Цырымонія ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам

  • 22
  • 3

Сёння краіне патрэбны новыя прарыўныя, эфектыўныя, інавацыйныя тэхналогіі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 5 лютага на цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што традыцыйна ў гэты час у Беларусі падводзяць вынікі навуковага года і ўручаюць дакументы дактарам навук і прафесарам - разумным, таленавітым і працавітым прадстаўнікам навукова-педагагічнай супольнасці. Прэзідэнт павіншаваў удзельнікаў цырымоніі з чарговым значным этапам у кар'еры і новым статусам, які адкрывае дадатковыя магчымасці.

"Я заўсёды гаварыў, што мая задача як першага Прэзідэнта незалежнай Беларусі - умацаваць тыя традыцыі, якія былі, і стварыць новыя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Адной з такіх новых традыцый ён назваў гэта мерапрыемства - сустрэчу Кіраўніка дзяржавы з вучонымі і ўручэнне ім дыпломаў дактароў навук і атэстатаў прафесараў. "Думаю, што і пасля мяне яна застанецца як даніна павагі з боку Кіраўніка дзяржавы нашым вучоным", - сказаў Прэзідэнт.

"Сёння краіне патрэбны новыя прарыўныя, эфектыўныя, інавацыйныя тэхналогіі. Гэта выдатны шанц па-сапраўднаму заявіць пра сябе для тых, хто сапраўды заклапочаны развіццём навукі і лёсам Беларусі", - падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, навука даўно стала не толькі інструментам пазнання, але і рэальнай прадукцыйнай сілай, якая вызначае прагрэс ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці. Больш таго, яна з'яўляецца важнейшым фактарам умацавання незалежнасці і суверэнітэту дзяржавы.

"Узровень развіцця навукі прадвызначае ролю і месца краіны на палітычнай карце свету, магчымасці эканомікі і абараназдольнасць. У аснове, як ні круці, - навука. Мы жывём у свеце хутказменлівых трэндаў, ведаў і тэхналогій, і сёння як ніколі ўзрастае значнасць стратэгічных прагнозаў і дакладнасці экспертных ацэнак", - заявіў беларускі лідар.

"Мы ставім вялікія мэты на пяцігодку: значна павялічыць навукаёмістасць валавога ўнутранага прадукту і выйсці на ўзровень інавацыйнага развіцця краін - лідараў Усходняй Еўропы. Маем намер значна рушыць наперад па такіх напрамках, як інавацыйная ахова здароўя, біятэхналогіі, нацыянальны электратранспарт, разумныя гарады і іншых. Аднак без вас - людзей навукі, без вашага актыўнага ўдзелу ў гэтых праектах наўрад ці магчыма іх рэалізаваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Дыпломы доктара навук Кіраўнік дзяржавы ўручыў 9 вучоным. У іх ліку прадстаўнікі гістарычных, медыцынскіх, педагагічных, сельскагаспадарчых, тэхнічных, эканамічных і юрыдычных навук.

Атэстаты прафесара з рук Прэзідэнта атрымалі загадчыца кафедры паліталогіі юрыдычнага факультэта БДУ Ніна Антановіч (паліталогія), прафесар кафедры спецыяльнай педагогікі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Таццяна Лісоўская (спецыяльнасць "педагогіка"), намеснік старшыні Канстытуцыйнага Суда Наталля Карповіч (права), першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ірына Мароз (прафілактычная медыцына).

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што на цырымоніі прысутнічалі не толькі тыя, хто атрымаў дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара, але таксама вучоныя, якія ўнеслі значны ўклад у поспех сваіх калег, - іх навуковыя кансультанты.

"У гэты прагматычны век дарагога каштуе праца настаўніка, нацэленага на стварэнне навуковай школы і падрыхтоўку маладых вучоных. Гэта па-нашаму, па-дзяржаўнаму", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што настаўнікам у адукацыі адводзіцца важнейшая роля. "Пасля ВНУ, ужо ў вытворчасці, у жыцці чалавек становіцца сапраўдным спецыялістам. Але без настаўніка быць не можа. Гэтак жа і ў навуцы. Я гэта вельмі цаню", - сказаў ён.

Прэзідэнт таксама станоўча адазваўся аб прадаўжэнні работы ў навуковай сферы прадстаўнікоў старэйшага пакалення. "Дзякуй богу, што ў нас здаровыя старыя навукоўцы, і яны працуюць у Акадэміі навук. Гэта ж скарбніца ведаў, гэта сама навука! - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Таму не трэба перажываць за тое, што ў нас старыя людзі ў адукацыі і навуцы. Ім ёсць што сказаць". Гэта, вядома, ні ў якім выпадку не адмаўляе неабходнасці прыцягнення моладзі, звярнуў увагу Прэзідэнт. Але ён зрабіў акцэнт на пераемнасці пакаленняў: "Як мінулы год паказаў, гэта вельмі важна. Ідзе змена пакаленняў. Важна, каб мы нашай моладзі перадалі вопыт і веды, якія набылі за доўгі час працы".

