Сустрэча з Дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам
- 11
- 7:42
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 18 лютага сустрэчу з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на праведзеным 11-12 лютага VI Усебеларускім народным сходзе былі дадзены адказы на многія пытанні. "І я ў дакладзе, і наогул выступоўцы нашы былі даволі шчырыя, гаварылі тое, што яны думалі. Таму на ўсе пытанні атрыманы адказы. Думаю, і наша Расія нас пачула, і Захад. І гэтак далей і да таго падобнае. Гэта вельмі важна для далейшага развіцця нашага супрацоўніцтва ў рамках Саюза Беларусі і Расіі", - сказаў Прэзідэнт.
Ён падзякаваў Рыгору Рапоту за ўдзел ва Усебеларускім народным сходзе. "Гэта было вельмі цікава", - адрэагаваў Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка, прадаўжаючы тэму, расказаў, што цяпер маніторыцца сітуацыя пасля УНС, каб разумець і адчуваць, чым дыхае грамадства. "Гэта добра, што думкафарміруючыя колы, такія людзі, як вы, нармальна ўспрымаюць наш форум", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што на УНС закраналіся самыя розныя пытанні - ад глабальных да другарадных. Усё гэта плануецца абагульніць і апублікаваць па асобных напрамках. "Мы хочам усе пытанні, якія ўзнімаліся, надрукаваць у газеце і паказаць людзям: вось, якія пытанні абмяркоўваліся. А іх там сотні. Канцэптуальныя рэчы ўзнімаліся, важныя. А ёсць другарадныя. Усё апублікуем па напрамках. Я ўдзячны Вам, што Вы папрысутнічалі на гэтым форуме, паслухалі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка таксама анансаваў сустрэчу з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у 20-х чыслах лютага. "Мы сапраўды з Пуціным даўно дамовіліся, што ў пачатку 20-х чысел лютага сустрэнемся і пагаворым па некаторых напрамках нашага супрацоўніцтва. Але адразу хачу сказаць: у нас, як заўсёды ў Расіі бывае, некаторыя падхопяць парадак дня, і, вось, "Лукашэнка прыедзе аж $3 млрд прасіць". Не, я не еду туды чагосьці прасіць", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Вы бачылі, мы падпісвалі на гэты год па энерганосьбітах, што для нас адчувальна, агульных рынках дакументы. Наогул нічога не прасілі і не спрачаліся. Калі Расія лічыць, што ўзровень нашага эканамічнага супрацоўніцтва павінен быць вось такой вышыні, значыць ён такі і будзе. Чаго там хадзіць і прасіць? Таму крыху гэтыя лібералы ў Расіі адсталі ад важных пытанняў, якія мы абмяркоўваем. Мы нічога не збіраемся прасіць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, у час візіту ў Расію ёсць дамоўленасць і аб сустрэчы з намеснікам Старшыні Савета Бяспекі Расійскай Федэрацыі Дзмітрыем Мядзведзевым. "Думаю, што і з Мядзведзевым сустрэнемся, дамовіліся сустрэцца. І абмяркуем самыя актуальныя пытанні, якія нас сёння хвалююць. Ёсць пытанні паважней - забеспячэнне абароны, бяспекі нашай дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт.
"Расію, гэтак жа як і нас, усе спрабуюць напалохаць нейкімі санкцыямі. Я з савецкага часу. Ведаю, што такое дзяржплан, як планавалася. Я так прыкінуў, божа мой, чаго мы перажываем. Мы можам усё падлічыць і цалкам сябе забяспечыць. За выключэннем некаторых дэталей. Так мы на працягу 3-5 гадоў і дэталі тыя вырабім у Беларусі і Расіі. У нас такі навуковы патэнцыял! І калі б мы гэта зрабілі, то і Украіна да нас паціху падцягнулася б. Я ўжо не кажу Казахстан і іншыя рэспублікі, якія і так недалёкія ад нас. Таму гэта галоўнае пытанне - дамовіцца і забяспечыць нашу Айчыну ўсім неабходным", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што краіны разам могуць паспяхова працаваць фактычна ва ўсіх сферах, космас гэта, біятэхналогіі, электрамабілі ці іншае. "Мы ўсё ўмеем рабіць. Проста лібералы некалі нас пераканалі: рынак усё адрэгулюе. Дзе там", - сказаў беларускі лідар.
