Уручэнне даверчых грамат пасламі замежных дзяржаў
- 10
- 9:33
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў шасці краін. Урачыстая цырымонія адбылася 13 мая ў Палацы Незалежнасці.
Даверчыя граматы Кіраўніку беларускай дзяржавы ўручылі паслы Ірака, Нікарагуа, Расіі, Руанды, Саудаўскай Аравіі і Сьера-Леонэ.
Вітаючы дыпламатаў, Прэзідэнт адзначыў, што сустрэча праходзіць адразу пасля святкавання свяшчэннай для кожнага беларуса даты - Дня Перамогі - і напярэдадні 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. "Самай крывавай у гісторыі чалавецтва бойні, якая прынесла невычэрпныя бедствы ўсім народам Савецкага Саюза", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі загінуў кожны трэці яе жыхар, па большай частцы - мірнае насельніцтва. "Па сутнасці, гэта было мэтанакіраванае, жорсткае і бесчалавечнае знішчэнне людзей, сапраўдны генацыд. Мы гэта памятаем і ў майскія дні кожны год славім герояў, смуткуем аб шматмільённых бязвінных ахвярах", - заявіў ён.
Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем канстатаваў: сёння сітуацыя ў свеце далёкая ад спакойнай. Барацьбу за геапалітычны ўплыў, перадзел сфер інтарэсаў у эканоміцы абвастрыла пандэмія каранавіруса, якая яшчэ больш узмацніла супярэчнасці.
"Мы не можам гэта ігнараваць, гэтак жа, як і вы, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Не стамлюся паўтараць, што толькі сам беларускі народ мае права вырашаць, якой павінна быць яго будучыня".
Прэзідэнт нагадаў: у лютым у Мінску прайшоў Усебеларускі народны сход. У яго рабоце прынялі ўдзел больш як 2,5 тыс. дэлегатаў - прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства, людзі розных прафесій і палітычных поглядаў. "Рашэнні гэтага прадстаўнічага форуму адназначна пацвердзілі падтрымку дзяржаўнага курсу на далейшае развіццё сацыяльнай дзяржавы з высокатэхналагічнай эканомікай. Пры гэтым народнае веча паказала таксама запатрабаванне грамадства - прынамсі, часткі нашага грамадства - на пэўныя перамены, у тым ліку ў грамадска-палітычным жыцці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларусы падтрымалі аб'яўлены працэс канстытуцыйнай рэформы, які, паводле яго слоў, ідзе адкрыта, з шырокім абмеркаваннем. "Праўда, гэта не ўсім падабаецца за мяжой, - заўважыў ён. - Але нават у такіх няпростых умовах Беларусь застаецца прыхільнай да канструктыўнага ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне. Мы заўсёды настроены на дыялог. Але ён павінен быць паважлівым, сумленным і раўнапраўным".
"Вельмі спадзяюся, што вы прапануеце цікавыя ідэі для развіцця супрацоўніцтва, узбагаціце нас станоўчым вопытам сваіх краін", - дадаў беларускі лідар.
Па традыцыі Аляксандр Лукашэнка асобна абазначыў перспектывы ўзаемадзеяння з кожнай з дзяржаў, паслы якіх прысутнічалі на цырымоніі.
Пра Расію
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь звязваюць шматгадовыя і стратэгічныя адносіны з брацкай і дружалюбнай Расіяй.
"Няма ніводнай сферы, у якой нашы краіны не мелі б цесных і трывалых сувязей", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што на долю Расіі прыпадае амаль палова агульнага аб'ёму знешняга гандлю Беларусі. "Поўным ходам ідзе дыялог па паглыбленні нашай інтэграцыі ў мэтах стварэння роўных умоў суб'ектам гаспадарання і больш эфектыўнага выкарыстання новых магчымасцей супрацоўніцтва, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Лічу, што Беларусь і Расія маюць рэзервы практычна на кожным напрамку. Менавіта з гэтых пазіцый і глядзім у будучыню".
"І няхай нашы адносіны з Расійскай Федэрацыяй нікога не напружваюць", - прадоўжыў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што Беларусь і Расія не выбудоўваюць свае адносіны супраць каго б там ні было. "Але калі нехта адважыцца кінуць нам выклік - Расіі або Беларусі, або адначасова Расіі і Беларусі - вы ведаеце, што мы адкажам", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы заўсёды знаходзілі ўзаемавыгадныя рашэнні. Упэўнены, што так будзе цяпер і ў будучым", - падкрэсліў беларускі лідар.