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў важнасць таго, каб даследаванні і веды вучоных праецыраваліся на сённяшняе жыццё. "Любую навуку трэба прыстасаваць да сучаснасці, каб яна прыносіла карысць грамадству", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што і сам асабіста вельмі цэніць няпростую працу вучоных і дабіваўся заўсёды, каб у краіне іх дзейнасці ўдзялялася належная ўвага. "Праца вучонага празмерна цяжкая. У навуцы мала працаваць, трэба быць ад прыроды таленавітым чалавекам", - заўважыў беларускі лідар. Ён нагадаў, што па яго ініцыятыве ў краіне былі прыняты комплексныя меры для таго, каб вучоныя атрымлівалі званні і ступені выключна ў адпаведнасці са сваімі заслугамі, каб гэты працэс стаў справядлівым і аб'ектыўным.

"Веру, што будучыя поспехі вучняў, вашых вучняў і вашы ўласныя навуковыя перамогі дадуць нам яшчэ шмат падстаў для сустрэч у Палацы Незалежнасці", - звярнуўся да прысутных Кіраўнік дзяржавы.

Пасля цырымоніі ўручэння дыпломаў і атэстатаў Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з прадстаўнікамі навуковай сферы, якія расказалі як пра свае распрацоўкі, так і ўнеслі прапановы па асобных напрамках.

Шмат увагі ў час размовы вучоных з Прэзідэнтам было ўдзелена пытанням удасканалення адукацыйнага працэсу, практыка-арыентаванай і мэтавай падрыхтоўкі маладых кадраў. Падрабязна абмяркоўваліся распрацоўкі ў галіне медыцыны. На фоне пандэміі гэта тэма не губляе актуальнасці, і важна не забываць, што акрамя каранавіруса ёсць і іншыя захворванні, якія маюць патрэбу ў аператыўным лячэнні. Акрамя таго, была прадстаўлена інфармацыя аб сучасных распрацоўках у галіне сельскай гаспадаркі і аховы раслін, што непасрэдна ўплывае на пытанні харчовай бяспекі, павышэнне эфектыўнасці ў АПК.

"Мы цяпер вельмі моцна будзем узнімаць ролю мэтавых накіраванняў. Абавязкова будзем гэта рабіць. Нам вельмі важна, каб не толькі ў Мінску канцэнтраваліся (маладыя спецыялісты. - Заўвага): скончылі ВНУ і тут недзе любым чынам замацаваліся. Нам трэба раўнамерна размяшчаць па краіне прадукцыйныя сілы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прычым самай галоўнай прадукцыйнай сілай Кіраўнік дзяржавы назваў настаўнікаў і выкладчыкаў. "Таму мэтавыя накіраванні будуць набываць вельмі сур'ёзнае значэнне", - падкрэсліў Прэзідэнт.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, таксама важна займацца прафарыентацыяй навучэнцаў, каб яны яшчэ ў школе вызначаліся са сваёй будучай прафесіяй. Удалым прыкладам тут з'яўляюцца профільныя класы педагагічнай накіраванасці.

"На гэта варта траціць грошы, таму што калі чалавек прыйдзе ў ВНУ і праз некаторы час зразумее, што ён не туды трапіў, а мы на яго затрацілі велізарныя грошы, і нам давядзецца потым яго перавучваць, гэта будзе даражэй каштаваць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Таксама ён падкрэсліў важнасць практыка-арыентаванага навучання ў ВНУ. Студэнтаў да работы па сваёй будучай прафесіі трэба прыцягваць ужо з другога курса, лічыць Прэзідэнт.

"Паслявыбарныя падзеі паказалі, што нам сур'ёзней трэба адносіцца да навучання нашай моладзі. У адваротным выпадку мы атрымаем вельмі вялікія праблемы ў перспектыве. Калі не зменім сітуацыю, мы падыдзем да вайнушкі. І баюся, што ва ўмовах геапалітычнага разлому (аб гэтым мы, напэўна, яшчэ будзем гаварыць на сходзе) мы не зможам утрымацца ў рамках унутранага разладу і нейкай грамадзянскай вайны: абавязкова ўмяшаюцца іншыя ігракі. Я часта намякаю: глядзіце, каб наша Беларусь не стала полем бітвы, полем вайны, дзе будуць вырашацца не нашы пытанні", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад сітуацыю ў Сірыі і Іраку, дзе геапалітычныя ігракі пашыраюць свае інтарэсы, з-за чаго гэтыя краіны і народы пакутуюць ужо доўгія гады. "Узрывы грымяць, гінуць людзі, а нафту пампуюць", - адзначыў ён.

