Сустрэча з губернатарам Ленінградскай вобласці Расіі Аляксандрам Драздзенкам
- 13
- 15:05
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся 26 верасня з губернатарам Ленінградскай вобласці Расіі Аляксандрам Драздзенкам.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў ходзе папярэдняй сустрэчы з кіраўніком рэгіёна была абазначана мэта - выйсці на запаветны мільярд у гандлі.
"Для гэтага ў гадавым вылічэнні аб'ёмы паставак давядзецца нарасціць прыкладна пятую частку - 20%. Мяркую, выканальная задача ў цяперашняй сітуацыі, і мільярдам мы дакладна не будзем абмяжоўвацца. Гэта такі ўмоўны арыенцір для нас", - звярнуў увагу беларускі лідар.
"Як вы, Аляксандр Юр'евіч (Драздзенка. - Заўвага), адзначылі ў адным са сваіх выступленняў, традыцыйныя перавагі прыгранічнага з Еўрасаюзам Ленінградскага рэгіёна з 2022 года сталі фактарамі рызыкі. Дзякуй богу, нам гэта вельмі выгадна, і Расіі таксама. Мы больш будзем цяпер глядзець на сябе і думаць, як нам развівацца далей", - сказаў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка згадаў праведзеную напярэдадні тэлефонную размову з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, у час якой абмяркоўвалася рэалізацыя двух значных праектаў - у галіне сумеснай вытворчасці і абслугоўвання самалётаў і будаўніцтва другой чыгуначнай веткі з Беларусі ў Санкт-Пецярбург і вобласць.
Як расказаў Прэзідэнт Беларусі, у сярэдзіне кастрычніка намечана іх сустрэча ў Кыргызстане (у Бішкеку пройдзе саміт СНД), дзе яны плануюць больш прадметна абмеркаваць гэтыя праекты.
"Размова ішла аб сумеснай вытворчасці самалётаў невялікай умяшчальнасцю, якія вельмі запатрабаваны і патрэбны ў Расійскай Федэрацыі. Як сказаў Прэзідэнт Расіі: ад буйных аэрапортаў да далёкіх пасёлкаў, рэгіёнаў такія самалёты запатрабаваны, тым больш яны могуць ажыццяўляць пасадку на грунт", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь валодае адпаведнымі кампетэнцыямі, таму Прэзідэнт Расіі прапанаваў гэты самалёт пабудаваць разам з беларускім бокам, а таксама больш інтэнсіўна асвойваць вытворчасць асобных кампанентаў для ІЛ-96 і абслугоўваць іх у Беларусі.
"Мы гэта можам зрабіць. Гэта вельмі вялікі кусок работы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ адзін праект, які абмеркавалі лідары дзвюх краін, - гэта будаўніцтва другой чыгуначнай веткі ад Беларусі на Санкт-Пецярбург і вобласць для таго, каб была магчымасць перавозіць вялікія аб'ёмы грузаў у расійскія парты і адтуль працаваць на ўвесь свет.
"Вы разумееце, што для нас гэта вельмі важна. Мы займаемся партовым будаўніцтвам там, інфраструктурай. Але слабае месца ў нас - чыгунка", - адзначыў беларускі лідар.
Перспектывы рэалізацыі праектаў, паводле слоў Прэзідэнта, ужо абмяркоўваліся з расійскімі ведамствамі, па іх падрыхтаваны пакет неабходных дакументаў, матэрыялаў, якія будуць перададзены Кіраўніку расійскай дзяржавы.
"А калі б Аляксандр Юр'евіч па-ранейшаму арыентаваўся на суседзяў, на Еўрасаюз, то мы, напэўна, гэтымі пытаннямі яшчэ доўга не займаліся б. Таму не бывае аднабаковых выгад і няўдач. Я думаю, з праблемамі, якія цяпер у нас ёсць (яны вырашаюцца, гэтыя праблемы, мы гэта бачым), мы справімся", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, ленінградцы пры падтрымцы беларусаў паспяхова спраўляюцца з гэтай праблемай. Тэмпы развіцця эканомікі - пераканаўчае таго пацвярджэнне.
"З вашай дапамогай мы пераарыентавалі лагістыку, і нашы вытворцы зноў маюць магчымасці гандляваць у Азіі, Лацінскай Амерыцы, на Блізкім Усходзе, у Афрыцы. Мы будзем гэты напрамак умацоўваць", - запэўніў Прэзідэнт.
