентавацца на разважлівасць у ацэнцы ўсяго, што адбываецца вакол краіны. "Арыентуйцеся на разважлівасць, адключыцеся ад негатыву, які нясуць сацыяльныя сеткі, Telegram-каналы, паглядзіце вакол і ўсё ацаніце вакол, - заклікаў Прэзідэнт. - Сіла нашага народа - у мудрасці".
Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў: "Няма выпрабаванняў, якія нам не па сілах пераадолець, - беларусы ў гэтым пераконваліся на працягу стагоддзяў. І наш час таксама ўвойдзе ў гісторыю як пераломны, лёсавызначальны перыяд, прайшоўшы які, я ў гэтым абсалютна ўпэўнены, мы захаваем краіну. Гэты час выбраў нас, і нам ад гэтага нікуды не дзецца".
Прэзідэнт закрануў работу Канстытуцыйнай камісіі, якая ўлічвае ўсе канструктыўныя прапановы дыялогавых пляцовак, грамадскіх аб'яднанняў, працоўных і навучальных калектываў. "Рэферэндум па новай Канстытуцыі павінен прайсці на найвышэйшым узроўні, адкрыта, дэмакратычна, каб не было да чаго нават падкапацца. У гэтым заключаецца залог легітымнасці будучай Канстытуцыі, па якой будзе жыць наступнае пакаленне, а можа, і не адно", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама падкрэсліў, што трэба будзе падрэдагаваць выбарчую сістэму, але такім чынам, каб гэта было на карысць нашых людзей, краіны. "У любым працэсе трэба бачыць свой народ", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Адказваючы на пытанні ўдзельнікаў мерапрыемства, Прэзідэнт адзначыў, што беларуская дзяржава прадоўжыць праводзіць шматвектарную палітыку, і яна заключаецца не толькі ў выбудоўванні адносін з Усходам і Захадам.
"Вы памятаеце наш тэзіс: наша шматвектарнасць зыходзіць з эканамічных інтарэсаў. Мы экспартаарыентаваная краіна, і нам дзявацца няма куды. Мы прадаём значна больш, чым спажываем з вырабленага. Таму эканоміка дыктуе нашу шматвектарнасць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час Прэзідэнт звярнуў увагу, што некаторыя часам няправільна разумеюць тэзіс аб шматвектарнай палітыцы: маўляў, адзін вектар - на Захад, а другі - на Усход. "Шматвектарнасць - гэта здольнасць дзяржавы дзейнічаць ва ўсіх напрамках, улічваючы не толькі чатыры бакі свету, - адзначыў ён. - Мы прытрымліваемся гэтай шматвектарнасці з-за нашага эканамічнага становішча, нашай эканамічнай палітыкі. Калі заходні вектар спрабуюць згарнуць (не па нашай віне), ну што ж... Асноўны наш партнёр - на Усходзе (братэрская Расія), у нас вельмі значна расце тавараабарот з Кітайскай Народнай Рэспублікай, цяпер мы прапрацоўваем вельмі сур'ёзныя напрамкі супрацоўніцтва з Індыяй - ёсць інтарэс па многіх пазіцыях, постсавецкую прастору..."
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь заўсёды хацела выбудоўваць з Еўрапейскім саюзам добрыя адносіны як са сваім суседам. Расія падтрымлівала Беларусь у гэтым пытанні. "Таму не трэба крычаць, што мы пад некага падладжваліся. Мы бачылі і ведаем, дзе ў нас ёсць сябры, а дзе іх няма, - дадаў Прэзідэнт. - Наша знешняя палітыка шматвектарная, і гэта не значыць, што яна паміж Усходам і Захадам. Яна па ўсіх напрамках - там, дзе ў нас ёсць эканамічныя інтарэсы".