У пацвярджэнне гэтага тэзіса Прэзідэнт прывёў прыклад, што ў Японіі і Кітаі складаюць тысячы планаў і розных балансаў. І гэта не толькі індыкатыўныя планы, але і прапісаныя на практыцы. І другое - жалезная дысцыпліна. Кіраўнік дзяржавы расказаў пра даўнюю размову з адным з японцаў у час наведвання зімовай Алімпіяды ў Нагана, які падзяліўся меркаваннем, у чым розніца паміж Японіяй і постсавецкімі краінамі. "Ён гаворыць: у нас рашэнне прымае адзін, а 99 без абмеркавання выконваюць усё. А ў вас наадварот - 99 разважаюць, прымаюць рашэнне, а аднаму даводзіцца нешта рабіць. Гэта японец сказаў. Вось дысцыпліна - яны дамовіліся і жалезабетонна гэта выконваюць. І ў Кітаі таксама. Таму яны і вядучыя эканомікі свету. І мы можам гэта зрабіць", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Таму, лічыць ён, не трэба асабліва перажываць наконт увядзення тых ці іншых санкцый. "Добра, уводзьце. Але свае тавары будзеце спажываць у сябе, на наш рынак не прыйдзеце. Гэта ўсё ж такі 150 млн чалавек. А праз Беларусь, Расію ж разыходзіцца вялікая колькасць тавараў. Таму зразумела, хто ад гэтага прайграе. А мы ўсё перажываем: ах, санкцыі, мы памром... Ды не памром! - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Сяргей Лаўроў (Міністр замежных спраў Расіі. - Заўвага) правільна сказаў, жорстка сказаў, малайчына! Не трэба супраць нас вайнушку нейкую пачынаць. Мы можам адказаць. Калі хочам жыць мірна, трэба сапраўды рыхтавацца да вайны. Мы, вядома, не хочам ваяваць, нам не трэба, мы наеліся. Але тым не менш вы бачыце, што адбываецца вакол".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адпаведныя пытанні трэба будзе абмеркаваць і на Вышэйшым дзяржаўным савеце. "Нам трэба пачынаць ужо ў вочным фармаце працаваць і рухацца. Трэба выкарыстоўваць сітуацыю. Сітуацыя не простая, але гэта сітуацыя магчымасцей. Хутка разгорнемся - будзем працаваць лепш", - лічыць беларускі лідар.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што на фоне пандэміі Беларусь у свой час не закрылася, не спыніла эканоміку і вытворчасці. У тым ліку дзякуючы гэтаму па выніках мінулага студзеня атрыманы значны рост у прамысловасці. "Не таму, што мы вялікія. А таму, што многія эканомікі свету перасталі працаваць. Таму ёсць добрыя рэчы, на якіх, сканцэнтраваўшыся, мы можам атрымаць і добры эфект", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама ў час сустрэчы ўручыў Рыгору Рапоту ордэн Пашаны. Гэтай узнагароды Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы ўдастоены за значны асабісты ўклад у развіццё інтэграцыйнага ўзаемадзеяння, саюзнае будаўніцтва, умацаванне дружалюбных адносін і адзінства народаў Беларусі і Расіі.
"Вы яго заслужылі", - падкрэсліў беларускі лідар, уручаючы ордэн. У сваю чаргу Рыгор Рапота, прымаючы высокую дзяржаўную ўзнагароду, адказаў: "Служу Саюзнай дзяржаве!"
Звяртаючыся да Прэзідэнта, Дзяржсакратар падзякаваў яму за доўгія гады плённай сумеснай працы. "Не было выпадку, каб вы калі-небудзь не адгукнуліся на любы запыт, на любую просьбу, на любое пажаданне, не зрэагавалі. Гэта стварае вельмі добрую рабочую абстаноўку. І калі, дасць бог, яна і далей будзе захоўвацца і ў Пасткаме, і іншых нашых структурах, то гэта добры механізм, яго трэба выкарыстоўваць, - сказаў ён. - Я гатовы ў любой якасці дапамагаць новым людзям, якія там будуць працаваць".
Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы пацвердзіў, што і ў далейшым мае намер садзейнічаць умацаванню адносін Беларусі і Расіі. "Я лічу, што гэта вельмі важна. Гэта важна для расіян, гэта важна для беларусаў. Гэта важна наогул для ўсёй постсавецкай прасторы, - сказаў ён. - І дзе б я далей ні апынуўся, я гэтай тэме буду прыхільны".