"Для многіх заходніх палітыкаў стала сапраўдным адкрыццём, што свет значна шырэйшы за іх вузкія ўяўленні пра яго. Як звычайна, вырашылі па-руску: давай у бойку ўвяжамся, а там будзе відаць. Аказалася, што калі не рускія, то і не атрымаецца", - прывёў метафарычны прыклад Кіраўнік дзяржавы.
Дзякуючы прамысловай кааперацыі Беларусі і Расіі ўдалося максімальна эфектыўна выкарыстоўваць моцныя бакі адзін аднаго для дасягнення тэхналагічнага суверэнітэту, заявіў Прэзідэнт. "Гэта дасць магчымасць не толькі даць адказ на любыя спробы націску Захаду, але і створыць новае, здаровае канкурэнтнае асяроддзе ўнутры нашага саюза (Саюзнай дзяржавы. - Заўвага)", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Ён прывёў просты прыклад: нягледзячы на магутнае развіццё АПК як у Беларусі, так і Ленінградскай вобласці, бакі не канкурыруюць, а паспяхова знаходзяць напрамкі, дзе могуць адзін аднаго падтрымліваць.
"Нашы моцныя бакі - вытворчасць сельскагаспадарчых машын і агрэгатаў, зернесушыльных комплексаў, абсталявання для камбікормавых заводаў, выпуску харчовай прадукцыі, насенняводства, шмат іншага", - прадоўжыў Прэзідэнт. Беларусь актыўна дзеліцца з аграрыямі Ленінградскай вобласці сваімі напрацоўкамі, у тым ліку ў галіне ветэрынарыі, дзе зроблены першыя крокі па развіцці супрацоўніцтва.
"Якіх вынікаў удалося дасягнуць? Якія, на ваш погляд, перспектывы яшчэ ёсць у гэтай галіне? І, зразумела, якія праблемы, якія трэба пераадольваць?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.
Для Беларусі ўяўляюць цікавасць напрацоўкі Ленінградскай вобласці ў племянной жывёлагадоўлі, вытворчасці каштоўных парод рыбы, тэхналогіі работы цяплічных комплексаў.
"У сваю чаргу аграрыям Ленінградскай вобласці можа быць карысны наш вопыт вырошчвання азімых культур - ячменю і рапсу, - дадаў беларускі лідар. - Прапаную таксама больш дэталёва адпрацаваць пытанні павелічэння паставак беларускай сельгастэхнікі, у тым ліку з прыцягненнем рэгіянальных субсідый, а таксама абсталявання для перапрацоўчай прамысловасці".
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка згадаў вопыт такога супрацоўніцтва з Кубанню: "Яны зрабілі стаўку на нашу тэхніку, мы адгукаемся. Мы ідзём туды з тэхналогіямі, з людзьмі... Пачыналі са зборачных вытворчасцей, цяпер сумесныя прадпрыемствы арганізавалі, лакалізацыю ўзмацнілі. Тым больш мы можам гэта зрабіць у вас", - заўважыў ён.
Як важны фактар Прэзідэнт адзначыў прадаўжэнне супрацоўніцтва ў сферы развіцця транспартнай інфраструктуры. Беларускія прадпрыемствы актыўна ўдзельнічаюць у будаўніцтве ў Выбаргскім раёне Высоцкага збожжавага тэрмінала, які будзе мець магутнасці па захоўванні 210 тыс. т збожжа (праектная прапускная здольнасць тэрмінала - 4 млн т у год).
"Упэўнены, гэты праект таксама прынясе важкую карысць і нашым сябрам у Лацінскай Амерыцы: Бразіліі, Венесуэле і іншых краінах", - сказаў беларускі лідар.
Словы ўдзячнасці ён выказаў Аляксандру Драздзенку за прыцягненне айчынных прадпрыемстваў да рэалізацыі важнейшых для Ленінградскай вобласці праграм. Адна з іх - будаўніцтва станцый па водаачыстцы і водападрыхтоўцы. У Ленінградскай вобласці працуе 37 аб'ектаў, пабудаваных пад ключ з выкарыстаннем беларускіх тэхналогій.
"Мне дакладваюць, што вамі падрыхтавана праграма будаўніцтва больш як 100 такіх аб'ектаў. Да яе фінансавання гатовы падключыцца і наш Банк развіцця", - сказаў Прэзідэнт.
Сярод праектаў, якія рэалізуе беларускі бок, - будаўніцтва школы на 825 месцаў у Ламаносаўскім раёне. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, урад вырашае пытанне аб выдзяленні спецыяльнага экспартнага крэдыту.