"Мы можам з Расіяй (я аб гэтым Пуціну сказаў, і мы аб гэтым дамовіліся на апошняй сустрэчы), існуючы як дзве незалежныя, суверэнныя дзяржавы, выбудаваць такую магутную сістэму ўзаемаадносін і адзінства, што гэта будзе больш моцная, чым сістэма адзінства ў самой Расіі. І мы гэтым шляхам рухаемся. Усё лепшае бяром у іх, нечаму яны ў нас вучацца. Не думайце, што гэта дарога з аднабаковым рухам. Мы для Расіі такія ж важныя, як Расія для нас", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў: Беларусь часта палохаюць тым, што Расія нібыта хоча ўключыць яе ў свой склад. На думку Прэзідэнта, Расіі такі галаўны боль не патрэбны, бо на такія яе крокі будзе рэакцыя краін Захаду. "Гэта быў бы такі падарунак для амерыканцаў і калектыўнага Захаду, калі б Расія ставіла сабе за мэту ўключыць Беларусь у склад Расіі. Гэта быў бы канец", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што перагаворы па паглыбленні двухбаковага супрацоўніцтва з Расіяй прадоўжацца ў бліжэйшую пятніцу. У прыватнасці, будуць абмяркоўвацца развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, сумеснае процідзеянне заходнім санкцыям.
"Не буду называць канкрэтныя пытанні, але гэта ў асноўным эканоміка. У сувязі з той сітуацыяй, якая складваецца вакол Беларусі і Расіі, як мы будзем рухацца далей", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па астатніх напрамках ён не бачыць ніякіх праблем. "Па ваенна-палітычных і іншых пытаннях мы ўжо даўно дамовіліся, і ў адпаведнасці з гэтым мы дзейнічаем", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанні парламентарыяў на сустрэчы ў Авальнай зале, выказаўся таксама на тэму папулярызацыі дзяржаўных сімвалаў, і ў тым ліку закрануў інцыдэнт са зняццем дзяржаўнага сцяга Беларусі ў Рызе.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў плане папулярызацыі дзяржаўных сімвалаў штучна час нельга паскорыць, але такія сітуацыі, як у Рызе, выклікаюць у грамадзян уздым патрыятызму і павагу да нацыянальных сімвалаў.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў: Міністр замежных спраў Латвіі і мэр Рыгі замянілі беларускі дзяржаўны сцяг на бела-чырвона-белую сімволіку, нават не падумаўшы, каму гэта выгадна, і пераважная большасць латышоў не падтрымала гэтыя дзеянні.
"Вось такія моманты ўзбуджаюць у нас пачуццё патрыятызму і адданасці. Мы становімся дзяржаўнымі людзьмі, народам", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў: нічога добрага няма, напрыклад, ва ўзаемным ад'ездзе дыпламатаў з пасольстваў Беларусі і Латвіі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў важнасць актыўнай папулярызацыі дзяржсімвалаў на рэгулярнай аснове. Важна, каб можна было па даступнай цане набыць сабе гэтыя сімвалы.
"Мы павінны дайсці да гэтага. Трэба выкараняць "абыякавасць", калі мы хочам быць народам, суверэннай і незалежнай дзяржавай. Актыўней трэба быць", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што маючая адбыцца сустрэча прэзідэнтаў Расіі і ЗША цяпер бурна абмяркоўваецца ў СМІ. Як было заяўлена, сярод іншага кіраўнікі дзяржаў хочуць абмеркаваць Украіну і Беларусь.
"Добра, няхай пагавораць пра Беларусь. Вось мы з Пуціным у пятніцу будзем Амерыку абмяркоўваць. Я толькі не ведаю, аб чым Байдэн (Пуцін жа ў тэме) будзе гаварыць па Беларусі. Я за яго перажываю ў тым плане, каб яму хоць карту далі і ён паглядзеў, дзе гэта Беларусь знаходзіцца. Яны ж абсалютна не валодаюць абстаноўкай, сітуацыяй", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы сказаў, што калі кіраўнікі ЗША і Расіі так хочуць абмеркаваць Беларусь, то ім лепш зрабіць гэта ў Мінску. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што яго расійскі калега з задавальненнем прыедзе ў Беларусь. "Публічна хачу запрасіць: калі яны хочуць абмеркаваць праблемы Беларусі, няхай прызджаюць да нас. Я сустрэчу іх дастойна абодвух, абмяркуем усе праблемы. Выслухаю нават усе гадасці, якія Псакі (прэс-сакратар Белага дома Джэн Псакі. - Заўвага) яму напіша для таго, каб ён мне сказаў. Будзе шчырая размова. А сядзець у Швейцарыі і вучыць Пуціна праблемам Беларусі - гэта смешна", - заўважыў Прэзідэнт.
