Сустрэча са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам
- 4
- 3:10
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся 12 верасня са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў рабоце цяперашняга склікання парламента за мінулы час не заўважыў якіх-небудзь недахопаў. "Не было такіх значных недахопаў у рабоце цяперашняга складу парламента, - сказаў ён. - Але пакуль мы не падводзім вынікі работы парламента, вернемся да гэтага яшчэ. Я абавязкова павінен пабываць у парламенце пасля выбараў на апошняй сесіі гэтага склікання".
Аляксандр Лукашэнка абазначыў неабходнасць абмеркаваць вынікі дзявятай і задачы на дзясятую сесію цяперашняга склікання парламента. "Трэба ўсе задачы вырашыць, якія стаяць перад нашым парламентам. Паколькі новаму складу не варта гэта пакідаць. Ды і мы можам вырашыць пытанне, асабліва ў развіццё нашай Канстытуцыі. Трэба ўсе законы прыняць. Хацелася б пачуць, што ў нас там засталося. Нібыта нядрэнна ідзём у гэтым плане", - заявіў Прэзідэнт.
Ён таксама заявіў аб гатоўнасці абмеркаваць іншыя пытанні: "Можа, у дэпутатаў ёсць якія-небудзь праблемы, просьбы. Я гатовы адрэагаваць. А ўвогуле, ядро парламента, па-мойму, нядрэннае. Дэпутаты не баяцца выходзіць да людзей, у СМІ лідараў парламента мы бачым. Але наступны парламент, зразумела, будзе адрознівацца ад цяперашняга. Таму што і задачы больш глабальныя, і сітуацыя няпростая".
Улічваючы, што парламент цяперашняга склікання практычна ўжо завяршае работу, і ў лютым наступнага года на адзіным дні галасавання будзе выбраны новы склад, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ўражаннямі Уладзіміра Андрэйчанкі аб рабоце дэпутатаў.
"Вопыт вялікі. Можаш параўнаць і сказаць, што атрымалася, што не, што трэба яшчэ зрабіць. Хоць яшчэ не адзін раз мы вернемся да гэтага пытання для таго, каб сфарміраваць нармальны склад будучага парламента, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Так, народ будзе вызначаць, народ будзе выбіраць, але народ трэба праінфармаваць.Трэба расказаць падрабязна, дэталёва аб сітуацыі. І аб тым, як працаваў парламент. Ды і нагадаць людзям аб функцыях парламента. Таму што так ужо склалася з савецкіх часоў, што людзі прывыклі, што дэпутаты павінны і дах адрамантаваць, і агароджу паправіць. Мы даўно ўжо ад гэтага адышлі, у нас невялікі парламент па колькасці. І ён займаецца заканатворчасцю. Гэта галоўная яго работа".