Даклад старшыні Мінскага гарвыканкама Уладзіміра Кухарава
- 8
- 5:30
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў 9 лютага з дакладам старшыню Мінскага гарвыканкама Уладзіміра Кухарава.
У час сустрэчы Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся станам спраў у беларускай сталіцы і перспектывамі развіцця горада, навядзеннем парадку на аб'ектах нерухомай маёмасці ў цэнтры Мінска.
"Фактычна вы адпрацавалі цэлы квартал. Але, па нашых мерках, гэта, лічыце, за спінай ужо больш як год, асабліва мінулы год. Гэта дарагога каштуе, гэта больш, можа, чым нават два гады. Гэта значыць, у вас не было часу, каб спакойна ўваходзіць у курс справы, разбірацца з праблемамі. Хоць вы чалавек не новы ў Мінску, вы добра Мінск ведаеце, таму і назначаліся на гэту пасаду", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён спытаў ва Уладзіміра Кухарава, якія ўрокі кіраўніцтва Мінскага гарвыканкама вынесла з падзей мінулага года, асабліва яго другой паловы. Прэзідэнт заўважыў, што ўдзельнікамі вулічных акцый у час пратэстаў была пашкоджана гарадская маёмасць. Разабрацца з гэтым пытаннем даручалася даўно. "Ці кампенсавалі яны гораду тое, што зламалі? Ці кампенсавалі яны гэтыя свае дзеянні? Гэта ж грошай каштавала ўсё аднаўляць. Таму тут спуску ніякага не павінна быць", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.
Асобна Аляксандр Лукашэнка закрануў пытанні развіцця сталіцы. Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэты год, з улікам знешніх фактараў, будзе няпросты. "Нам трэба чаго б гэта ні каштавала вытрымаць гэты год. Будзе год няпросты, цяжкі год - гэта галоўнае, што будзе стаяць над намі. Якім вы бачыце Мінск у 2021 годзе? - пацікавіўся ён у мэра. - Мінск - гэта сталіца краіны, твар краіны, гэта горад, з якога трэба браць прыклад па развіцці па тых ці іншых напрамках".
Асобна ў час сустрэчы было закранута пытанне прыбірання снегу на сталічных вуліцах. "Няпростая сітуацыя складваецца сёння ў краіне ў сувязі з гэтымі цыклонамі. Зімы заўсёды былі не зімамі, а ў гэтым годзе - сапраўдная зіма, асабліва сёння, калі тэмпература, няхай, здавалася б, не вельмі нізкая (10-15 градусаў), але моцны вецер і снег. Такога я ўжо даўно не помню, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Нечаканасць для нас у тым, што людзі скардзяцца. Мы маніторым інтэрнэт, па ўсіх каналах. Скардзяцца, што мы не паспяваем расчышчаць завулкі, двары і ледзь ці не падыход да дома і пад'езда кожнага чалавека. Вядома, нас можна крытыкаваць, але ў такія надзвычайныя моманты трэба, каб людзі самі падключаліся да прыбірання".
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што для гэтага людзей трэба арганізоўваць і прадастаўляць ім неабходны інвентар. "І дакладна людзям сказаць: слухайце, сітуацыя такая, вось гэта тэрыторыя - за вамі, а гэта - мы вам будзем чысціць. Гэта значыць, пытанне ў арганізацыі справы", - падкрэсліў ён.
Паводле слоў Прэзідэнта, арганізацыі не хапае і па іншых напрамках. Ён адзначыў, што ў Мінску працуе моцная каманда кіраўнікоў розных узроўняў, і яна павінна забяспечыць вырашэнне гэтага пытання. "Тут трэба строга: сказаў, даручыў - вечарам праверыў. Зрабіў, не зрабіў - адказвай. Не трэба размаўляць, расказваць нешта лішняе. Толькі так мы можам утрымаць Мінск на тым высокім узроўні, на якім мы сёння знаходзімся", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка раней даручаў прывесці ў парадак аб'екты нерухомай маёмасці каля плошчы Якуба Коласа і завода "Гарызонт". Цяпер ён пацікавіўся, як выконваюцца гэтыя даручэнні, і нагадаў аб сваіх патрабаваннях.
"Дапусцім, раён плошчы Якуба Коласа - гэтыя аб'екты. Мы дамаўляліся, што навядзём там парадак. Гэта ж цэнтр горада, і парадак там трэба наводзіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы пра былыя вытворчыя памяшканні завода "Гарызонт", Прэзідэнт падкрэсліў, што іх трэба асучасніць і прывесці ў парадак. "Вы там, я ведаю, плануеце абаперціся на інавацыйныя праекты. Значыць, там сапраўды павінны працаваць, офісы павінны быць, нават вытворчасці - самыя інавацыйныя, самыя прагрэсіўныя, - адзначыў ён. - І на Коласа, і ў раёне нашага тэлевізійнага завода "Гарызонт" трэба наводзіць парадак, каб гэтыя тэрыторыі грошы прыносілі ў бюджэт. І гэта можна зрабіць".
Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў мэра, што ў гэтым годзе запатрабаванне з кіраўніцтва сталіцы будзе асаблівае: "Вам няпроста будзе працаваць у Мінску, таму што ў гэтым годзе націск на ўлады Мінска будзе вельмі сур'ёзны. Каб Мінск быў у парадку".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, прыезджым грамадзянам Мінск падабаецца за тое, што тут можна добра жыць і адпачываць. Гэты горад "не падзелены бандытамі на кавалкі" і не забудаваны "нейкай нерухомай маёмасцю", - адзначыў Прэзідэнт.
"І водная гладзь, і паркі, і жыллё, і для працы месцы ёсць - чысты прыгожы горад. І нам яго не проста трэба захаваць, пачынаючы з гэтага года. У гэтай пяцігодцы Мінск трэба зрабіць узорна ідэальным", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Як далажыў Уладзімір Кухараў, улады Мінска асаблівую ўвагу ўдзяляюць эканоміцы сталіцы, паколькі яна - аснова развіцця горада. Паводле яго слоў, у мінулым годзе забяспечана павышэнне ўзроўню рэальнай заработнай платы практычна на 10%, сёння яна складае Br1782. "Забяспечаны рост выручкі ад рэалізацыі прадукцыі на 9%, рост прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі павялічыўся ў нас на 17%. Мы лічым, што гэта для прадпрыемстваў вельмі добры вынік у той эканамічнай сітуацыі, якая была ў свеце. Рэнтабельнасць складае 9%. Акрамя таго, забяспечана выкананне ключавых паказчыкаў па будаўніцтве жылля", - сказаў мэр.