Ён дадаў, што Уладзімір Пуцін і Джо Байдэн у час тэлефоннай размовы паспелі ўжо абмеркаваць Беларусь і амерыканскаму лідару, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, давялося апраўдвацца. "У гэтым плане Пуцін вельмі прыстойна зрабіў. Ён мне потым тэлефанаваў і прасіў прабачэння, што без дазволу абмяркоўваў Беларусь. Я гавару: "Ды за гэта табе дзякуй, што ты яму так сказаў". Таму няхай пагавораць па Беларусі, хоць будзе ведаць, дзе яна размешчана", - падагульніў Кіраўнік дзяржавы.
Размаўляючы з парламентарыямі, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што прыняцце Дэкрэта № 2 ад 9 мая 2021 года "Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу" было выключна яго ўласнай ініцыятывай: "Я павінен быў захаваць сваё дзіця - Беларусь".
Прэзідэнт адзначыў, што ў тым ці іншым выглядзе розныя пагрозы ў яго адрас былі на працягу ўсяго тэрміну прэзідэнцтва: "Мяне забіваюць 25 гадоў. Асабліва пасля ўсіх выбараў. Гэта ж было заўсёды. Проста пра гэта не гаварылі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Потым перайшлі яшчэ і на дзяцей. Потым трэнд быў узяць у заложнікі дзяцей. Пастаянна гэта ўсё было. Цяпер гэта набыло вельмі небяспечны і востры такі характар. Таму што вы бачыце, хто працуе. Яны зразумелі, хто галоўная тут фігура. Як яны кажуць, на кім усё трымаецца: вось ён падзе, а потым усё паляціць".
"Вядома, прыемнага мала. Я таксама не чакаў, што мне давядзецца на гэта ісці (падпісанне адпаведнага Дэкрэта. - Заўвага). Але я наконт гэтага асабліва не перажываю, не хаджу і не дрыжу. Наадварот, Службу Бяспекі папярэджваю: ніякіх залішніх варушэнняў не павінна быць, меншай колькасцю нясіце сваю службу, вы адказваеце за жыццё Прэзідэнта і вы павінны забяспечыць яго бяспеку".
Кіраўніку дзяржавы было зададзена пытанне, як ён ставіцца да магчымай канстытуцыйнай навацыі, якая цяпер абмяркоўваецца, - аб увядзенні адзінага дня галасавання пры выбарах дэпутатаў усіх узроўняў і ці будзе гэта садзейнічаць развіццю ў краіне інстытута прадстаўнічай дэмакратыі.
"Пытанне нават не ў развіцці дэмакратыі. Выбралі парламент - развівайцеся. Я самая зацікаўленая асоба. Самае галоўнае - таму што я не вечны. Я павінен цяпер пасля сябе нешта пакінуць такое, што застанецца на вякі. Я хачу, каб нешта значнае засталося пасля мяне, вас у тым ліку. Таму справа не ў дэмакратыі. Справа ў тым, каб менш было падстаў, трыгераў для таго, каб узбудзіць грамадства. Ну а далей паглядзіце", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Я прыхільнік таго, каб усё ж такі парламент і саветы працавалі 5 гадоў, не 4 гады. І каб была разбежка паміж прэзідэнцкімі выбарамі і выбарамі саветаў і парламента два гады. Не кожны год, а два гады. Нам трэба будзе яшчэ падумаць, як гэта развесці. Але ў адзіны дзень галасавання", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
На сустрэчы з парламентарыямі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што суверэнітэт краіны з'яўляецца адвечнай каштоўнасцю. "Ніхто размовы не вядзе аб здачы суверэнітэту. Яшчэ раз паўтараю: здача суверэнітэту - гэта не са мной. Беларусь - гэта маё дзіця. Я яго сваімі рукамі ствараў. Як я магу ўласнаручна гэта ўсё знішчыць? Гэта не са мной. Калі вы гэта захочаце зрабіць, рабіце, але не са мной. Гэта каштоўнасць адвечная. Ніколі нам не будзе шчасця, калі намі будзе нехта кіраваць. Ніколі!" - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь у цяперашняй абстаноўцы падтрымліваюць і вялікія дзяржавы: "І Расія, і Кітай, яны малайцы, яны вельмі добра нас падтрымліваюць, дапамагаюць".
