Урачысты рытуал ушаноўвання дзяржаўных сцяга і герба
- 23
- 17:33
Дзяржаўныя сімвалы Беларусі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю народа - імкненне да незалежнага і мірнага жыцця. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 мая ў час урачыстага рытуалу ўшаноўвання дзяржаўных сімвалаў на плошчы Дзяржаўнага сцяга.
Рытуал накіраваны на ўмацаванне павагі да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь. У аснове рытуалу - палажэнні Канстытуцыі аб дзяржаўных сцягу і гербе - сімвалах Беларусі як суверэннай дзяржавы.
У гэтым годзе Дзень Перамогі прыпаў на другую нядзелю мая і супаў з яшчэ адным важным для беларусаў святам - Днём Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга. Паводле слоў Прэзідэнта, такое супадзенне важнейшых у гісторыі беларускай дзяржаўнасці свят у Год народнага адзінства - знак непарушнасці нацыянальных традыцый і духоўных каштоўнасцей.
"Мы ведаем, што нашы герб, сцяг, гімн, Вялікая Перамога - гэта непарыўна звязаныя паміж сабой сімвалы велічы і незалежнасці беларускага народа. У іх увасоблены лёсавызначальныя дасягненні беларусаў, духоўныя і маральныя рысы нацыі, асаблівасці нашай культуры і светапогляду", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён заявіў, што дзяржаўныя сімвалы рэспублікі адлюстроўваюць нацыянальную ідэю - імкненне народа да незалежнага, мірнага і стваральнага жыцця. "І на гэтым гістарычным шляху беларусы ні разу не адступіліся ад сваіх традыцый, каштоўнасцей і прынцыпаў, - падкрэсліў Прэзідэнт. - З нашымі сімваламі мы сталі рэспублікай - заснавальніцай Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, разам з братэрскімі народамі перамаглі фашызм, увайшлі ў гісторыю як заснавальнікі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (з гэтымі сімваламі), у цяжкія 90-я здолелі з'яднацца і выжыць як суверэнная краіна".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, нягледзячы на эканамічныя крызісы, у Беларусі была захавана прамысловасць і сельская гаспадарка, спецыялісты рэспублікі асвоілі космас, развіваюць самыя перадавыя тэхналогіі, у тым ліку IT-індустрыю, атамную энергетыку. "І зрабілі гэта ва ўмовах беспрэцэдэнтных выклікаў нашай дзяржаўнасці - эканамічных санкцый і палітычных ультыматумаў", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"Цяпер, прайшоўшы праз чарговыя выпрабаванні, выстаяўшы, мы, сучасныя беларусы, напоўнілі гэтыя сімвалы новым зместам. Зірнуўшы ў твар небяспекі страты дзяржавы, патрыёты Беларусі сёння з гонарам і моцна трымаюць у сваіх руках сцяг - наследнік Сцяга Перамогі. А тым, хто робіць замах на святое - гэты сцяг і памяць аб Вялікай Перамозе, - скажу адно: паглядзіце ў вочы ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія яшчэ засталіся ў жывых, адчуйце ўсёй сваёй істотай усіх тых, хто глядзіць на нас адтуль, на тых, хто заваяваў перамогу і пайшоў ад нас шмат дзесяцігоддзяў таму. Яны памятаюць "барацьбітоў" за народную волю з БЧБ-павязкамі на рукавах, якія мала чым адрозніваліся ад фашысцкіх карнікаў, а часам перасягалі іх па жорсткасці", - канстатаваў Прэзідэнт.
Ён заўважыў, што ўдзельнікі вайны ведаюць цану гэтай "народнай свабоды", акружанай калючым дротам гета і канцлагераў. "І мы, беларусы, ніколі не прымем колер здрадніцтва сваёй Радзіме, колер дапамагання забойцам і катам беларускага народа. Менавіта народ вызначыў, якімі ў нас будуць нашы галоўныя сімвалы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Асобна Кіраўнік дзяржавы ў час цырымоніі звярнуўся да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны: "Вас засталося мала, але нізкі паклон усім вам, хто застаўся. Мы сёння схіляем галовы перад тымі, хто пайшоў, хто падарыў нам краіну і гэта жыццё. Ведайце, што за памяць пра ваш гераізм і подзвіг мы будзем змагацца. І мы пераможам, таму што з намі праўда, таму што мы нашчадкі пераможцаў і мы разам".
"Мы ўвесь час жылі ў спакойнай і мірнай Беларусі, і толькі апошнім часам нас, беларусаў, паспрабавалі сутыкнуць ілбамі. Сёння я магу сказаць: мы разабраліся, дзе праўда, а дзе мана. Давайце спынім гэта непатрэбнае нікому супрацьстаянне. Давайце добра ўсвядомім, што ўпершыню за тысячагоддзі нам выпала шчасце жыць на гэтым кавалку зямлі і гадаваць сваіх дзяцей, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Давайце нарэшце зразумеем, што іншай зямлі ў нас не будзе і ніхто нам яе не падорыць".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што пачаўся жорсткі, часам крывавы перадзел свету. "І не дай бог нам трапіць у гэтыя жорны, спатыкнуцца. Толькі спатыкнуцца - і нас, як гэта бывала не адзін раз у гісторыі, самнуць, аб нас чарговы раз вытруць ногі і выкінуць на сметнік. Таму што мы па волі лёсу і Госпада размешчаны на геапалітычным павароце", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь заўсёды станавілася арэнай чужых войнаў, беларускі народ тапталі і забівалі - і старых і немаўлят. "Няўжо некаму хочацца зноў паўтарыць гэта ў Беларусі? Мы не павінны гэтага дапусціць. Мы - беларусы, усе тыя, хто сёння тут стаіць і вітае гэтыя сімвалы, і тыя, каго сёння няма, якія маюць іншы пункт гледжання. Мы павінны нарэшце зразумець і ўсвядоміць: мы беларусы і гэта наша зямля. Мы нікому не павінны яе аддаць і падарыць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - І няхай нашы сімвалы будуць залогам гэтага адзінства і згоды".
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў удзельнікаў цырымоніі і ўсіх грамадзян Беларусі з Днём Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга. "Няхай гэтыя сімвалы незалежнасці краіны, гераізму, адзінства народа аберагаюць мір на роднай зямлі, натхняюць нас на новыя здзяйсненні ў імя будучыні любімай Беларусі", - пажадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі як Кіраўнік дзяржавы, увасабляючы адзінства народа, ад імя ўсяго беларускага народа ўшанаваў дзяржаўныя сімвалы Беларусі, што ўвасабляюць найвышэйшыя грамадска-палітычныя каштоўнасці - незалежнасць і суверэнітэт.
Кіраўнік дзяржавы перадаў палотнішча Дзяржаўнага сцяга і выяву Дзяржаўнага герба прадстаўнікам моладзі ў знак пераемнасці грамадзянскіх традыцый і адзінства ўсіх пакаленняў беларускага народа. А маладыя людзі ў сваю чаргу далі клятву вернасці Дзяржаўнаму сцягу.
Завяршыла мерапрыемства выкананне Дзяржаўнага гімна Беларусі.
Над плошчай праляцелі верталёты з выявай дзяржаўных сцяга і герба, а самалёты расквецілі неба над Мінскам у колеры Дзяржаўнага сцяга.