Пра Ірак
Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь разглядае Ірак у якасці перспектыўнага палітычнага і гандлёва-эканамічнага партнёра на Блізкім Усходзе. "Сумленна скажу, што адносіны ў нас могуць быць значна лепшыя. Мы проста не выкарыстоўваем пакуль тыя рэзервы, якія ў нас ёсць. У нашых жа народаў даўняя гісторыя дружалюбных сувязей. Гатовы развіваць узаемадзеянне ў машынабудаванні, сельскай гаспадарцы і фармацэўтыцы, а таксама ў адукацыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, рэгулярныя авіязносіны паміж сталіцамі Беларусі і Ірака ствараюць спрыяльныя ўмовы для развіцця турызму, гуманітарных кантактаў і рэалізацыі сумесных бізнес-праектаў.
Пра Нікарагуа
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь надае важнае значэнне пашырэнню сувязей з краінамі Лацінскай Амерыкі, у тым ліку з даўнім сябрам і саюзнікам - Нікарагуа. "У апошнія гады ўзаемадзеянне паміж Мінскам і Манагуа мае інтэнсіўны характар, асабліва ў палітычнай сферы. Хацелася б, каб гэта палітыка перарасла ў істотную эканоміку, - адзначыў Прэзідэнт. - Высока цэнім падтрымку, якую ваша краіна аказвае нам на міжнародных пляцоўках. Мы ў даўгу не застанёмся, можаце на нас разлічваць", - запэўніў Прэзідэнт.
Пра Саудаўскую Аравію
Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў гатоўнасць у бліжэйшы час актывізаваць двухбаковы палітычны дыялог з адным з лідараў арабскага свету - Каралеўствам Саудаўскай Аравіі.
"Мінск вельмі зацікаўлены ў развіцці гандлёвага супрацоўніцтва з Эр-Рыядам. Мы пра гэта ўжо шмат разоў гаварылі на розных узроўнях. Нашы краіны маюць узаемадапаўняльны характар эканомік, што робіць нас вельмі выгаднымі партнёрамі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Пра Сьера-Леонэ
Прэзідэнт Беларусі, звяртаючыся да пасла Сьера-Леонэ, адзначыў гатоўнасць выбудоўваць эфектыўныя доўгатэрміновыя адносіны з гэтай краінай. "Можам прадаставіць вам вялікі выбар прадукцыі, уключаючы шырокі спектр спецыяльнай тэхнікі. Прапануем удзяліць належную ўвагу супрацоўніцтву ў сельскагаспадарчай сферы - ад паставак прадукцыі да абмену вопытам вырошчвання культур і падрыхтоўкі спецыялістаў", - сказаў беларускі лідар.
Пра Руанду
Аляксандр Лукашэнка адзначыў і сур'ёзны патэнцыял узаемадзеяння Беларусі з Руандай у гандлі, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, адукацыі і турызме. "Трэба паскорыць фарміраванне неабходнай дагаворна-прававой базы. Мы да гэтага гатовы. Можам абмеркаваць пастаўкі беларускай тэхнікі, якая ўжо добра вядома ў большасці афрыканскіх дзяржаў і паспяхова працуе, у тым ліку ў суседніх з Руандай краінах", - прапанаваў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, ёсць таксама перспектыва для рэалізацыі сумесных праектаў па здабычы карысных выкапняў, удзелу ў інфраструктурных праектах, супрацоўніцтва ў галіне медыцыны і падрыхтоўкі кадраў.
На заканчэнне цырымоніі Кіраўнік дзяржавы павіншаваў паслоў з афіцыйным пачаткам дыпламатычнай місіі ў Беларусі і адзначыў, што іх прыезд у Мінск - добрае пацвярджэнне таго, што ў Беларусі ёсць сябры на ўсіх кантынентах. "Вельмі разлічваю, што кожны з вас узбагаціць наша супрацоўніцтва новымі значнымі дасягненнямі і, пазнаёміўшыся з нашай краінай, палюбіць яе па-сапраўднаму", - сказаў Прэзідэнт.
Са свайго боку Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь адкрыта да сумеснай работы на раўнапраўнай і ўзаемавыгаднай аснове ў духу дружбы і павагі. "Ад усёй душы жадаю поспехаў у вашай адказнай дыпламатычнай місіі, цікавай і плённай працы на карысць нашых краін і народаў", - падагульніў беларускі лідар.