Гаворачы пра Кітай, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што раней у размове са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам была агучана просьба дапамагчы з пашырэннем паставак неабходнай наменклатуры прадукцыі на кітайскі рынак, прыём на канкурэнтнай аснове. У выніку адзначаюцца добрыя тэмпы прыросту тавараабароту. Больш таго, Кітай некалькі разоў аказваў Беларусі бязвыплатную дапамогу ў барацьбе з пандэміяй.
"Што датычыцца Расійскай Федэрацыі, там не без праблем. Таму што там, вы ж бачыце, розныя людзі, розныя інтарэсы. Але расіяне, ну я не скажу, што ў нас пагоршыліся адносіны. Наадварот, мы цяпер спрабуем знайсці выйсце з таго ці іншага канкрэтнага становішча. У тым ліку прадпрыемстваў, якія трапляюць пад санкцыі", - сказаў Прэзідэнт.
Тэму супрацоўніцтва з Расіяй Кіраўнік дзяржавы закрануў, адказваючы на адно з пытанняў ад удзельнікаў сустрэчы наконт санкцый заходніх краін у адносінах да Беларусі: "Асноўны наш гандлёвы партнёр - Расійская Федэрацыя. Усялякія там моманты бываюць. Але, увогуле ж, мы выбудоўваем адносіны. У нас няма катастрофы ў гандлёва-эканамічных адносінах з Расіяй, хоць не без праблем. Гэта зразумела. Таму што не Пуцін-Лукашэнка гандлююць, а канкрэтныя кампаніі і прадпрыемствы. У іх могуць інтарэсы не супадаць".
"Але і там пад санкцыі ўсё Расію больш і больш падводзяць, мы туды трапілі, - прадоўжыў беларускі лідар. - Я неяк Прэзідэнту Расіі публічна сказаў: чаго мы перажываем - усяго, што вырабляюць Расія і Беларусь, гэтага мала для таго, каб спажыць і пераварыць у беларуска-расійскім саюзе, у нашых дзяржавах. Нам проста трэба сістэму выбудаваць і прадаваць, спачатку свой рынак не ўпусціць, запоўніць. І ў гэтым напрамку сёння ідзе дыялог. Ён будзе прадоўжаны ў пятніцу (на сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ў Сочы 28 мая. - Заўвага). І ён будзе таксама звязаны з той санкцыйнай палітыкай, якая накіравана супраць Беларусі і Расіі".
Што ж датычыцца сродкаў процістаяння санкцыям і забеспячэння ўстойлівай работы прадпрыемстваў, то Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Кожны на сваім рабочым месцы зрабіце тое, што павінны зрабіць. Больш нічога не трэба".
Прэзідэнт таксама падтрымаў прапанову аб увядзенні адказнасці за заклікі да санкцый. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэту прапанову трэба прапрацаваць з юрыдычнага пункту гледжання. "Калі вы на мой узровень або ў парламент унесяце прапанову аб адказнасці за заклікі да санкцый, гарантую, што гэта будзе прынята. Зноў, не наша ноу-хау (размова аб тым, што прыклады такіх заканадаўчых норм ужо ёсць за мяжой. - Заўвага), але вельмі патрэбнае для нашай краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У час размовы з парламентарыямі і іншымі ўдзельнікамі сустрэчы закраналіся і іншыя пытанні, уключаючы дзейнасць мясцовых саветаў дэпутатаў, работу са зваротамі грамадзян, маладзёжную палітыку.