"Таму нам трэба сваімі рукамі не прывесці краіну ў гэты хаос. І тут многае будзе залежаць ад выкладчыкаў. Я ўсё разумею: у кожнага можа быць свой пункт гледжання, сваё меркаванне, і гэты пункт гледжання і меркаванне трэба выказваць. Але трэба гэта рабіць да месца, не парушаючы закон. Які б ні быў закон, дрэнны або добры, закон ёсць закон, юрысты мяне падтрымаюць, яго трэба выконваць. Калі ён дрэнны - яго трэба змяніць ва ўстаноўленым парадку. Але не цераз бойку на вуліцы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Я яшчэ раз намякаю на тое, што нам вельмі шмат трэба будзе папрацаваць з нашай моладдзю, каб уберагчы іх ад дрэннай будучыні, таму што ім жыць. Мы пойдзем - яны будуць жыць. Дзе і як будуць жыць, залежыць цяпер шмат у чым ад нас і ад выкладчыкаў. Гэта нядобра, калі выкладчыкі і студэнты ВНУ выступаюць як нейкая асобная сіла па дэзарганізацыі грамадства і знішчэнні той сістэмы, якую мы стваралі чвэрць стагоддзя. Гэта вельмі важна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На сустрэчы доктар медыцынскіх навук, прафесар кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Дзмітрый Данілаў расказаў пра беларускі вопыт лячэння гепатыту С, які прыкметны і на міжнародным узроўні. Паводле яго слоў, Сусветная арганізацыя аховы здароўя адзначыла Беларусь як адну з краін з найбольшымі поспехамі па доступе насельніцтва да лячэння віруснага гепатыту С.

Дарэчы, вучоная ступень доктара медыцынскіх навук была прысуджана Дзмітрыю Данілаву якраз за ўстанаўленне генетычных фактараў, якія вызначаюць эфектыўнасць лячэння хранічных вірусных гепатытаў В і С, і доказ высокай эфектыўнасці лекавых сродкаў прамога процівіруснага дзеяння, якія вырабляюцца ў Беларусі для лячэння пацыентаў з вірусным гепатытам С. Ён аўтар больш як 110 навуковых работ.

Аляксандр Лукашэнка, выслухаўшы выступленне доктара медыцынскіх навук аб вопыце лячэння віруснага гепатыту, адзначыў: "Для нас гэта вельмі актуальна цяпер. Мы заняліся кавідам і забылі, што трэба лячыць і іншыя хваробы. Мы пра гэта гаварылі яшчэ ў пачатку першай хвалі - што кавід кавідам, але не трэба забываць і пра іншыя захворванні. І вы, напэўна, заўважылі: вось Еўрапейскі саюз цяпер пачаў гаварыць пра анкалогію. Бяда. Хто-хто, а хворыя на анкалагiчныя захворваннi чакаць жа не могуць. Пайшла смяротнасць ад анкалогіі".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі гэтай праблеме ўдзялілі ўвагу яшчэ пры першай хвалі, а таксама пры другой хвалі: "Стараліся анкалагічныя цэнтры не перагружаць лячэннем іншых хвароб".

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што ў Еўропе цяпер укладваюць вялікія сродкі ў ратаванне людзей ад анкалагічных захворванняў. "Таму ваша тэма сугучная з гэтай праблемай нашага няпростага часу", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка, каменціруючы выстуленне Дзмітрыя Данілава.

Прэзідэнт падзякаваў вучоным за карысную, цікавую размову. "Паверце, для мяне гэта не проста вопыт, гэта веды. Я вучуся ў вас, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я вельмі цаню мінуты, гадзіны размовы з вамі, вельмі ўдзячны вам за гэта. Ведайце: наколькі толькі магчыма, мы будзем падтрымліваць вучоных. Не таму, што я такі дабрадзей, а таму што без навукі ў сучасным свеце мы нікуды не рушым".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на працягу апошніх гадоў у Беларусі многае зроблена па развіцці розных напрамкаў, і немалая роля ў гэтым належыць вучоным, у медыцыне гэта або ў сельскай гаспадарцы. У многіх пытаннях Кіраўнік дзяржавы ўдзельнічаў асабіста - прымаліся рашэнні, даваліся неабходныя даручэнні. "Мы гэта ўсё прайшлі. Гэта няпросты быў шлях і перыяд", - канстатаваў ён.

Звяртаючыся да вучоных як да прадстаўнікоў айчыннай эліты, Прэзідэнт параіў узважана ацэньваць падзеі, якія адбываюцца, і не рабіць паспешных вывадаў. "Ёсць такія азначэнні, тэрміны ў народзе - "міністр", "генерал", "прафесар". Людзі, якія носяць партфель міністра, з'яўляюцца прафесарам, генералам, яны не маюць права на неабдуманыя ўчынкі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Вы людзі адукаваныя, вы фарміруеце думкі людзей, вы - твар дзяржавы, вы і павінны абараняць гэту дзяржаву".