Гаворачы пра новыя напрамкі супрацоўніцтва, Кіраўнік дзяржавы згадаў пра ўдзел беларускіх праектных і будаўніча-мантажных арганізацый у комплекснай мадэрнізацыі аб'ектаў паліўна-энергетычнага комплексу (кацельняў), стварэнне і рэканструкцыю крыніц цеплазабеспячэння муніцыпальных раёнаў вобласці, а таксама пра пастаўку беларускіх будаўнічых матэрыялаў, дарожна-будаўнічай тэхнікі, цэменту, сценавых матэрыялаў, зборных канструкцый, бітуму, абмен вопытам у прымяненні сучасных тэхналогій дарожнага будаўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў не ствараць паралельных (дубліруючых) вытворчасцей, калі ёсць магчымасць экспартаваць тыя ці іншыя тавары з Беларусі. "Мы з вамі заўсёды дамовімся па пастаўках, заўсёды, прытым на працяглую перспектыву. Сёння трэба грошы траціць на самае неабходнае і вам, і нам таксама. Навошта паралельную вытворчасць ствараць? І вось пералічаныя мною напрамкі якраз датычацца гэтага пытання, - растлумачыў беларускі лідар. - Такі ўзаемны абмен прадукцыяй вельмі важны".
"Можаце на нас разлічваць, калі вам патрэбна будзе нейкая дапамога, і мы можам яе вам аказаць, мы абавязкова гэта зробім, - дадаў Прэзідэнт. - Нам трэба вельмі ўважліва паглядзець, дзе мы можам, дапаўняючы адзін аднаго, сур'ёзна працаваць на вынік для дасягнення той мэты, якую мы абазначылі".
Назваўшы адносіны з Ленінградскай вобласцю ўзорна-паказальнымі, Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў: "Мы вельмі хацелі б зрабіць у Расіі (у супрацоўніцтве з Расіяй. - Заўвага) перш за ўсё (не ў тым ліку, а перш за ўсё) стаўку на ваш рэгіён".
Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што з улікам выдатных адносін паміж Беларуссю і Ленінградскай вобласцю, іх эфектыўнасць павінна быць вышэйшая.
"Мы з вамі ведаем, па якіх напрамках працаваць, каб атрымаць сур'ёзны вынік", - звярнуў увагу беларускі лідар. Ён таксама заўважыў, што Аляксандр Драздзенка даволі часта бывае ў нашай краіне і гэта сведчыць аб тым, што ён не лічыць яе чужой.
"За гэта Вам удзячнасць вялікая", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы і свае вельмі дружалюбныя адносіны да Ленінградскай вобласці і да яе людзей, гістарычна вельмі блізкіх беларусам.
"У нас і разуменне аб далейшых шляхах развіцця аднолькавае, і планаванне вынікаў - увогуле, погляды ў нас ідэнтычныя. Калі беларусы і ленінградцы пачынаюць нейкую справу, заўсёды яны імкнуцца давесці яе да лагічнага завяршэння і з найлепшымі вынікамі", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік расійскага рэгіёна адзначыў, што цяперашні візіт дэлегацыі Ленінградскай вобласці ў Беларусь пачаўся з наведвання мемарыяльнага комплексу "Хатынь". Ён выказаў словы ўдзячнасці за ўсё, што там зроблена за апошні час. "Наша дэлегацыя выйшла вельмі ўражанай. Эмацыянальна, душэўна ўражанай. Для нас гэта ўсё блізка, і настолькі сапраўды ленінградцы і беларусы разам духоўна, ментальна. Гэта ва ўсім праяўляецца", - падкрэсліў Аляксандр Драздзенка.
Аляксандр Драздзенка ўпэўнены, што ў бягучым годзе бакі выйдуць на намечаны раней аб'ём тавараабароту ў эквіваленце $1 млрд, што пацвярджаецца бягучымі паказчыкамі і статыстыкай. "Мы на мільярд выходзім. Ужо ў нас гэтых сумненняў няма. Таму што працэнт прадаўжае расці. І хачу сказаць, што менавіта дзякуючы такому цеснаму супрацоўніцтву ў нас наменклатура толькі за апошні год павялічылася на 70 новых пазіцый. Такога раней не было, каб настолькі хутка расла наменклатура нашых узаемных інтарэсаў. У нас адкрываюцца ўжо кірмашы, магазіны з беларускай прадукцыяй", - адзначыў кіраўнік рэгіёна.
Аляксандр Драздзенка таксама згадзіўся са словамі Прэзідэнта, што няма неабходнасці ствараць дубліруючыя вытворчасці, паколькі бакі могуць гандляваць адзін з адным тым, што ўжо добра ўмеюць вырабляць. Губернатар таксама звярнуў увагу, што Ленінградская вобласць закупляе вялікую колькасць беларускай тэхнікі.